Читать книгу Адваротны бок люстра - Ксенія Шталенкова - Страница 10

Частка першая
Раздзел 9

Оглавление

Басю наведала княгіня Радзівіл. Яна прыйшла да дзяўчынкі разам з усімі прыдворнымі паннамі. Яны распытвалі пра самаадчуванне і дружна спачувалі. Дзяўчынцы, вядома, было прыемна, што пра яе турбуюцца, але яна была б больш задаволена, калі б панны не хваляваліся з такім імпэтам. Яны нават спрабавалі даглядаць Басю, што прывяло яе ў найпаўнейшы жах. У выніку ўсё скончылася тым, што панны пачалі ўзгадваць, як яны самі ці іх далёкія сваячкі ды знаёмыя валіліся і калечыліся шмат гадоў таму. Яны размаўлялі і хіхікалі настолькі гучна і надакучліва, што ў Басі разбалелася галава. Яна ніяк не магла прыдумаць, як пазбавіцца паннаў. Лекар дзесьці прапаў і не мог дапамагчы дзяўчынцы. Таму ёй нічога больш не заставалася, як надаць твару самы няшчасны выгляд. Урэшце княгіня заўважыла Басіны пакуты і прапанавала паннам пакінуць дзяўчынку, каб тая магла адпачыць. Бася падзякавала за візіт, і кабеты пайшлі.

Неўзабаве працэсія зноў рушыла ў дарогу. Дзяўчынка трэслася ў вазку, ад чаго косткі балелі яшчэ больш. Надвор’е было агіднае: неба зацягнулі хмары, часам пачынаў ісці дождж уперамешку са снегам. Было сыра і няўтульна. Міхал намагаўся як мага часцей пад’язджаць да вазка лекара. Кожны раз ён прыносіў з цяжкасцю адваяваны ў абозе «трафей», за што юнака ўжо пачалі недалюбліваць. І як толькі ён збіраўся за чарговым яблыкам ці грушай, у абозе займалі жорсткую абарону – і на адваяванне чагосьці смачнага для Басі марнавалася ўсё больш часу і сіл. Не раз Міхал прасіў лекара агледзець дзяўчынку. Той раздражнёна адказваў:

– Як жа вы не разумееце, што для паненкі зараз галоўнае – больш адпачываць!

Міхал толькі хмурыўся і мармытаў у адрас лекара нешта надта падобнае да праклёнаў.

Аднойчы падмарозіла, і ранкам выглянула яркае сонейка. Бася сядзела ў вазку і задаволена жмурылася. Яна чакала Міхала, які звычайна прыязджаў адразу, як толькі кавалькада рушыла пасля начлегу ў чарговым маёнтку. Але гэтым ранкам яго не было відаць. Бася насупілася і ўзялася разгладжваць складкі сукні.

«Забыўся ён на мяне, ці што?» – сярдзіта думала дзяўчынка. Спачатку яна прыдумляла годныя і ўважлівыя прычыны яго адсутнасці, потым, цалкам пакрыўдзіўшыся, узялася ўзгадваць ўсе яго былыя правіннасці. «Няхай жа толькі прыедзе! Вось толькі з’явіцца, усё адразу яму і выкажу. Адразу! І нікога не пасаромеюся», – распалялася абдзеленая ўвагай Бася. Успомніўшы ўсе свае крыўды і канчаткова раз’юшыўшыся, дзяўчынка пачала складаць гнеўную прамову, якой збіралася сустрэць сябра. Калі яна абдумвала заключную частку спічу, пачуўшы які, па меркаванні Басі, Міхал мусіў задумацца пра свае паводзіны і прыняць нейкія меры, юнак паказаўся непадалёк на кані. Ён нешта беражліва прыціскаў да грудзей. На яго твары ззяла шчаслівая ўсмешка. Убачыўшы Міхала, Бася ледзь не задыхнулася ад радасці, сэрца, як шалёнае, закалацілася, і дзяўчынка ўжо збіралася адчайна махаць юнаку рукой, але тут узгадала, што пакрыўдзілася, і ў адно імгненне напусціла на сябе знарочыста нязмушаны выгляд.

– Прывітанне, Баська!

– Дзень добры, – нудна прамовіла дзяўчынка, прыкідваючыся, нібы любуецца краявідам за спінаю юнака, а насамрэч касавурачыся і жмурачыся, каб разгледзець, што ён трымае ў руках.

Міхал на імгненне разгубіўся, не чакаўшы ад Басі такой абыякавасці.

– А чаму цябе так доўга не было? – як між іншым пацікавілася Бася.

Раптам ёй зрабілася так смешна ад сваёй наўмыснай абыякавасці, што яна фыркнула, ледзь не разрагатаўшыся.

Міхал зусім збянтэжыўся. Ён нават меркаваць не мог, чым заслужыў такую нялітасцівасць з боку заўжды ветлівай і ласкавай Басі.

– Бася, ты чаго? – насцярожана спытаў юнак.

Дзяўчынка вырашыла, што хопіць ёй ужо катаваць сябра і, усміхнуўшыся, прыязна сказала яму:

– Ды годзе. Ведаеш, як мне тут адной нудна?! Вось я і пакрыўдзілася, што цябе доўга не было. Ты дзе прападаў?

Міхал недаверліва зірнуў на дзяўчынку, але, вырашыўшы, што небяспека мінула, распавёў:

– Ноччу маразы былі, і зараз усё ў інеі. Я вырашыў крыху адстаць ад працэсіі і збочыў у лес. А там знайшоў вось гэта. Трымай. – Юнак беражліва працягнуў Басі заінелую, нібы крыштальную, галінку рабіны з чырвонымі ягадамі.

– Ой!.. – з захапленнем працягнула дзяўчынка. – Як прыгожа! Дзякуй, Міхалачак!

Юнак, задаволены, што яго сяброўцы спадабаўся падарунак, прыняў зухаватую паставу і накіраваў позірк кудысьці ўдалечыню, скоса пазіраючы на шчаслівую Басю і думаючы, як мала патрэбна для таго, каб змяніць паненчын настрой. Яна паглядзела на яго, і тут жа дзявочае замілаванне і захапленне, якія толькі што зарадзіліся, былі задушаныя і растаптаныя прыроджанымі недалікатнасцю і нечуллівасцю. Міхал ішоў на кані ўпоравень з вазком так, што сонца асвятляла яго ганарлівы профіль, і, калі ён трохі схіліў твар да Басі, яна разгледзела ў яго над вуснамі некалькі пучкоў цёмных валаскоў.

– Міхал, ты вусы адпусціў, ці што? – спытала дзяўчынка.

– Яны ў мяне ўжо даўно. Табе падабаецца? – пацікавіўся юнак, ліха падкруціўшы вус з аднаго боку.

Бася ледзь не фыркнула ад гэтага відовішча.

– Так… Вельмі… – цьмяна адказала яна і адвярнулася, каб Міхал не заўважыў яе ўсмешкі. Супакоіўшыся, яна сказала: – Дзіўна, я раней не бачыла, каб ты насіў вусы. Яны ў цябе, напэўна, за той час, што мы не бачыліся, выраслі, а я адразу і не заўважыла.

– Увогуле, я іх месяцаў пяць ужо нашу, – незадаволена прамовіў Міхал.

– Праўда? І за пяць месяцаў у цябе вырасла толькі… – Бася паспрабавала пералічыць колькасць валаскоў над вуснамі Міхала, але сумелася агучыць іх маленькі лік, каб не засмучваць сябра.

– Што толькі? – нахмурыўся Міхал.

– Нічога, – замітусілася Бася.

Яна засяроджана пачала даследаваць галінку рабіны і прыдумляць новую тэму для размовы. Але толькі дзяўчынка зноў паглядзела на юнака, як у яе пачаўся неадольны прыступ смеху, які яна дбайна спрабавала замаскіраваць пад кашаль. Урэшце Міхал не вытрымаў:

– Ды што з табой сёння такое робіцца?! Спачатку ты крыўдзілася на мяне, зараз смяешся немаведама з чаго.

– Міхалачак, прабач мне, калі ласка, – сказала Бася, булькатнуўшы яшчэ некалькі разоў. – Проста разумееш, – запнулася яна на імгненне, разважаючы, як бы так не дужа пакрыўдзіць сябра, – навошта табе ўвогуле гэтыя вусы?

– Што значыць навошта? Прыгожа. Бася закаціла вочы.

– Ну… Ведаеш, мабыць, табе лепш было б без вусоў? Ну там, маладзей выглядаў бы, ці што яшчэ… Я маю на ўвазе, мабыць, ты б згаліў іх?

– Што значыць маладзей? Я іх, можа, знарок адпускаю, каб здавацца старэйшым! Ведаеш, як яны доўга растуць? А ты кажаш – згаліць, – пакрыўдзіўся Міхал і пачаў накручваць вусы так, што яны ў яго затапырыліся, як у раз’юшанага ката.

Хвілін дзесяць сябры ехалі моўчкі. Юнак злаваўся, а дзяўчынка пазірала на яго і зрэдку фыркала. Толькі яна вырашыла памірыцца з сябрам і аддаць належнае яго наваяўленай прыгажосці, як ён раптоўна з’едліва заўважыў:

– Дарэчы, іншым паненкам падабаецца, – і, павярнуўшыся, паехаў ад Басінага воза ў іншы бок.

Такога ўдару дзяўчынка не чакала. Яна так збянтэжылася, што нават на імгненне страціла дар слова.

– Міхал!!! Пачакай! Міхал, вярніся зараз жа!!! – капрызна закрычала яна яму наўздагон, але ён нават не абярнуўся.

Даехаўшы да карэты, дзе сядзелі панны, Міхал павітаўся ды так і застаўся побач, падтрымліваючы нейкую дурную свецкую гутарку. Адзін раз ён азірнуўся, кінуўшы на Басю помслівы позірк, і зноў падкруціў вус. Ад гэтага ў дзяўчынкі заняло дыханне, і яна, скрыжаваўшы рукі на грудзях, гнеўна засапла. Яна ніколі не думала, што Міхал здольны на такое каварства! Мала таго, што ён да нейкіх амаль што старушэнцый заляцаецца, дык яшчэ і пакінуў яе, хворую, зусім адну. Вельмі весела сядзець ва ўшчэнт прапахлым лекамі і настоямі вазку, ні з кім не размаўляючы, а толькі маючы магчымасць назіраць за здраднікам, які яшчэ тры хвіліны таму быў табе найлепшым сябрам і адзіным спадзевам, праменьчыкам святла ў цёмным сярэднявеччы. Ніхто і ніколі не дазваляў сабе такога ганебнага ўчынку ў дачыненні да Басі. Тут яна ўзгадала, што трымае ў руках галінку, якую падарыў Міхал. Дзяўчынка адважылася на роспачны, але такі самы каварны ўчынак. У яе планы ўваходзіла знарок выкінуць галінку, калі юнак у чарговы раз павернецца. Але Міхал, як наўмысна, не паварочваўся ў бок Басі. Ад нездзяйсняльнасці задуманага і паўнюткай абыякавасці юнака яна нават крышку паплакала і прыціснула падарунак да сябе. «Няхай, – раз’юшана думала Бася, аб’ядаючы салодкія ягады рабіны, – калі-небудзь я абавязкова адыграюся». Пераконваючы сябе ў гэтым і адначасова суцяшаючы, дзяўчынка яшчэ больш засмуцілася. Заняцца было цалкам нечым, таму Бася ўзялася разглядаць скаваныя інеем дрэвы, якія цягнуліся павольнай чарадой уздоўж шляху. Але ў думках дзяўчынка ўвесь час вярталася да Міхала, а вочы не-не ды і прабягалі міма яго. Дзень быў безнадзейна сапсаваны.

* * *

Да таго часу, як зрабілася змрочна, кавалькада паспела даехаць да чарговага маёнтка і спыніцца на начлег. Па двары забегалі слугі, якія не чакалі прыезду такіх важных гасцей, паны і панны мітусіліся і спрачаліся: кожнаму карцела заняць самыя лепшыя месцы для вячэры і начлегу. Апошнімі днямі Басі не дазвалялася вячэраць разам з усімі. Паводле загаду лекара ёй належала заставацца ў асобным пакоі і захоўваць пасцельны рэжым. Але як толькі яна ўбачыла, што Міхал да яе жаху пераключыў увагу з паджылых прыдворных паннаў на юных паненак, Бася вырашыла любым чынам вырвацца са свайго часовага зняволення ў агульную залу, дзе вячэрала світа.

Калі да яе прыйшоў лекар разам са слугамі, якія павінны былі аднесці яе ў маёнтак, дзяўчынка паспрабавала ўпэўніць старога, што яна ўжо можа самастойна хадзіць і чужая дапамога ёй не патрэбна, але лекар цвёрда настойваў на сваім, і Басі нічога не заставалася, як згадзіцца. Дачакаўшыся, пакуль пойдуць слугі, яна пачала ўмольваць лекара:

– Пане лекару, калі ласка, можна я сёння павячэраю разам з усімі? Мне тут так нудна і самотна!..

– Не-не, што вы, пані Барбара! Гэтага ніяк нельга, вы ж яшчэ не цалкам здаровая. Тым больш паўсюль скавышы.

Бася журботна ўздыхнула.

– Ну а калі я зусім трошачкі? Пасяджу гадзінку ў зале, а потым вярнуся сюды?

– Не, нельга, – упарціўся лекар. – Што, калі за гэтую гадзіну з вамі нешта здарыцца? Што, калі вы паваліцеся ці нехта вас незнарок штурхне? Калі вы зноў пашкодзіце спіну, то на ваша вылячэнне пойдзе зашмат часу, і тады ўжо ні пра якія вячэры, балі і іншыя забавы і гутаркі ісці не будзе. Вы ж не хочаце бавіць час у сталіцы, лежачы ў пасцелі, праўда, пані Барбара?

– Не жадаю. Але чаму вы думаеце, што я абавязкова сабе нешта пашкоджу? Я буду вельмі асцярожная. Праўда! – Бася зрабіла ўмольныя вочы.

– Не-не, і не трэба так пазіраць на мяне! Няўжо здароўе для вас зусім нічога не значыць? Вам трэ быць надта асцярожнай, вы ж яшчэ такая юная! Навошта рызыкаваць? Вось прыедзеце ў Кракаў, там ужо будзеце і на балі хадзіць, і шпацыраваць, колькі вам захочацца, а зараз будзьце ласкавая трымацца рэжыму.

Слухаючы лекара, Бася насупілася, на вочы мімаволі навярнуліся слёзы.

– О-о, гэтага яшчэ нам не хапала! – усклікнуў стары. – І чаму ўсе юныя асобы пачынаюць плакаць, калі жадаюць дамагчыся ажыццяўлення сваіх капрызаў? На жаль, даражэнькая, гэты сродак не заўсёды дзейнічае. Як бы вы ні плакалі, я вас не адпушчу на вячэру. Для мяне значна важней, каб вы былі здаровая.

– Вось вы, пане лекару, думаеце, я проста так плачу? Думаеце, што гэта дурыкі нейкія? А тым часам, мабыць, вырашаецца мой лёс! – трагічным голасам прамовіла Бася.

Стары здзіўлена паглядзеў на дзяўчынку:

– Лёс? Гэта, прабачце, якім жа чынам ён у вас вырашаецца? Бася скоса зірнула на яго:

– Ад маёй прысутнасці на вячэры, можна сказаць, залежыць тое, як усталюецца мая будучыня. Я вось сяджу тут разам з вамі і пакутую, бо не магу туды пайсці! Ведаеце, як я турбуюся, пане лекару? А зрэшты, вы мяне ўсё роўна не адпусціце, – са скрухай уздыхнула яна.

Лекар збянтэжыўся:

– А пані Барбара ўпэўнена, што ўсё насамрэч так сур’ёзна? Мабыць, усё гэта можа чакаць?

Бася асуджана пакруціла галавой. Крыху падумаўшы і ўзгадаўшы маладыя гады, лекар сказаў:

– Ну, у такім выпадку, я думаю, вы маглі б на некаторы час пакінуць пакой і пайсці ў агульную залу. Безумоўна, неабходна захоўваць крайнюю асцярогу! Адпускаю вас пад вашу адказнасць.

Басін твар у адзін момант асвятліўся найшчаслівейшай усмешкай. Яна схамянулася і кінулася да лекара.

– Сапраўды? Мне можна ісці на вячэру? Зараз жа? – дзяўчынка ўзялася абдымаць яго.

– Ну, так, – прамармытаў стары, які не чакаў ад Басі гэткай гарэзлівасці.

– Вялікі дзякуй, пане лекару!!! Вы такі ласкавы! Дзякуй! – не сунімалася дзяўчынка.

Яна азірнулася ў пошуку чаго-небудзь падобнага да люстэрка, але, не знайшоўшы нічога, што можна было б скарыстаць замест яго, проста агледзела сукню і разгладзіла складкі. Лекар яшчэ раз нагадаў дзяўчынцы пра неабходнасць быць асцярожнай. Абярнуўшыся на яго парады і выходзячы з пакоя спінаю, яна зачапілася за парог і ледзь не павалілася. Нягледзячы на гэта, Бася весела хіхікнула, памахала старому рукою і зачыніла за сабой дзверы. Пачуўшы ў калідоры глухі грукат, звон і лаянку, лекар хацеў быў кінуцца на дапамогу дзяўчынцы, але, вырашыўшы, што ад яго нечаканага з’яўлення яна можа паслізнуцца, паваліцца ці неяк інакш нашкодзіць сабе, толькі ўздыхнуў і пакруціў галавой, мяркуючы, што, напэўна, дарэмна дазволіў ёй пакінуць пакой.

Тым часам усе вячэралі. Бася непрыкметна прабралася ў залу і, пашукаўшы позіркам Міхала, як і чакала, знайшла яго ўсё ў той жа кампаніі паненак. Ён сядзеў з задаволеным выглядам, больш падобны да паўліна, які распушыў хвост, і з прыхільнасцю слухаў, што яму наперабой распавядалі дзяўчаты. Часам ён таксама падаваў рэплікі, з прычыны чаго ўсе паненкі разам пунсавелі, пачыналі гучна і ненатуральна смяяцца, хаваючы твары за спіны адна адной. Ад гэтага відовішча Басю ледзь не званітавала. Да жаху агідна было назіраць, як яе сябра выстаўляўся перад дзяўчатамі, уражваючы іх розумам і пачуццём гумару, а яны, кожная жадаючы запісаць Міхала сабе ў кавалеры, расхвальвалі яго на розныя лады. У галаве Басі пачалі складацца розныя планы помсты: спачатку ёй проста карцела эфектна з’явіцца ў зале, потым яна задумала далучыцца да кампаніі прыемных маладых людзей. Але, пачаўшы сумнявацца ў эфектнасці свайго з’яўлення і пры поўнай адсутнасці «мілых юных шляхцічаў», дзяўчынка вырашыла перш за ўсё прабрацца ў тыл суперніка. Спадзеючыся падслухаць, пра што ідзе гаворка ў Міхала і паненак, і даведацца, ці размаўляюць пра яе, Бася пракралася да месца, дзе яны сядзелі, і схавалася за парцьерай.

– Пане Міхалу, вы такі мужны і храбры! Вашай смеласцю і адвагай можна толькі захапляцца! – нахвальвалі юнака дзяўчаты.

– І як гэта толькі такі слаўны пан да гэтага часу не жаніўся? – адважылася спытаць адна з паненак.

Міхал трохі разгубіўся ад такога запытання – ён сарамліва ўсміхнуўся, яго шчокі ледзь паружавелі. «Бо навокал адны каракаціцы!» – ледзь не вырвалася ў Басі.

– Ну-у-у, – працягнуў юнак. – Часам надта цяжка абіраць, калі навокал такія прыгожыя панны.

Бася ледзь не задыхнулася: каб назваць іх красунямі, трэ было мець ці надта дрэнны зрок, ці ненармальны густ. Дзяўчынка схілялася да першага.

– А мабыць, пан ужо мае нявесту? – працягвалі допыт паненкі. – Напрыклад, пані Барбару, якая павалілася з каня?

Твар Міхала прыняў тужлівы выгляд: ён зусім не ведаў, як адказаць. Калі б ён сказаў «так», дык яму выпала б потым паразумецца з Басяй, калі «не», дык паненкі перайшлі б у атаку і яму трэ было б ад іх доўга і пакутліва адбівацца, а можа быць, і хавацца. Міхал вагаўся, а паненкі патлумачылі гэта па-свойму.

– Яна ж надта дзіўная, гэтая пані Барбара. Сапраўдная паненка так не трымае сябе. Яна занадта гучна размаўляе, перакручваючы шмат слоў, заўжды рагоча на ўвесь голас. Увогуле, трымаецца надта бесцырымонна. Нібы яна не паненка, а хлапчук нейкі. Сапраўдная паненка ніколі не будзе так рабіць, – сказала адна з дзяўчын, робячы націск на слове «сапраўдная».

Другая, асабліва хударлявая, вырашыўшы падтрымаць сяброўку, дадала:

– Вось-вось, вы яе бачылі? Ужо надта яна румяная і поўная. Шляхетная дзяўчына ніколі не будзе такой, высакародныя паненкі заўсёды вытанчаныя і бледныя! А гэтая – нібы сялянка нейкая… – яна не паспела скончыць, бо Міхал рэзка ўзняўся з-за стала.

– Прабачце, але я не магу дазволіць, каб у маёй прысутнасці так адклікаліся пра пані Барбару, – сказаў ён, пакланіўся ў бок княгіні Радзівіл і пайшоў.

Секунду паненкі знаходзіліся ў паўнюткай маўклівасці, але, як толькі Міхал знік з іх поля зроку, дружна закаціўшы вочкі і наставіўшы губу, заверашчалі, нібы зграйка раз’юшаных вавёрак. Княгіня Радзівіл неўразумела паглядзела ў іх бок і звярнулася да адной з паннаў, якая сядзела побач. Тая схілілася да яе і ўзялася нешта нашэптваць, пасля чаго яны пераглянуліся і ад шчырай душы зарагаталі. Бася незадаволена скасавурылася ў іх бок, падумаўшы, што рагочуць з яе Міхалачка. А потым з лёгкім здзіўленнем паўтарыла ў думках: «Мой Міхалачак». Увесь шлях да свайго пакоя дзяўчынка ішла з дураслівай усмешкай на твары, пяшчотна ўзгадваючы юнака.

Наступным ранкам сябры, нібы нічога не было, сустрэліся каля вазка лекара. Ніхто з іх нават не ўзгадаў пра сварку – Бася была як ніколі мілая і спагадлівая, а Міхал, які не чакаў такой ласкавасці, быў вельмі руплівы і ўважлівы. Яны ажыўлена гутарылі пра розныя надзённыя справы і абмяркоўвалі, як і дзе яны паселяцца ў Кракаве, бо да сталіцы заставалася ехаць усяго некалькі дзён.

Адваротны бок люстра

Подняться наверх