Читать книгу Адваротны бок люстра - Ксенія Шталенкова - Страница 3
Частка першая
Раздзел 2
ОглавлениеБася прачнулася ды салодка пазяхнула. «Цікава, сон гэта ўчора быў ці не сон? – падумала яна, летуценна пазіраючы на столь. – Калі не сон, то ўсё гэта вельмі-вельмі дзіўна… Ды не! Глупства, зразумела, так не бывае, – сама сябе перапыніла дзяўчынка. – Але як рамантычна!»
– Прачынайся, соня, – перарваў Басіны разважанні матульчын голас. – Хопіць спаць, спускайся снедаць!
Бася глыбока ўздыхнула і, моцна пацягнуўшыся, устала з ложка. Першым чынам яна падышла да старадаўняга люстра і правяла па ім рукою, але шкляная роўнядзь заставалася спакойнай. «Ну вядома ж, сон!» – са шкадаваннем падумала дзяўчынка і накіравалася ў ванную. Пачысціўшы зубы, Бася паглядзела на сябе ў люстра над умывальнікам і падумала, што калі яе ўчарашнія прыгоды адбыліся насамрэч, то яна зрабіла добрае ўражанне на юнака з мінулага. Яна ўзялася за крыссе начной кашулькі і стала кружыцца па пакоі.
«Напэўна, – думала дзяўчынка, – я была адчайна прыгожая: з распушчанымі валасамі, якія струменяцца па плячах, у доўгай, да пят, беласнежнай кашульцы…» Раптам Бася спынілася перад люстрам і ўважліва прыглядзелася да свайго ўбора.
– Д’ябал! – услых вылаялася дзяўчынка.
Уся кашулька была цалкам усыпана маленькімі блакітнымі сабачкамі і костачкамі, якія былі перавязаныя банцікамі. Гнеўна засопшы, яна выключыла лямпачкі над люстрам, пакінуўшы ў ваннай толькі верхняе святло, і крыху адышла. Угаварыўшы сябе, што здалёк і збоку сабачкі добра сыдуць за незабудкі, а ў прыцемках Міхал наогул наўрад ці што-небудзь разгледзеў, Бася супакоілася і, пераапрануўшыся да сняданку, бадзёра спусцілася да бацькоў.
– Што ты мюслям усміхаешся? – спытаў тата, адклаўшы газету.
– Я ўсміхаюся? Нічога я не ўсміхаюся!
– Цямніш, – працягнуў той.
– Нічога я не цямню! Проста мне сон пацешны прысніўся. Бася сцісла пераказала бацькам свае прыгоды.
– Ох жа мне гэтыя дарослыя дочкі! – усклікнуў тата. – Няма чаго табе пра ўсялякіх кавалераў думаць. Хадзі справай якой-небудзь займіся.
– Тата, якой справай? У мяне ж вакацыі!
– Нічога, я табе зараз прыдумаю справу.
Бася даела сняданак, цмокнула тату і матулю і, кінуўшы ім на хаду «дзякуй», хуценька рэціравалася да сябе ў пакой.
– Правільна, як дапамагчы мне да канферэнцыі рыхтавацца – дык не, – прабурчаў ёй услед бацька.
Хутка Басі патэлефанавала сяброўка Эва. Трошкі пабалбатаўшы, яны дамовіліся сустрэцца ў Эвы дома.
Басю так распіралі эмоцыі, што, як толькі яна прыйшла да сяброўкі, адразу ж пачала распавядаць ёй пра падзеі мінулай ночы, ужо другі раз за раніцу. Спачатку Эва з сур’ёзным тварам слухала Басю, але напрыканцы апавядання гучна разрагаталася.
– Ай, ну цябе, Эўка! – пакрыўдзілася дзяўчынка. – Чаго ты рагочаш?
– Прабач, я не хацела, – сказала сяброўка, выціраючы слёзы. – Дык што ты там кажаш?
Бася закаціла вочы:
– Табе што, усё спачатку распавядаць?
– Ды не, ты мне толькі пра хлопца распавядзі, пра інтэр’ер не трэба. Ты ж ведаеш, я ў падрабязнасцях не люблю.
– Ды што пра яго распавядаць? Хлопец як хлопец, – скрытна прамовіла Бася.
– Ну, красунчык хаця ці не? Дзяўчынка збянтэжылася і кіўнула.
– Ага, – прамямліла яна.
– Што «ага»? – усклікнула Эва. – Дык так ці не?
– Ну зразумела ж, так! Хаця не, красунчык – гэта не пра яго. Разумееш, ён такі…
– Які? – чакальна працягнула Эва.
– Высакародны.
– Ой, Баська! – ізноў зарагатала сяброўка. – Закахацца трэба ў сапраўднага чалавека, трымай прыклад з мяне.
– Ну-ну, у каго, у каго, а ў цябе кожны дзень новы сапраўдны кумір.
– Так, я нясталая! – з выклікам сказала Эва. – Мабыць, я пакуль што ў пошуку!
Бася фыркнула, і абедзве зарагаталі.
– Не, усё ж у такое мінулае лепей не трапляць – безупынныя войны! – тонам бывалага вывела Эва.
– Хіба? – спытала Бася.
– Які там у вас год?
– Чаму гэта ў нас?
– Ну, у Міхала твайго.
– Зусім ён не мой! – паружавела дзяўчынка.
– Год які? – нецярпліва паўтарыла Эва. – Дзесяць разоў ужо пытаюся!
– Тысяча пяцьсот пяцідзясяты, – насупіўшыся, прабурчала Бася.
– Зараз паглядзім, што там у вас.
– Гм! – кашлянула дзяўчынка.
– У ніх, – паправілася Эва, пацягнуўшыся за энцыклапедыяй. – А ты ведаеш, час мірны. Каранаванне Барбары Радзівіл, праўда, з далейшым атручваннем.
– Але гэта ж толькі гіпотэза.
– Вось сходзіш у госці да свайго новага знаёмага – даведаешся. Не забудзься распавесці потым.
– Эва!!! – абурана ўсклікнула Бася. – Хопіць з мяне здзекавацца!
– Ды годзе табе. Жартую.
– Я лепш пайду дадому, а то хутка дождж пачнецца.
– Добра, – згадзілася Эва. – Дарэчы, мы з бацькамі збіраемся на выхадныя ў Тракай. Паедзеш з намі?
– Я спытаюся ў маіх, а то яны мяне ўсё ўмольваюць ехаць разам з імі на канферэнцыю. Але я не хачу.
– Ну добра.
– Я табе патэлефаную.
– Дамовіліся. І хопіць марыць, а то ўжо дарослы чалавек, а ўсё табе казачкі.
– Ды годзе, бывай! Патэлефаную, – развіталася дзяўчынка.
Па дарозе дадому яна ўсё ж такі трапіла пад дождж і наскрозь прамокла.
– Я не разумею! – абурылася матуля. – Няўжо так складана ўзяць з сабой парасон?
– Калі я збіралася ісці, нішто не прадказвала такой залевы, – апраўдвалася дзяўчынка.
– Што мне з ёй рабіць? – звярнулася матуля да таты. Той пацепнуў плячыма.
– Эва запрасіла мяне ў Тракай. Яны з бацькамі едуць туды на лецішча.
– А як жа мы? – спытаў тата.
– Ды едзьце! І вы ад мяне ўдваіх адпачнеце, і я ад вас.
– Няўдзячная! – Тата тэатральна заламаў рукі.
– Басенька, ты ўпэўнена? – занепакоена сказала матуля.
– Ну зразумела! Мы ж гэта тысячу разоў ужо абмяркоўвалі.
– А я думала, пакуль тата будзе на канферэнцыі, мы разам з табой па крамах паходзім, па горадзе пашпацыруем.
– Па горадзе вы разам с татам пашпацыруеце пасля канферэнцыі.
– Ну, я нават не ведаю, як пакінуць цябе адну, – матуля задумалася. – Добра, заставайся, але тады бабуля будзе цябе кантраляваць.
– Ну-ну, як справамі займацца, дык я дарослая, а як на пару дзён адной застацца, дык я маленькая, наглядчыкаў да мяне адразу прыстаўляеце, – пакрыўдзілася дзяўчынка.
– Дачушка, ці мала што з табой можа здарыцца.
– Так, мы ж у лесе жывём, а не ў цывілізаваным грамадстве! – усклікнула Бася.
– Ну, супакойся, – перарваў яе тата. – Не забывай хаця б проста тэлефанаваць бабулі.
– Добра, – утаймавалася дзяўчынка і паднялася да сябе.
Яна патэлефанавала Эве, каб сказаць, што паслязаўтра прыедзе да яе на лецішча, а потым вырашыла праверыць люстра. Бася паставіла стул насупраць сцяны, дзе яно вісела, і ўзялася ўглядацца ў люстраную роўнядзь. Яна пільна глядзела ў шкло, яе думкі паступова сталі рассейвацца, на імгненне Басі здалося, што ў адлюстраванні клубіцца нейкі таямнічы туман, але ў хуткім часе вочы сталі зліпацца, яна пачала засынаць і раптам ледзь не павалілася са стула. Дзяўчынка страсянула галавой і, прыжмурыўшыся, зірнула на люстраную паверхню, але тая здавалася зусім звычайнай і ніяк сябе не выяўляла. Бася ўпікнула сябе за дурную наіўнасць і, махнуўшы рукою на дарэмны занятак, лягла спаць.
На другі дзень тата і матуля паехалі на канферэнцыю, даўшы дачцэ мноства наказаў і перасцярог. Дзяўчынка сабрала якія-ніякія рэчы, што хацела ўзяць з сабой у Тракай, і падумала, што было б някепска прысвяціць вечар прагляданню старых добрых фільмаў. Калі ўсё было перагледжана ды працытавана Басяй услых разам з улюбёнымі героямі, яна адправілася ў свой пакой. Дзяўчынка ўвайшла і ўжо пацягнулася да выключальніка, як убачыла, што з люстра льецца святло. Бася асцярожна падышла да яго і ўбачыла выразнае адлюстраванне пакоя Міхала. Дзяўчынка, нібы зачараваная, працягнула руку да шкла і, ледзь крануўшы яго, адчула ўжо знаёмы холад. Праз імгненне яна апынулася ў залюстравым пакоі. У ім нікога не было. Бася азірнулася: пакой быў халодны і цёмны, толькі за спінаю дзяўчынкі, выпраменьваючы мяккае святло, гарэла люстра. Яна прысела на лаву і вырашыла пачакаць Міхала.
У хуткім часе дзверы адчыніліся і ў пакой зайшоў юнак. Бася падхапілася са свайго месца.
– Ты хто? – замёр Міхал.
«Ён што, зусім ідыёт?» – падумала дзяўчынка, а ўслых сказала:
– Бася я!
– Ой, прабач, я не пазнаў цябе, – сказаў юнак. – Тут так цёмна, пачакай хвіліну.
Ён выйшаў з пакоя і, вярнуўшыся з падсвечнікам, паставіў яго на стол.
– Вось так лепш. У цябе іншы ўбор? – спытаў Міхал, агледзеўшы Басю, на якой былі джынсы і байка.
– Табе не падабаецца? – насупілася дзяўчынка.
– Не, чаму, проста мне здаецца, што тая сукенка пасавала табе значна больш.
– Сукенка? – перапытала яна. – А, дык гэта насамрэч не сукенка, а начная кашулька.
– Сапраўды? А я лічыў, што сукенка. На ёй яшчэ такая расфарбоўка цікавая, я ніколі такой не бачыў.
– Якая расфарбоўка? – занепакоілася Бася.
– Ну, маленечкія блакітныя сабачкі, – усміхнуўся ён.
«Д’ябал! Усё ж такі заўважыў», – засмучана падумала дзяўчынка.
– А па вуліцы вы ходзіце ў такой вопратцы? – пацікавіўся Міхал.
– Так, часцей за ўсё, – кіўнула Бася. – Але і ў сукенках таксама.
– Ага, – працягнуў юнак і раптам спытаў: – А чаму цябе так доўга не было?
– Як жа доўга? – здзівілася Бася. – Мяне ўсяго дзень не было.
– Не можа таго быць! Цябе не было з месяц. Я так чакаў цябе! Кожны дзень, як дурны, перад люстрам сядзеў.
– Чакаў, праўда? – радасна спытала дзяўчынка.
– Ну, не тое, каб чакаў, – збянтэжыўся Міхал. – Ну… Разумееш, я… Я…
Бася падбадзёрваючы кіўнула яму галавой.
– Ну, я… Ну, ты мяне зразумела.
– Не. – Бася з чаканне пазірала на яго.
– Ну, мы ж дамаўляліся. У сэнсе, ты казала, што прыйдзеш… Ну, увогуле… Чакаў, – скончыў Міхал, адчайна пачырванеўшы.
– І я чакала, – сказала Бася, таксама крышку чырванеючы. Міхал апусціў вочы, намагаючыся стрымаць задаволеную ўсмешку, а Бася, каб не засароміць яго, перавяла размову на іншую тэму:
– Слухай, а можна я сяду?
– Зразумела! Зараз, – усхапіўся юнак і прыняўся майстраваць на веку куфра падушкі.
Прыгожа расклаўшы іх, ён агледзеў сваю працу задаволеным позіркам і павярнуўся да Басі.
– Калі ласка, прашу, – ён злёгку пакланіўся ёй, паказваючы на куфар.
Бася села, але куфар аказаўся высакаватым, і ёй прыходзілася ўпірацца ў падлогу толькі дыбачкамі. Дзяўчынка паспрабавала некалькі хвілін сядзець у паважнай позе, але, выявіўшы, што спаўзае па слізкіх падушках, Бася адставіла этыкет і падціснула адну нагу пад сябе. Міхал трохі пастаяў побач, але потым таксама вырашыў прысесці і прымасціўся на самым краёчку куфра, роўна трымаючы спіну і з цікаўнасцю гледзячы, як сядзіць госця. Адчуўшы, як пачынае дранцвець усё цела, юнак сеў па-турэцку, павярнуўшыся да Басі тварам.
– А колькі табе гадоў? – спытала яна.
– Васямнаццаты, – няпэўна адказаў Міхал. – А табе?
– Мне толькі пятнаццаць, – працягнула Бася. – Калі ў цябе дзень нараджэння?
– У чэрвені.
– А зараз які месяц?
– Жнівень, – сказаў юнак.
– Жнівень? Дык табе толькі два месяцы, як сямнаццаць! – недалікатна фыркнула дзяўчынка.
Міхал нахмурыўся. Убачыўшы гэта, Бася паспяшалася загаварыць пра іншае:
– А ў мяне зараз пачатак ліпеня. Атрымліваецца, што ў нас па-рознаму ідзе час.
– Напэўна, – сказаў Міхал.
– А што гэта была за жанчына, якую я бачыла, калі прыходзіла да цябе ў першы раз? Твая матуля?
– Не, гэта карміцелька. Матуля памерла.
– Як памерла? – усклікнула дзяўчынка.
Ад жалю да Міхала на яе вочы навярнуліся слёзы. Яна ўзяла яго за руку, ад чаго юнак адразу паружавеў, і сказала:
– Бедненькі!
– І тата таксама памёр, – журботна прамовіў Міхал. Бася зусім засмуцілася:
– Дык ты сірата? Зусім адзін?
– Ну, чаму адзін? У мяне ёсць карміцелька, мае людзі.
– А даўно твае бацькі памерлі?
– Маці – калі я зусім маленькі быў, а бацька – паўгода таму. Бася спачувальна ўздыхнула:
– І як ты зараз жывеш?
– Хаджу на службу да майго хроснага.
– А хто твой хросны?
– Яго Мосць пан князь Мікалай Радзівіл.
Бася кінула на юнака падазроны позірк і спытала:
– Каторы?
Міхал уважліва паглядзеў на яе.
– Чорны, – адказаў ён.
– Брэшаш! – сказала Бася.
– Брахаць не годна шляхцічу! – парыраваў Міхал.
– Дык ты шляхціч?
– Ну так. Вунь бачыш радавы герб? – Юнак паказаў на шчыт, які вісеў на сцяне.
– Гэта той з палосачкамі? – спытала Бася, прыжмурваючыся, каб разгледзець герб у паўзмроку.
Міхал закаціў вочы і асуджана ўздыхнуў.
– Угу, – цярпліва прамычаў ён.
– А якое ў цябе прозвішча?
– Саколіч. А ў цябе?
– А ў мяне Станкевіч.
– О, дык ты з добрага роду! – усклікнуў Міхал.
– Ну не ведаю. Думаю, што мы проста цёзкі па прозвішчы з тымі Станкевічамі. Дык кім ты служыш у князя Радзівіла?
– Я харунжы[1] харугві[2] Яго Мосці. Калі бацька памёр, пан князь Мікалай узяў мяне служыць.
– А што ты рабіў да гэтага?
– Вучыўся.
– Дзе? – Бася з цікаўнасцю глядзела на Міхала.
– У Кракаўскім універсітэце.
– Ого! – з захапленнем вымавіла дзяўчынка. – А на якім факультэце?
– На філасофскім. Першы год я адвучыўся, нават ступень бакалаўра атрымаў, – пахваліўся юнак. – Ну, а гэты год не скончыў, бо бацька захварэў і адклікнуў мяне дадому. Зараз я б якраз трымаў іспыты. Слухай, а ты адкуль столькі ведаеш пра мой час? І пра пана князя, і пра ўніверсітэт?
– Дык гісторыю ж у школе вывучаю! – сказала Бася.
– А ў вас паненкі не дома вучацца? – здзівіўся Міхал.
– Не, – пакруціла галавой дзяўчынка.
– У асобных школах?
– Чаму? У агульных. І дзяўчаты, і хлопцы. А потым і ва ўніверсітэт можна.
– І паненкам таксама? – з сумневам у голасе спытаў юнак.
– Ну зразумела! У нас адукацыя даступная для ўсіх. Дарэчы, гэта больш разумна, чым у вас, – павучальна заўважыла Бася.
– Так, ты маеш рацыю. У вас лепш, – згадзіўся Міхал. – А што ты вывучаеш у школе?
Сеўшы на свайго любага канька, Бася ва ўсіх падрабязнасцях стала распавядаць яму пра ўсе прадметы, якія яна вывучае.
– Атрымліваецца, што ты зараз ведаеш значна больш, чым я, – крыху нахмурыўся юнак.
– Затое я не ведаю і тысячнай часткі таго, што ведаеш ты ў сваім часе! – падбадзёрыла яго дзяўчынка.
– Распавядзі мне яшчэ пра твой свет, – папрасіў Міхал. Дзяўчынка расказвала яму пра сучасныя краіны, апошнія падзеі, транспарт, тэхнічныя дасягненні і шмат пра што іншае. А Міхал, у сваю чаргу, уважліва слухаў і дзівіўся Басіным словам, схіліўшы галаву да пляча і часам адкідваючы рукою доўгую цёмную грыўку, якая непаслухмяна падала на блакітныя вочы. Больш за ўсё Басі падабалася тое, што ён ані разу не ўзяў пад сумнеў яе словы, а, наадварот, слухаў з ухваленнем і цікаўнасцю. Так яны і прабалбаталі ўсю ноч.
Скрозь вокны, прыкрытыя аканіцамі, прабіўся танюткі праменьчык ранішняга сонца. На дварэ загарлапаніў пеўнік. Бася і Міхал уздрыгнулі ад нечаканасці.
– Вось ужо і раніца. – Юнак падышоў да акна і расчыніў яго. Пакой заліло вясёлым сонечным святлом. Бася пацягнулася.
– Напэўна, мне трэба ісці.
– Ужо? Хаця вядома – хутка слугі прачнуцца. Не трэ, каб цябе хтосьці ўбачыў. Але ты ж яшчэ прыйдзеш?
– Зразумела! – сказала Бася і накіравалася да люстра. Зірнуўшы ў яго, яна здрыганулася: гэта было звычайнае люстра, у якім выразна былі бачны Бася, Міхал і яго пакой. Дзяўчынка паскрэбла па шкле з надзеяй, што люстра адклікнецца і адчыніць праход. Але халоднае шкло толькі зіхацела ў сонечных праменнях. Яна разгублена паглядзела на Міхала і прамовіла:
– Мне здаецца, што яно зачынілася.
1
Харунжы – сцяганосец у войску.
2
Харугва – баявы сцяг войска.