Читать книгу Душа твая светлая - Коллектив авторов, Ю. Д. Земенков, Koostaja: Ajakiri New Scientist - Страница 15
Зіновій Прыгодзіч
Дзікая архідэя
8
ОглавлениеКолькі дзён ён хадзіў сам не свой. Усё валілася з рук. Нават любімыя архідэі не прыносілі радасці, супакаення. Нарэшце не вытрымаў, набраў яе нумар.
– Алё… – азвалася яна сумным голасам. І нечакана запыталася: – Чаму ты мне не званіў?
– Баяўся.
– Баяўся чаго?
– Што ты мне скажаш, каб я забыў пра цябе назаўсёды. А я не магу без цябе! Ты ўжо стала для мяне самым блізкім, самым родным чалавекам. Мне трэба бачыць цябе, гаварыць з табою…
– І мне. Мне таксама трэба ведаць, дзе ты, што робіш, пра што думаеш… Я хачу, каб мы засталіся сябрамі. Калі гэта магчыма.
– Канешне, магчыма, – ухапіўся за гэту саломінку Дзядзюля. – Можна я буду табе званіць? Кожны дзень, як і раней.
– Не, лепш буду званіць я сама.
І пачаліся доўгія, тужліва-пакутныя дні. Поўныя няпэўнасці, недагаворанасці і глыбока прытоенай надзеі. Звычайна яна званіла раніцай, і яны доўга гаварылі аб рабоце, прачытаных кнігах, надвор’і. І толькі старанна пазбягалі кранацца галоўнага – сваіх пачуццяў.
Часам ён угаворваў яе сустрэцца. І тады гулялі па горадзе альбо заходзілі ў кавярню, пілі гарбату і вялі ветлівую гаворку. Ён праводзіў яе да прыпынку, на развітанне дакранаўся вуснамі да яе жаданых, але нямых вуснаў і самотны вяртаўся дадому.
Набліжаўся дзень яе нараджэння. Дзядзюлю хацелася зрабіць Наталлі падарунак незвычайны, нечаканы. Дапамог выпадак. Ідучы з работы, ён чамусьці завітаў у суседні магазін кветак. Абводзячы вачыма шыкоўнае багацце руж, гербер, лілій, цюльпанаў, ён раптам як спатыкнуўся: прама перад ім стаяла-красавалася ярка-пунсовая Ванда – каралева сярод усіх архідэй! Рэдкасць у адкрытым продажы неймаверная.
– Скажыце, а адкуль у вас гэтая красуня? – папытаўся ён у прадаўшчыцы.
– Красуня то красуня, ды вось браць ніхто не хоча. Дарагая занадта. Прывезена з-за мяжы, з нейкай экзатычнай краіны.
Абрадаваны такой нечаканай удачай, Дзядзюля тут жа набыў архідэю. Лепшага падарунка нельга было і прыдумаць.
Яны сустрэліся ў кавярні. Дзядзюля павіншаваў Наташу і падаў ёй прыгожы, сувенірны са шнурочкамі пакет.
– Што гэта? – здзівілася яна.
– А ты дастань пакунак, разгарні. Толькі акуратна.
І калі яна ўбачыла жывую каралеўскую архідэю, не змагла стрымаць свайго захаплення:
– Ой, якая прыгажосць! Які цуд! Дзякую, Васілёк.
І Дзядзюля ўпершыню за час іхняга расстання ўбачыў у яе журботных вачах іскрынкі радасці, а твар кранула цёплая, даверлівая ўсмешка.
Развітваліся яны, як звычайна, на аўтобусным прыпынку.
Прыціскаючы пакет да грудзей, Наталля сказала:
– Яшчэ раз дзякуй за Ванду! Я нават пра гэта і не марыла.
– А я мару ведаеш аб чым? Вывесці гібрыд новай архідэі і назваць яе тваім імем. Як гэта будзе чароўна гучаць – На-та-лі-і…
– Дзякуй, Васілёк…
Па звычцы апошніх дзён ён памкнуўся пацалаваць Наташу і адчуў, што вусны яе адгукнуліся ледзь улоўным трымценнем і затрымаліся на яго вуснах крыху даўжэй, чым гэта абавязвала сяброўства.
Дадому ён ішоў акрылены, адчуваючы, як у грудзях трапечацца казытліва-пяшчотны матылёк.