Читать книгу Прыгоды ўдалага салдата Швейка - Яраслаў Гашак - Страница 5
Частка І. У тыле
Раздзел IV. Швейка выганяюць з дома вар’ятаў
ОглавлениеКалі пазней Швейк расказваў пра сваё знаходжанне ў доме вар’ятаў, то адзываўся аб ім з незвычайнай пахвалой.
– Дапраўды, не ведаю, чаму гэтыя вар’яты злуюцца, што іх там трымаюць. Там можна поўзаць голым па падлозе, выць як шакал, шалець і кусацца. Калі б хто-небудзь зрабіў тое ж самае дзе-небудзь на вуліцы, дык людзі б дзівіліся, а там гэта самая звычайная рэч. Taм такая вольніца, якая і сацыялістам ніколі не снілася. Там можна выдаваць сябе і за госпада бога, і за панну Марыю, і за рымскага папу, і за англійскага караля, і за пана імператара, і за святога Вацлава*. (Праўда, гэты апошні ўвесь час быў звязаны і ляжаў голы ў адзіночцы.) Яшчэ там быў адзін, што крычаў, быццам ён архіепіскап, але гэты нічога не рабіў, толькі жраў ды яшчэ сеё-тое, што з гэтым звязана, але там ніхто гэтага не саромеецца. А адзін дык выдаваў сябе нават за Кірыла і Мяфодзія, каб атрымліваць двайную порцыю. I яшчэ адзін мужык лічыў сябе цяжарным і запрашаў усіх на хрэсьбіны. Шмат было там шахматыстаў, палітыкаў, рыбаловаў, скаўтаў, калекцыянераў паштовых марак і фатографаў-аматараў. Адзін сядзеў там з-за нейкіх старых гаршкоў, якія ён называў урнамі. Другога трымалі ўвесь час ва ўціхамірвальнай сарочцы, каб не мог вылічыць, калі будзе канец свету. Сышоўся я там і з некалькімі прафесарамі. Адзін з іх усё хадзіў за мною і тлумачыў, піто прарадзіма цыганоў была ў Крканошах*, а другі даводзіў, што ў сярэдзіне зямнога шара ёсць яшчэ адзін шар, нашмат большы, чым знадворны. У вар’ятні кожны мог гаварыць усё, што ў галаве закруціла, якраз як у парламенце. Аднаго разу там узяліся расказваць казкі ды пабіліся, калі занадта блага абышліся з нейкай прынцэсай. Найбольш буяным быў адзін пан, які выдаваў сябе за шаснаццаты том навуковага слоўніка і прасіў, каб яго разгарнулі і знайшлі выраз «пераплётнае шыла», бо іначай яму канец. Супакоіўся ён толькі тады, калі на яго надзелі ўціхамірвальную сарочку. Тады ён пачаў хваліцца, што патрапіў у пераплётны прэс і прасіў зрабіць яму модны абрэз. Увогуле там жылося, як у раі. Можаце сабе галёкаць, раўці, спяваць, плакаць, бляяць, вішчаць, скакаць на адной назе, маліцца, куляцца, поўзаць на карачках, бегаць наўкола, танцаваць, гойсаць, сядзець цэлымі днямі на кукішках і лазіць на сцяну, і ніхто не падыдзе і не скажа: «Гэтак рабіць нельга, гэта непрыстойна, вы павінны саромецца, вы ж культурны чалавек». Але, праўду сказаць, там былі толькі ціха звар’яцелыя. Паўтараю, надта добра там было, і тыя некалькі дзён, што я правёў у вар’ятні, былі найлепшымі днямі майго жыцця.
I сапраўды, нават сам прыём, які аказалі Швейку ў вар’ятні, калі яго прывезлі на абследаванне з крымінальнага суда, пераўзышоў усе чаканні. Напачатку яго распранулі дагала, потым далі халат і павялі купацца, па-сяброўску падхапіўшы падпашкі, прычым адзін з санітараў забаўляў яго яўрэйскімі анекдотамі. У купальні яго апусцілі ў ванну з цёплай вадой, затым выцягнулі адтуль і паставілі пад халодны душ. Гэта паўтарылі з ім тройчы, потым спыталі, як яму гэта спадабалася. Швейк адказаў, што гэта лепей, чым у лазнях каля Карлава моста і што ён надта любіць купацца.
– Калі вы яшчэ астрыжаце мне ногці і валасы, то не ведаю, чаго мне будзе не хапаць для поўнага шчасця, – дадаў ён, міла ўсміхаючыся.
Яго жаданне было выканана. Затым Швейка грунтоўна расцерлі губкай, захінулі ў прасцірадла і аднеслі ў першае аддзяленне на ложак, дзе яго ўклалі, прыкрылі коўдрай і папрасілі заснуць.
Швейк яшчэ і зараз успамінае гэты час з любасцю:
– Уявіце сабе, мяне неслі, неслі да самага ложка, і ў гэтыя хвіліны я быў на вяршыні шчасця.
На пасцелі Швейк заснуў сном праведніка. Потым яго пабудзілі і прапанавалі кубак малака і булачку. Булачка была загадзя разрэзана на маленькія кавалачкі, і пакуль адзін з санітараў трымаў Швейка за абедзве рукі, другі макаў лустачкі булкі ў малако і карміў яго накшталт таго, як кормяць клёцкамі гусей.
Потым Швейка ўзялі падпашкі і адвялі ў прыбіральню, дзе папрасілі выканаць малую і вялікую фізіялагічныя патрэбы.
Пра гэтую цудоўную хвіліну Швейк расказвае з захапленнем. Мы не адважваемся паўтарыць яго аповед пра тое, што з ім потым рабілі. Прывядзём толькі адно яго выказванне: «Адзін з іх трымаў мяне пры гэтым на руках».
Затым яго прывялі назад, паклалі ў пасцель і зноў папрасілі заснуць. Праз некаторы час яго пабудзілі і адвялі ў кабінет для абследавання, дзе Швейк, стоячы зусім голы перад двума лекарамі, прыгадаў слаўныя часы прызыву ў войска, і мімаволі з яго вуснаў сарвалася:
– Tauglich!
– Што вы сказалі? – спытаў адзін з лекараў. – Зрабіце пяць крокаў наперад і пяць назад.
Швейк зрабіў дзесяць.
– Я ж вам сказаў, – заўважыў лекар, – каб вы зрабілі пяць.
– Мне колькі тых лішніх крокаў зрабіць не шкада, – сказаў Швейк.
Пасля гэтага лекары папрасілі, каб Швейк сеў у крэсла, а адзін з іх некалькі разоў стукнуў яго па калене, штосьці сказаў другому, што рэфлексы зусім нармальныя, але той пакруціў галавой і пачаў сам кляпаць Швейка па калене, у той час як першы падымаў Швейку павекі і аглядаў яго зрэнкі. Потым яны адышліся да стала і перакінуліся некалькімі лацінскімі выразамі.
– Слухайце, вы ўмееце спяваць? – спытаў адзін. – Ці не маглі б вы нам заспяваць якую-небудзь песню?
– З задавальненнем, – адказаў Швейк, – хаця ў мяне няма ні голасу, ні музыкальнага слыху, але дзеля вас паспрабую, калі вам захацелася пазабаўляцца.
I Швейк завёў:
Што, манашак малады,
Галаву схіляеш,
Дзве гарачыя слязы
Ты на дол раняеш?
– Далей не памятаю, – працягваў Швейк, – калі хочаце, дык заспяваю:
Тугою спавіты і сэрцам разбіты,
Аглядваю пройдзены шлях.
Я ціха сяджу, удалеч гляджу
I сэрцам імкнуся ў прасцяг.
– А далей таксама не ведаю, – уздыхнуў Швейк. – Ведаю яшчэ першы куплет з «Дзе радзіма мая?»* і потым «Віндышгрэц* і іншыя паны генералы з узыходам сонца бітву пачыналі» ды яшчэ некалькі простанародных песень накшталт «Божа, беражы імператара»*, «Ішлі мы проста ў Ярамер»* і «Дастойна ёсць…»
Абодва лекары пераглянуліся, і адзін з іх задаў Швейку пытанне:
– Ці даследавалі ўжо калі-небудзь раней ваш псіхічны стан?
– У войску, – урачыста, з гонарам адказаў Швейк. – Паны вайсковыя лекары прызналі мяне хранічным ідыётам.
– Мне здаецца, вы сімулянт! – раскрычаўся раптам на Швейка другі лекар.
– Зусім не сімулянт, панове! – абараняўся Швейк. – Я самы сапраўдны балбес, можаце даведацца ў канцылярыі Дзевяноста першага палка ў Чэшскіх Будзеёвіцах альбо ва Управе запасных у Карліне.
Старшы лекар безнадзейна махнуў рукой і, паказваючы на Швейка, сказаў санітарам:
– Вярніце гэтаму чалавек яго вопратку і перадайце яго ў трэцяе аддзяленне на першы калідор. Потым адзін з вас няхай вернецца і аднясе ўсе дакументы на яго ў канцылярыю. Ды скажыце там, каб вырашалі хутчэй, каб ён доўга на карку ў нас не сядзеў.
Лекары яшчэ раз кінулі пагардлівы позірк на Швейка, які, ветліва кланяючыся, пачціва адступаў да дзвярэй. На пытанне аднаго з санітараў, што ён тут дурня строіць, Швейк адказаў:
– Я ж не апрануты, зусім голы, дык і не хачу паказваць панам тое, што прымусіла б іх думаць, быццам я грубіян або нахабнік.
З той хвіліны, як санітары атрымалі загад вярнуць Швейку яго адзенне, яны ўжо не звярталі на яго ніякай увагі, загадалі яму апрануцца, і адзін з іх адвёў яго ў трэцяе аддзяленне. Там Швейка пратрымалі некалькі дзён, і пакуль канцылярыя афармляла яго выпіску з вар’яцкага дома, ён меў магчымасць праводзіць свае назіранні. Расчараваныя лекары далі яму такое вызначэнне: «Прыдуркаваты сімулянт».
З той прычыны, што Швейка выпісалі з бальніцы перад абедам, не абышлося без малой звадкі. Швейк заявіў, што ўжо калі яго выкідваюць з вар’ятні, то не маюць права пазбаўляць абеду.
Канец звадцы паклаў выкліканы брамнікам паліцэйскі, які адвёў Швейка ў паліцэйскі камісарыят на Салмавай вуліцы.