Читать книгу Адваротны бок люстра - Ксенія Шталенкова - Страница 6
Частка першая
Раздзел 5
ОглавлениеБасі так карцела хутчэй даведацца, чаму яна не можа вярнуцца дадому, што на другі ж дзень яна папрасіла Міхала завесці яе да пана Альбрыхта. Юнак згадзіўся. Яму трэ было ісці на службу, таму ён папярэдзіў дзяўчынку, што можа затрымацца да позняга вечара, і дамовіўся, каб яна пачакала яго ў старога.
Калі яны ўвайшлі ў краму, то ўбачылі, як пан Альбрыхт гандлюецца з кімсьці з пакупнікоў. Дзяўчынка памахала купцу рукой. Заўважыўшы яе, стары паклікаў памагатага, каб той заняўся пакупніком, а сам, кіўнуўшы ў бок ужо знаёмых дзвярэй, накіраваўся да свайго кабінета. Міхал і Бася паспяшаліся за ім.
Павітаўшыся, стары сказаў:
– Я так і думаў, што вы прыйдзеце сёння. Зрэшты, ваша нецярплівасць зразумелая. Прысаджвайцеся!
– Мне трэба ісці на службу. Можна Бася застанецца ў вас, пакуль я не вярнуся? – спытаў юнак.
– Вядома, – адказаў стары. – Мне шмат чаго трэ будзе распавесці мадэмуазэль. Не турбуйцеся, нудзіцца ў яе не будзе часу.
Міхал кіўнуў. Ён развітаўся з Басяй і купцом і пайшоў.
– Размяшчайцеся, мадэмуазэль, – паўтарыў стары.
Бася прысела на нізенькую лавачку і падрыхтавалася слухаць.
– Напэўна, вы надта здзівіцеся, мадэмуазэль, калі даведаецеся, што я нарадзіўся ў XVI стагоддзі, – сказаў дзядок.
Ад нечаканасці Бася з’ехала на падлогу.
– Як гэта магчыма? – апамятаўшыся, усклікнула яна і зноў залезла на лавачку.
Дзядок усміхнуўся:
– Так, я сапраўды нарадзіўся ў XVI стагоддзі. Калі мне было прыкладна столькі ж гадоў, як вам зараз, бацька паклікаў мяне да сябе. Ён распавёў, што наш род ужо даволі даўно захоўвае таямніцу люстраў. Выявілася, што і мой бацька, і мой дзед ледзь не ўсё жыццё правялі ў даследаваннях іх уласцівасцяў. Рэч у тым, што кожнае люстра здольнае паказваць свае Успаміны, а іншы раз і ўпусціць у іх чалавека. Але не трэба думаць, што гэтыя Успаміны бесцялесныя. Не, гэта пэўны адрэзак часу ў гісторыі чалавецтва. Гэта як паралельны свет. Каб трапіць у яго, трэба правесці найскладанейшыя даследаванні і разлікі. Для таго, каб люстра зрабілася мостам паміж двума вымярэннямі, павінны супадаць месца, гадзіна, размяшчэнне планет і фаза Месяца. У паралельных вымярэннях час ідзе неаднолькава. Калі ў адным прайшло ўсяго толькі некалькі хвілін, у другім прайшоў цэлы век. Але калі ў двух вымярэннях усё супадае, то тады яны нібы дакранаюцца адзін да аднаго, час замірае і скрозь люстра можна патрапіць у іншы свет. Не кожны можа зрабіць гэта. Люстра само абірае чалавека. Калі ж усё-такі яно адчынілася, дык трэба быць надта асцярожным. Толькі маленечкая хмарка наплыве на месяц – і люстра адразу зачыняецца. Каб вярнуцца дадому, неабходна прачакаць шмат часу, пакуль яно адчыніцца зноў. Нярэдка бывала так, што людзі з ХІХ ці ХХ стагоддзя знянацку траплялі ў Сярэднявечча. Там яны намагаліся распаўсюджваць ідэі свайго часу. Тады іх лічылі ці геніямі, ці ерэтыкамі. І тады іхні лёс быў маркотны. Дарэчы, мадэмуазэль Барбара, я настойліва вам рэкамендую не казаць шмат пра ХХІ стагоддзе і не спрабаваць сеяць ідэі, уласцівыя вашаму часу.
Бася няпэўна хмыкнула, але, убачыўшы падазрона прыўзнятае брыво пана Альбрыхта, сцяла вусны і сказала:
– Ды добра-добра, я зразумела.
– Спадзяюся, што так. Вам вельмі пашанцавала, што гэты юнак – Міхал – паверыў вам, – заўважыў дзядок. – Хадземце, я жадаю вам штосьці паказаць.
Бася ўзнялася і рушыла следам за ім у бакавы пакой, які быў схаваны за парцьерай. Калі яны ўвайшлі, дзяўчынка ахнула. Гэта быў невялікі круглы пакой, сцены якога былі цалкам увешаны люстрамі ў старадаўніх рамах.
– Нічога ж сабе! – з захапленнем прашаптала дзяўчынка.
Стары ўсміхнуўся, задаволены тым, што здолеў уразіць падлетка з ХХІ стагоддзя.
– Няўжо можна прайсці праз кожнае з гэтых люстраў? – спытала Бася.
– Не, прызнацца, я да гэтага часу не здолеў прайсці праз некаторыя з іх, – адказаў стары.
– А там, у ХХІ стагоддзі, вы таксама маеце ўсе гэтыя люстры?
– Не ўсе. Некаторыя не захаваліся. Напрыклад, вось гэтае, – стары паказаў на адно з люстраў. – Я магу адсюль прайсці праз яго ў XVIII стагоддзе, але ў XXI яго ўжо даўно няма. Затое там ёсць некаторыя люстры, якіх у іншых вядомых мне месцах я не знайшоў.
– А вы даўно трапілі ў… – Бася запнулася, думаючы, як лепей сказаць пра родны свет, дзядок жа нарадзіўся тут, у XVI стагоддзі! – У мой час.
– Так, мадэмуазэль, вельмі даўно. Пасля таго як бацька паведаміў мне таямніцу люстраў, я пачаў дапамагаць яму рабіць разлікі, а потым ён сказаў, што прыйшоў час паспрабаваць прайсці ў іншае вымярэнне. Некалькі разоў усё праходзіла цудоўна, і я паспяхова вяртаўся дадому. Але аднойчы бацьку прывезлі адно люстра. Мы доўга даследавалі яго, а потым яно адчынілася. Я прайшоў скрозь яго і трапіў у пачатак 40-х гадоў ХХ стагоддзя. Я, вядома ж, яшчэ не ведаў, што гэта за час. Раней мне не выпадала трапляць у настолькі далёкую будучыню. Люстра раптам зачынілася, і я не мог вярнуцца. Тады якраз ішла Другая сусветная вайна. Мне не пашанцавала, я трапіў пад бамбёжку, і мяне кантузіла. Я апынуўся ў шпіталі. Усе думалі, што мяне асабліва цяжка кантузіла, бо я не казаў ні слова. Толькі ўявіце, мадэмуазэль, ці мусіў я размаўляць?! Мова ж, хаця і была мне знаёмая, надта змянілася. Мяне, пэўна, ніхто б не зразумеў. Тым больш я ўсё ніяк не мог усвядоміць, у якое стагоддзе трапіў, і не ведаў, як паводзіць сябе.
Выпадкова да мяне трапіла газета. Праз яе я з цяжкасцю даведаўся пра дату і сяк-так – пра апошнія здарэнні. Прыслухоўваючыся да галасоў медсясцёр, лекараў, хворых, якія ачуньвалі, я менш-больш асвоіў мову. Памятаю, сядзелка так узрадвалася, калі я пачаў размаўляць!
Калі скончылася вайна, я вырашыў адшукаць тое люстра. Я адразу ж накіраваўся на Сціклю. Я ўзрадваўся, калі ўбачыў, што наш дом застаўся цэлы. Унутры нікога не было. У доме ўжо даўно ніхто не жыў. Я ўзняўся наверх, але знайшоў там толькі два люстры. Я пазнаў іх. Адно вяло ў XVII стагоддзе, а другое якраз было тым самым, скрозь якое я прайшоў у XX стагоддзе. Зразумела ж, адразу яно не адчынілася. Я чакаў усю ноч, але ўрэшце заснуў, так і не дачакаўшыся. Затое ў наступную ноч я прайшоў у родны дом. Выявілася, што бацька ўжо некалькі гадоў як памёр. Тады я вырашыў забраць усе мапы, схемы і табліцы, у якіх былі апісаны ўласцівасці люстраў, і вярнуцца ў ХХ стагоддзе. У бацькі гэтаксама былі немалыя грошы. З іхняй дапамогай я аднавіў наш дом і хутка стаў дастаткова заможным чалавекам. Потым я пачаў набываць люстры, але хутка выявіў, што многія з іх не захаваліся. Таму мне прыходзілася часам вяртацца сюды, каб адзначыць тыя, якія я не знайшоў.
І вось, зусім нядаўна мне прывезлі яшчэ адно люстра. Аднак яно ніяк не жадала мне адчыняцца. Тады я выставіў яго ў вітрыну, але не для таго, каб прадаць. Я чакаў чалавека, якому яно было прызначанае. Мушу шчыра вам прызнацца, мадэмуазэль, убачыўшы вас, я быў надта здзіўлены: не думаў, што люстра абярэ дзіцянё.
– Між іншым, мне ўжо шаснаццаты год, – пакрыўджана прабурчала Бася.
– Прабачце старому – мякка ўсміхнуўся пан Альбрыхт і працягнуў: – Тым не менш мне не заставалася нічога іншага, як прыняць выбар люстра. Я пачаў за вамі назіраць і, калі вы прыйшлі ў чарговы раз, вырашыў даведацца, дзе вы жывяце. Мне трэ было пераканацца ў тым, што люстра здолее адчыніцца, калі яго прывезці да вашага дома, вы ж зараз ведаеце, як важна супадзенне месца. Калі вы прыйшлі ў маю краму з матуляй, я быў гатовы на любыя ўступкі дзеля таго, каб праверыць гэта. Выбачайце, мадэмуазэль. Гэта, вядома ж, мая памылка. Я не мусіў уцягваць вас у гэтую авантуру. Адзіным апраўданнем мне можа служыць толькі тое, што, раней чым аддаць люстра, я пераканаўся ў тым, што тут вам нічога не пагражае.
– Але як жа вы даведаліся, што я патраплю якраз у гэты час? – нецярпліва перапыніла яго дзяўчынка.
Стары неўразумела паглядзеў на яе, а потым, прыўзняўшы брыво, спытаў:
– Дык вы не знайшлі лічбы?
– Якія лічбы? – не зразумела Бася.
– На раме павыразаныя лічбы – адзінка, дзве пяцёркі і нуль. Няўжо вы не бачылі?
– Не. Ну, і што гэта мусіла значыць?
– Тысяча пяцьсот пяцідзясяты.
– Дык гэта ж год! – ахнула Бася і з захапленнем дадала: – І вы адразу здагадаліся?
– Дзякую, мадэмуазэль, за прызнанне маіх сціплых разумовых здольнасцяў, – стары цырымонна пакланіўся дзяўчынцы. – Не буду стамляць вас падрабязным апавяданнем пра тое, як я трапіў у дом да вашага юнага сябра. Галоўнае – я пераканаўся, што ён мае акурат такое ж люстра, і месцазнаходжанне вашых дамоў супадае. Павінен прызнацца вам, я некалькі збянтэжыўся, убачыўшы вас у адзенні хлопчыка. Я зусім не чакаў гэтага! – усклікнуў стары. – Але, з другога боку, я рад, што ваша знаёмства з юным Саколічам склалася паспяхова. Ён робіць уражанне добрага і высакароднага чалавека. Спадзяюся, што ваша знаходжанне ў яго доме да таго часу, пакуль не адчынецца люстра, будзе бяспечным.
Бася кіўнула.
– Але чаму ж усё-такі трэба так доўга чакаць? – спытала яна. Пан Альбрыхт цяжка ўздыхнуў і цярпліва сказаў:
– Ах, мадэмуазэль, вы не вельмі ўважліва слухалі мяне. Я пералічыў вам умовы адчынення люстра. Каб супадалі ўсе з іх, патрэбны час. Калі вы памятаеце, учора я сказаў, што, паводле папярэдніх разлікаў, вам прыйдзецца чакаць шэсць-восем месяцаў. Зразумела, я зраблю больш дакладныя вылічэнні, але сказаць канкрэтную дату адчынення перахода немагчыма. Вам застаецца толькі чакаць.
– Зразумела, – працягнула дзяўчынка. – А вось глядзіце, на другі дзень пасля таго, як я ўпершыню трапіла сюды, люстра не адчынілася. Чаму так?
– Люстра адчыняецца пры ўмове, што ў абодвух вымярэннях аднолькавая фаза Месяца. Звычайна яна трымаецца каля трох дзён. Але акрамя гэтага патрэбны і сам Месяц. А зараз адкажыце мне, якое надвор’е было?
– Дождж, – адказала Бася. – Значыцца, для таго, каб люстра адчынілася, Месяц мусіць свяціць абавязкова?
Стары кіўнуў.
– Толькі падумаць! Гэта ўсё так цікава і неверагодна! – усклікнула дзяўчынка. – А хтосьці яшчэ ведае ці ведаў таямніцу люстраў?
– Вы чулі пра графа Каліёстра – вядомага шарлатана?
– Зразумела!
– Ён сцвярджаў, што жыве некалькі стагоддзяў і, калі вы памятаеце, прадказаў, што Марыю-Антуанету катуюць на гільяціне. Як вы думаеце, мадэмуазэль, адкуль ён здолеў даведацца пра гэта? – спытаў стары.
– Люстры! – здагадалася Бася.
– Сапраўды, мадэмуазэль! Сапраўды так! – усклікнуў купец. – І ён не адзіны. Чаму ж здаецца, што Настрадамус, Леанарда да Вінчы, Роджар Бэкан – людзі не свайго часу? Усе яны ведалі таямніцу люстраў. Дарэчы, некаторыя нашыя землякі таксама маглі пераходзіць у паралельныя вымярэнні. Адзін з іх – Казімір Семяновіч. Ды наўрад ці вы ведаеце, хто гэта…
– Чаму не ведаю? – абурылася Бася. – Нават вельмі добра ведаю. Ён быў інжынерам і праектаваў касмічныя ракеты, хаця жыў у XVII стагоддзі.
– Насамрэч ён нарадзіўся не ў гэтым стагоддзі. Ён трапіў у яго выпадкова. З-за цікаўнасці, як і вы, – сказаў стары.
– А чаму вы вырашылі вярнуцца ў XX стагоддзе? – спытала Бася. – Тут жа ваш родны дом.
– Проста мне здалося, што там будзе камфортней і прасцей жыць, – адказаў дзядок.
У дзверы кабінета пагрукалі. Стары выйшаў, але праз хвіліну вярнуўся.
– Вы не паверыце, мадэмуазэль, але ўжо вечар! Даўгавата я вам усё распавядаў, праўда? Міхал прыйшоў за вамі. Ён чакае ўнізе.
– Вялікі дзякуй, што вы ўсё растлумачылі мне, – сказала Бася.
– Няма за што, – адказаў стары. – Ага, а самае галоўнае я вам якраз і не сказаў! Ні ў якім выпадку не намагайцеся штосьці змяняць. Гэта можа прывесці да жудасных вынікаў. Да таго ж вы не здолееце вярнуцца дадому! Запомніце гэта, мадэмуазэль, калі ласка! А зараз ідзіце.
– Да пабачэння, – развіталася Бася і выйшла з кабінета. Але раптам яна зноў з’явілася ў дзвярным прахоне:
– А вы ж казалі, што кожнае люстра здольнае ўпусціць у свае Успаміны?
– Не. Толькі вельмі старажытныя люстры здольныя зрабіць гэта. Новым жа і ўспамінаць няма чаго, – адказаў стары.
Бася кіўнула і знікла за дзвярыма.