Читать книгу Душа твая светлая - Коллектив авторов, Ю. Д. Земенков, Koostaja: Ajakiri New Scientist - Страница 9
Зіновій Прыгодзіч
Дзікая архідэя
2
ОглавлениеПраз тыдзень Наталля пазваніла.
– Васіль Пятровіч, я падрыхтавала матэрыял, хачу, каб вы яго пачыталі. А раптам пракралася якая недакладнасць.
– Зраблю гэта з задавальненнем. Прыходзьце… Наталля…
Вымавіў гэтае імя і адчуў, як нешта цёплае, хвалюючае разлілося ў грудзях. Дзіўна: пасля балючага, складанага разводу, калі жонка абвінаваціла яго ва ўсіх смяротных грахах, а найперш у тым, што ён, няўдачнік, не змог забяспечыць ёй прыстойнае жыццё, і выставіла яго з кватэры з адным чамаданам, ён даў сабе слова больш ніколі не звязвацца з жанчынамі. Ад іх у яго адны непрыемнасці. Ён, відаць, і сапраўды няўдачнік. Пасада навуковага супрацоўніка ніколі не была грашовай. Але ён любіць сваю справу і гатовы прападаць у аранжарэі з ранку да вечара.
Амаль тры гады ён мужна трымаўся заведзенага правіла – пазбягаў усялякага знаёмства з жанчынамі. Што ж здарылася цяпер? Чаму званок малазнаёмай журналісткі так усхваляваў яго? Каханне з першага погляду? Смешна пра гэта нават думаць. Але ж нешта ўсхвалявала. Напэўна ж, не толькі голас? Не толькі вочы… Чаму ўвесь гэты тыдзень ён не-не дый лавіў сябе на думцы, што прыгадвае Наталлю, хоча яе бачыць. Аднойчы нават сабраўся патэлефанаваць. Але спыніў сябе іранічна-здзеклівым: а ці патрэбен ты ёй, такой модніцы?
Наталлю ён сустрэў на прахадной. Яе знешні выгляд прыязна ўразіў Дзядзюлю. Жанчына была ў кароценькай спадніцы, якая адкрывала стройныя, па-дзявочы прыгожыя ногі. Белая прыталеная кашуля хораша падкрэслівала высокія, прывабныя грудзі. На хвілінку ён залюбаваўся Наталляй.
– Добры дзень! – нарэшце адгукнуўся Дзядзюля і, каб схаваць сваё нечаканае хваляванне, прапанаваў: – Давайце пройдзем да сажалкі, знойдзем там вольную лаўку, сядзем і пачытаем. Вы не спяшаецеся?
– У прынцыпе, не. Хаця праз гадзіну мне трэба быць у рэдакцыі.
Чытанне інтэрв’ю многа часу не заняло. Ніякіх правак, заўваг Дзядзюлю рабіць не давялося. Наадварот, ён пахваліў Наталлю, што ўсё яна напісала правільна і таленавіта.
– Адчуваецца, што вы пішаце не толькі для газеты. Прызнайцеся: вершамі балуецеся?
Наталля засмяялася:
– Па-першае, вершамі нельга балавацца, імі трэба займацца сур’ёзна. Гэта вялікі Боскі дар. Па-другое, я такога дару пазбаўлена і ніколі – ні ў юнацтве, ні пазней – вершаў не пісала.
– А што пісалі? Пішаце?
Наталля прыкметна збянтэжылася, ажно запунсавелі шчокі:
– Так, глупства рознае.
– І ў чым гэтае глупства заключаецца?
– Вам цікава?
– Вельмі.
Яна паглядзела на яго засяроджана-ўважліва і, павагаўшыся, адказала:
– Лірычныя мініяцюры, эсэ.
– А што такое эсэ?
– Гэта свабодны літаратурны жанр, які дазваляе аўтару не прытрымлівацца строгага сюжэта, вольна выказваць свае думкі, мысліць асацыятыўна.
– А вы дасце мне што-небудзь сваё пачытаць?
– Васіль Пятровіч, навошта гэта вам?
– Вы, можа, здзівіцеся, але ў школьныя гады я сур’ёзна марыў стаць пісьменнікам. Пісаў так званыя вершы, апавяданні і рассылаў іх па розных рэдакцыях. Іх не друкавалі, але я ўпарта пасылаў новыя. Пакуль адзін аўтарытэтны літкансультант з Саюза пісьменнікаў не прыслаў мне вялікае, па-бацькоўску заклапочанае пісьмо і сказаў шчыра і прама, што літаратура – гэта не мая справа. Варта заняцца чым-небудзь канкрэтным. Я падумаў, падумаў і пасля школы паступіў на біяфак універсітэта, вырашыўшы, што прырода і паэзія – у нечым вельмі блізкія сферы. І не памыліўся. Я люблю тое, чым сёння займаюся…
Наталля зноў паглядзела на яго пільна-ўважліва і як бы трохі са здзіўленнем. Сказала ціха, задуменна:
– Гэта шчасце, калі ёсць работа, якую любіш. А яшчэ… вялікае шчасце, калі цябе хто-небудзь кахае.
Шчокі Наталлі зноў запунсавелі. Яна ўзяла з рук Дзядзюлі свой рукапіс і парывіста паднялася з лаўкі:
– Прабачце. Мне трэба ісці.
– Наталля, і ўсё-такі я вельмі хацеў бы пачытаць што-небудзь вашае. Я магу вам пазваніць?
– Не ведаю. Будзе бачна.
І заспяшалася ў бок прахадной. Толькі цяпер Дзядзюля заўважыў, якая ў яе лёгкая, спружыністая паходка. Паходка балерыны.