Читать книгу Адваротны бок люстра - Ксенія Шталенкова - Страница 5
Частка першая
Раздзел 4
ОглавлениеМіхал адкінуў века куфра і, нырнуўшы ў яго з галавой, узяўся нешта шукаць.
– Ну дзе ж яна? Я памятаю, што заставалася, – мармытаў юнак, рыючыся ў куфры.
– Міхал, а што ты шукаеш? – Бася асцярожна кранула яго за плячо.
– Ды вопратку маю дзіцячую!
Дзяўчынка збянтэжана паглядзела на юнака і адышла.
– Вось яна! – узрадавана ўсклікнуў Міхал, рэзка выпрастаўшыся і выцяўшыся галавой аб века куфра.
Паціраючы патыліцу, якая пацярпела ўжо двойчы за раніцу, ён працягнуў Басі кучу вопраткі. Дзяўчынка акуратна расклала яе на лаўцы.
– І што гэта такое? – з сумневам прамовіла Бася, азіраючы дзіўнага выгляду калготы.
– Нагавіцы, – сказаў юнак.
Дзяўчынка фыркнула, кінуўшы хуткі позірк на Міхала.
– Чаго ты? – спытаў ён.
– Ды смешныя нагавіцы – я ў іх буду па-дурному выглядаць!
– Павер, без іх ты будзеш выглядаць яшчэ дурней, – адказаў Міхал, накіроўваючыся да дзвярэй.
– Пачакай, а ў якой паслядоўнасці гэта ўсё апранаць?
– Спачатку нагавіцы, потым ніжнюю кашулю.
– А ці патрэбна яе ўбіраць у нагавіцы? – удакладніла дзяўчынка.
– Не, як жа ты яе ўбярэш, калі яна да кален? А зверху – каптан. Міхал пайшоў з пакоя, а Бася, са скрухай уздыхнуўшы, узялася ўбірацца ў новы строй. Спрабуючы апрануць вузкія нязручныя нагавіцы, яна заскакала на адной назе і, не ўтрымаўшы раўнавагі, з грукатам павалілася на падлогу. Пакрыўдзіўшыся і на Міхала, і на нагавіцы, дзяўчынка ўзнялася і, з горам папалам нацягнуўшы на сябе вопратку, паклікала юнака.
– Што гэта тут у цябе валілася? – спытаў ён, прычыніўшы за сабою дзверы.
– Нічога, – сярдзіта прабурчала дзяўчынка, разгладжваючы складкі. – Ну як, я падобная да хлопчыка?
Міхал схіліў галаву да пляча і, схапіўшыся пальцамі за падбароддзе, агледзеў Басю з галавы да ног.
– Што? Не тое? – засмучана спытала дзяўчынка.
– Не, – пакруціў галавой юнак. – Не тое. Сам не зразумею, што менавіта, але нешта не так.
Бася кінула на сябе зверху ўніз журботны позірк і выняла з-пад каўнера кашулі валасы, убіраючы іх назад.
– Чакай! – раптам усклікнуў Міхал і кінуўся да дзвярэй.
Бася толькі разгублена паглядзела яму наўздагон. Праз імгненне юнак вярнуўся, узброіўшыся нейкім падабенствам нажніц. Дзяўчынка з асцярогай адступіла ад яго.
– Я зразумеў: у цябе надта доўгія валасы. Іх трэба абрэзаць, – узрадавана паведаміў Міхал.
– Не дам! – Бася заняла абарончую пазіцыю і схапілася за валасы.
– Бась, ну, а як інакш? Не ведаю, як у вас, але ў нас юнакі не носяць такія доўгія валасы. Іх хаця б да плеч укараціць патрэбна.
– А без гэтага ніяк нельга? Мяне абавязкова трэба выдаваць за хлопчыка? Твая карміцелька ж усё роўна ведае, хто я.
– Але я не маю жаночага адзення! – запярэчыў Міхал. – Тым больш карміцелька – гэта карміцелька, а перад людзьмі я не магу.
– Чаму гэта? – абурылася дзяўчынка.
– Ну, не магу, – сумеўся юнак, чырванеючы. – Што, калі размовы пойдуць, плёткі ўсялякія?..
Бася раздражнёна закаціла вочы, але далей сароміць Міхала не ўзялася.
– А валасы насамрэч ніяк нельга пакінуць? – умольна паглядзела на яго дзяўчынка.
– Не, – адказаў юнак.
– Добра, – асуджана ўздыхнула Бася. – Рэж.
Міхал пачаў няўмела стрыгчы дзяўчынцы валасы. Бася нават вусны закусіла, каб не расплакацца. Яна заўсёды так рупліва ставілася да сваіх валасоў, даглядала іх і песціла, а тут такое варварства!
– Не, я так да людзей не пайду! – заявіла дзяўчынка, убачыўшы ў люстры няроўна падстрыжаныя пасмы, якія парассыпаліся па плячах.
– Чаму? – галава юнака паказалася з-за яе спіны. – Затое паглядзі на сябе – выліты хлапчына!
Насупіўшыся, Бася кінула на яго гнеўны позірк. Калі б дзяўчынка апынулася ў іншых абставінах і Міхал не быў бы адзіным чалавекам, на якога яна можа спадзявацца, ён бы рызыкаваў зрабіцца яе лютым ворагам.
– Пачакай! – сказаў юнак, ізноў нырнуўшы ў куфар.
Дастаўшы адтуль чорны аксамітавы берэцік з фарсістым пяром, Міхал здзьмухнуў з яго пыл і насунуў Басі на самыя вочы. Дзяўчынка крыху падцягнула берэт з ілба і кісла зірнула на задаволенага сваёй працай юнака.
– Ну, зараз – усё! – шырока ўсміхнуўся ён. – Можам ісці снедаць.
Праходзячы міма люстра, Бася затрымала позірк на сваім такім незнаёмым абліччы і гучна ўцягнула паветра. У яе, вядома, былі няўдалыя дні, але каб настолькі – ніколі. Мала таго, што ёй собіла трапіць у гэтае пазбаўленае элементарных зручнасцяў XVI стагоддзе, з якога яна немаведама калі выблытаецца і незразумела, ці выблытаецца ўвогуле, дык яшчэ і валасы абрэзалі – яе найвялікшую каштоўнасць. І Міхал таксама – дурны! Як пераапрануў Басю, пастрыг, дык раптам пачаў ставіцца да яе, нібы да дзіцяняці якога. Куды дзелася ўся яго далікатнасць і пачцівасць? Дзяўчынка зрабіла нейкі ўжо надта пакутніцкі ўсхліп, шморгнуўшы носам.
– Не журыся, Баська! – усклікнуў Міхал і, не разлічыўшы моцы, дужа ляпнуў яе па плячы так, што ў дзяўчынкі падкасіліся ногі.
Бася сабрала рэшткі сіл і паспрабавала супакоіцца. Раптам ёй у галаву прыйшла ідэя.
– Слухай, Міхал, калі ты ўжо мяне апрануў як хлопчыка, можа, мы пойдзем пашпацыруем па горадзе? – спытала яна.
– Так, – кіўнуў юнак. – У мяне ж вольны дзень. Можна адразу пасля снедання і пайсці.
Яны спусціліся па лесвіцы ў прасторную залу, дзе за сталом ужо сядзела некалькі чалавек: пажылы мужчына і трое маладых людзей, якія пра штосьці жвава гутарылі. Па-за імі стаяла рудавалосая мажная кабеціна гадоў сарака, якая, убачыўшы Басю ў хлапчуковым адзенні, пляснула рукамі і ўжо жадала была адкрыць рот, каб нешта сказаць, але, заўважыўшы, як Міхал цішком паказвае ёй кулак, змоўчала і незадаволена сцяла вусны.
– Добрай раніцы! – павітаўся юнак.
У адказ таксама пачуліся прывітанні. Людзі за сталом з цікаўнасцю паглядзелі на Басю, а мажная кабета падбадзёрваючы ўсміхнулася ёй.
– А гэта… гэта Янэк, – Міхал прадставіў усім дзяўчынку, назваўшы яе першым імем, якое ўзгадаў.
Бася прысела на лаву.
– Карміцелька, дай Янэку посуд, – папрасіў юнак.
– Марыська! – гучна крыкнула кабета ў адчыненыя дзверы, якія вялі ў кухню. – Прынясі яшчэ адну талерку і конаўку!
У залу ўвайшла румяная дзяўчына з посудам у руках і пытальна зірнула на карміцельку.
– Пастаў пану Янэку.
Убачыўшы Басю, дзяўчына зачырванелася яшчэ больш і, апусціўшы вочы, паставіла перад Басяй талерку з конаўкай.
Пасярод стала былі вялізная міска з кашай і свежы нарэзаны хлеб. Міхал наклаў сабе цэлую талерку кашы і падсунуў міску да дзяўчынкі. Убачыўшы страву, Бася зморшчылася, зачэрпнула трохі кашы, пакалупала яе ў сваёй талерцы, але так і не пакаштавала.
– Адкуль пан Янэк прыехаў? – спытаў пажылы мужчына.
– З-пад Ліды. Ён мой далёкі сваяк, – зноў пачаў выдумляць Міхал.
– Сапраўды? А я не ведала, што ты там маеш сваякоў, – карміцелька дапытліва паглядзела на юнака.
– Насамрэч, – страпянуліся маладыя людзі, – хіба ты маеш радню ў Лідзе?
– Так, ды толькі вельмі-вельмі далёкую. Збяднелая шляхта. Бацькі Янэка папрасілі пашукаць нейкую службу для сына, вось я і прывёз яго ў Вільню.
– І куды ж ты збіраешся яго ўладкаваць? – зноў спытаў пажылы чалавек.
– Я пакуль пра гэта не думаў, – адказаў юнак і дбайна ўзяўся есці, каб пазбегнуць далейшых запытанняў.
– Ну, мне здаецца, што пан Янэк пакуль што надта юны для ваяўнічай службы, – меркаваў услых мужчына. – Хіба што яго да княгіні адправіць, але чаму толькі ён навучыцца сярод кабет?
Маладыя людзі дружна зарагаталі.
– А што ён умее? – спытаў адзін з іх.
– Ды нічога асабліва і не ўмее. Я думаю, пакуль Янэк застанецца пры мне, – няпэўна прамовіў Міхал.
– Яснавяльможны пан Міхал вырашыў абзавесціся пажам, – з’едліва заўважыла карміцелька.
Юнак спадылба зірнуў на яе і ўзяўся жаваць далей.
– А як пану Янэку спадабалася Вільня? – пацікавілася кабета.
– Янэк амаль не бачыў горад, мы ж прыехалі позна вечарам, – паспяшаўся з адказам Міхал.
– А ён што, нямко? – хітра прыжмурылася карміцелька.
– З чаго ты вырашыла?
– Ну, ты ўвесь час адказваеш замест яго, не даеш хлопчыку нічога сказаць.
– Хадзем, – сказаў Міхал Басі, рэзка ўстаўшы з-за стала.
Дзяўчынка журботна паглядзела на астылую кашу ў талерцы і ўзнялася следам за ім.
– Куды гэта ты сабраўся? – усклікнула карміцелька.
– Горад Янэку паказаць хачу! – з’едліва паведаміў юнак.
– Пачакай! Гаротнае дзіцянё зусім галоднае засталося! – спудзілася кабета. – Што ты трымаешся, нібы пан са слугой?
– Няма чаго сядзець, няхай прызвычайваецца да службы, – строга прамовіў Міхал і пацягнуў Басю за рукаў.
– Міхал, мабыць, нам пайсці з табой? – спыталі маладыя людзі.
– Не. Сёння можаце ісці па дамах, – сказаў юнак і зноў пацягнуў за сабой Басю.
– Чакайце, – карміцелька схапіла са стала кавалак хлеба і працягнула яго дзяўчынцы. – Хаця хлеба з’ясі.
– Дзякуй, – сказала тая.
Карміцелька склала рукі на жываце і замілавана ўсміхнулася. А Бася паспяшалася за Міхалам, жуючы на хаду хлеб.
Калі яны выйшлі на двор, яна падазрона прынюхалася і з агідай заціснула нос рукой: у паветры стаяў моцны пах гною. Але ўжо праз некалькі хвілін Бася прызвычаілася да мясцовых асаблівасцяў і рахмана ішла ў нагу з Міхалам.
– Ты чаго мне рота адкрыць не даваў? – упікнула яна юнака.
– Калі б ты пачала размаўляць, у іх з’явілася яшчэ больш пытанняў.
Дзяўчынка здзіўлена паглядзела на яго.
– Ты дзіўна кажаш – нібы на нашай мове, а нібы і не, – паведаміў Міхал.
– Ой, ды годзе! Ты ж мяне разумееш.
– Ну, я ўжо прызвычаіўся!
Бася фыркнула, а потым спытала:
– А хто былі тыя людзі за снеданнем?
– Маладыя – сыны карміцелькі, а паджылы – стары сябра бацькі, ён таксама служыць князю і нярэдка заходзіць да мяне.
Міхал з Басяй рушылі далей па горадзе. Дзяўчынка з прагнасцю пазірала па баках, круцячы галавой то направа, то налева, каб нічога не прапусціць.
– Пакінь так на ўсё вытарашчвацца, – раз-пораз бухцеў юнак. – Ты прыцягваеш да нас увагу.
– Дык мне ж цікава! – абурана ўсклікнула Бася. – Я ніколі не бачыла такога. Ты што, думаеш у маім часе ўсё тое ж самае? Зусім не!
Міхал толькі паціснуў плячыма.
– Слухай, Бася, давай збочым на гандлёвую вуліцу, купім табе вопратку. Ці мала, на колькі ты тут застанешся? – прапанаваў ён.
Яны пакрочылі міма гандляроў, якія расхвальвалі тавар на розныя лады і заклікалі прахожых да сябе ў краму. Міхал і Бася зайшлі ў адну з іх. Пакуль дзяўчынка разглядала розныя жаночыя ўпрыгожанні для валасоў, юнак спешна прыкладаў ёй да спіны кашулі і каптаны. Калі ўся вопратка была абраная, дзяўчынка падцягнула Міхала да прылаўка, на якім былі раскладзены розныя пусцяковіны, і ціхенька сказала яму:
– Паглядзі, якія стужкі прыгожыя. А грабянькі ўвогуле цуд, праўда?
– Ну і што? – не зразумеў яе намёкаў юнак.
– Мабыць, ты б купіў мне нешта? – Бася зрабіла ўмольныя вочы.
– Не! Якія стужкі, якія грабянькі? Ты ж хлопчык, – нагадаў ёй юнак.
– Ну, Міхалачак, калі ласка! Мне так хочацца! – заныла дзяўчынка.
– Я ж сказаў – не. Як я буду купляць табе – хлопчыку – грабянькі ўсялякія?
– Ды што ты ўсё пра адно і тое ж: хлопчык-хлопчык. Насамрэч я дзяўчынка! – гучным шэптам прамовіла Бася.
– Ну-ну, галоўнае – крычы пра гэта гучней! – асек яе Міхал. Бася пакрыўджана насупілася.
– Ну Міхал! – пачала прасіцца яна.
– Не.
– Чаму?
– Я табе ўжо ўсё патлумачыў. Хадзі пастой на свежым паветры, а я пакуль расплачуся.
Бася выпнула ніжнюю губу і пацягнулася да выйсця.
– «Пастой на свежым паветры, пастой на свежым паветры», – бурчэла яна, дражнячы Міхала. – Зусім яно не свежае – гноем смярдзіць!
Праз хвіліну юнак далучыўся да яе, і яны пацягнуліся далей па гандлёвай вуліцы.
– Чаго ты на мяне злуешся? – спытаў Міхал. Бася толькі фыркнула.
– Ну кінь! – прымірэнча сказаў юнак. – Як бы я купляў табе ўсю гэтую лухту? Тым больш што валасы ў цябе зараз кароткія.
Зноў прыгадаўшы сваю самую вялікую страту ў жыцці, дзяўчынка хацела ўжо пачаць грозную тыраду ў адрас Міхала, але, праходзячы міма чарговага прылаўка, яна заўважыла дзіўнага дзядка, у абліччы якога нешта здалося ёй вельмі знаёмым. Бася неўразумела ссунула бровы і зноў пакрочыла следам за юнаком, але над вухам яна пачула:
– Мадэмуазэль Барбара, вы змянілі стыль адзення?
Ад нечаканасці Бася спынілася пасярод вуліцы і павярнулася. Ну зразумела! Перад ёю стаяў пан Альбрыхт, які прадаў ёй злашчаснае венецыянскае люстра, дакладней – не прадаў, а дазволіў на нейкі час пакінуць у сябе. Зрэшты, не пазнаць яго было б немагчыма: нават тут яго адзенне было надта вытанчанае, а вусы і барада мелі ідэальную форму.
– Міхал! – схамянулася Бася і подскакам пабегла за юнаком, які ўжо паспеў адысці ад яе на добрую адлегласць, не заўважыўшы, што дзяўчынка адстала.
Той азірнуўся і, з жахам убачыўшы, што ледзь не страціў у вулічным натоўпе Басю, кінуўся ёй насустрач.
– Ты што! А калі б ты згубілася? Я нават не заўважыў, калі ты паспела адысці! – з дакорамі накінуўся ён на дзяўчынку.
– Міхал, хадзем хутчэй! – Бася схапіла юнака за рукаў і пацягнула да старога.
– Куды? – пачаў упірацца Міхал. – Ты зноў жадаеш, каб я табе нешта купіў?
– Ды не! – нецярпліва ўсклікнула дзяўчынка і спехам патлумачыла яму: – Стары, які пакінуў мне люстра, таксама тут!
– Што? – збянтэжыўся юнак.
Але Бася пацягнула яго за сабой і, калі яны былі ўжо ў некалькіх метрах ад старога, прашаптала Міхалу:
– Вунь, бачыш, гэта той дзядок!
Пан Альбрыхт ледзь прыкметна памахаў ім рукой. Юнак кінуўся да старога. Нахіліўшыся да самага яго твару, Міхал пагрозліва прамовіў, паказваючы на Басю:
– Зараз жа адпраўляй яе дадому! А то я табе…
Але Міхал не паспеў дагаварыць, бо пан Альбрыхт паглядзеў на яго такім з’едлівым позіркам, што ён цалкам сумеўся і не знайшоў, чым скончыць фразу.
– Напэўна, гэта не самае лепшае месца для размовы. Ці не будзеце так ласкавы, каб зайсці? – Дзядок паказаў на дзверы сваёй крамы.
Бася і Міхал спешна рушылі за ім. Прайшоўшы праз невялікую паўзмрочную залу, пан Альбрыхт падвёў іх да вузкіх дзвярэй. «Няўжо гэта тая ж самая крама?» – мільганула ў Басінай галаве. Як толькі яны зайшлі ў кабінет, стары зачыніў дзверы і, запрасіўшы гасцей прысесці, сам уладкаваўся ў вялікім крэсле і сказаў:
– Безумоўна, мадэмуазэль, я меркаваў, што вы пацікавіцеся і зазірнеце ў люстра. Таму і прапанаваў вам павесіць яго ў сябе на нейкі час. Але не думаў, што вы будзеце настолькі безадказная і застанецеся тут, не паспеўшы вярнуцца да таго, як люстра зачыніцца!
– Але вы ж мяне ні пра што не папярэдзілі! – абурылася Бася.
– Так, але толькі ўявіце: калі б я вам хаця неяк намякнуў, што люстра вядзе да мінулага, кім бы вы мяне палічылі?
Дзяўчынка хмурна паглядзела на яго.
– Я хачу дамоў, – ціха прамовіла яна.
– Я разумею, мадэмуазэль Барбара. Але, на жаль, такім цікаўным асобам, як вы, прыйдзецца правесці тут больш за паўгода.
– Колькі?! – у адзін голас усклікнулі Бася і Міхал.
– Так, маладыя людзі. Менавіта так – больш за паўгода.
– Ну як жа?! – у дзяўчынкі па шчоках пабеглі струменьчыкі слёз. – Я не магу тут так доўга быць! Мне трэба дадому. Да матулі і татулі.
– На жаль, мадэмуазэль, люстра не адчыняецца па першым жаданні. Гэта вам не вясёлы турыстычны шпацыр у мінулае. Для таго, каб даведацца, калі з’явіцца праход, трэба правесці найскладанейшыя матэматычныя разлікі, якія звязаны са шматлікімі фактарамі і ўмовамі адчынення люстра. Таму вашаму спадарожніку выпадае цярпець вас некаторы час.
Засмучаная Бася кіўнула.
– А чаму ж усё так складана? – спытала яна.
– Я бы з радасцю вам усё распавёў зараз, мадэмуазэль Барбара, але я крыху заняты і чакаю аднаго чалавека, з якім мне трэба заключыць надта важную ўгоду. Таму я буду чакаць вас тут у любы іншы дзень. Спадзяюся, што вам цікава даведацца пра люстра больш падрабязна. Дарэчы, а чаму вы ў мужчынскім адзенні? – запытаўся стары.
– У мяне не аказалася жаночага, – патлумачыў Міхал. – Таму давялося пераапрануць Басю хлопчыкам.
– Ах, вось яно што, – працягнуў стары. – Тады будзьце асцярожныя – ёсць рызыка, што нехта здагадаецца. А калі гэта здарыцца, дык мадэмуазэль Барбара можа апынуцца ў небяспецы.
– Ужо здагадаліся, – уздыхнула дзяўчынка.
– Хто? – занепакоіўся пан Альбрыхт.
– Карміцелька Міхала.
– Ну што ж, не думаю, што карміцелька можа ўяўляць нейкую небяспеку для вас, – усміхнуўся стары.
– Не, што вы! – упэўніў яго Міхал. – Наадварот, Бася ёй, відаць, надта спадабалася. – Юнак паружавеў, узгадаўшы сваю ранішнюю размову з карміцелькай.
– Але тым не менш, – зрабіўся сур’ёзным дзядок. – На вас, малады чалавек, зараз вялікая адказнасць за мадэмуазэль. Калі ласка, беражыце яе. А то бачыце, якая яна ў нас… – стары спыніўся, падбіраючы правільнае слова, – непрыстасаваная.
– Гэта я непрыстасаваная?! – пакрыўдзілася дзяўчынка. Пан Альбрыхт толькі мякка рассмяяўся.
– Вам ужо час ісці, – сказаў ён. – Прыходзьце, мадэмуазэль, я буду вас чакаць.
Міхал і Бася ўзняліся і накіраваліся да дзвярэй, але тут дзяўчынка нешта ўзгадала і павярнулася да старога:
– Пан Альбрыхт, а колькі часу пройдзе ў мяне дома?
– У розных вымярэннях час ідзе неаднолькава, але, паводле маіх першапачатковых разлікаў, у вас дома пройдзе не больш за пяць-шэсць дзён.
– Мае бацькі з’ехалі на тыдзень. Калі іх не спалохае, што я не падыходжу да тэлефона, і яны не вернуцца раней, то я, мабыць, і паспею.
– Ну што ж, заўжды трэба спадзявацца на лепшае. Да пабачэння.
– Да пабачэння, – развіталіся Міхал і Бася і пайшлі з кабінета старога.
Апусціўшы галовы, яны абодва крочылі па вуліцы.
– Самае галоўнае – не адчайвацца, – паспрабаваў падбадзёрыць дзяўчынку Міхал. – Неяк зладзімся.
– Ага.
Бася журботна ўздыхнула. Раптам яна пачула пах свежай здобы і, пашукаўшы вачыма, убачыла хлапчука, які гандляваў піражкамі.
– Міхал, давай піражкоў купім, – жаласна папрасіла дзяўчынка.
– Навошта? Ты ж паснедала.
– Што? Я паснедала? – ушчэнт абурылася Бася. – Ты ж не даў мне паесці! Добра яшчэ, што твая карміцелька – добрая і міласэрная жанчына – дала мне кавалачак хлеба. А так я, ведаеш, якая галодная?
– Ну добра-добра, куплю я табе піражок. Толькі не крычы так, – папрасіўся Міхал і, кінуўшы гандляру дробную манету, узяў з латка два – сабе і Басі.
Ён працягнуў дзяўчынцы піражок і, пакуль яна падазрона абнюхвала яго і разглядала, з’еў свой. Бася асцярожна адкусіла маленькі кавалачак і зморшчылася.
– Смак у вашых піражкоў нейкі дзіўны, – пераборліва сказала яна.
– Не ведаю, піражок як піражок, – паціснуў плячыма Міхал і, выхапіўшы ў Басі з рук ежу, адкусіў вялізны кавалак.
– Міхал! – крыкнула яна, не чакаўшы ад яго такой нахабнасці.
– Што? – здзівіўся юнак, запіхваючы ў рот кавалак, які застаўся.
– Я не казала, што не буду есці! Міхал задушыўся і пачаў кашляць.
– Выбачай, – прамямліў ён. – Ну, усё роўна мы хутка вернемся дадому і будзем есці.
– Дурны! – раззлавана прабурчала Бася.
– Не дурны, а твой пан!
– З чаго гэта? – здзівілася дзяўчынка.
– Памятаеш, што карміцелька сказала, калі я паведаміў, што ты пакуль будзеш пры мне? Маўляў, пан Міхал абзавёўся пажам, – зарагатаў юнак, відавочна задаволены сваім недарэчным жартам.
– Знайшоўся пан! Бачыла я такіх паноў, – убок прамармытала дзяўчынка.
– Што ты там кажаш? – гучна спытаў Міхал.
– Што пан самы разумны і храбры! – смеючыся, усклікнула Бася.
– Ну, бачыш, вось ты і развесялілася, – юнак узрадваўся, што дзяўчынка кінула супіцца.
– Але піражок і стужкі я табе ўсё роўна не дарую! – паабяцала яна.
Міхал толькі хітравата ўсміхнуўся.
Вярнуўшыся дадому і паабедаўшы, яны пайшлі наверх, і юнак паказаў Басі пакой, у якім яна будзе жыць. Усё агледзеўшы, дзяўчынка прысела на века куфра, у які яны згрузілі ўвесь набыты сёння скарб, і склала рукі на грудзях, робячы выгляд, што ўсё яшчэ крыўдзіцца на Міхала. Ён прысеў побач і, злёгку штурхануўшы яе ў бок, паклікаў:
– Бася.
– Н-ну? – незалежна прамовіла дзяўчынка.
– Глядзі, – юнак працягнуў ёй танюткую, сплеценую з залатых нітак сетачку для валасоў.
– Ой, гэта мне? – пралапатала Бася.
– Ага. Гэта лепшае за стужкі і грабянькі?
– Зразумела! Дзякуй, Міхалачак, вялікі табе дзякуй! – засакатала яна, але ў наступную ж хвіліну зноў засумавала.
– Што з табой? – здзівіўся юнак.
– Як жа я буду яе насіць, калі ты мне ўсе валасы абцяў? – спытала Бася.
– Ну, я думаю, што да таго часу, як табе яе насіць, яны ўжо вырастуць, – супакоіў яе Міхал і ўсміхнуўся, задаволены тым, што здолеў пацешыць сваю госцю.