Читать книгу Адваротны бок люстра - Ксенія Шталенкова - Страница 15
Частка першая
Раздзел 14
ОглавлениеАднойчы ўвечары, калі ўсе ў доме ўжо ляглі спаць, у пакоі паненак ніхто нават і не думаў пра сон. Кшыся сядзела на ложку перад адчыненым куфрам і прычэсвала валасы, Зося і Ануся забраліся пад коўдру і, шчыльна прытуліўшыся адна да адной, каб не было халодна, ціхенька пляткарылі, а Бася, якая ўжо пачынала драмаць, мімаволі прыслухоўвалася да іх размовы.
– Як шкада, што ў нас у свіце зусім няма цікавых кавалераў! – уздыхнула Ануся. – Усе ці надта старыя, ці надта непрыгожыя. Вось быў бы хтосьці прыгожы, разумны і абавязкова малады.
– Яшчэ добры, – дадала Зося.
– І вясёлы.
«Кавалеры, кавалеры… Усё ім кавалераў давай, – падумала Бася. – Усе вушы прагудзелі з гэтымі кавалерамі!»
– А яшчэ каб ён быў моцны і храбры! – працягвала Ануся. – Словам, каб быў сапраўдны рыцар.
– Не, Ануся, такіх не бывае.
Абедзве паненкі журботна ўздыхнулі.
– Пачакай, як жа не бывае? А Міхал?
– Ну, вось хіба што толькі Міхал, – згадзілася Зося.
Пры словах пра юнака ўся дрымота, якая ахутвала Басю, раптам некуды знікла, і дзяўчынка ўзялася ўважліва слухаць сябровак. Дзяўчаты, вырашыўшы, што Бася ўжо спіць і ўсе іхнія размовы застануцца беспакаранымі, пачалі далей балбатаць пра Міхала.
– Вось глядзі – каб усё так сышлося! І шляхціч ён не з апошніх, і князь да яго ласкавы, і малады, і не бедны.
– Ды гэта што! – нецярпліва перарвала Зося. – Такіх зашмат, а вось каб яшчэ і прыгажун такі быў! – летуценна дадала яна. – Ён як міма мяне ідзе, я аж уся млею.
– Ты бачыла, якія ў яго валасы? Густыя, шаўкавістыя. А колеру якога прыгожага – цёмна-каштанавага. І навошта хлопцу такія валасы? Мне б гэтакія, як мае ён! – разважала Ануся, заплятаючы нанач дзве танюткія жаўтаватыя коскі.
– Ой, а ён калі іх назад адкідвае, у мяне аж каленцы падкошваюцца, – сказала Зося.
Бася прыгадала, як Міхал нецярплівым рухам рукі адкідвае пасмы з ілба, і адчула, што ў яе самой унутры ўсё пачынае млець.
– А якія ў яго вейкі! Ты паглядзі на мае – гэта ж не вейкі, а нейкі здзек, – паскардзілася Зося.
– А ў хлопцаў заўсёды вейкі доўгія і пухнатыя.
– Ну, не ведаю, у яго яны нейкія асаблівыя. І нават на кончыках загінаюцца! Ну проста неверагодна! Ніколі такіх веек, як у яго, не бачыла.
– А які высокі!
– Высокі – так, а галоўнае, плячысты! Як на яго зірнеш, дык ён худзенькі, танюткі ўвесь – асабліва, калі поясам перацягнецца, – а плечы шырачэзныя.
– Так, складу яму не пазычаць.
Ануся і Зося летуценна ўздыхнулі, а Бася з галавой накрылася коўдрай і ўсміхнулася ў падушку.
– А вочы… Ён як зірне сінімі вачыма, дык адразу дух і захапляе.
– Ага, толькі вочы ў яго не сінія, а шэрыя.
– Хіба? – здзівілася Зося. – Мне заўсёды здавалася, што яны ў яго як валошкі.
«А па-мойму, яны ўвогуле бірузовыя, – падумала Бася. – Нехта з нас, пэўна, дальтонік».
– А ўсмешка…
Паненкі зноў заўздыхалі. А Бася ўявіла сабе, як Міхал усміхаецца сваёй дураслівай хлапечай усмешкай, і ўнутры ў яе ўсё аж затрапяталася. «І гэта ўсё маё», – нясціпла падумалася ёй. Дзяўчынцы было так прыемна, нібы хвалілі не Міхала, а яе саму.
– Але ты толькі падумай, Зося, які ён да ўсяго гэтага сціплы! Іншы хлопец ужо даўным-даўно пачаў бы фанабэрыцца, а ён, наадварот, ніколі не выстаўляецца!
– А яшчэ ён і адважны, і смелы, і добры, і… – Зося запнулася на імгненне, падбіраючы эпітэт, які б найбольш пасаваў Міхалу. – І высакародны!
– Вось гэта сапраўды. А ў сядле як трымаецца – бы ўліты!
– Ды яму наогул цаны няма. Такі хлопец, такі хлопец… Вось было б такіх больш!
– Зося, а ці ты памятаеш, як мы з табой у калідоры яго падпільноўвалі?
– Ага! А Міхал ішоў насустрач, але нас не ўбачыў, і, калі мы з табой гучна павіталіся, ён яшчэ так увесь пачырванеў!
Паненкі весела захіхікалі. А Бася, не вытрымаўшы, адкінула коўдру і сказала:
– А вам дык вось няма чаго больш рабіць, як у калідорах з засады выскокваць і хлопцаў пужаць!
– Баська! Дык ты не спіш! – усклікнулі сяброўкі і разрагаталіся. – А мы думалі, што ты заснула. Але мы ж нічога благога не казалі, праўда? Усё-такі табе жудасна пашанцавала. Згадзіся, Міхал у цябе такі рыцар, такі прыгажун!
– Ну і толку з гэтага? – фыркнула Кшыся. – Самае галоўнае, каб пан знатны быў і багаты.
– Так, і пажадана, як мага больш стары і страшны, – з’едліва прабурчала Бася. – У кагосьці ёсць сярод знаёмых лядашчы пачварны карлік, які трымае свой род ад самога Гедыміна і валодае каласальным багаццем? Хутчэй за ўсё, гэта Кшысьчын кавалер.
Ануся і Зося зайшліся ад смеху, а Крысціна пакрыўджана надзьмулася.
– Чаму адразу лядашчы і пачварны? Зусім ён не лядашчы, а яшчэ малады. І нават вельмі сімпатычны.
– Але карлік… – не ўтрымалася Бася.
– Ніякі ён не карлік! – абурылася Крысціна. – Табе б толькі нагаворваць на яго! Ён высокі!
– Дзіўна… Не можа быць! – тэатральна сказала дзяўчынка. Паненкі зноў зарагаталі, а потым Зося спытала:
– Крысціна, ну распавядзі пра свайго кавалера! Што ты ўсё таямніцы ад нас трымаеш. Скажы хаця, як яго клічуць! А то нават на балі не было, каб паглядзець.
– А я й не збіраюся ўсё вам распавядаць.
– Ну Крысціна!!!
– Нічога не распавяду.
– Вось шкодная, – прабурчала Зося.
Калі Кшыся адвярнулася, схіліўшыся над куфрам, Бася скрывіла морду і паказала ёй язык. Паненкі фыркнулі, а Ануся раптам сказала:
– А мы зараз самі даведаемся, хто ў Кшысі кавалер!
– Як вы пра гэта даведаецеся? – Крысціна ўзняла галаву.
– Будзем цябе катаваць! – рагатнула Бася. Кшыся спадылба зірнула на яе.
– Ды не! Бася, што з табой такое здарылася? Мы варажыць будзьма! – сказала Ануся. – Свечка ёсць, вада ёсць. Вось толькі столік трэба на сярэдзіну пакоя выцягнуць.
Дзяўчаты перасунулі столік, паставілі на яго таз і налілі туды са збана вады.
– Я калі жыла ў нашым маёнтку, мы абавязкова варажылі на Каляды. Бабуля заўжды распавядала, што трэба рабіць, мы доўга рыхтаваліся, толькі варожаць жа позна ноччу, а я была маленькая і часта раней часу засынала, – сказала Ануся. – Вось зараз у ваду будзе крапаць воск ад свечкі і складацца ў малюнак, а вы кажыце, хто што бачыць. Пачакайце… Кшыся, загадай імя свайго кавалера, варожым жа на яго.
Крысціна закаціла вочы, робячы выгляд, што загадвае імя, а Бася падумала: «Ну і што? А калі я таксама загадаю, што тады будзе? Міхал?!» Ануся схіліла свечку над тазам, і ў яго паволі пачаў крапаць воск.
– Кшыся, а табе хіба нецікава? – спытала Зося, якая стаяла побач з ложкам, дзе сядзела паненка.
– Ой, усё гэта глупства! – адказала яна, але тым не менш падышла да століка.
– Ну, хтосьці штосьці бачыць?
– Я нічога не бачу. Проста кроплі воска і ўсё, – прамовіла Зося. Кшыся толькі фыркнула.
– А ты, Бася? – зноў спытала Ануся.
Дзяўчынка вырашыла падыграць сяброўкам і таямнічым шэптам пачала казаць:
– Я бачу… Гэта сонца… Не, гэта галава. Галава маладога мужчыны…
– А адкуль ты ведаеш, што ён малады? – пацікавілася Зося.
– Ну… Таму што ён малады. Гэта ж відавочна, – Бася непрыкметна падміргнула сяброўцы і зірнула ў бок Крысціны, якая пільна ўглядалася ў васковыя выявы.
– А далей што? – нецярпліва спытала паненка.
– Далей? – перапытала яе Бася і, зноў зірнуўшы ў таз, самлела: на вадзе выразна вымалёўвалася постаць чалавека. – Я бачу постаць.
– Чыю?
– Напэўна, гэтага ж мужчыны, – адказала Бася, працягваючы назіраць за фігуркай.
– А які ён?
– Тонкі і зграбны… Ён… – у таз упала чарговая кропля воску, – вядзе пад аброць каня.
– А конь яму навошта?
– Дурненькая, конь – добры знак. Напэўна, жаніх багаты! – патлумачыла Ануся. – Ну, а далей?
Бася так пільна стала ўглядацца ў знакі, што ў яе пачалі балець і слязіцца вочы. Ёй ужо здавалася, што яна бачыць, як рухаецца фігурка чалавека з канём. Сяброўкі, таксама намагаючыся штосьці разгледзець, пачалі нахіляць галовы так, што іх валасы ледзь не краналіся вадзяной роўнядзі. Басінай шчацэ рабілася нязносна горача ад полымя свечкі, якая знаходзілася амаль у міліметры ад яе.
– Ён некуды накіроўваецца!
Фігурка сапраўды імкліва перасоўвалася па вадзе, нібы баялася кудысьці спазніцца.
– Выхоплівае меч!
Паненкі, затаіўшы дыханне, ужо зусім шчыльна схіліліся над вадой, паапускаўшы ў яе кончыкі валасоў. На імгненне чалавечак спыніўся, замёр. І раптам у таз палілося нешта густое і цёмна-чырвонае.
– Кроў!!! – закрычала Бася. – Кроў!!!
Полымя свечкі нечакана згасла, і дзяўчаты з крыкам кінуліся хто куды. Бася выявіла, што, моцна абняўшыся з Анусяй, сядзіць на чыімсьці ложку і адчайна дрыжыць. У пакоі чуліся жудасны лямант і енк. Ніхто не мог вымавіць ані слова, у пакоі нічога не было бачна, і толькі жахлівыя крыкі рабіліся ўсё гучнейшыя і больш працяглыя. Бася адчувала, як цяжка дыхае Ануся.
– Гэта нячысцікі! – прашаптала паненка і задрыжала яшчэ мацней.
У гэтае ж імгненне дзверы ў пакой адчыніліся, і ўсе дзяўчаты зноў спалохана закрычалі нічым не горш за нячысцікаў, што захапілі пакой.
– Ціха! – прагучаў гнеўны голас, і сяброўкі ўбачылі адну з прыдворных паннаў са свечкай у руцэ.
Усе крыкі адразу ж сціхлі. Толькі каля аддаленай сценкі пачулася няяснае хныканне. Панна асвятліла пакой і ўбачыла Басю з Анусяй, якія ўчапіліся адна ў адну і адчайна трэсліся. Кшыся забілася ў самы кут ложка.
– Што гэта такое? – абурана ўсклікнула кабета. – Як гэта разумець? Вы перабудзілі ўвесь дом! Што тут увогуле робіцца? Усе ўжо даўным-даўно адпачываюць, а вы крычыце на ўсё горла і нікому не даяце спаць. Бедная пані княгіня перапалохалася з-за вашых крыкаў. Ці не сорамна вам так трымаць сябе?!
Паненкі спалохана пераглянуліся.
– А дзе Зося? – нясмела спытала Кшыся.
– Яе нячысцікі забралі!!! – зноў залямантавала Ануся. – Зосенька! Як жа так? Ну за што нам гэта?
Тут панна асвятліла астатнюю частку пакоя і ўбачыла ногі, якія тырчалі з Кшысінага куфра.
– Гэта яшчэ што такое? – канчаткова абурылася яна.
З куфра пачулася нейкае мармытанне, а дзяўчаты толькі ціхенька захныкалі. Панна рашучым крокам падышла да куфра і дапамагла Зосі выбрацца з яго.
– Зоська! – закрычала Ануся і кінулася да сяброўкі з абдымкамі. Тым часам панна абышла столік з тазам і, зазірнуўшы ў яго, сказала:
– А, дык вы, значыцца, варажылі, нягодніцы. Лепш у царкву лішні раз пайшлі б, чым займацца такімі глупствамі. Абавязкова паскарджуся на вас пані княгіні! Зараз жа кладзіцеся спаць, і каб больш ніякага тлуму!
Кабета запаліла запасную свечку, якая стаяла на падаконніку, і пайшла з пакоя, зачыніўшы за сабою дзверы.
– Зоська, як жа я за цябе перапалохалася! – Ануся не пускала ад сябе сяброўку. – Як жа ты ў куфры апынулася?
– Калі свечка патухла, я назад адскочыла і павалілася туды. У Кшысі ж куфар адчынены быў.
– Ніколі больш варажыць не будзьма! Дурная гэта справа, – сказала Ануся.
Паненкі памалу разышліся кожная да свайго ложка. Бася ўсё яшчэ дрыжала пад коўдрай, думаючы пра выявы, якія ўбачыла. «Навошта я толькі на Міхала загадала?! – упікала яна сябе. – Дурная, дурная, дурная!» Раптам паненкі пачулі, як Крысціна, уткнуўшыся ў падушку, аб чымсьці горка плача. Ануся і Зося саскочылі з ложкаў і кінуліся яе суцяшаць. У Басі нават не было сіл узняцца.
– Кшысенька, што здарылася?
– Стась! Мой Стась! – рыдала паненка. – Бася кроў наваражыла, што ж зараз будзе? Бедны мой Стась!
«Які ж Стась, калі я на Міхала варажыла! – з прыкрасцю меркавала Бася. – Сапраўды, што з ім зараз будзе?» Дзяўчынка ўсё думала і думала пра юнака, з яе вачэй бесперастанку струменіліся слёзы. Сціснуўшы ў кулак краёчак адсырэлай падушкі, Бася лаяла сябе за глупства да самай раніцы, пакуль не заснула.
Прачнуўшыся на другі дзень, яна ўбачыла, што свечка, якую дзяўчаты пакінулі валяцца на падлозе насамрэч была каляровай, і кроў, якая ўзялася з ніадкуль, была тым жа воскам, проста на свечцы пачаўся новы віток іншага колеру. «Вось дурніца! – падумалася Басі. – Ну трэ было ж так здураваць…» У дзяўчынкі адлягло ад сэрца, і яна паказала свечку Кшысі, якая таксама ўсю ноч не магла заплюшчыць вачэй. Спачатку паненка і ўвогуле не жадала размаўляць з Басяй, але, падумаўшы, даравала ёй.
Княгіня Альжбэта адправілася ў каралеўскі замак зноў наведаць сваю братавую, таму паненкі былі цэлы дзень вольныя, а ў Міхала не было варты, і яны з Басяй вырашылі схавацца ад усіх у нішы каля вітражнага акна. Быў ясны сонечны дзень. Яны сядзелі на прыступцы каля акенца і задаволена жмурыліся, ляніва балбочучы. Іх твары былі пафарбаваныя святлом ад каляровых шкельцаў.
– Уяўляеш, мы ўчора ноччу варажылі – так жудасна было! – распавядала Міхалу Бася.
– О, я чуў, – зарагатаў ён. – Я нават падумаў, што надыходзяць ворагі, і хацеў ужо будзіць жаўнераў.
– Да нас прыйшла панна Аліцыя. Яна, бадай што, будзе больш суворая за ўсіх тваіх жаўнераў разам узятых!
– Так, гэта праўда… Дык што вы там наваражылі?
– Гэта ўсё, вядома, лухта, – пачала Бася. – Разумееш, мы ўвогуле варажылі на Кшысінага кавалера, але я загадала тваё імя. Там чалавечак вымалёўваўся, ну, юнак, а свечка была каляровая, і паліўся чырвоны воск. Я так спужалася – вырашыла, што гэта кроў. Усе закрычалі… Я так хвалявалася, нават усю ноч не спала.
– І што гэта значыць? – спытаў Міхал.
– Ды нічога не значыць! Усяго толькі воск іншага колеру. Я думаю, гэта нічога. Але ты ўсё роўна будзь больш асцярожны, добра?
– Дык вы ж на Крысцінінага кавалера варажылі.
– Ну, гэта яны ўсе, а я – на цябе. Таму ты асцярожней, добра?
– Добра, – кіўнуў Міхал, яшчэ не дарэшты разумеючы. – А чаго ты на мяне варажыла?
Бася трохі сумелася і паружавела:
– Ну… Цікава проста. На каго мне яшчэ варажыць?
Юнак адхіліўся спінаю да сценкі і, прыкрыўшы вочы, з-пад веек назіраў за Басяй, задаволена ўсміхаючыся.
– Міхалачак, а ты ведаеш, што паненкі толькі пра цябе і гутараць?
– Праўда? І што яны кажуць?
– Шмат чаго… Вось, напрыклад, як яны цябе пужалі ў калідорах.
– Калі? – Міхал здзіўлена расплюшчыў вочы.
– Адкуль жа я ведаю? Я разам з імі засады не раблю!
– Нешта я не памятаю, каб яны мяне пужалі. Я, шчыра кажучы, на іх і ўвагі не звяртаю.
– Ну-ну, як жа, – фыркнула Бася, узгадваючы ўсе правіннасці юнака.
– Што? Я сур’ёзна! Што мне твае паненкі?
– Ты хочаш сказаць, што ты да іх цалкам абыякавы?
– Зразумела!
– Да ўсіх?
– Ну, так.
– Ой, няўжо няма ніводнай паненкі, якая б табе падабалася? – хітра спытала Бася.
– Мабыць, і ёсць, – юнак нахмурыўся і пачырванеў.
– І хто яна? – дзяўчынка скрыжавала на грудзях рукі.
– Ай, Баська, адчапіся ад мяне! – усклікнуў Міхал і ўтаропіўся ў столь.
Бася засапла і сцяла вусны.
– Ты што надзьмулася? – спытаў яе Міхал.
– Нічога, – холадна адказала яна.
– Паглядзі, у цябе павук на сукні!
– Дзе? – спужалася Бася і, убачыўшы маленечкага павучка, які поўз па самым краёчку крысся, жаласна захныкала: – Міхал, убяры яго, я баюся!
Юнак, пасмейваючыся, скінуў павучка з Басінай сукні і сказаў:
– Ніколі не думаў, што ты баішся такой лухты!
– Так, баюся, але гэта не значыць, што трэба з мяне смяяцца, – пакрыўджана прабурчала дзяўчынка.
– Ды годзе табе, – прымірэнча сказаў Міхал і аддана зірнуў на яе.
Бася прыгледзелася да яго вачэй, якія з-за вітражных шкельцаў зрабіліся рознакаляровымі, і прамовіла:
– Слухай, Міхал, я ўсё ніяк не магу зразумець, якога ж колеру твае вочы.
– Якога-якога? Здаецца, блакітнага.
– Не-е-е. – Дзяўчынка стала на калені і ўзяла твар юнака ў далоні. – Пачакай, не круціся! – загадала яна і павярнула яго твар да празрыстых шкельцаў. – Яны ў цябе бірузовыя і яркія. А калі ты злуешся, яны робяцца сталёвага колеру. А так яны як мора. Прыгожа!
Міхал пачаў адчайна пунсавець, а Бася, адчуўшы, як пад яе далонямі гараць яго шчокі, сумелася і адсела ад юнака. Апусціўшы вочы, яна старанна прынялася разгладжваць складкі сукні. Сонца ярка свяціла з акна, і Бася, грэючыся ў промнях, сказала:
– Так добра, нібы вакацыі! А ты любіў зімнія вакацыі, калі вучыўся?
– А ў мяне ніколі не было вакацый.
– Як? – здзівілася дзяўчынка.
– Ну, увогуле, калі я вучыўся ва ўніверсітэце, у нас былі выхадныя і святы, але саміх вакацый не было. Часам на святы да мяне прыязджаў бацька, і мы з ім цэлыя дні праводзілі разам. Шпацыравалі па горадзе, смачна елі – у самім жа ўніверсітэце харчавалі кепска, ва ўсялякім выпадку, мне не падабалася. Здорава было, калі ён прыязджаў. Але потым ён памёр, і ўжо ні пра якія вакацыі не магло быць гаворкі. Трэ было ісці на службу, – Міхал абапёрся падбародкам на кулак і стаў засяроджана разглядаць вітражы.
Басі раптам да слёз зрабілася крыўдна за яго. Дзяўчынцы захацелася моцна абняць юнака і засланіць ад злоснага і бязлітаснага свету. Але яна засаромелася знянацку кінуцца да Міхала з абдымкамі, таму проста падсела бліжэй і моцна сціснула яго руку. Ён цёпла паглядзеў на Басю, беражліва ўзяў яе далоньку ў свае рукі. Так яны і сядзелі, пакуль не вярнулася княгіня і па калідорах не пачалі мітусліва бегаць слугі.