Читать книгу Адваротны бок люстра - Ксенія Шталенкова - Страница 16
Частка першая
Раздзел 15
ОглавлениеПасля візіту да каралевы Барбары, княгіня паклікала паннаў і паненак да сябе ў пакой. Зося і Ануся, стоячы ў яе за спінаю, складвалі сукню, прымерваючы яе да сябе і ціхенька хіхікаючы; Кшыся збірала ў скрыначку каштоўнасці, а Бася прычэсвала маладой кабеце валасы. Панны са світы сядзелі ў пакоі з рукадзеллем і слухалі княгіню Альжбэту.
– Бедная каралева! Яна стала такая худая і бледная. Нябога зусім расхварэлася апошнім часам, – распавядала княгіня. – І самыя ж лепшыя лекары яе лекуюць, а ўсё роўна асаблівых зменаў няма. Яна выглядае такой стомленай і няшчаснай. Нават з твару змянілася! А яшчэ кажуць, што яна зрабілася капрызнай і надта строгай з усімі. Хто ж будзе вясёлы і ласкавы ў час такой цяжкай хваробы? Ах, як шкада, мой муж столькі сіл і здароўя страціў, каб адбылася каранацыя Барбары, а яна зараз так занядужала.
– Дык што ж, каралева так моцна хварэе? – спыталі панны.
– Ну, Барбара ніколі не вылучалася асаблівым здароўем і часта хварэла, але заўсёды ачуньвала. Спадзяюся, што і зараз усё абыдзецца. Мы будзем маліць Пана Бога аб яе хуткім вылячэнні!
Панны заківалі і дружна перахрысціліся. А княгіня працягвала:
– Мой бедны муж так доўга дамагаўся, каб яна зрабілася каралевай, а зараз усё можа адбыцца не самым лепшым чынам. Але я спадзяюся, што, калі каралева ачуняе, яна падзякуе свайму брату і будзе ўсяляк дапамагаць яму. Кажуць жа, што кароль хоча застацца ў Кракаве. Мабыць, ён прызначыць Мікалая сваім намеснікам на Літве. Ужо я думаю, што каралева не забудзецца на брата і пагутарыць са сваім мужам наконт гэтага. Як жа было б слаўна!
Бася хмурылася, слухаючы княгіню, і, не вытрымаўшы, нягучна сказала:
– Ваша Мосць, баюся, што гэтым спадзяванням наўрад ці наканавана адбыцца.
Княгіня ўзняла на яе здзіўленыя вочы:
– Што ты такое кажаш, дзяўчынка?
Бася схілілася над кабетай і, каб ніхто не пачуў, зашаптала ёй на вуха:
– На вялікае няшчасце, каралева надта цяжка хварэе і не здолее ачуняць. Ваша Мосць, каралеве наканавана хутка памерці.
– Адкуль ты ведаеш? – жанчына была ашаломлена.
– Проста адчуваю, – крыху памаўчаўшы, адказала Бася.
– Ты ведаеш, што, калі б я так моцна цябе не любіла і не давярала, мне б прыйшлося загадаць арыштаваць цябе?
Бася кіўнула і ўзялася далей прычэсваць княгіню.
– Ну а што зробіцца з маім мужам? – не стрымалася ад цікаўнасці кабета.
Бася зноў схілілася над ёй:
– Ён дасягне ўсяго, чаго пажадае. Вось толькі што вялікім князем не зробіцца. Праўда, яму выпадзе дабівацца ўсяго самому. Але і яму, і вашым дзецям, Ваша Мосць, давядзецца ажыццявіць яшчэ шмат слаўных і добрых спраў, якія вельмі доўга будуць памятаць нашчадкі.
Княгіня супакоена ўсміхнулася, але, узгадаўшы пра няшчасце, якое насоўваецца на каралеўскую сям’ю, зноў занепакоена спытала:
– Дык што, каралева ўсё ж такі хутка памрэ?
– Так, Ваша Мосць.
– Толькі ты больш нікому не кажы. Гэта можа быць небяспечна, – перасцерагла кабета Басю.
– Добра.
Дзяўчынка выпрасталася і ўбачыла, што Кшыся са скрыначкай у руках стаіць зусім побач і ўважліва прыслухоўваецца да іх размовы. Заўважыўшы, што Бася пазірае на яе, яна замітусілася і, паставіўшы скрыначку на стол перад княгіняй, хутка адышла ў кут пакоя. Дзяўчынцы засталося толькі зноў здзівіцца незвычайным паводзінам сяброўкі.
* * *
Ужо ішоў Вялікі пост, усе святы скончыліся, і пані княгіня Альжбэта пачала падумваць пра ад’езд. Але вестка пра тое, што здароўе каралевы надта пагоршылася, прымусіла яе затрымацца ў Кракаве яшчэ на нейкі час, каб падтрымаць хворую кабету. З пагаршэннем самаадчування каралевы горад нібы пакінула радасць, яго ахутала журба і сум. На вуліцах зрабілася шэра і змрочна. Усе былі заклапочаныя становішчам маладой каралевы і жадалі ёй найхутчэйшага вылячэння, але ў той жа час шмат хто пускаў розныя чуткі пра хваробу Барбары, кожны лічыў сваім абавязкам выказаць уласныя меркаванні пра прычыны пагаршэння яе здароўя. Нават у рэзідэнцыі Радзівілаў можна было пачуць гэтыя размовы. Хаця пані княгіня Альжбэта найстражэйшым чынам забараніла такога тыпу плёткі ў сваім доме, і слугі, і прыдворныя працягвалі шаптацца ў змрочных калідорах, дзе ніхто не мог іх пачуць.
У адзін з такіх невясёлых дзён Бася, вяртаючыся ў свой пакой і праходзячы міма прыёмнай залы, пачула абураны голас княгіні Альжбэты:
– Ніхто з маіх людзей не здольны на такое злачынства!
Дзверы ў залу былі не зачыненыя, таму дзяўчынка, вырашыўшы даведацца, хто ж так абурыў кабету і пра якое злачынства ідзе гаворка, схавалася за парцьерай.
– Ніводны чалавек з маёй світы не здольны на гэта. Я не збіраюся слухаць вашыя галаслоўныя абвінавачванні.
– Мне вядома, што адна з вашых набліжаных удзельнічала ў змове супраць Яе Мосці пані каралевы Барбары, – пачула Бася знаёмы кплівы голас.
– У якой змове? Пра што вы кажаце?
– Ужо дасканала вядома, што на каралеву Барбару былі наведзеныя злыя чары. І гэта зрабіў нехта з вашай світы.
– А мне вядома, што каралева з самага дзяцінства даволі часта хварэла, таму я ўпэўненая ў тым, што гэта толькі чарговая хвароба, ад якой яна хутка ачуняе.
– Чаму ж тады каралева адчувае такія неверагодныя пакуты, што ніводны лекар не можа знайсці сродак для іх аблягчэння?
Княгіня Альжбэта нічога не адказала.
– Я ведаю, што гэта вашыя людзі, – паўтарыў голас.
– Ды як вы смееце ўзводзіць паклёп на маіх людзей? Як вы ўвогуле адважыліся прыйсці ў гэты дом?
– Гэта не паклёп. Я дакладна ведаю, што адна з вашых паненак неаднойчы непаважліва казала пра Яе Мосць і прадказвала яе хуткую смерць.
– Палова Кракава непаважліва кажа пра каралеву. А іншая палова прадказвае яе хуткую смерць, – парыравала княгіня. – Як я памятаю, «яснавяльможны пан» таксама раней быў лютым ворагам каралевы Барбары. З якой жа гэта нагоды ён раптам пачаў так адчайна бараніць гонар Яе Мосці?
– Мы зараз кажам не пра мяне, – дзёрзка адказаў голас. – Я прашу пані княгіню вярнуцца да першапачатковай тэмы нашае размовы.
– Што вам трэба?
– Адна з вашых паненак абвінавачваецца ў навядзенні чараў на каралеву Барбару!
– Што вы ходзіце кругом і навокал? Мабыць, скажаце нарэшце, каго вы падазраеце?
– Я кажу пра новую паненку ў вашай свіце. Барбара, здаецца. Толькі падумайце, якая іронія – вядзьмарку клічуць гэтак жа, як і яе няшчасную ахвяру, нашую каралеву.
Бася жахнулася: яе абвінавачваюць у вядзьмарстве! Дзяўчынка ўчапілася ў парцьеру і ўся ператварылася ў слых.
– Адкуль жа пан мае такія сведчанні? – пасля кароткай паўзы спытала княгіня Альжбэта.
– Паверце, я маю надзейныя крыніцы, – адказалі ёй. – Я патрабую, каб мне зараз жа выдалі вядзьмарку!
– Вы патрабуеце? Мне здаецца, вы забываецеся, з кім размаўляеце! – фанабэрліва прамовіла кабета.
На імгненне ў зале павісла цішыня.
– Ані, – госць княгіні ўжо пачынаў трымаць сябе абуральна.
– Ды што вы сабе дазваляеце?! – усклікнула княгіня. – Хто дае вам права абвінавачваць? Дзе дакумент? Я жадаю ведаць, ад імя якой асобы вы выступаеце!
– Пакуль я дзейнічаю неафіцыйна. Я прыйшоў як сябра.
– Вы сябе цешыце – наўрад ці вы можаце дазволіць сабе раскошу быць сябрам гэтага дома. Але сцеражыцеся: ворагам тут не даруюць і не забываюцца на іх, – з пагрозай у голасе прамовіла княгіня.
– Мне няма чаго і каго баяцца. Я набліжаны да каралевы Боны і магу дазволіць сабе шмат. Я патрабую, каб…
Але ён не паспеў скончыць. Княгіня гнеўна закрычала:
– Вон!!! Вон з майго дома, ці я загадаю слугам выкінуць вас адсюль!!!
Бася пачула крокі і ўціснулася ў сцяну. З залы, гучна грукнуўшы дзвярыма, выйшаў з перакошаным ад гневу тварам Годыеўскі і накіраваўся да лесвіцы. Бася спалохана праводзіла яго поглядам, адчуваючы, як па спіне прабег халадок. Не раздумваючы, яна кінулася ў залу і ўбачыла, як знясіленая княгіня сядзіць у крэсле, прыкрыўшы вочы рукой. Заўважыўшы дзяўчынку, яна спытала:
– Ты сустрэла яго?
Дзяўчынка падбегла да княгіні і кінулася перад ёю на калені.
– Ваша Мосць, даруйце! Даруйце, я не хацела, я выпадкова пачула вашую размову. Я не падслухоўвала, праўда! Прашу вас, не гневайцеся на мяне, Ваша Мосць! Прабачце мне!
Жанчына пагладзіла Басю па галаве.
– Бедная мая дзяўчынка. Што ж нам зараз з табой рабіць? Бася паглядзела на яе вачыма, поўнымі слёз.
– Табе зараз трэба як мага хутчэй паехаць з горада. Калі Годыеўскі публічна прад’явіць абвінавачванні і пачнецца працэс, цябе загубяць!
– Але я ж не вядзьмарка! – прашаптала дзяўчынка.
– Гэта я ведаю, што ты не вядзьмарка. А тым, хто будзе судзіць цябе, гэта няважна. Калі пайшлі чуткі пра тое, што каралеву зачаравалі, то зараз пачнуць хапаць усіх. Я думаю, што нават калі б мяне нехта пажадаў абвінаваціць у вядзьмарстве супраць Барбары, майму мужу каштавала б шмат намаганняў, каб апраўдаць і вызваліць мяне. А ўратаваць цябе будзе вельмі складана. Я не магу адказваць за тваю бяспеку. Таму трэба як мага хутчэй пакінуць Кракаў, – княгіня цяжка ўздыхнула. – Няўжо нехта шпіёніць у маім доме? Калі б Годыеўскі так дакладна не ўказаў на цябе і не сказаў пра твае прадказанні, я б не паверыла ў сур’ёзнасць яго абвінавачванняў і лёгка магла б аспрэчыць іх. Але ён з такой упэўненасцю казаў пра гэта, нібы яму нехта ўвесь час распавядаў, што ў нас робіцца. Хто ж гэта можа быць? Ніхто са слуг не мог пачуць нашую з табой размову. Дый мае панны таксама… Няўжо нехта з іх мог паведамляць пра ўсё Годыеўскаму? Я не магу паверыць! Ты ўпэўненая, што больш нікому нічога не казала пра каралеву?
Бася пакруціла галавой. Яна нават уявіць не магла, хто мог аказацца такім здраднікам. Хто так не любіць яе? І за што?
– На жаль, зараз не той час, калі можна ўслых казаць усё, што думаеш, – сумна прамовіла кабета. – Падумай добра, мабыць, нехта мог нешта пачуць?
Бася зноў адмоўна пакруціла галавой. Цалкам разгубленая, яна сядзела ў нагах княгіні і намагалася засяродзіцца, каб хаця б нешта ўзгадаць.
– Я ўжо даўно бачыла, што пан Станіслаў точыць зуб. Вось толькі не магу зразумець, на каго – на цябе ці на твайго жаніха. І што яму ад вас патрэбна? – разважала княгіня.
– Пачакайце, Ваша Мосць! – Басю як быццам абухом па галаве стукнулі. – Вы сказалі Станіслаў? Стась… Кшыся!
– Што? – не зразумела кабета.
– У Крысціны ж з’явіўся кавалер. Толькі яна нічога не жадала пра яго казаць. Усё, што мы здолелі ад яе дамагчыся, – гэта імя: Стась. І ўвогуле Кшыся апошнім часам пачала дзіўна трымаць сябе.
Дакладна! Ваша Мосць, яна ж стаяла побач, калі я казала вам пра каралеву Барбару. Напэўна, яе Стась і ёсць Годыеўскі.
Бася нават спалохалася, убачыўшы, як страшэнна змяніўся твар кабеты. Княгіня Альжбэта ўскочыла з крэсла і ў віхуры адзення, што развявалася вакол яе – так шпарка яна рухалася – накіравалася да дзвярэй.
– Кшыську да мяне!!! – княгіня закрычала такім прарэзлівым голасам, што рэха ад яго звонам раздалося па ўсім доме.
Пазіраючы на яе, Бася думала: «Ох, не жадала б я, каб яна на мяне так злавалася!»
Праз хвіліну ў залу ўбегла спалоханая Кшыся. Яна нават не паспела пакланіцца і штосьці сказаць, як княгіня закрычала на яе:
– Ды як ты толькі асмелілася ў маім доме шпіёніць і дакладаць усё, што тут здараецца, нейкаму прайдзісвету? Я ўзяла цябе пад апеку, а ты такая дрэнь няўдзячная!
Дзяўчына ад жаху не магла прамовіць ні слова.
– Што ты распавядала яму?