Читать книгу Адваротны бок люстра - Ксенія Шталенкова - Страница 14

Частка першая
Раздзел 13

Оглавление

Надышоў дзень каранацыі. З’ехалася ўся шляхта Кароны і Вялікага княства. Усе запрошаныя намагаліся перавысіць адзін аднаго пышнасцю і багаццем убораў. Бася разам з сяброўкамі праціскалася праз агромністы натоўп, які сабраўся каля Кафедральнага сабора. Каб не згубіцца, дзяўчыны ўзяліся за рукі і чарадой прабіраліся наперад. Але тут высветлілася, што Зося адстала, і ім давялося ісці супраць велізарнага натоўпу, каб адшукаць сяброўку, якая знянацку згубілася.

Нягледзячы на адтаптаныя ногі і шматлікія штуршкі локцямі, дзяўчыны ўсё ж такі здолелі дабрацца да Сабора, дзе ўжо пазбіралася шляхта і найбліжэйшыя сваякі вялікай княгіні і караля Жыгімонта ІІ Аўгуста.

– Ой, у мяне ўсе ногі адтаптаныя! – пачала скардзіцца Зося.

– З-за цябе мы ўвогуле маглі сюды не патрапіць! – упікнула яе Кшыся.

– Чаму?

– Бо пакуль мы цябе шукалі, тут ужо магло не застацца месцаў.

– Але мы ж усё роўна паспелі, – умяшалася ў спрэчку Ануся. – Тым больш што і месцы добрыя занялі – адсюль усё будзе бачна.

– Я ўяўляю, як было б крыўдна стаяць недзе ў кутку ды нічога не бачыць, – працягвала сцвярджаць сваё Крысціна.

– А ў мяне ўсё роўна ножкі баляць…

Бася не звяртала на дробныя спрэчкі сябровак аніякай увагі, а разглядала Сабор, яго скляпенні, вітражы і цудоўныя роспісы, якія, за выключэннем некалькіх, амаль што не захаваліся ў ХХІ стагоддзі. Калі дзяўчынка была тут у сваім часе, толькі некалькі фрэсак былі адкрыты – і яна магла адно ўяўляць, наколькі прыгожымі яны былі ў мінулым.

Святары пачалі запальваць свечкі. Раптам Бася пачула чыйсьці гнеўны крык:

– Ды ты ўвесь час на штосьці скардзішся! Ніякіх сіл з табой не стае! Заўжды ты ныеш і ныеш – усё табе не так!

Бася аглянулася і ўбачыла, што гэта яе сяброўкі крычаць і сварацца на ўвесь Сабор.

– Ды няўжо? Затое ты ў нас толькі і ведаеш, як да ўсіх чапляцца! – агрызнулася Зося на Кшысю.

Ануся, не ведаючы, што рабіць, толькі спалохана пазірала на абедзвюх.

– Што? Я? – абурылася Крысціна.

– Ну, мабыць, хопіць? У рэшце рэшт, вы ж у Саборы! Пасаромеліся б, – сярдзіта зашыпела на іх Бася.

Паненкі збянтэжана паглядзелі на яе.

– Гэта ўсё яна! – паказала пальцам на Зосю Кшыся.

– Хлусня! Я толькі сказала, што ў мяне баляць ногі, а ты пачала лаяцца! – апраўдвалася тая.

– Зараз жа сціхніце! Учынілі тут немаведама што, – упікнула іх Бася. – Як можна!

– Ой, зірніце, а нашыя месцы! – раптам усклікнула Ануся. Паненкі павярнуліся. Выявілася, што, пакуль яны сварыліся, натоўп, які з кожнай хвілінай павялічваўся, выціснуў іх амаль не да самага краю Сабора, адкуль зусім нічога нельга было ўбачыць.

– А я казала! Я ж ведала, што так яно і будзе, – тонам вяшчухі сказала Крысціна.

– Як жа! Калі б ты не пачала на мяне крычаць і лаяцца… – з’едліва заўважыла Зося.

– Ды вы абедзве вінаватыя!!! – раптам ускінулася Ануся. – Усё з-за вас! Я, мабыць, марыла на свае вочы ўсё ўбачыць, а вы…

– Ды цішэй вы! – узмалілася Бася, якая ўжо не магла больш трываць такую некультурнасць з боку сябровак.

Яна прыўзнялася на дыбачкі і паспрабавала хаця штосьці разглядзець. Усе запрошаныя на каранацыю ўжо пазбіраліся, і цырымонія мусіла вось-вось пачацца. Галоўныя дзверы Сабора расчыніліся, і па рэакцыі людзей, якія сталі кланяцца, Бася здагадалася, што ўвайшлі вялікая княгіня Барбара і кароль Жыгімонт ІІ Аўгуст. Дзяўчынка падскочыла на месцы, але нават такім чынам нічога не здолела ўбачыць. Яна азірнулася на сябровак, якія ўсё яшчэ працягвалі шэптам перакідвацца лаянкай, і зразумела, што ад іх не дачакацца ніякай дапамогі. Ёй надта моцна карцела на ўласныя вочы ўбачыць падзею, пра якую яна столькі чытала, каб траціць хаця б хвіліну. Бася зноў прыўзнялася на дыбачкі, каб паглядзець, куды можна прабрацца, і раптам убачыла Міхала, якога натоўп гэтак жа, як і яе, адціснуў у кут, але рост юнака дазваляў яму сачыць за тым, што рабілася. Бася, просячы выбачэння на кожным кроку, стала працісквацца да сябра.

– Міхал! – паклікала яна, урэшце прапіхнуўшыся да яго.

– Баська, а я думаў, ты з сяброўкамі.

– Ды ну іх! – забурчала дзяўчынка. – З-за іх нас выціснулі да самага краю. Нават не бачна нічога.

– А-а-а… – зразумела працягнуў Міхал. – Ну, не хвалюйся, тут таксама не надта бачна.

– Ну як жа! – засумнявалася Бася. – Не тлумі галавы, ты ўсё бачыш.

Юнак няпэўна крутануў галавой і накіраваў позірк да алтара, дзе адбывалася цырымонія. Дзяўчынка зноў паспрабавала ўзняцца на дыбачкі, але і адсюль нічога не ўбачыла. Біскуп чытаў прамову на лаціне, а па Саборы раз-пораз праходзіў тлум: большасць з тых, хто стаяў на адлегласці, аб чымсьці перагаворваліся ды вялі свецкія размовы. Здагадацца, што робіцца, нельга было нават з пачутага.

– Ты разумееш, пра што ён кажа? – спытала дзяўчынка Міхала.

– Ну, ён чытае малітву.

– Аб чым?

– Я табе што, пераказваць буду? Тым больш што ён чытае на лаціне!

– Але ты ж вучыўся ва ўніверсітэце, там усё на лаціне, сам казаў. Ты павінен разумець!

Юнак незадаволена насупіў бровы.

– Ага, значыцца, так і вучыўся, – едка заўважыла Бася.

– Добра я вучыўся! – запярэчыў Міхал.

– Тады перакладай! – не адчэплівалася дзяўчынка. Міхал асуджана ўздыхнуў:

– Ну, біскуп славіць Пана Бога, караля, Польшчу, зараз будуць уводзіць вялікую княгіню ў каралевы.

– Дык зараз жа самае цікавае будзе!!!

Бася паспрабавала падскочыць на месцы, але зноў ёй не давялося нічога ўбачыць. Зусім засмучаная такой няўдачай, дзяўчынка раптам заўважыла, што стаіць побач з выступам у сцяне.

– Міхал, – пацягнула яна за рукаў юнака, – падсадзі мяне, калі ласка.

– Куды?

– Ну вось, глядзі: бачыш, які выступ добранькі?

– Мабыць, мне яшчэ цябе на плечы пасадзіць?! Бася, трымай сябе прыстойна. Мы ж усё-такі ў Саборы.

– Ну Міхалачак! Ты ж ведаеш, як мне хочацца паглядзець! Ну падсадзі мяне, калі ласка!

Міхал азірнуўся па баках і, падхапіўшы Басю пад пахі, паставіў на вузкі выступ.

– Задаволеная?

– Ага! – усклікнула Бася, нахабна абапёршыся локцем на плячо Міхала.

Зараз яна ўсё выдатна бачыла. Вялікая княгіня, схіліўшы галаву, стаяла каленамі на аксамітнай падушачцы перад біскупам. Яна была ў надзвычайна прыгожай сукні і доўгай гарнастаевай мантыі з пурпурнай падшэўкай. Побач стаяў кароль.

Людзі, якія знаходзіліся перад Басяй і Міхалам, пачалі паварочвацца і пытацца ў дзяўчынкі аб тым, што адбываецца перад алтаром. Задаволеная сваёй папулярнасцю, Бася пачала ва ўсіх фарбах апісваць цырымонію.

– Там збоку на барвовай падушачцы з залатымі кутасікамі ляжыць карона. Так… Вось кароль бярэ яе ў рукі… – каментавала Бася.

Міхал не вытрымаў такога бязладдзя і, схапіўшы дзяўчынку за крыссе сукні, сцягнуў уніз.

– Ты што зрабіў?! Я ж самае галоўнае не ўбачыла! – абурылася Бася.

– Хопіць ганьбіць мяне! Усе ўжо сталі глядзець на цябе. Ты б яшчэ да самага алтара выскачыла!

– Між іншым, я многім, каму таксама не бачна, распавядала, што адбываецца. Зусім крышачку засталося. Ён амаль надзеў на яе галаву карону, – расчаравана сказала Бася.

Міма пачалі працісквацца гандляры слодыччу.

– Міхал, глядзі, тут яшчэ і слодыч прадаюць! – усклікнула дзяўчынка.

– А іх як сюды пусцілі?! – бедны юнак зусім збянтэжыўся.

– Давай купім штосьці! – прапанавала Бася.

– Вось што-што, а гэтага я рабіць не буду, – запратэставаў Міхал. – Хопіць з мяне таго, што ты тут як другі біскуп за кафедрай стаяла. Гэта не каранацыя, а пасмешышча нейкае!

Рэшткі цырымоніі Бася прастаяла, душачыся ад задухі, паху поту ды духмяных рэчываў. Неўзабаве ўсё скончылася, кароль і толькі што каранаваная каралева пакінулі Сабор, і паступова ўсе запрошаныя таксама пачалі выходзіць. Пасля каранацыі меў быць баль. Басіны сяброўкі ўбачылі яе сярод натоўпу і пачалі прабірацца да яе. На нейкі час дзяўчынцы давялося развітацца з Міхалам і зноў далучыцца да сваёй кампаніі. Разам з імі яна пайшла ў замак.

– Кшыся, а твой кавалер таксама будзе на балі? – спыталі паненку сяброўкі.

– Не ведаю. Напэўна, будзе, – неахвотна адказала яна.

Калі пачаўся баль, паненкі ў адно імгненне кудысьці паразбягаліся, пакінуўшы Басю ў адзіноце. Грымнула музыка, і пачаўся першы танец. Дзяўчынка ўпершыню пашкадавала, што зусім не ўмее таньчыць, мабыць, і трохі скаваныя, але ўсё роўна прыгожыя і зграбныя старадаўнія танцы. Яна адышла да сцяны і стала назіраць за танцорамі, накручваючы на пальцы шнуры пояса ды цяжка ўздыхаючы. Азіраючы залу, дзяўчынка натрапіла позіркам на кампанію маладых шляхцічаў, якія, хіхікаючы, бессаромна разглядалі яе. Бася неўразумела акінула сябе вокам зверху ўніз і, пераканаўшыся ў беззаганнасці ўбору, падумала пра іх: «Вось якраз да пары маім сяброўкам!» Шляхцічы, не зводзячы з яе вачэй, працягвалі хіхікаць і раптам пачалі выпіхваць адзін аднаго наперад. «Няўжо яны жадаюць запрасіць мяне на танец?!» – з жахам падумала дзяўчынка. Калі самы адважны з юнакоў накіраваўся да яе, Бася пачала позіркам шукаць шляхі да адступлення і з радасцю ўбачыла Міхала, які спяшаўся да яе: яго дзіўным чынам гналі Зося, Ануся і Кшыся. Ён у адзін скачок пераадолеў адлегласць, якая раздзяляла яго і Басю, і апынуўся побач. На тварах паненак і юнага шляхціча, які намагаўся ангажыраваць дзяўчынку, адначасова выявілася расчараванне. Юнак, нядоўга думаючы, вырашыў змяніць маршрут і ўзяць на прыступ Басіных сябровак.

Міхал цяжка дыхаў.

– Што з табой здарылася? – спытала яна.

– А? – не адразу зразумеў ён. – Твае сяброўкі жадалі запрасіць мяне на танец.

– І ты адмовіўся? Юнак зарагатаў:

– Ледзь-ледзь паспеў уцячы!

Бася зноў пачала назіраць за танцамі.

– А ты чаму такая самотная?

– Ды мне шкада, што я зусім не ўмею таньчыць. Вашыя танцы такія прыгожыя!

– Фу, лухта! – фыркнуў Міхал.

– Ну чаму адразу лухта? Ты ўмееш?

– Што? Танцаваць? Ну… умею, але не люблю. Дый не надта добра ў мяне гэта атрымліваецца.

З хвіліну яны прастаялі моўчкі.

– Бася, – паклікаў Міхал.

– Што?

– А давай уцячом адсюль!

Сябры выбеглі з душнай залы ў прасторны ўнутраны двор, дзе зусім нікога не было. Знутры даносілася музыка, у марозным паветры яскравіліся рэдкія сняжынкі, з вокнаў лілося яркае святло, якое расчэрчвала двор на чатырохкутнікі.

– Пані Барбара, дазвольце запрасіць вас на танец! – сур’ёзным голасам сказаў Міхал і пакланіўся.

– Міхал, не дурыся!

– Як? Вы адмаўляецеся ад майго запрашэння? – здзівіўся юнак. Бася рассмяялася, але ў тое ж імгненне, зрабіўшы сур’ёзную міну, як і ў сябра, пакланілася, распростваючы крыссе сукні:

– Я прымаю вашае запрашэнне, пане Міхалу.

Яны ўзяліся за рукі і зрабілі нейкае па, якога не існавала ні ў адным танцы. І тут Міхал падхапіў Басю, і яны закружыліся па двары, заліваючыся вясёлым рогатам. Яны вальсавалі па дворыку, пакуль у абаіх не закруцілася галава. Міхал з Басяй прытуліліся да тонкай калоны, якая падтрымлівала балкон.

– Ты толькі паглядзі, якія зоры! – з захапленнем усклікнула дзяўчынка.

– Ага, – згадзіўся юнак.

– Усё так цудоўна! Яшчэ б паесці штосьці.

– Ох, Баська, ты цалкам пазбаўленая паэзіі! Я так і ведаў, што ты захочаш есці, – сказаў Міхал, выцягваючы з кішэні завернуты ў сурвэтку пернік.

Ён разламаў яго на дзве часткі і адну працягнуў Басі.

– Міхалачак, які ж ты!.. – з захапленнем вымавіла дзяўчынка.

– Які? – заліўся чырванню юнак.

– Самы-найсамы!

Яны стаялі так, адны ў цэлым свеце, любаваліся зорамі і жавалі пернік. Бася прытулілася да пляча Міхала і, закінуўшы назад галаву, паглядзела на яго. Ён усміхнуўся і асцярожна абняў дзяўчынку. Яна падумала, што ніколі не адчувала сябе такой шчаслівай, як сёння, і, здаецца, ніколі не ела нічога смачнейшага за гэты пернік.

Адваротны бок люстра

Подняться наверх