Читать книгу Адваротны бок люстра - Ксенія Шталенкова - Страница 9

Частка першая
Раздзел 8

Оглавление

Як і абяцаў, Міхал вярнуўся ў Вільню праз месяц і адразу ж адправіўся да княгіні Альжбэты, каб паведаміць ёй пра тое, што ўжо час ехаць у Кракаў, дзе рыхтавалася каранацыя Барбары Радзівіл. Па загадзе пана князя Мікалая Міхал павінен быў суправаджаць працэсію. На прыёме ў княгіні юнаку ўсё карцела спытаць пра Басю. За той час, што яны не бачыліся, ён надта змаркоціўся па ёй. Княгіня гэта заўважыла і, хітра прыжмурыўшы вочы, сказала:

– Бачу, ты жадаеш спытаць пра пані Барбару. Міхал засаромлена ўсміхнуўся і кіўнуў.

– Не хвалюйся, з ёю ўсё добра. Ведаю, табе карціць хутчэй пабачыцца з паннай, але ў нас вельмі мала часу на зборы, таму, калі рушым з Вільні, пад’язджай да маёй карэты. Яна будзе разам са мной.

Міхал адвітаўся і пайшоў з прыёмнай залы. Пакінуўшы палац Радзівілаў, ён адразу ж паскакаў дадому. Каля брамы яго сустрэла карміцелька. Пасля доўгіх прывітанняў і моцных абдымкаў пані Катажына пачала распавядаць Міхалу:

– Ох, прыходзіла наша Барбара! Такая прыгажуня – нават вачэй адвесці нельга! Сукня ядвабная, валасы прыбраныя, розныя ўпрыгожанні! І трымае сябе як! Адразу відаць, што паненка шляхетная! А кажа дык толькі пра цябе: хутчэй бы Міхалачак прыехаў, як ён там жыве… Такая прыгажуня. Вось як убачыш яе, дык адразу абдумаешся і ажэнішся з ёй!

– Карміцелька, зноў ты за сваё! – прабурчаў Міхал.

Але кабета, зрабіўшы выгляд, што не пачула слоў юнака, узялася далей ва ўсіх фарбах апісваць Басю. А Міхал, махнуўшы рукой на спрэчкі, уважліва слухаў.

* * *

Праз некалькі дзён з Вільні рушыла доўгая працэсія, якая суправаджала княгіню Радзівіл да Кракава. Сама княгіня ехала ў велізарнай карэце, у якую былі запрэжаны васьмёра коней. Самыя набліжаныя прыдворныя панны сядзелі разам з ёй, астатняя світа ехала на канях ці ў вазках.

Адразу ж па выездзе Міхал накіраваўся да карэты. Ён пакланіўся ў сядле, вітаючы княгіню і паннаў, і стаў вачыма шукаць Басю. Хаця княгіня і сказала, што дзяўчынка будзе тут, яе нідзе не было відаць. Міхал нават уявіць не мог, як яна будзе выглядаць. Ён жа прызвычаіўся, што Бася – «хлапчук»! Раптам над вухам пачуўся дзявочы голас:

– Пане Міхалу, ці вы мяне не пазнаеце?

Міхал з маркотным тварам абярнуўся і ледзь не паваліўся з каня. Панны вакол захіхікалі, а княгіня сказала:

– Вось жа! А мне заўсёды так хвалілі пана Саколіча! Маўляў, ён вельмі выдатна трымаецца ў сядле!

Панны зарагаталі яшчэ гучней, а Міхал, разявіўшы рот і вылупіўшы вочы, то чырванеў, то бялеў: перад ім на беласнежнай кабылцы сядзела прыгожая паненка ў багатым, сшытым па апошняй модзе строі і футры. Раптам яна пакінула ўсміхацца і, нахмурыўшыся, з такой знаёмай інтанацыяй ціха спытала:

– Ну што ты ўтаропіўся ў мяне, нібы я страшыдла якое?

Не знайшоўшы, што адказаць, Міхал прыдуркавата ўсміхнуўся і пачаў разглядаць вуха Сарацына. Бася збянтэжана паглядзела на сябра, а ён узяўся цяжка ўздыхаць. Міхал намагаўся прыгадаць, як належыць трымаць сябе рыцару сярод прыгожых паннаў, але дарэмна – усе правілы этыкету былі бясследна пазабываныя. Бася заклапочана паглядвала на юнака, усё чакаючы, што ён нарэшце штосьці скажа. Але, так і не дачакаўшыся адказу, вырашыла ўзяць ініцыятыву ў свае рукі і перарваць маўчанне.

– Міхалачак, што з табой? Ты здаровы? – спытала дзяўчынка. Юнак нешта невыразна прамармытаў і пачырванеў яшчэ больш.

Бася занепакоілася:

– Ты добра сябе адчуваеш? Мабыць, лекара паклікаць?

Урэшце, успомніўшы нешта са старых дурных кніжак, якія ён ніколі не любіў, але зараз знайшоў надта карыснымі, Міхал асабліва цяжка ўздыхнуў і, засяроджана пазіраючы перад сабою, млявым голасам пачаў казаць:

– Ах, пані Барбара, ніводны лекар не здолее мне дапамагчы! Мая хвароба невылечная.

Бася папярхнулася:

– Чаго?! Як невылечная?

– Пані Барбара, маё сэрца…

– Сэрца?! – з жахам усклікнула Бася.

– Так, сэрца… Маё сэрца працяла страла, і зараз…

– Калі? – здзівілася дзяўчынка.

– Што калі? – збянтэжыўся Міхал.

– Калі цябе працяла страла? Хто?

– Ды не тая страла… – пакруціўшы галавой, са скрухай прамовіў юнак.

Бася разгублена пазірала на Міхала. Крыху памаўчаўшы і сабраўшыся, ён працягнуў:

– Смяротны боль катуе маё спакутаванае сэрца…

– Гэта з-за стралы, так? – зразумела спытала Бася. Міхал незадаволена скасавурыўся на яе.

– Ты ўпэўнены, што лекар не здолее дапамагчы? Ён, мабыць, табе нейкіх зёлак дасць, і боль крышку адпусціць? – паспрабавала пераканаць яго дзяўчынка.

– Не-не, што вы, пані Барбара.

– Ды кінь ты мяне так клікаць! Якая я табе пані? – ужо ў які раз Бася перапыніла Міхала.

Ён цярпліва ўздыхнуў і пачаў казаць далей:

– Я кажу не пра той боль у сэрцы. Лекары не здолеюць дапамагчы мне. Яны не ведаюць лекаў ад гэтай хваробы…

– Ну што ты, Міхал! Яны абавязкова знойдуць для цябе лекі! Прынамсі, валяр’янка табе мусіць дапамагчы! – бадзёрым голасам сказала ўрэшце заблытаная Бася.

– Якая валяр’янка?! – абурана закрычаў Міхал. – Якое дачыненне тут мае валяр’янка? Баська, вось ты як была хлапчуком, так ім і засталася. Толькі сукня на табе жаночая! Любая іншая паненка слухала б мяне і не перапыняла так бесцырымонна, як ты!

Юнак насупіўся і зноў узяўся ўздыхаць. Да Басі данеслася незразумелае мармытанне пра разбітае сэрца і каварных паннаў. Дык вось у чым рэч! Бася выпрасталася ў сядле, расчырванелася і хіхікнула. Потым яна ўзгадала, што яе валасы ўбраныя ў залатую сетачку, якую падарыў Міхал, і, скасавурыўшыся на яго, какетліва дакранулася да галавы. Але ён на гэта не звярнуў аніякай увагі. Пыхкаючы, сапучы і крывячы страшэнныя морды, ён, відавочна, працягваў моўчкі спрачацца з Басяй і нешта ёй даводзіць. Дзяўчынка яшчэ раз паправіла сетку, але Міхал зноў ніяк не адрэагаваў. У рэшце рэшт, Бася штурхнула яго ў бок:

– Міхал, ну ты хіба не бачыш, ці што?

– Што? – спытаў ён.

Бася зноў дакранулася да сетачкі.

– І што? – усё роўна не зразумеў Міхал.

– Сетка! – усклікнула дзяўчынка. – Ты сетку для валасоў мне падарыў, памятаеш?

– Сапраўды, – пацяплеўшым голасам прамовіў Міхал.

– Эх ты! – працягнула Бася.

Абодва зарагаталі і, весела балбочучы, рушылі далей. Міхал распавядаў Басі пра сваё падарожжа, калі раптоўна дзяўчынка перапыніла яго на паўслове:

– Ой, Міхал, прабач – зусім забылася. Ты ведаеш, што Годыеўскі тут?

– Дзе? – тузануўся ў сядле юнак.

– Княгіня Альжбэта дазволіла яму суправаджаць сябе да Кракава, – паведаміла Бася.

– Дык што, ён да гэтага часу быў у Вільні? Я думаў, ён даўно ў Польшчу вярнуўся.

– Не, я ўвогуле не ведаю, але чула, што ён тут нейкія загады каралевы Боны выконваў. Агідны тып, – ціха дадала Бася.

– Дзіця маё! – пачуўся голас княгіні.

– Не магу трываць, калі яна так мяне называе, – даверліва шапнула дзяўчынка Міхалу і пад’ехала да карэты.

Прытрымліваючы каня, Бася павольным крокам ехала ўпоравень з княгіняй, каб было зручна гутарыць. Міхал зацікавіўся і вырашыў паслухаць, пра што яны размаўляюць.

– Дзіця маё! Мы тут спрачаемся: нехта чуў, – княгіня выразна скасавурылася на адну з паннаў, – як нейкі пан прадказваў, што каранацыя можа і не адбыцца. Нібы каралева Бона не дазволіць такой «ганьбы для польскага трона». Ці правільна я кажу, пані Аліцыя? – маладая кабета павярнулася ў глыб карэты.

– Ну што вы, Ваша Мосць! Ён казаў зусім інакшымі словамі.

– Словы не змяняюць сутнасці, – нецярпліва скалынула плячыма княгіня і зноў павярнулася тварам да Басі: – А што ты думаеш пра гэта, дзіця маё?

Крыху памаўчаўшы, дзяўчынка, зладзеявата азірнулася на Міхала і ціха прамовіла, нахіліўшыся да княгіні Альжбэты:

– Не ведаю, што там думае каралева Бона і што намагаецца рабіць, але тое, што каранацыя адбудзецца, – у гэтым не можа быць аніякіх сумневаў, Ваша Мосць.

Княгіня ўзрадавана паціснула Басіну руку і сказала:

– А я не сумнявалася, я ведала. Ну едзь-едзь, весяліся! Бася з Міхалам ад’ехалі ад карэты, і юнак іранічна спытаў:

– Ці даўно ты гэтым займаешся?

– Чым? – здзівілася дзяўчынка.

– Варажу па руцэ, па картах, па зорнаму небу, прадказваю будучыню, здымаю насланнё і сурокі, – скорагаворкай сказаў Міхал.

Бася з незалежным выглядам адвярнулася.

– Ты мне так і не адказала. Даўно ты тут будучыню прадказваеш?

– Нічога я нікому не прадказваю. Проста княгіня часам раіцца са мною.

– А ты і рада старацца!

– Што думаю, тое і кажу!

– Думаеш ці ведаеш дакладна? – хітра прыжмурыўшыся, спытаў юнак.

– А якая ад гэтага шкода?

– Забылася, што стары казаў?

– А што стары казаў? Нічога благога я не раблю. Падумаеш, хочацца кабеце ведаць, што ўсё ў яе жыцці будзе добра. Чаму б і не сцвердзіць гэта?

– Ну, не ведаю, не ведаю, – працягнуў Міхал. – Глядзі, Баська: загаворышся, прабалбочашся, а касцярок не доўга скласці.

– Ды хопіць ужо! – пакрыўдзілася Бася.

– Ну як дзіцянё! – падзяліўся з канём юнак. – Ды годзе, Бася, не злуйся, распавядзі лепш, што ты тут рабіла, пакуль мяне не было.

Дзяўчынка азірнулася на сябра і, убачыўшы, што больш лаяць яе ён не намагаецца, узялася распавядаць, што з ёй адбылося за гэты месяц.

* * *

Працэсія рухалася надта павольна. Коні з цяжкасцю цягнулі агромністыя карэты па размоклым шляху. Колы гразлі ў брудзе ды хлюпоткім снезе.

Міхал і Бася праехалі наперад кавалькады. Дзяўчынцы было страшэнна нязручна сядзець у дамскім сядле, спіна здранцвела і пры кожным руху пачынала жахліва храбусцець. Але Бася была гатовая трываць гэтыя пакуты дзеля магчымасці пабыць з Міхалам сам-насам замест таго, каб трэсціся ў душнай карэце і слухаць бязглуздыя плёткі прыдворных паннаў.

Сябры весела размаўлялі, калі раптам паміж іх канямі ўклініўся Годыеўскі.

– Вось не магу зразумець, Саколіч, ці ты тады дзеўку пажам апранаў, ці ты зараз хлапчука дзяўчынай выстраіў, – здзекліва сказаў паляк.

Бася ад нечаканасці залілася пунсовай фарбай, а Міхал скрозь зубы спытаў:

– Слухай, Годыеўскі, ты што, сваркі са мной шукаеш? Якая табе справа да нас?

Паляк пасміхнуўся.

– Не забывайся, тут Яе Мосць пані княгіня Радзівіл – значным тонам прамовіў юнак.

– А што мне твая княгіня? У мяне адзіная ўладарка – каралева Бона! – адказаў Годыеўскі, а потым, памаўчаўшы, працягнуў: – Усё ж такі, Саколіч, давай разбяромся. Каго ж ты разам з сабой возіш? Не хацеў мне пажа саступіць, дык можа дзеўку саступіш?

Міхал пабарвавеў:

– Ды як ты смееш?!

– Міхалачак, не трэба! – спалохалася Бася.

Лях павярнуў галаву да дзяўчынкі. Раптам ён замахнуўся і выцяў бізуном па крыжы Басінага каня. Той заржаў ад болю і наўгалоп кінуўся наперад. Годыеўскі зарагатаў, а Бася закрычала. Міхал кінуўся наўздагон. Конь нёсся, не разбіраючы шляху. У дзяўчынкі з рук выслізнулі лейцы, яна страціла раўнавагу і, не ўтрымаўшыся, павалілася з каня і засталася ляжаць нерухома. Да Басі падаспелі Міхал і яшчэ некалькі шляхцічаў. Юнак павярнуў Басю на спіну і ўбачыў, што ўвесь яе твар у крыві і брудзе.

– Лекара!!! – закрычаў Міхал. – Хутчэй, лекара!

Адзін са шляхцічаў памчаў за лекарам, і ўжо праз некалькі хвілін Басю неслі ў чыімсьці плашчы.

– Дастаньце пярыну, каб дзяўчынцы было мякчэй ляжаць, нясіце яе да мяне ў карэту! – камандавала княгіня.

– Не-не, – паспяшаўся ўмяшацца лекар. – Яе ні ў якім выпадку нельга класці на нешта мяккае. У паненкі можа быць пашкоджаная спіна.

– Як спіна?! – з трывогай усклікнуў Міхал.

– Вы бачылі, як яна павалілася? – спытаў лекар і пасля таго, як Міхал разгублена кіўнуў, строга дадаў: – Тады не здзіўляйцеся, што ў паненкі могуць быць пашкоджанні! Нясіце яе ў мой воз і кладзіце проста на падлогу! Ці адшукайце нейкія дошкі…

Басю перанеслі ў вазок да лекара, дзе ён яе агледзеў. Міхал стаяў непадалёк і нервова грыз пазногці, утаропіўшыся ў адну кропку. Ніякіх сур’ёзных пашкоджанняў у дзяўчынкі не знайшлі. Але, падаючы з каня, яна дужа выцялася і падрапала твар. Лекар апрацаваў раны і пакуль пакінуў дзяўчынку ў сябе, накрыўшы яе мноствам коўдраў і пледаў, якія княгіня Радзівіл выдала са сваёй паклажы.

Калі Бася апрытомнела, яна не адразу зразумела, дзе знаходзіцца. Перад вачыма ўсё расплывалася.

– Басенька! – пачула дзяўчынка знаёмы голас. – Нарэшце ты ачуняла!

Яна ўсё ж такі здолела сфакусаваць позірк і ўбачыла Міхала, які сядзеў побач і занепакоена глядзеў на яе. Бася ўзгадала, што з ёю адбылося. Яна паспрабавала паварушыцца, але з-за цяжкасці пледаў у яе нічога не атрымалася, дзяўчынка асуджана падумала, што смяротна паранена і вернецца дадому безнадзейнай калекай, калі ўвогуле вернецца.

– Што са мной, Міхалачак? Я нешта зламала? – хрыплым голасам спытала Бася.

– Не, што ты! З табой усё добра. Проста ты павалілася з каня і дужа выцялася. А так усё добра, – упэўніў яе юнак.

«Нішто сабе “добра”, – падумала дзяўчынка. – Нават выдатна!»

– Лекар сказаў, што табе трэба пакуль пабыць тут і ні ў якім выпадку не напружвацца, – паведаміў Міхал.

– А колькі часу я праляжала ў непрытомнасці? – зноў спытала дзяўчынка.

– Ну, хвілін трыццаць, – адказаў Міхал.

– Толькі? – усклікнула Бася.

Яна спадзявалася, што праляжала непрытомная некалькі дзён, і ўжо ўявіла, як усе турбаваліся і як Міхал катаваўся больш за ўсіх і рваў на сабе валасы.

– Хіба ж гэтага мала? Я сабе месца не знаходзіў!

Задаволеная адказам, Бася азірнула свой часовы прытулак і скеміла, што да гэтага часу не даведалася, дзе знаходзіцца.

– Міхалачак, а дзе я?

– Гэта воз лекара. Ён тут усё абсталяваў для цябе, а княгіня выдала, бачыш, колькі коўдраў? Яна пажадала потым наведаць цябе, калі ты ачуешся.

– А гэта абавязкова? – кісла спытала Бася.

– Напэўна. Бачыш, нават княгіня за цябе турбуецца, – адказаў Міхал.

– А што там з Годыеўскім? – з нянавісцю ў голасе пацікавілася дзяўчынка.

– Княгіня надта дужа раззлавалася і адправіла яго, забараніўшы ехаць разам з намі. Ты б чула, як яна на яго крычала, – з захапленнем дадаў юнак.

– Гэта добра, – задаволена кіўнула дзяўчынка. – Цікава, ці доўга нам яшчэ ехаць?

– Я думаю, некалькі тыдняў, – адказаў Міхал.

– Некалькі тыдняў?! – усклікнула Бася.

– Ну Басенька, шлях жа кепскі, і Кракаў далёка.

Бася ўжо была адкрыла рот, каб адказаць Міхалу, што ў яе дома шлях заняў бы значна менш часу, але да вазка падышоў лекар і гучна прамовіў:

– Пане Саколіч, ужо час спыняць візіт да хворай. Вы можаце стаміць яе размовамі. Паненцы зараз неабходны спакой і цішыня!

Бася фыркнула.

– Зараз-зараз, пане лекару, – адклікнуўся юнак, а потым, зноў павярнуўшыся да Басі, сказаў, зрабіўшы незадаволеную грымасу: – Ён такі ўпарты. Я і так ледзь пераканаў яго, каб пусціў мяне да цябе.

Дзяўчынка цяжка ўздыхнула:

– Ну вось, ты зараз пойдзеш, а я тут згіну з нудоты!

– Не журыся, Баська! Я потым паспрабую зноў да цябе прадзерціся. Калі мяне, вядома, лекар пусціць, – сказаў Міхал, скоса зірнуўшы на выйсце з вазка.

– Прашу вас: паспяшайцеся! – зноў пачуўся патрабавальны голас лекара.

– Так, іду! – страчваючы цярплівасць, крыкнуў Міхал. – Ой, ледзь не забыўся! – сказаў ён, вымаючы з-за пазухі вялізны яблык і кавалак пірага. – Гэта табе.

– Дзякуй, Міхалачак! – усміхнулася Бася.

– Ачуньвай! – напрыканцы пажадаў Міхал.

– Бывай!

Юнак махнуў ёй рукой і саскочыў на зямлю. Замест яго ў праёме з’явілася постаць лекара.

– Як вы сябе адчуваеце? – запытаўся ён.

– Добра, – прабурчала дзяўчынка.

– Ну, тады не буду вас турбаваць, – сказаў лекар і пайшоў. Бася засталася ў вазку зусім адна. Яна ўсё ж такі здолела сесці.

Усе косткі балелі. Дзяўчынка роспачна ўздыхнула і, пырскаючы сокам, прагна ўгрызлася ў яблык.

Адваротны бок люстра

Подняться наверх