Читать книгу Адваротны бок люстра - Ксенія Шталенкова - Страница 4

Частка першая
Раздзел 3

Оглавление

– Як? – пасля секунднага маўчання спытаў Міхал.

Яны ўдваіх прыняліся асцярожна прастукваць і абмацваць люстраную паверхню.

– Што ты рабіла, каб трапіць да мяне ў пакой? – спытаў юнак.

– Руку працягвала ці галавой наперад падавалася, – адказала дзяўчынка.

– Ну, паспрабуй яшчэ раз.

Бася працягнула руку, але толькі ўпёрлася кончыкамі пальцаў у халодную роўнядзь. Тады яна вырашыла нырнуць у люстра галавой і, крыху размахнуўшыся, са звонам грукнулася лбом аб шкло. Паціраючы выцятае месца, дзяўчынка засмучана паглядзела на Міхала.

– Добра яшчэ, што не разбіла, – сказаў ён.

Бася некалькі разоў усхліпнула і, уткнуўшы твар у далоні, гаротна заплакала. Міхал з жалем паглядзеў на яе.

– Ну, не трэба плакаць! – паспрабаваў ён супакоіць яе. – Зараз штосьці прыдумаем.

– Я дадому хачу! – душылася слязьмі Бася. – Чаму яно зачынілася?

– Я не ведаю, – адказаў юнак. – А ў цябе яно было адчынена ўвесь дзень?

– Не, толькі вечарам.

– Можа, сёння яно таксама вечарам адчыніцца? Яна паціснула плячыма.

– Пане Міхалу, – пагрукалі ў пакой.

– Хавайся, – прашаптаў юнак.

Дзяўчынка паслухалася. Міхал адчыніў дзверы.

– Пане, да вас чалавек прыехаў ад пані княгіні Альжбэты, – паведаміў слуга.

– Скажы, што я зараз прыйду, – загадаў Міхал і зачыніў дзверы.

– А хто такая княгіня Альжбэта? – шэптам спытала Бася.

– Жонка пана князя Мікалая. Цікава, што яна хоча? Мабыць, пан князь прыслаў нейкія паперы? – прамармытаў юнак сабе пад нос, а потым дадаў: – Бася, пасядзі пакуль што тут, а я пайду даведаюся, у чым справа, добра?

– Добра, – кіўнула дзяўчынка.

Міхал пайшоў. Праз некалькі хвілін ён вярнуўся з вялікім падносам, на якім былі хлеб, хатні сыр, некалькі шматоў кумпяка, свежыя агуркі, зялёны лук і збан квасу. Юнак паставіў паднос на стол.

– Мне зараз трэба ісці на службу: княгіня збіраецца кудысьці паехаць і жадае, каб я яе суправаджаў. А ты пачакаеш, пакуль я не вярнуся. Я замкну пакой на ключ, каб ніхто не мог сюды прыйсці. Частуйся, калі ласка! – Міхал гасцінна пасунуў паднос бліжэй да Басі.

– А ты?

– Ды я так, абыдуся.

– Як гэта? – абурылася Бася. – Ты што, галодным збіраешся на службу ісці?

– Лухта! – адмахнуўся юнак.

– Ну, мне ж адной будзе шмат, я ўсё не з’ем.

– Нічога, потым даясі. А я магу і не снедаць.

– Тады і я не буду, – дзяўчынка адсунула ад сябе паднос.

– Ну, ты ж госця! Ясі, калі ласка, і не звяртай на мяне ніякай увагі.

– Не, без цябе я снедаць не буду! – Бася ўпарта склала рукі на грудзях.

– Добра, – скарыўся Міхал, вырашыўшы, што спрачацца будзе даўжэй і ён спазніцца на службу. – Падзелім па-братэрску.

Ён узяў лусту хлеба са шматом кумпяка і, спехам праглынуўшы ежу, зрабіў некалькі глыткоў квасу.

– І гэта ўсё? – здзівілася Бася, якая толькі пачала акуратна рабіць сабе шматпавярховы бутэрброд.

– Інакш я спазнюся на службу! – сказаў юнак.

– А калі ты вернешся?

– Напэўна, вечарам.

– Так доўга? – усклікнула дзяўчынка. – А ты маеш якія-небудзь кнігі? Бо мне нудна будзе столькі сядзець адной.

– Ну вядома. – Міхал адчыніў адзін з куфраў. – Ты можаш узяць штосьці адсюль.

– Ага.

– А, вось яшчэ, – успомніў ён, выцягнуўшы з-пад ложка начную вазу. – Мала ці што, мо спатрэбіцца.

Бася пачырванела і, кінуўшы на Міхала гнеўны позірк, прынялася злосна жаваць бутэрброд.

– Ну, я пайшоў. Сачы за люстрам, – развітаўся юнак.

– Бывай!

За Міхалам зачыніліся дзверы, і дзяўчынка пачула, як у замочнай шчыліне павярнуўся ключ.

Бася скончыла снедаць і, зірнуўшы на люстра, некалькі разоў цяжка ўздыхнула. На ўсялякі выпадак яна яшчэ раз паспрабавала прайсці скрозь яго, але дарэмна. Бася прысела на лаву і пачала думаць, што ж ёй рабіць. На імгненне ў душу дзяўчынкі закралася страшэннае пачуццё, што яна больш ніколі не зможа вярнуцца дадому. Расхваляваўшыся і пакрыўдзіўшыся на ўвесь белы свет, яна зноў расплакалася, але, прыгадаўшы, што мусіць паводзіць сябе ціха, выцерла слёзы і прынялася толькі журботна ўздыхаць і зрэдку ўсхліпваць.

Потым Бася вырашыла паглядзець, якія ў Міхала маюцца кнігі ў куфры. Дзяўчынка зазірнула ўнутр і ўбачыла вялікую пыльную вязку. Узяўшы самы верхні том, яна паклала яго на стол і разгарнула на першай старонцы. Насілу разабраўшы слова «Біблія» і ўбачыўшы знаёмы партрэт, дзяўчынка здагадалася, што перад ёю ляжыць кніга Францішака Скарыны. Бася, якая ніколі не чакала, што ёй выпадзе патрымаць у руках выданне знакамітага друкара, асцярожна перагарнула некалькі старонак, але з расчараваннем выявіла, што не разумее ніводнага слова. Яна загарнула кнігу і склала на ёй рукі, апусціўшы галаву. Хутка дзяўчынка моцна заснула.

* * *

Вярнуўшыся вечарам дамоў, Міхал убачыў, што Бася спіць на кнізе. Ён ціхенька падышоў да дзяўчынкі і, паставіўшы на стол падсвечнік, асцярожна дакрануўся да яе пляча. Ад нечаканасці яна скаланулася і зачапіла локцем падсвечнік. Міхал паспеў яго злавіць, але на скураную вокладку кнігі ўсё-такі ўпала гарачая кропля воску.

– Што ж я нарабіла! – ахнула Бася, вінавата паглядзеўшы на Міхала.

– Ды нічога, – сказаў юнак.

– Я ж кніжку сапсавала!

– Нічога ты не сапсавала. Воск астыне, і я яго счышчу, – супакоіў яе Міхал.

– Сапраўды?

– Ну зразумела.

– А адкуль у цябе гэта кніга? – спытала дзяўчынка.

– Мне яе бацька падарыў. Ён наогул вельмі любіў кнігі і намагаўся купляць іх, калі трапляліся добрыя, хаця гэта і дорага.

– У нас таксама такія кнігі дарагія.

– Праўда? А ўвогуле кніг шмат?

– Ага, толькі не ўсе добрыя.

– Зразумела, – сказаў юнак. – Глядзі, воск ужо астыў. Ён узяў нож і акуратна саскроб воск з кнігі.

– А пляма ўсё роўна засталася, – засмуцілася Бася.

– Лухта, гэта ж усяго толькі вокладка. Галоўнае, што старонкі цэлыя.

– Ну так. А як княгіня?

– Добра, – усміхнуўся Міхал. – А чаму ты пытаешся?

– Цікава ж! Не кожны дзень я ў мінулае трапляю, – рассмяялася дзяўчынка. – А куды яна ездзіла?

– Наведвала іншую княгіню, – растлумачыў Міхал.

– А-а-а, – зразумела кіўнула Бася. Крыху памаўчаўшы, юнак паведаміў:

– Зараз будзьма вячэраць. Карміцелька нешта доўга гатуе – ужо так есці хочацца.

Дзяўчынка фыркнула.

– Я ж казала, што трэ было добра паснедаць, – нібы між іншым прамовіла яна.

За дзвярыма пачуліся крокі, і ўжо знаёмы Басі голас карміцелькі сказаў:

– Міхалачак, дапамажы мне – адчыні дзверы, а то паднос цяжкі.

Міхал кінуўся да дзвярэй і, ледзь прачыніўшы іх, праслізнуў у вузкую шчылінку.

– Карміцелька, давай я сам, – сказаў юнак.

– Чаму гэта?

– Ну… Навошта табе гэты паднос цягаць? Сама ж казала, што цяжкі.

– З чаго б ты так пра мяне клапаціцца стаў! – усклікнула кабета.

– Не, давай я ўсё ж такі сам яго занясу, – настойваў Міхал. – Тым больш што я там на стале кніжкі расклаў.

– Дык што з таго? Мне зараз нельга да цябе ў пакой заходзіць?

– Ды не, карміцелька, ну што ты? Проста я… – юнак не ведаў, якую прыдумаць адгаворку. – Паслухай, калі мы з табой далей будзем спрачацца, вячэра астыне.

– Хм, што, цікава, ты ад мяне такое хаваеш? – падазрона спытала кабета.

– Нічога я не хаваю. Проста стаміўся і хачу есці.

– Ну-ну, – карміцелька ўручыла Міхалу паднос і сышла.

Ён праціснуўся з падносам у пакой і нагой зачыніў за сабою дзверы.

– Вось настырная! – паскардзіўся Міхал. – Як што не так, яна адразу панапрыдумвае сабе немаведама чаго і давай мяне дапытваць.

– Напэўна, яна за цябе турбуецца, – з усмешкай выказала меркаванне Бася.

– Навошта за мяне турбавацца? Я ж ужо сталы мужчына, – прабурчаў Міхал.

Гэта смелая заява надта рассмяшыла дзяўчынку, яна задушылася кавалкам смажаніны і закашлялася. Міхал толькі непрыхільна скасавурыўся на яе. Але Бася ніколькі не збянтэжылася, а, урэшце адкашляўшыся, паглядзела на юнака бязвіннымі вачыма.

Скончыўшы вячэру, Міхал і Бася прыняліся чакаць перад люстрам. Яны напружана ўглядаліся ў люстраную паверхню, але нічога не адбывалася. Бедны юнак, якому, у адрозненне ад дзяўчынкі, да гэтага часу не давялося паспаць ні хвілінкі, ужо ледзь трымаўся на нагах, душыўся пазяханнямі і намагаўся шырока раскрываць вочы, каб яны знянацку не заплюшчыліся. Раптам у люстраной роўнядзі нешта ўскалыхнулася.

– Вось, яно адчыняецца! – радасна ўсклікнула Бася і падскочыла да люстра.

У адлюстраванні нешта загаралася яшчэ і яшчэ, дзяўчынка працягнула руку, але шкло заставалася гэтакім жа цвёрдым, як раней. Яна нахмурылася і прыгледзелася да люстраной паверхні. Выявілася, што гэта проста калыхаецца полымя свечкі.

– Не, здалося, – расчаравана вымавіла Бася.

Яны пасядзелі яшчэ трохі ў поўнай цішыні. Калі на дварэ зусім сцямнела, Міхал устаў і зачыніў аканіцы. Дзяўчынка ў апошні раз кінула на люстра безнадзейны позірк. Закрыўшыся рукамі, яна пачала плакаць, захліпаючыся і размазваючы слёзы па твары.

Міхал спачувальна паглядзеў на дзяўчынку. Ад жалю ў яго сціснулася сэрца. Ён падышоў да яе і прысеў на кукішкі насупраць.

– Цішэй, Бася, не плач. Не трэба. Люстра абавязкова адчыніцца. Быць таго не можа, каб яно не адчынілася! – супакойваў ён.

– А што, калі яно назаўсёды зачынілася? – усхліпнула дзяўчынка. – Што, калі я больш ніколі не траплю дамоў?

– Ну што ты! Вядома, трапіш. Не хвалюйся – у цябе ж люстра не кожны дзень адчынялася, праўда?

– Угу, – працягнула дзяўчынка. – Але ў цябе ж прайшоў цэлы месяц!

– Ну, ну. Не трэ плакаць. Давай зараз класціся спаць, а заўтра мы ва ўсім разбяромся, тым больш што я не пайду на службу.

– Добра, – згадзілася Бася.

– Вось толькі дзе мне цябе пакласці? – сам сябе спытаў Міхал. Ён азірнуў пакой. Потым падышоў да самага вялікага куфра і, дастаўшы некалькі падушак і коўдраў, узяўся майстраваць на яго плоскім веку пасцелю. Дзяўчынка спачатку назірала за яго намаганнямі, а калі ён урэшце скончыў, узнялася з лавы і сказала:

– Ну, вось і добра, што ты прыдумаў, дзе будзеш спаць. Дабранач табе, Міхалачак!

Яна шпарка забралася на ложак і завесіла за сабою полаг. Міхал разгублена паглядзеў спачатку на ложак, захоплены Басяй, а потым на куфар, на якім яму прыйдзецца спаць. Ён пакрыўджана засоп, але, скарыўшыся, залез на века куфра. Юнак падціснуў калены, каб ногі не звісалі ўніз, і накрыўся коўдрай. Цвёрдае века непрыемна ўразалася яму ў бок, Міхал паспрабаваў улегчыся як-небудзь паўтульней, але ён так стаміўся, што, толькі цяжка і перарывіста ўздыхнуўшы, падсунуў пад шчаку руку і адразу заснуў.

* * *

Раніцай карміцелька, ціхенька адчыніўшы дзверы, на дыбачках увайшла да Міхала ў пакой. Убачыўшы, што юнак нязручна спіць на куфры, яна толькі ўсміхнулася. Кабета пракралася да ложка і, асцярожна адхіліўшы полаг, каб не пабудзіць Басю, паглядзела на дзяўчынку, якая мірна пасопвала. Потым карміцелька гэтак жа акуратна завесіла полаг і перабралася да Міхала. Яна шэптам паклікала яго:

– Міхал!

Той нешта незадаволена прабурчаў у сне і закрыўся ад яе рукой.

– Міхал! – гучней паклікала кабета.

– А?! – ускінуўся ён, ледзь не скаціўшыся з куфра. – А, гэта ты, карміцелька.

Міхал ізноў заплюшчыў вочы, спадзеючыся паспаць яшчэ хаця б трошачкі.

– Што гэта ты на куфры качаешся? – спытала карміцелька.

– Я… Я так стаміўся ўчора, што заснуў тут.

– Нават не спрабуй мне брахаць, – строга сказала кабета. – Я яе ўжо бачыла.

Юнак асуджана ўздыхнуў.

– Як гэта табе ўдалося яе прывезці, што ніхто не заўважыў?

– Калі я пазаўчора прыехаў, вы ўсе ўжо спалі.

– Як жа я не пачула? – здзівілася карміцелька.

Міхал расплыўся ў нахабнай усмешцы, задаволены тым, што хаця раз у жыцці здолеў ледзь-ледзь, але ашукаць карміцельку, якая заўжды так турбавалася і сачыла за кожным яго крокам.

– І адкуль ты прывёз яе?

– З-пад Ліды.

– А яна так адразу і згадзілася?

– Вядома. Я паклікаў яе разам з сабой, і яна паехала, – ілгаў напрапалую юнак.

– А хто яна?

– З беднай шляхетнай сям’і.

– Ох, Міхал, натрапіш ты на ліха! – загаласіла кабета. – Ну, а што рабіць збіраешся?

– А што рабіць? – не зразумеў ён.

– Як што? Ты, я бачу, сур’ёзныя намеры да яе маеш! – цьмяна пачала карміцелька.

– Чаму сур’ёзныя? – густа пачырванеў Міхал.

– Ну, калі на куфры спіш, дык сур’ёзныя.

– Кінь, карміцелька, – глупства! – Юнак хацеў павярнуцца да яе спінаю, але перадумаў, вырашыўшы, што рызыкуе зваліцца на падлогу. – Якія сур’ёзныя намеры?

– Жаніцца – вось якія! – абурылася кабета.

– Карміцелька, супакойся, усё ў парадку. – Міхал прыўстаў на локці.

Кабета сярдзіта сцяла вусны.

– Прынамсі, спаць яна будзе ў іншай спальні. Скажы, што я пасцялю ёй у тваім былым пакоі.

– Божа, ды якая розніца, дзе ёй спаць? Карміцелька дала яму ў карак.

– Гэта табе розніцы ніякай няма, а паненцы розніца ёсць! – упікнула яна юнака. – Як яе імя?

– Бася, – прабурчаў Міхал, пакрыўдзіўшыся за аплявуху.

– Добра. Хутка будзем снедаць. Вы абодва спускайцеся – трэба ж прадставіць яе людзям.

– Дык як жа я яе вывяду?

– А гэта ўжо табе вырашаць! Ты дзяўчыну прывёз, ты і думай. І глядзі, не крыўдзі беднае дзіцянё! – Карміцелька пагразіла Міхалу пальцам і пайшла з пакоя.

Ён сурова паглядзеў ёй услед. Раптам з-за полага пачулася аглушальнае пазяханне, і праз імгненне паказалася Басіна галава.

– Прывітанне, Міхал! Ты ўжо прачнуўся?

– Так. Ведаеш, карміцелька неяк даведалася, што я цябе тут хаваю.

– Ого! – усклікнула Бася, вылазячы з-за полага. – А як яна здагадалася?

– Не ведаю, – працягнуў юнак.

– А што ты ёй сказаў?

– Налгаў, што ты з беднай шляхетнай сям’і і я прывёз цябе з-пад Ліды. Якраз пазаўчора я вярнуўся адтуль позна ўвечары і ніхто не бачыў, як я прыехаў. Толькі раніцай здагадаліся, калі ўбачылі каня.

– А чаму гэта я з беднай сям’і? – пакрыўдзілася дзяўчынка, ужо не слухаючы яго далей.

– Ды яна і так галасіць пачала, а калі б я сказаў, што ты з багатай сям’і, яна б мяне зусім закатавала.

– І што зараз рабіць? – спытала Бася. Міхал паціснуў плячыма.

– Яна сказала, каб я прадставіў цябе людзям.

– Ты што?! – адразу ж запратэставала дзяўчынка. – Як жа я ў такой вопратцы?

Міхал задумліва паглядзеў на яе ды хітра ўсміхнуўся.

Адваротны бок люстра

Подняться наверх