Читать книгу Душа твая светлая - Коллектив авторов, Ю. Д. Земенков, Koostaja: Ajakiri New Scientist - Страница 2

Нясумныя творы

Оглавление

У 2022 годзе літаратурна-мастацкі часопіс «Маладосць» наладзіў абмеркаванне на тэму «Аповесць як літаратурны жанр». Не пераказваючы змест усіх прыведзеных меркаванняў, звярнуся толькі да слоў вядомага пісьменніка Андрэя Федарэнкі (заўважу: аўтара, таленту якога падуладны ўсе празаічныя жанры – і раман, і аповесць, і апавяданне): «…Існавала своеасаблівая інструкцыя пачаткоўца. Дэбютаваць трэба было абавязкова з замалёўкі на паўстаронкі, потым ішлі мініяцюры, абразок, далей апавяданне і, нарэшце, як вяршыня творчай празаічнай іерархіі – аповесць. Жанры вызначаліся і адрозніваліся адзін ад аднаго выключна памерам – на вока і па пальцах. Аповесцю звалі твор ад 100 да 150 с.: усё, што менш – апавяданне, што больш – раман». І далей: «Прайшоў час, змянілася літаратурная мода, і вось ужо аповесць стала як бы нечым непаўнавартым – ні тое ні сёе, ні два ні паўтара, а раман, наадварот, узвысіўся да таго, што, не напісаўшы яго, не можаш звацца пісьменнікам». Што ж у такім выпадку рабіць творцам, якія пішуць выключна апавяданні?.. Ці можна ім звацца пісьменнікамі?.. Праўда, празаікаў, якія працуюць толькі ў жанры апавядання, не так ужо і многа…

Чаго мы чакаем ад сучаснага апавядання? Паўтарэння традыцый, якія закладзены пакаленнямі беларускіх літаратараў папярэдніх дзесяцігоддзяў? Але ж час няўмольна хуткаплынны. Ён парушае пэўныя, здавалася б, некалі трывалыя, межы; падобны да неўтаймоўнай рачной вады ў пару вясенняга разліву, што разбурае ўсе перашкоды, нават рушыць дамбы. Забароны на творчы прагрэс і інструкцый наконт таго, як ён павінен выглядаць, безумоўна, няма. Асабліва ў век, калі, дзякуючы сучасным тэхналогіям друку і з прычыны істотнага зніжэння ўзроўню культуры ў грамадстве, масавая літаратура перамагае на ўсіх франтах… З другога боку, ніхто не прымушае нас чытаць абавязкова новае, створанае сёння. І праз школьныя ўрокі, і па ўласным жаданні сустракацца з добрым словам, сапраўдным мастацтвам мы як чытачы па-ранейшаму апынаемся ў прасторы беларускага апавядання, створанага талентам, розумам Змітрака Бядулі, Максіма Гарэцкага, Кузьмы Чорнага, Яна Скрыгана, Янкі Брыля, Івана Навуменкі, Вячаслава Адамчыка, Анатоля Кудраўца, Івана Чыгрынава, Барыса Сачанкі, Алеся Жука, Хрысціны Лялько, Уладзіміра Ягоўдзіка… Пералік імён аўтараў можа быць доўгім. Беларускі літаратурны працэс нарадзіў на дзіва шмат цікавых апавядальнікаў.

І ўсё ж у гэтым выданні мы прапануем шаноўнаму чытачу звярнуцца да апавяданняў, зусім блізкіх да нас па часе свайго стварэння. Творы Алеся Бадака, Сяргея Белаяра, Расціслава Бензярука, Анатоля Бутэвіча, Алега Ждана, Валерыя Казакова, Алены Паповай, Віктара Праўдзіна, Зіновія Прыгодзіча, Людмілы Рублеўскай, Сяргея Трахімёнка – гэта, зразумела, не мастацкі партрэт усяго, што сёння адбываецца вакол нас, чым характэрнае зараз жыццё і якія маральныя, духоўныя праявы ў большых прыярытэтах. І тым не менш гэтыя творы разам уяўляюць сабою адбітак часу, яго зрэз у мастацкім выкладанні аўтараў, якія сёння працуюць на ніве прыгожага пісьменства.

Вальтэр сказаў: «Усе жанры добрыя, апроч сумнага». Спадзяёмся, што чытаць сабраныя пад адной вокладкай апавяданні сучасных беларускіх празаікаў вам не будзе сумна.

Алесь Карлюкевіч,

старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі

Душа твая светлая

Подняться наверх