Читать книгу Адваротны бок люстра - Ксенія Шталенкова - Страница 12

Частка першая
Раздзел 11

Оглавление

– Ну нарэшце! Я ўжо змёрз чакаць цябе! – усклікнуў Міхал, топчучыся на снезе.

Бася хацела была адгыркнуцца, што яна і так сабралася вельмі хутка, проста нехта надта чапляецца, але, прыгадаўшы, што сябра праз яе можа застацца галодным да самай раніцы, вырашыла змоўчаць.

Яны ішлі па цёмным горадзе, намагаючыся трымацца ў цяні гмахаў. Вуліцы былі амаль што бязлюдныя, за выключэннем рэдкіх мінакоў, гледзячы на якіх, складана было вызначыць, з якімі намерамі яны тут бадзяюцца. Перад каранацыяй у Кракаве пазбіраўся ўсялякі зброд, таму можна было лёгка натрапіць на разбойнікаў.

Міхал і Бася прабіраліся цёмнымі завулкамі да дома, дзе спыніўся стары.

– Мабыць, ён знайшоў нейкі спосаб адправіць цябе дадому раней? – спытаў юнак.

– Мабыць, – сказала Бася. – Я ўжо так моцна змаркоцілася па бацьках, ты сабе не ўяўляеш!

Міхал пакрыўджана засоп. З аднаго боку, ён выдатна разумеў, што дзяўчынцы трэба вярнуцца дадому, але, з іншага боку, ён настолькі прызвычаіўся да яе, што з цяжкасцю ўяўляў сабе жыццё без Басінай гарэзлівасці, цікаўнасці ды вясёлага смеху. Яму нават зрабілася неяк няёмка ад сваіх разважанняў і ад эгаізму, які немаведама адкуль з’явіўся, – усё ж такі Бася не была яго ўласнасцю, нельга было так раўніва ставіцца да яе. Адагнаўшы гэтыя думкі, Міхал паспрабаваў засяродзіцца на чымсьці іншым, але пачуццё крыўды працягвала распальвацца ў ім. Ён зірнуў на Басю, якая дробненька тупала побач, адкрыў быў рот, каб нешта спытаць, але перадумаў і, пакруціўшы галавой, нахмурыўся. «Вось бы люстра адчынілася без Баські! – разважаў ён. – Яна бы тады засталася са мной…» Думкі Міхала кінуліся наўскач, малюючы самыя радасныя ўявы іх будучага жыцця.

– А што, калі ён і тут мае люстры? Мабыць, нейкае з іх адчыніцца якраз сёння? – выказала здагадку Бася.

– Як?! – Міхал спыніўся пасярэдзіне дарогі. – І ты пойдзеш? Сёння?

– Ну так, напэўна, – Бася крыху разгубілася.

– Назаўсёды? І мы… мы больш ніколі не сустрэнемся? – словы юнака павіслі ў паветры.

З хвіліну яны анямела стаялі, пазіраючы адно на аднаго і намагаючыся ўсвядоміць, што больш ніколі, ніколі не сустрэнуцца. Міхал страсянуў галавой і пайшоў уперад. Бася дагнала яго, прасунула сваю маленькую далоньку ў яго руку і шморгнула носам.

– Ты што, плачаш? – здушана спытаў Міхал.

– Не! – адчайным голасам адказала яна і, адвярнуўшыся, змахнула з веек слёзы.

Міхал паглядзеў на дзяўчынку і моцна сціснуў яе руку.

Хутка яны дабраліся да касцёла, перайшлі дарогу і пагрукалі ў дзверы дома насупраць.

– Хто? – пачуўся голас з-за дзвярэй.

– Гэта Міхал Саколіч. Ці тут спыніўся пан Штоф, што з Вільні? – спытаў юнак.

– Хвіліну.

Дзверы прачыніліся. З-за іх быў бачны стары.

– Добры вечар, пан Альбрыхт! – павіталася Бася.

– Не стойце ў дзвярах, праходзьце хутчэй, – злосна сказаў стары і, павярнуўшыся да іх спінаю, пайшоў унутр.

Міхал пытальна паглядзеў на Басю, тая пацепнула плячыма, і яны накіраваліся следам за старым.

– Я здзіўляюся вашай неразумнасці! – усклікнуў купец. – Як можна было пакінуць люстра і паехаць невядома куды і навошта? Паехаць так далёка ад адзінай вашай магчымасці вярнуцца дадому! Няўжо вы не разумееце, наколькі вашы ўчынкі былі безадказныя і неасцярожныя? А што, калі б люстра адчынілася і вы прапусцілі гэта і больш ніколі не здолелі вярнуцца?

– Але вы ж казалі, што мне тут прыйдзецца быць каля паўгода, – запярэчыла Бася, якая не чакала ад старога такіх упіканняў.

– Ці мала што я казаў? Часам бывае так, што люстра адчыняецца незалежна ад разлікаў.

– Вы мяне аб гэтым не папярэдзілі! – пакрыўджана прамовіла дзяўчынка. – Тым больш, калі Міхалу неабходна было паехаць, вас не было на месцы, а потым я не магла распараджацца сабой – сказалі ехаць да Кракава, я і паехала. Ніхто мне выбару не прапанаваў!

– Трэ было быць асцярожней з самага пачатку – ціхенька, як мышка, сядзець у доме Міхала, а не шпацыраваць па мінулым. Гэта вам не турыстычная экскурсія, легкадумнае дзяўчо!

– Вы мне гэта ўжо казалі! А між іншым, некаторыя «легкадумныя» старыя, – перадражніла купца Бася, – знянацку адпраўляюць ні ў чым не віннае «дзяўчо» ў глухое сярэднявечча, нічога не сказаўшы! Вы толькі і ведаеце, што крычаць ды ўпікаць мяне, а толкам усё растлумачыць не жадаеце.

– Ну, хопіць, – не вытрымаў стары. – Гэта нічым не скончыцца. Здаецца, вы гатовая каго хочаш перамагчы ў спрэчках, мадэмуазэль Барбара. Вы, верагодна, галодныя, хадземце вячэраць.

Стары павёў Міхала і Басю ў суседні пакой, дзе быў накрыты стол.

– Дарэчы, а як вы трапілі да двара княгіні Радзівіл? – пацікавіўся стары ў дзяўчынкі.

– Разумееце, мы з Міхалам неяк выязджалі за горад, яшчэ ў Вільні, і, калі вярталіся дадому, да нас прычапіўся паляк, Годыеўскі. Ён… – Бася не ведала, як лепш сказаць. – Ну, карацей, ён здагадаўся, што я не хлопчык. А Міхал мусіў ехаць, і мы не прыдумалі нічога лепшага за тое, каб пакінуць мяне пад аховай княгіні.

Стары занепакоіўся:

– Гэта вельмі небяспечна! Зараз такі час, што кожны можа быць абылганы і пацярпець ад несправядлівых паклёпаў. Таму, прашу вас, будзьце вельмі асцярожныя. І ўратуй вас Божа спрабаваць нешта зменьваць ці прадказваць камусьці будучыню! – стары пільна паглядзеў на Басю.

«Цікава, як ён даведаўся», – падумала дзяўчынка і заёрзала на лаўцы: ёй раптам зрабілася надта няёмка.

– Якое глупства! Вы ж самі казалі, што нельга ўмешвацца ў падзеі мінулага, – проста прамовіла яна.

Стары з палёгкай уздыхнуў, і дзяўчынка адразу зразумела, што ён нічога не ведае пра яе рэпутацыю вяшчухі.

– Ну, а мабыць, усё ж такі магчыма неяк папярэдзіць вялікую княгіню? Што, калі атрымаецца ўратаваць яе? – нясмела спытала Бася.

– Не, на жаль, нічога нельга зрабіць. І не такія людзі, як вы, спрабавалі нешта прадухіліць, – строга сказаў стары. – Я тут ужо не ўпершыню, але як хто ні спрабаваў змяніць ход падзей, раней ці пазней усё адбывалася сваёй чарадой, толькі кожны раз нашмат жахлівей, пакутавала ўсё больш ды больш бязвінных людзей. І ў першую чаргу арыштоўвалі тых, хто сваімі неасцярожнымі словамі ці ўчынкамі прыцягваў да сябе непажаданую ўвагу. Вы павінны быць вельмі абачлівыя, намагайцеся не вылучацца сярод іншых. Не прыцягвайце да сябе ўвагі, мадэмуазэль.

– Ага, дык значыцца, іншым можна змяняць будучыню, а мне нават і паспрабаваць нельга?

– Вы што ж, зусім мяне не слухаеце? Вы яшчэ і няўважлівая, даражэнькая! Я толькі што патлумачыў, наколькі гэта ўсё небяспечна, а вы задаеце мне такія пытанні! Ах, уся надзея толькі на вас, малады чалавек, – звярнуўся стары да Міхала. – З такім авантурным характарам за мадэмуазэль трэба сачыць пільным вокам!

– Ды годзе, я ўсё чула, проста ў мінулы раз вы казалі, што любы неасцярожны крок – і гісторыя можа сур’ёзна пацярпець, а зараз гаворыце, што многія нешта зменьваюць, – расчаравана прамовіла Бася. – Пачакайце, вы казалі, што тут ужо не ўпершыню. Дык значыцца, з дапамогай люстраў можна трапляць у адзін і той жа час колькі хочаш разоў?

– Людзі, якія маюць дастаткова досведу, могуць шмат. Але вам ведаць гэта зусім неабавязкова.

– Ну вось, заўжды вы аб чымсьці пачнеце казаць, а распавесці падрабязна адмаўляецеся. Толькі цікаўнасць распальваеце! – з дакорам сказала дзяўчынка.

– Ужо надта позна, вам трэба ісці дадому адпачываць.

– Увесь час вы адыходзіце ад тэмы! Стары толькі пакруціў галавой.

– Верагодна, калісьці я і адкажу на вашыя пытанні, але не сёння. У рэшце рэшт, мадэмуазэль, майце сумленне – я стары чалавек, мне патрэбны адпачынак! Дый вам ужо час ісці.

Стары развітаўся з Басяй і Міхалам, правёўшы іх да дзвярэй. Яны бадзёра крочылі па вуліцы і, не звяртаючы ўвагі на рэдкіх мінакоў, гучна размаўлялі.

– Ты чуў, як ён назваў мяне легкадумным дзяўчом? – абуралася Бася. – Толькі падумай, сам адправіў мяне сюды, а яшчэ кажа, што я нешта не так раблю. Цікава, што бы я тут пабачыла, седзячы ў цябе дома?

– Ну, мабыць, ён мае рацыю ў чымсьці? – папытаўся падтрымаць старога юнак. – Ты ж часам сапраўды бываеш надта цікаўная!

– Што?! Дык ты яшчэ і на яго баку? Здраднік! – усклікнула дзяўчынка і раптам засмяялася. – Шкодны старызна – ён нават не хоча ўсё распавесці! Нібы я камусьці пачну выдаваць яго таямніцы. Што яму ад мяне скрываць? Вось калі б я была на яго месцы, я б не сакрэтнічала, а адказала на ўсе пытанні да апошняй дробязі. Прыкры да жаху! А ты толькі ўяві, як бы гэта было файна – падарожнічаць у часе. Тым больш што можна некалькі разоў вяртацца ў адзін і той жа час ды месца. Ды ад гэтага проста дух захоплівае, праўда, Міхал?

– Ай, Бася, гэта ўсё казкі для малечы! Ну якое падарожжа ў часе?

– Ну я ж тут! Я гэтаму, можна сказаць, рэчавы доказ! А ўяві, калі аб’яднаць нашы веды, тваю моц і мае вынаходлівасць і хітрасць…

– О, вось у чым, у чым, а ў хітрасці табе не адмовіш! Гэта твая галоўная якасць! – зарагатаў Міхал.

– Нудны ты! Нават памарыць з табой нельга.

Тут з дзвярэй найбліжэйшага дома вываліўся п’яны чалавек. Ён павярнуўся да Басі і Міхала, прыжмурыўся і, ашчэрыўшыся, прамовіў нецвярозым языком:

– Якая сустрэча! Ну трэба ж – Саколіч! Ды не адзін, а са сваёй… – Годыеўскі пахіснуўся і ледзь не ўпаў.

– Саступі з дарогі! – рэзка сказаў юнак, засланіўшы сабою Басю.

– А я не саступлю – Паляк агідна пагразіў пальцам і раптам выхапіў з похваў меч.

Бася ўскрыкнула, але Міхал не збянтэжыўся – і ў яго руках таксама бліснула зброя.

– Годыеўскі, у апошні раз кажу табе – саступі!

Замест адказу лях зрабіў выпад у бок Міхала. Бася адскочыла, а юнак паспеў адбіць удар. Годыеўскі зноў кінуўся да яго.

– Спыніцеся! Зараз жа спыніцеся! – закрычала дзяўчынка.

– Ды ўціхамір ты сваю дзеўку! – прабрахаў паляк.

Ад такой нечуванай грубасці Міхал з лютасцю кінуўся на супраціўніка. Той, абараняючыся, спатыкнуўся і сеў на зямлю, п’яна трасучы галавой. Міхал апусціў зброю і аглянуўся на Басю. Годыеўскі ўскінуў меч і, недарэчна размахваючы ім, зачапіў руку юнака. Той ускрыкнуў ад болю. На рукаве пачала праступаць цёмная пляма. Бася на імгненне анямела ад жаху, але ў наступную секунду з адчаем кінулася на ворага. Яна нічога не паспела зрабіць, пачуўся тупат некалькіх пар ног – варта, якая абыходзіла начны горад, прыбегла на крыкі. Убачыўшы іх, лях неяк узняўся і, хістаючыся, знік у цемры. Вартаўнікі звярнуліся да Міхала:

– Хто вы? Што тут робіцца?

– Я – Міхал Саколіч. Я вяртаўся з маім пажам дадому, але на нас напалі.

Запытаўшыся, ці не патрэбна ім дапамога, вартаўнікі пакінулі Міхала і Басю і пайшлі на пошукі злачынца.

– Чаму ты не сказаў ім, што гэта быў Годыеўскі?

– Што здарыцца, калі яго арыштуе гарадская варта? Ён набліжаны да каралевы Боны. Яго ўсё роўна вызваляць, а ён толькі раззлуецца яшчэ больш.

– Ён моцна раніў цябе? – занепакоілася дзяўчынка.

– Ды не, драпіна. Зачапіў трохі руку ды ўсё.

– Ага, усё… Ведаю я, якое гэта «ды ўсё», – забурчала яна.

Міхал падкасаў рукаў, каб агледзець рану. На руцэ быў бачны неглыбокі парэз. Бася пачала шукаць у сябе якую-небудзь насоўку, але, нічога не знайшоўшы, вырашыла адарваць лапік ад крысся кашулі. Яна хацела зрабіць гэта эфектным рухам, але тканіна ўсё ніяк не паддавалася. Тады юнак, нецярпліва ўздыхнуўшы, адарваў лапік кашулі здаровай рукой. Бася ўзялася бінтаваць рану.

– Ты толькі патужэй зацягвай, – папрасіў Міхал.

Увесь астатні шлях сябры ішлі моўчкі, намагаючыся як мага хутчэй дабрацца да рэзідэнцыі. Калі яны вярнуліся, усе ўжо спалі, нідзе не гарэла святло і нават не было чуваць, як прыбіраліся на кухні слугі. Міхал пайшоў у арсенал, а Бася накіравалася да нішы, дзе пакінула сукню. Яна хутка пераапранулася і паспяшалася да сябе ў пакой, ціхенька зайшла, каб не пабудзіць сябровак, якія ўжо даўно мірна пасопвалі, прашмыгнула да ложка і забралася пад коўдру. Дзяўчынка заплюшчыла вочы і цяжка ўздыхнула, узгадаўшы ўсе сённяшнія прыгоды. Раптам яна адчула на сабе чыйсці погляд. Расплюшчыўшы адно вока, Бася заўважыла, што, прыўзняўшы галаву, на яе пільна пазірае адна з новых суседак, Кшыся. Здзівіўшыся такой надзвычайнай увазе, дзяўчынка моцна зажмурылася і перавярнулася на іншы бок. «Трэ будзе прыдумаць нейкую байку, а то ж не адчэпяцца з роспытамі», – падумала Бася і адразу заснула.

Адваротны бок люстра

Подняться наверх