Читать книгу Адваротны бок люстра - Ксенія Шталенкова - Страница 7

Частка першая
Раздзел 6

Оглавление

Міхал і Бася ішлі па ціхенькіх вулачках вячэрняй Вільні.

– Ну што, гэты старызна ўсё табе распавёў? – спытаў юнак.

– Разумееш, хаця ён і растлумачыў, чаму я тут, я яшчэ больш заблыталася. Я ўсё-такі дарэшты не веру, што гэта сапраўды адбываецца, – уздыхнуўшы, адказала Бася. – Мушу сказаць адно: табе яшчэ доўга прыйдзецца мяне цярпець.

– Ну, наколькі доўга?

– Не ведаю. Мне здаецца, што я ўвогуле ніколі не вярнуся дадому! – на вочы дзяўчынкі навярнуліся слёзы.

Яна згорбілася і апусціла галаву.

– Бася, не журыся! Ты абавязкова вернешся дадому! – паспрабаваў падбадзёрыць яе Міхал. – Няхай гэты дзед толькі паспрабуе не адправіць цябе назад! Ён тады вельмі моцна пашкадуе, што распачаў усю гэтую гісторыю!

Дзяўчынка слаба ўсміхнулася. Раптам прыгадаўшы словы пана Альбрыхта, яна спытала:

– Міхал, а на тваім люстры ёсць лічбы на раме?

– Якія лічбы? – не зразумеў юнак.

– Ну, на раме год выразаны – тысяча пяцьсот пяцідзясяты, – удакладніла Бася.

– А, гэта. Ну, так. Я купіў люстра адразу пасля смерці бацькі. Мне было так журботна, я ўвесь час думаў пра яго. Я тады мімаволі ўсюды выдрапваў то яго імя, то дату смерці, – цяжка ўздыхнуўшы, распавёў Міхал.

Басі зрабілася страшна сорамна з-за сваёй няпамятлівасці: юнак жа зусім нядаўна казаў, што бацька памёр усяго толькі паўгода таму.

– Міхалачак, прабач мяне, калі ласка! – сказала яна, зазіраючы яму ў твар.

Міхал абняў яе за плечы, і яны моўчкі пацягнуліся далей.

* * *

– Міхал, а як мне можна пачысціць зубы? – спытала дзяўчынка.

– Ну як? Бярэш парашок і чысціш, – адказаў юнак.

– А шчотка?

– Якая шчотка? Пальцам усе чысцяць!

– Як пальцам? – здзівілася Бася. – Нават аніякай палачкі няма?

Міхал адмоўна пакруціў галавой і даў дзяўчынцы скрыначку з зубным парашком. Бася хмыкнула і пайшла ў свой пакой. Яна падышла да начнога століка, на якім стаялі таз і збан з вадой. Дзяўчынка памачыла палец і абмакнула яго ў парашок. Яна паклала палец у рот, скрывілася і пачала адчайна плявацца.

– Фу! Дрэнь якая! – з агідай крыкнула Бася.

«Божа! Ну чаму ж мне так не шанцуе ў жыцці? Ну чаму ж я такая дурніца? Навошта ўвогуле палезла сюды?! Дома паста, шчотачка. А я яшчэ раней ленавалася зубы на ноч чысціць. Матуля мела рацыю:

«Басенька, пачысці зубы, пачысці зубы, іх берагчы трэба!» А я… Вось вярнуся дадому, буду тры разы ў дзень чысціць! Буду матулю ды тату заўжды слухацца!» – думала дзяўчынка, пакуль праз сілу дачышчала зубы, душачыся ванітавымі позывамі. Яна прапаласкала рот і пачала ўмывацца. Аддзіраючы з твару рэшткі парашку, Бася зусім засмуцілася і расплакалася. «Я такая няшчасная! Такая няшчасная! Як жа я тут далей жыць буду? А калі зусім не вярнуся дадому? Ды я адным гэтым мярзотным парашком атручуся! А заўтра яшчэ памыцца неяк трэ будзе… Бедныя мае валасы. Мала таго, што абцялі, дык яшчэ не зразумела, як і чым іх мыць. Я зараз, напэўна, зусім непрыгожая… І Міхал дурны! Не разумее, што я дзяўчына. Трымае сябе так, нібы я яго малодшы брат! Аніякай радасці няма…» Бася, не распранаючыся, кінулася на ложак і, думаючы пра свой гаротны лёс, заснула.

На другі дзень дзяўчынка паведаміла Міхалу пра сваё жаданне памыцца. Юнак задумаўся і паклікаў карміцельку.

– Калі ты хочаш, каб ніхто з людзей не даведаўся, што ты паненку за пажа выдаеш, хадзі разам з ёй, нібы сам ідзеш мыцца, а паж табе прыслугоўваць будзе, – сказала тая.

– Навошта? – не зразумеў Міхал.

– А хто яе сцерагчы будзе?

– Але, карміцелька, як я пайду разам з «пажам» у лазню? Што людзі падумаюць?

– Як гэта – «што людзі падумаюць»? Хто тут пан? Ты ці людзі? Калі ты саромеешся з «хлопчыкам» у лазню ісці, – кабета з’едліва ўсміхнулася, – я таксама з вамі пайду.

– А гэта яшчэ навошта?

– Што ты заладзіў: навошта ды навошта! А мыцца ёй дапамагаць ты будзеш?

– Ды рабіце вы, што хочаце! – усклікнуў Міхал і, схапіўшыся за галаву, выбег з пакоя.

Праз некаторы час можна было назіраць наступнае відовішча: па двары, ганарліва выкрочваючы, ішла карміцелька і несла настоі і адвары для мыцця, за ёю дробненька тупала задаволеная Бася, трымаючы ў руках сцірту ручнікоў і свежай бялізны. Замыкаў гэтае шэсце маркотны Міхал, які ледзь цягнуўся следам і азіраўся ў пошуку шляхоў адступлення.

Яны зайшлі ў прылазнік.

– Сядзі тут і нікуды не хадзі! – сказала юнаку карміцелька і ўвайшла разам з Басяй у мыльню.

Міхал скрывіў морду дзвярам, за якімі яны зніклі. Ён наліў сабе ў кубак квасу, сеў на лаву і, падпёршы кулаком шчаку, пакутніцкі ўздыхнуў. «Колькі ж марокі з гэтымі паненкамі! Усё ім не так, усё ім кепска. Толькі і ведаюць, што капрызіць. Такія далікатныя! Нібы нельга пачакаць з купаннем. Вось мне зараз сядзі тут і пільнуй яе. А як было добра, пакуль не з’явілася Бася! Робіш, што хочацца, ні пра што не думаеш, толькі на службу ходзіш, калі трэба. А тут турбуйся, беражы. Столькі цырымоній – нават прыкра! Як гэта наогул можна цярпець? Халера! Ніколі ў жыцці не жанюся! – падумаў Міхал і нахмурыўся. – Хаця з іншага боку, Баська – малайчына! Зразумела, як ёй, небарацы, – ад бацькоў адарвалі і яшчэ невядома, ці здолее яна вярнуцца. А Бася амаль і не скардзіцца ні на што, усё церпіць. Яна ж дзяўчына – не прызвычаілася, як жаўнеры, па месяцы ў сядле праводзіць. Усё ж такі яна сапраўдны таварыш! Трэ будзе яе яшчэ на кані ездзіць навучыць і са зброяй абыходзіцца».

Раптам з мыльні выйшла карміцелька.

– Ох, Міхалачак, адкуль жа ты паненку прывёз? Як бы яе бацька ці браты не паскардзіліся! Як бы ты ворагаў не набыў!

– Карміцелька, ну якія ворагі? Хто паскардзіцца? Я ж казаў, што прывёз Басю з…

– Ты мне не распавядай! – перапыніла тая Міхала. – Думаеш, я высакародную дзяўчыну ад бяднячкі не адрозню? Ты на яе паглядзі: ручкі бялюткія, сама яна такая ладненькая. Па ўсім бачна, што дзяўчына не простая. Вось прыедзе твой хросны, пан князь, сама да яго ў ногі кінуся, каб абараніў, пакрыўдзіць не даў. А вось калі з бацькам яе зладзіш, то мы вяселле і згуляем! Ужо я паклапачуся! У нас такое вяселле будзе! – пачала марыць кабета.

– Кармі-і-целька! – прастагнаў Міхал. – Не збіраюся я ні з кім жаніцца!

– Што значыць, не збіраешся? – збянтэжылася карміцелька. – Як гэта разумець? Ты дзяўчынку бедную выкраў, ад матулькі і татулькі адарваў, а зараз ажаніцца не хочаш! Навошта тады яе так катуеш?

– Як я яе катую? – усклікнуў юнак, ужо страчваючы цярплівасць.

– Як? У доме сваім пасяліў, валасы абрэзаў, у мужчынскае адзенне прыбраў! Гэта ж нейкі жах! Яна за табой як сабачка бегае, а ты так сябе трымаеш! Бессаромнік! – прагудзела кабета.

– Карміцелька, супакойся! – агрызнуўся Міхал.

Бася, з мокрымі валасамі і ў доўгай белай кашулі, выйшла з мыльні ў прылазнік.

– Хадзі зараз ты мыцца, – загадала карміцелька юнаку.

– Навошта?

– Што ж людзі падумаюць? Пажа ў лазню звадзіў, а сам не памыўся! Ну не! Хадзі давай!

Міхал узняў вочы дагары.

– Хадзі-хадзі, Міхалачак! Зараз я цябе пасцерагу! – засмяялася Бася.

– Я табе пасцерагу! – прабурчаў Міхал.

«Не дай божа, Бася чула гэтыя дурныя размовы!» – падумаў ён і зайшоў у мыльню.

– Папі кваску, дзетухна мая! – прабуркавала карміцелька Басі. Калі яны вярталіся з лазні, да Міхала падбег слуга і сказаў:

– Пане Міхалу, да вас ганец ад пана князя. Ягомасць ужо прыехалі ў Вільню і клічуць вас да сябе.

– Бог пачуў мае малітвы! – перахрысціўшыся, сказала карміцелька.

Міхал кінуў на яе скосы позірк і пабег у дом. Пераапрануўшыся і ўзяўшы з сабой зброю, ён ускочыў на каня і паскакаў да палаца Радзівіла. Дзяўчынка журботна ўздыхнула і прысела на лавачку каля ганка пагрэцца на сонейку і высушыць валасы.

Раптам з кухні выбегла адна з дзяўчын-служанак і спынілася перад Басяй.

– Дзень добры, пан Янэк!

Бася спадылба паглядзела на яе.

– А чаму пан Янэк ніколі не заходзіць да нас на кухню? – злёгку чырванеючы, спытала дзяўчына.

«Цябе тут яшчэ не хапала!» – падумала Бася, а ўслых прамовіла, надаўшы свайму голасу хрыпатцы:

– Таму што пан Янэк мае вельмі шмат важных спраў! Дзяўчына хіхікнула і падсела да Басі на лавачку.

– У пана Янэка такія прыгожыя валасы!

Бася прыкрыла твар рукою. «Ну чаму ж нікому іншаму не прыйшло ў галаву, што ў мяне прыгожыя валасы?!»

– У пана Янэка ручкі такія маленькія. Пазногцікі такія дагледжаныя. Пан Янэк так да дзяўчыны падобны! – працягвала нахвальваць Басю служанка.

«Ну, правільна! Ты яшчэ здагадайся!» – расхваляваўся «пан Янэк».

– Надвор’е такое добрае… – летуценна прамовіла дзяўчына.

– Хм-гм! – адкашлялася Бася.

Дзяўчына яшчэ больш расчырванелася і пачала нешта мармытаць, падсаджваючыся ўсё бліжэй. «Прынясе ж нячысты!» – пра сябе лаялася Бася. Тут з кухні выглянула карміцелька і крыкнула:

– Марыська! Ах ты лайдачка! Што ты заляцаешся да маладога пана? Што табе сказалі рабіць? Хадзі зараз жа працаваць! Пан Янэк, хадзіце сюды, я налью вам халодненькай сыраквашкі!

Бася, нібы апараная, усхапілася з лавачкі і патрухала да карміцелькі. Марыся наставіла губу і, калышучы спадніцамі, пайшла ад ганка.

– Дзякуй вам, пані Катажына! Вы мяне выратавалі! – сказала Бася.

– Ах, ды нічога. Гэтай Марысі абы не працаваць! Толькі за хлопцамі і бегае! – адказала кабета, наліваючы ў кубак сыраквашу.

* * *

Міхал вярнуўся позна вечарам. На кухні ён застаў Басю і карміцельку, якія і ажыўлена шапталіся. Калі прыйшоў юнак, яны са змоўніцкім выглядам прымоўклі. Міхал толькі пакруціў галавой. Карміцелька паднялася і пачала збіраць на стол.

– Бася, мне хутка прыйдзецца на некаторы час паехаць разам з панам князем Мікалаем у Кракаў, – сказаў юнак, сядаючы за стол. – Пакуль мяне не будзе, ты застанешся тут.

– Як? – усклікнула Бася. – Не-не, Міхалачак, я з табой паеду. Я без цябе нікуды!

– Але, Бася, я не здолею ўзяць цябе! Тут ты ў бяспецы. А там жа казарма! Я не змагу абараніць цябе ад такой вялікай колькасці людзей!

– Ды як жа так? – засмуцілася Бася і прыкусіла вусны. Карміцелька расчулілася і ўцёрла вочы фартухам.

– Ну нічога страшнага! Не хвалюйся так! – сказала яна, абняўшы дзяўчыну. – Міхал жа не на цэлы век едзе. А ты застанешся – і мне весялей будзе, і табе не так самотна! Што ж вы думаеце? Выгадавала аднаго хлопчыка, а яшчэ з адным не здолею зладзіць?

Бася нават не ўсміхнулася. Згорбіўшыся, яна моўчкі глядзела, як вячэрае Міхал, і гаротна ўздыхала час ад часу.

У яго пакоі дзяўчынка зноў прынялася за ўмольванні.

– Ну як жа ты не разумееш, Баська, – ужо ў які раз тлумачыў ёй Міхал, – ехаць са мной табе небяспечна, а тут ты пад апекай карміцелькі. Ужо хто-хто, а яна цябе не дасць пакрыўдзіць! Тым больш табе лепш быць побач з люстрам: што, калі раптам яно адчыніцца?!

– Ды не адчыніцца яно! – усхліпнула Бася. – Стары ж казаў, што раней, чым праз паўгода, я дамоў не траплю.

– Паслухай, Баська! – усклікнуў Міхал, пляснуўшы сябе па лбе. – А што, калі ты пажывеш у старога, пакуль мяне не будзе? Можа, ён табе яшчэ нешта распавядзе ці адправіць дадому раней?

– Ну, не ведаю, – з сумневам у голасе працягнула Бася. – А на колькі дзён ты едзеш?

– Не дзён, Басенька. Тыдні на два-тры, ну, самае вялікае – месяц.

– Так доўга? – у дзяўчынкі зноў на вочы навярнуліся слёзы.

– Ды ты азірнуцца не паспееш, як я вярнуся! А ў купца столькі ўсяго цікавага: і ўборы, і ўпрыгожанні, і чаго толькі няма!

– У-у… Табе абы ад мяне адкруціцца, – скарыўшыся, прабурчала Бася.

– Ну вось і добра! Заўтра раніцай пойдзем да купца дамаўляцца. Можа, ён і не захоча цябе браць у свой дом.

– Вось яшчэ! – фыркнула Бася і ганарліва пайшла да дзвярэй.

Адваротны бок люстра

Подняться наверх