Читать книгу Адваротны бок люстра - Ксенія Шталенкова - Страница 8
Частка першая
Раздзел 7
ОглавлениеЗ ранку Міхал і Бася пайшлі да старога, але яго не было на месцы. Адзін з яго памагатых сказаў, што пан Альбрыхт паехаў і вернецца няхутка.
Ідучы следам за Міхалам, дзяўчынка гучна ўсхліпвала і выцірала слёзы рукавом.
– Бася, годзе! – умольваў яе юнак.
– Не магу я! – праныла яна.
– Людзі глядзяць!
– Няхай глядзяць! – сказала Бася і зарыдала яшчэ гучней. Міхал уздыхнуў і спыніўся.
– Ну чаго ты плачаш? Ну няма старога, і што з таго? Застанешся з карміцелькай.
– Не жадаю я з карміцелькай заставацца! – прамовіла дзяўчынка, утыкаючыся ў плячо Міхалу.
Ён абняў Басю і пахлопаў яе па спіне.
– Не хвалюйся так, Баська!
– Ага, не хвалюйся! А калі люстра сапраўды адчыніцца і мне прыйдзецца пайсці? А я так тут нічога і не пабачыла! Я нават на коніку не пакаталася!
– Не журыся! Я ўсё роўна яшчэ некалькі дзён буду тут. Ужо што, а на коніку ты абавязкова пакатаешся! Вось мы дамоў вернемся і адразу пойдзем у стайню! У мяне там ёсць некалькі коней. Ты абярэш таго, які табе спадабаецца. Хочаш, заўтра паедзем за горад, пакатаемся? Згода?
– Угу, – прамычала Бася.
Пакуль яны вярталіся, дзяўчынка распавядала Міхалу, які яна выдатны яздок і як ліха спраўляецца з кожным канём у сябе ў ХХІ стагоддзі.
Яны прыйшлі дадому і, як абяцаў Міхал, адразу ж накіраваліся да стайні. Калі Бася ўбачыла коней, у яе загарэліся вочы: тыя чучкі, на якіх яна каталася, ні ў якое параўнанне не ішлі з гэтымі прыгожымі, цудоўнымі істотамі!
– Хто табе падабаецца больш за ўсіх? – спытаў Міхал.
– Вось гэты, – адказала Бася, паказваючы пальцам на велізарнага варанога каня.
– Але, Баська, гэта мой конь, – сказаў юнак. Бася насупілася.
– Ну добра, давай ты паспрабуеш пакатацца на ім, – згадзіўся Міхал.
Басін твар асвяціла шчаслівая ўсмешка.
– А як яго імя? – спытала яна.
– Сарацын.
Міхал асядлаў каня і вывеў са стайні. Сарацын з падазронасцю скасавурыўся на Басю.
– Ты здолееш сама на яго залезці? – спытаў Міхал.
– Не-е-е, – працягнула Бася і пагладзіла Сарацына па грыве.
Міхал падсадзіў Басю на каня. Яна паёрзала ў сядле і ганарліва азірнула двор. Сарацын кінуў на Міхала дакорлівы позірк. «Здраднік!» – можна было прачытаць у яго вачах.
– Н-н-но! – звонка крыкнула Бася і злёгку прышпорыла каня. Той не зрушыў з месца.
– Но-о-о! – паўтарыла Бася менш упэўнена. Конь пагардліва фыркнуў. Бася зусім разгубілася.
– Но, – прамямліла яна трэці раз. Сарацын застаўся нерухомы.
– Міхал, што з тваім канём? – спытала Бася. – Чаму ён не жадае ехаць?
– Не ведаю. З ім гэта ўпершыню, – адказаў юнак.
Ён падышоў да каня і пляснуў яго па крыжы. Той знянацку схапіўся з месца ды пусціўся па двары. Басіны ногі павыскоквалі са страмёнаў. Яна з вар’яцкім крыкам выпусціла з рук лейцы і, наваліўшыся ўсім целам на луку, схапілася за шыю Сарацына. Міхал прыкрыў вочы рукой, каб не бачыць Басінай ганьбы. Конь раптам спыніўся і незадаволена азірнуўся на дзяўчынку. Міхал, ледзь стрымліваючы ўсмешку, падышоў да перапалоханай Басі.
– Страмёны трэ будзе падцягнуць. І конь табе патрэбны іншы. Сарацын надта вялікі – табе нязручна на ім сядзець. У мяне ёсць кабылка, якраз для цябе. Давай я дапамагу злезці.
Міхал з горам папалам сцягнуў Басю і павёў каня ў стайню. «Які ж Міхал выхаваны, – думала Бася. – Я так аганьбавалася, а ён нават не засмяяўся!» Але тут са стайні пачуліся прыглушаныя ўсхліпы і рохканне, якія абвергнулі Басіны меркаванні. Праз некалькі хвілін юнак, з наўмысна сур’ёзным тварам, вывеў невялікую беласнежную кабылку.
– Гэта Знічка. Здаецца, яна нібы знарок для цябе, – сказаў Міхал.
Бася сама залезла на каня. Яна ўзялася за лейцы і пусціла Знічку ступою. Потым перайшла на рысь. Зараз абышлося без прыгод. Бася добра трымалася ў сядле і ўмела кіравала Знічкай.
– Я ніколі не бачыў, каб паненка так спрытна ўпраўлялася з канём, – пахваліў Басю Міхал.
Ад нечаканага камплімента Бася зачырванелася. Знічка пацягнулася пысай да Басінай кішэні. Дзяўчынка ўспомніла, што за снеданнем сцягнула са стала некалькі яблыкаў. Яна дастала адзін з кішэні і працягнула Знічцы. Тая ўзяла яблык і захрустала ім.
– Што ты мне кабылку песціш? – сярдзіта сказаў Міхал. – Яна ж потым нічога, акрамя яблыкаў, есці не будзе!
Бася прапусціла дакор міма вушэй і працягнула падкормліваць Знічку.
– Яна такая прыгожая! – сказала дзяўчынка. Міхал усміхнуўся:
– Вось бачыш, зараз у цябе з’явіўся яшчэ адзін сябра, – сказаў ён. – Пакуль я буду ў Кракаве, табе будзе не так маркотна.
Тут з дома выскачыў слуга і паведаміў гаспадару:
– Пане Міхалу, вас госць чакае.
– Добра, зараз прыйду.
Калі слуга вярнуўся ў дом, Бася пацікавілася ў юнака:
– А хто да цябе прыйшоў?
– Не ведаю, – адказаў Міхал. – Табе лепш падняцца ў свой пакой.
Бася пакрыўджана натапырылася, заклала за спіну рукі, строячы з сябе зняволенага, і пайшла ў пакой. Хутка да яе паднялася карміцелька і прынесла вячэру.
– Пані Катажына, а хто прыйшоў да Міхала? – спытала дзяўчынка.
– Ды гэта па службе, – растлумачыла кабета і пайшла.
Басі стала маркотна, і яна, падкурчыўшы на ложку ногі, прынялася разважаць, чым стане займацца, пакуль яе сябар будзе ў ад’ездзе.
Праз некалькі гадзін дзверы ў пакой расчыніліся, і ў яго ўвайшоў вясёлы і расчырванелы Міхал.
– Здароў, Баська! – гулліва ўсклікнуў ён і, плюхнуўшыся ў крэсла, бесцырымонна разваліўся ў ім.
Бася прынюхалася: ад юнака падазрона пахла півам. Дзяўчынка незадаволена зморшчылася і спытала яго:
– Хто да цябе прыходзіў?
– А, ты ўсё роўна не ведаеш! – адмахнуўся Міхал, а потым нахабным тонам дадаў: – Ну што, маркоцішся? Чым займацца будзем?
– Ага, тэлевізар паглядзім, – буркнула дзяўчынка. Міхал неўразумела зірнуў на яе.
– Не звяртай увагі, – сказала дзяўчынка і, падумаўшы, спытала: – Можа, ты маеш шахматы?
– А ты што, гуляць умееш? – здзівіўся юнак. Бася кіўнула.
– Ну, калі ты ўмееш, дык пайшлі, – з усмешкай прамовіў Міхал.
Дзяўчынка з выклікам паглядзела на юнака і пайшла следам за ім. Дастаўшы шахматы, Міхал старанна расставіў на дошцы фігуркі і нават ветліва саступіў Басі белыя, каб «даць ёй хаця які-ніякі шанец», як патлумачыў ён. Ад гэтых слоў дзяўчынка раз’юшылася яшчэ больш: у шахматы яна гуляла даволі-такі добра і не мела патрэбы ва ўсялякіх там «шанцах».
На працягу гульні Міхал распавядаў, што шахматы – забава, прызначаная выключна для мужчын, а паненкам нават і спрабаваць свае сілы не мае сэнсу – усё роўна нічым добрым для іх гэта не скончыцца: пройгрыш забяспечаны. Дзяўчынка толькі злосна пазірала на яго ды намагалася пільней сачыць за дошкай, але бесперапынная балбатня Міхала перашкаджала, і партыя скончылася Басіным паражэннем. Задаволены перамогай юнак развесяліўся яшчэ больш.
«Як дзіцянё!» – падумала Бася, спадылба пазіраючы на яго.
– Ну, я ж казаў! – радасна ўсклікнуў Міхал. – Са мной дарэмна гуляць, усё роўна выйграю!
Пачуўшы гэтую бессаромную заяву, Бася канчаткова распалілася.
– Добра! Тады давай яшчэ раз, – сказала яна, жадаючы пераканаць яго ў тым, што яна нічым не горшая.
– Ну-у-у, – працягнуў юнак, – калі табе так хочацца прайграць яшчэ раз…
Бася толькі фыркнула ў адказ. У захапленні ад сваёй першай перамогі Міхал вырашыў, што можа надта і не напружвацца – усё роўна выйгрыш дастанецца яму ўраз, – і паступова страціў пільнасць. Гэта і прывяло да Басінай дастаткова хуткай і няхітрай перамогі.
– Шах ды мат! – з трыумфам прамовіла дзяўчынка.
– Чаго? – не адразу зразумеў Міхал.
– Я перамагла.
Юнак здзіўлена азірнуў шахматную дошку і разгублена адхіснуўся на спінку стула. Урэшце ўсвядоміўшы, што ён прайграў, Міхал пакрыўджана засоп.
– Усё, час ісці спаць, – сярдзіта прабурчаў ён.
– А можа, яшчэ партыю, га? – лісліва спытала дзяўчынка.
– Не! – адрэзаў Міхал.
– Дабранач, Міхалачак! – праспявала Бася і вярнулася да сябе ў пакой, пакінуўшы юнака не ў самым лепшым настроі.
Пасля гэтага яны больш не гулялі ў шахматы, а аддавалі перавагу конным прагулкам за горадам.
* * *
Заставаўся адзін дзень да ад’езду Міхала. Яны з Басяй ехалі на канях па вуліцах Вільні, вяртаючыся дадому.
– Гэй, Саколіч! – раптам нехта паклікаў юнака.
Міхал павярнуўся і, убачыўшы чалавека, які пазваў яго, толькі азадачана ссунуў бровы, нават не павітаўшыся.
– Хто гэта? – шэптам спытала Бася.
– Станіслаў Годыеўскі, – адказаў Міхал. – Вось ужо каго не чакаў сустрэць у Вільні. Насунь берэт на вочы і апусці галаву – ці мала што можа прыйсці яму на думку.
Бася паслухалася і зрабіла хмурны твар. Незнаёмцу на выгляд было гадоў дваццаць пяць. Аблічча Годыеўскага вылучалася ўсходнім багаццем: ён быў апрануты ў падвязаны кушаком карычневы жупан з блакітным узорам, на галаве – шапка такога ж колеру з пяром. Збруя яго каня была ўпрыгожана срэбнымі бляшкамі, пад сядлом ляжала ядвабная гунька. Калі Бася не ведала б, што ў гэты час была мода апранацца на татарскі манер, яна б прыняла Годыеўскага за пасла нейкай усходняй краіны.
Пад’ехаўшы бліжэй, ён зраўняўся з канём Міхала, і з-за пляча юнака дзяўчынка здолела разглядзець твар ляха. Ён быў бы амаль прыгожым, каб не брудна-смуглы колер скуры і гнілаватыя зубы. Але, відаць, стан апошніх яго ніколькі не хваляваў, бо, убачыўшы Басю, ён агаліў іх у непрыемнай драпежнай усмешцы. Усё ў абліччы Годыеўскага нібы крычала пра яго дзёрзкасць і фанабэрлівасць. Напэўна, ён лічыў сябе неверагодна прыгожым, але ў Басі выклікаў толькі агіду. «Вось мярзотны тып!» – падумала дзяўчынка.
– Куды кірунак трымаеш? Да свайго пана? – кпліва спытаў Годыеўскі Міхала.
– У мяне няма пана, – коратка адказаў юнак. – Я сам сабе пан!
– А гэта хто з табой?
– Мой паж.
– Які ў цябе паж прыгожанькі! Можа, саступіш яго мне, га?
– Не магу. Ён мой сваяк, – адрэзаў Міхал.
– Што ж ты? Пакрыўдзіць мяне хочаш? Ці думаеш, я кепскі гаспадар?
Міхал толькі кінуў на Годыеўскага гнеўны позірк. Бася нават здзівілася, настолькі змяніўся твар сябра. Яна не падазравала, што юнак можа так моцна злавацца на каго-небудзь. «Вунь нават вочы іншага колеру зрабіліся!» – заўважыла дзяўчынка.
– Ды не бойся, не згіне твой паж! Аддай яго мне! – наступаў паляк.
– Не, – паўтарыў Міхал, адціскаючы сваім канём Басю ўбок.
Годыеўскі аб’ехаў Міхала ззаду і зраўняўся з Басяй. Дзяўчынка яшчэ больш апусціла галаву.
– Нешта ты надта турбуешся пра свайго пажа, Саколіч. Штосьці тут не так, – прыжмурыўся паляк, а потым, падумаўшы, дадаў: – А можа, гэта і не паж зусім? Можа, ты дзеўку з сабой возіш ды за пажа выдаеш?
– Ды што ты такое кажаш?! – ускінуўся Міхал. – Ты што паклёпнічаеш на мяне? Хочаш чалавека са світы Радзівілавай пакрыўдзіць? Пайшла! – пляснуў ён па крыжы Басінага каня, а сам пусціўся следам, пакінуўшы Годыеўскага ззаду.
Але той нагнаў іх і нечакана сарваў з галавы дзяўчыны берэт. Валасы рассыпаліся па плячах. Яна збянтэжана азірнулася.
– Усё ж такі дзеўку з сабой возіш! – сказаў паляк, кінуўшы берэт на зямлю, і, сплюнуўшы, пагнаў каня ў іншы бок.
Міхал нахіліўся да зямлі і падняў берэт.
– Трымай, Баська. Табе патрэбна больш надзейная ахова, чым я. Прыйдзецца прасіць пана князя Мікалая.
* * *
У зале перад камінам сядзеў вялікі канцлер і маршалак земскі – Яго Мосць пан князь Мікалай Радзівіл Чорны. Ён уважліва слухаў Міхала, які прасіў яго ўзяць пад сваю ахову Басю.
– А адкуль у цябе гэтая паненка? – спытаў князь.
– Яна дачка аднаго збяднелага шляхціча. Я неяк спыніўся ў яе бацькі. Калі я збіраўся ехаць, дык паклікаў разам са мной, і мы збеглі, – распавёў юнак ужо даўно складзеную гісторыю.
Вялікі канцлер усміхнуўся ў вялікую чорную бараду, за якую і атрымаў сваю мянушку.
– Ну і што ты збіраешся рабіць далей?
– Ваша Мосць, я… я, ну… я не ведаю, – працягнуў юнак, чырванеючы.
– Добра, Міхал, зараз нешта прыдумаем, – сказаў князь і загадаў паклікаць жонку – пані княгіню Альжбэту.
У залу ўвайшла маладая кабета, нават не кабета, а дзяўчына – Басі здалося, што княгіня не нашмат старэйшая за яе. Князь Мікалай распавёў жонцы гісторыю Міхала і Басі, яны аб нечым пашапталіся, а потым княгіня падышла да дзяўчынкі і ўзяла яе за руку.
– Хадзем са мной!
– К-куды? – заікаючыся ад нечаканасці, спытала Бася. Князь і княгіня засмяяліся.
– Хадзем, не бойся, – усміхнулася кабета. – Будзеш маёй прыдворнай паннай!
Бася азірнулася на юнака.
– Міхалачак! – прамямліла яна.
– Басенька! – усклікнуў Міхал.
– Не хвалюйцеся! Гэта не на доўгі час. Як паедзем у Кракаў, дык пабачыцеся! – сказала княгіня.
– Дзякуй, Ваша Мосць! Дзякуй! – Міхал кінуўся на калены перад князем.
– Хадзі ўжо, Трышчан! – насмешліва сказаў Радзівіл і, убачыўшы, што твар Міхала заліўся пунсовай фарбай, ад шчырай душы зарагатаў.