Читать книгу Душа твая светлая - Коллектив авторов, Ю. Д. Земенков, Koostaja: Ajakiri New Scientist - Страница 16

Зіновій Прыгодзіч
Ружовы туман
1

Оглавление

На танцы Максім Лагодзіч выбраўся позна, калі там ужо ўсё грымела і віравала. Зала была паўнюткая. Мужчыны (некаторыя на прыкметным падпітку) з пажадлівым бляскам у вачах пад аглушальную музыку выраблялі перад сваімі партнёршамі фрывольна-зухаватыя каленцы, а тыя, расчырванелыя, узрушаныя павышанай мужчынскай увагай, адчайна какетнічалі, а то і адкрыта фліртавалі.

Назіраць за ўсім гэтым было і смешна, і няёмка. Асабліва калі ведаць, што яшчэ днём, на працэдурах, большасць з гэтых зухаватых кавалераў вохкалі, цяжка ўздыхалі, трымаючыся хто за спіну, хто за жывот.

Максім спыніўся ля ўвахода, не спяшаючыся праходзіць у глыбіню залы. Вырашыў спачатку прыгледзецца да публікі, прыслухацца да музыкі і, калі нешта не спадабаецца, адразу сысці.

Санаторныя танцы ён не любіў. Сюды, як правіла, прыходзілі з адзінай мэтай: пазнаёміцца з незанятай яшчэ жанчынай і на пару тыдняў завесці амурныя адносіны. Максіму гэтага было не трэба. У другі раз ён прыязджае ў Жалезнаводск з сур’ёзным намерам падлячыць хворую печань і таму акуратна прымае ўсе прапісаныя доктарам працэдуры – ванны, электрафарэз, лячэбную гімнастыку, пасля якіх к вечару ўжо не да танцулек, а тым больш нейкіх амураў.

Ды не толькі фізічна, але і маральна Максім не быў схільны да танцаў. Назіраючы збоку за фрывольнымі паводзінамі некаторых парачак, ён думаў, што ўсё гэта фальшыва і пошла. Таму і не заводзіў ніякіх знаёмстваў, яму больш падабалася быць у адзіноце, пагуляць у парку альбо пачытаць кніжку.

Так было і на гэты раз. Яму пашанцавала набыць пуцёўку ў адзін з лепшых тутэйшых санаторыяў – «Горнае паветра». Прычым у аднамесны нумар. Значыць, ніхто табе не будзе дурыць галаву. Ты зможаш адпачываць, калі захочацца і як захочацца.

І ўсё ж недзе пад канец другога тыдня ён выпадкова пазнаёміўся са сваім суседам справа. Той зайшоў да Максіма папытацца, ці няма ў яго часам ваксы. Вакса ў Максіма знайшлася, і ён ахвотна пазычыў яе суседу. Слова за слова – разгаварыліся і на дзіва хутка зблізіліся. Абодва аказаліся выкладчыкамі: Максім выкладаў гісторыю ў адным з інстытутаў Мінска, а сусед, Іван Акімаў, – эканоміку ў Краснаярскім дзяржаўным універсітэце. Ім было аб чым пагаварыць па дарозе на «вадапой», як усе тут называлі бювет з мінеральнай вадой.

Іван, усмешлівы, прыветлівы мужчына сярэдніх гадоў, аказаўся надзвычай камунікабельным чалавекам. Нягледзячы на знешнюю самавітасць і, здавалася б, пэўную медзведзекаватасць, ён даволі хутка займеў ашаламляльны поспех сярод жанчын. На вуліцы з многімі вітаўся і шмат хто вітаўся з ім. А калі Іван ішоў па праходзе ў сталоўцы, дык некаторыя жанчыны паварочвалі галовы за ім, як сланечнікі за сонцам.

Пахадзіўшы пару дзён разам з Акімавым на «вадапой», Максім зразумеў сакрэт ягонага поспеху. Той прыцягваў увагу да сябе рознымі кампліментамі, на якія быў вялікі мастак.

Вось ідуць яны да бювета па сцежцы вакол гары Жалезнай. Наперадзе – жанчына. Немаладых ужо гадоў, але і не такая старая, каб не зацікавіць мужчын. Апранутая па апошняй (адразу бачна – маскоўскай) модзе: свабодны пінжак з шырокімі плячыма і фасоністыя штаны ў гарошак. Іван, як толькі яны наблізіліся да жанчыны, пачынае ўголас разважаць:

– Які цудоўны ўбор! Якое гарманічнае спалучэнне колераў. Як усё з густам падабрана…

Жанчына, вядома ж, усё гэта чуе, але яшчэ нейкі час ідзе горда і моўчкі. Нарэшце не вытрымлівае, паварочваецца і адорвае Івана ўдзячнай усмешкай. Яна шчаслівая: яе ўбор (які, як высвятляецца пазней, пашыты ў самога Зайцава) годна ацэнены. Пасля гэтага ўступіць у размову ўжо не складала аніякіх цяжкасцей.

Другую жанчыну Іван бярэ іншым. Пачынае хваліць постаць, шчыра, натхнёна:

– Бог мой, і дзе, у якім краі такія красуні водзяцца? Стан тонкі, стройны, гібкі. Хада лёгкая, прыгожая. Глядзіш – і ў самога вырастаюць крылы…

А калі ў жанчыны, як кажуць, няма за што зачапіцца, Іван на хаду прыдумвае іншы козыр:

– Ох і хутка ж вы ходзіце. Мы ледзьве дагналі вас. Напэўна, гімнастыкай займаецеся? Вы ўся такая спартыўная, імклівая.

Ну хто, скажыце, не адгукнецца на такія кампліменты? Прычым Іван не мае пры гэтым ніякіх меркантыльных мэт. Для яго гэта – проста хобі, своеасаблівы спартыўны інтарэс. І, дарэчы, ён ніколі не апускаецца да пошласці ды банальнасці. Свае кампліменты раздае абдумана, узважана, беспамылкова вызнаючы, што каму можна сказаць. Адной сімпатычнай, інтэлігентнага выгляду незнаёмцы, з якой яны загаварылі на «вадапоі», Іван нечакана пачаў чытаць верш:

А грудь ее была кругла, —

Казалось, ранняя зима

Своим дыханьем намела

Два эти маленьких холма.


Жанчына сумелася, прыкметна заірдзелася, але паглядзела на Івана ўважліва-зацікаўле-на. А ягоны твар у гэты момант выпраменьваў такую добразычлівасць, ззяў такой дабрынёй і шчырасцю, што жанчына толькі прыязна ўсміхнулася і, нічога не сказаўшы, адышлася ад нас. Але можна было не сумнявацца, што Івана яна запомніла.

Душа твая светлая

Подняться наверх