Читать книгу Прыгоды ўдалага салдата Швейка - Яраслаў Гашак - Страница 1

Прадмова

Оглавление

Вялікая эпоха патрабуе вялікіх людзей. Жывуць на свеце сціплыя, нікому не вядомыя героі, якія не здабылі сабе ні славы Напалеона, ні хоць бы радка ў гісторыі. Але пры ўважлівым аналізе іх слава адсунула б у цень нават славу Аляксандра Македонскага. У наш час на вуліцах Прагі вы можаце напаткаць бедна апранутага чалавека, які і сам не здагадваецца, якое месца ён займае ў гісторыі новай, вялікай эпохі. Ён сціпла ідзе сваёй дарогаю, нікога не турбуючы, і яго не турбуюць журналісты просьбамі аб інтэрв’ю. Калі б вы спыталі, як яго прозвішча, ён адказаў бы проста і сціпла: «Я – Швейк».

I сапраўды, гэты ціхі, сціплы чалавек у паношанай вопратцы і ёсць той стары ўдалы салдат Швейк, мужны герой, імя якога яшчэ за аўстрыйскім часам было на вуснах усіх грамадзян Чэшскага каралеўства і слава якога не згасне і ў рэспубліцы.

Я вельмі люблю ўдалага салдата Швейка і, распавядаючы пра яго прыгоды ў час сусветнай вайны, перакананы, што вы ўсе будзеце сімпатызаваць гэтаму непрызнанаму герою. Ён не падпаліў храма ў Эфесе, як гэта зрабіў шаленец Герастрат для таго, каб трапіць у газеты і школьныя чытанкі.

I гэтага зусім дастаткова.

АЎТАР

Прыгоды ўдалага салдата Швейка

Подняться наверх