Читать книгу Прыгоды ўдалага салдата Швейка - Яраслаў Гашак - Страница 11

Частка І. У тыле
Раздзел X. Швейк дзеншчыком у фельдкурата
I

Оглавление

Далей Швейкава адысея працягваецца пад ганаровым эскортам двух салдат, узброеных вінтоўкамі з прымкнутымі штыкамі. Яны яго павінны былі даставіць да фельдкурата.

Яго канваіры ўзаемна дапаўнялі адзін аднаго: калі адзін з іх быў цыбаты, то другі – невысокі таўстун. Бамбіза кульгаў на правую нагу, малы салдат – на левую. Абодва служылі ў тыле, бо яшчэ да вайны былі падчыстую вызвалены ад вайсковай службы. З сур’ёзным выглядам яны ступалі па бруку, зрэдчасу спадылба зіркаючы на Швейка, які крочыў пасярод і казыраў каму папала. Яго цывільнае адзенне згубілася на складзе гарнізоннай турмы разам з вайсковай фуражкай, у якой ён ішоў на прызыў. Перш чым яго выпусціць, яму выдалі стары мундзір, які раней належаў нейкаму пузану, на галаву вышэйшаму за Швейка. У штаны, якія былі на ім, улезла б яшчэ тры Швейкі. Бясконцыя фалды ад ног аж да грудзей – а штаны сягалі аж да шыі – мімаволі прыцягвалі ўвагу разявак. Вялізная брудная і зашмальцаваная гімнасцёрка з латкамі на локцях калацілася на Швейку, як каптан на агародным пудзіле. Штаны віселі, як у клоуна ў цырку. Вайсковая фуражка, якую яму таксама падмянілі ў гарнізоннай турме, спаўзала на вушы.

На рогат разявак Швейк адказваў мяккай усмешкай і цёплым ласкавым поглядам сваіх добрых вачэй.

Такім парадкам і падыходзілі яны да Карліна, дзе жыў фельдкурат. Першы прамовіў да Швейка малы таўстун.

– Адкуль ты? – спытаў ён.

– З Прагі.

– А не ўцячэш ад нас?

У размову ўмяшаўся бамбіза. Надта цікавая з’ява: калі малыя таўстуны бываюць па большай частцы дабрадушнымі аптымістамі, то цыбатыя і падгалістыя, наадварот, пераважна скептыкі. Таму цыбаты і сказаў малому:

– Каб мог, то ўцёк бы!

– А на якое ліха яму ўцякаць? – азваўся малы таўстун. – Ён і так на волі, не ў гарнізоннай турме. Во нясу тут, у пакеце.

– А што там, у тым пакеце для фельдкурата? – спытаў бамбіза.

– Не ведаю.

– Вось бачыш, не ведаеш, а гаворыш.

Карлаў мост прайшлі ў поўным маўчанні. А на Карлавай вуліцы малы таўстун зноў загаварыў са Швейкам.

– Не ведаеш, навошта мы цябе вядзём да фельдкурата?

– На споведзь, – нядбайна адказаў Швейк. – Заўтра мяне будуць вешаць. Так заўсёды робіцца. Як гаворыцца, для заспакаення душы.

– А за што цябе будуць…гэтак? – асцярожна спытаў бамбіза, між тым як таўстун спачувальна зірнуў на Швейка.

Абодва салдаты былі рамеснікамі з вёскі, у абодвух былі сем’і.

– Не ведаю, – дабрадушна ўсміхаючыся, адказаў Швейк. – Я нічога не ведаю. Відаць, доля такая.

– Напэўна, ты нарадзіўся пад нешчасліваю зоркай, – тонам знаўцы, са спачуваннем заўважыў малы. – У нас, у вёсцы Ясеннай пад Ёзафавам, яшчэ за прускай вайной таксама вось так павесілі аднаго. Прыйшлі па яго, нічога не сказалі і ў Ёзафаве павесілі.

– Я думаю, – скептычна зазначыў цыбаты, – што так, без дай прычыны, чалавека не вешаюць, заўсёды павінна быць нейкая прычына.

– У мірны час, – сказаў Швейк, – дык падставы знаходзяцца, а ў вайну адзін чалавек не значыць нічога. Ці ён мусіць загінуць на фронце, ці будзе павешаны дома… Ці савою аб пень, ці пнём аб саву…

– Слухай, а ты ці не палітычны які? – спытаў бамбіза. У тоне яго запытання адчувалася, што ён пачынае спачуваць Швейку.

– Палітычны, аж занадта, – усміхнуўся Швейк.

– Можа, ты нацыянальны сацыяліст?

Але цяпер ужо малы таўстун зрабіўся асцярожны і ўмяшаўся ў размову.

– А што нам да таго? – сказаў ён. – Вунь зірні – усюды процьма людзей і ўсе прыглядаюцца да нас. Хоць бы нам дзе-небудзь у падваротні зняць штыкі, каб не так кідацца ў вочы. Ты ад нас не ўцячэш? А то ў нас будуць непрыемнасці. Я праўду кажу, Тонік? – звярнуўся ён да бамбізы.

Той ціха адказаў:

– Штыкі можна і зняць. Усё ж гэта наш чалавек. – Ён адолеў у сабе скепсіс, і душа яго цяпер поўнілася спачуваннем да Швейка. Яны нагледзелі прыдатную браму, знялі там штыкі, і таўстун дазволіў Швейку ісці побач з ім.

– Закурыў бы, га? – спытаў ён. – Хто ведае… Ён хацеў сказаць: «Хто ведае, ці даюць закурыць перад тым як павесіць», але не дакончыў фразы, адчуваючы, што гэта было б нетактоўна.

Усе закурылі, і канваіры Швейка пачалі распавядаць яму пра свае сем’і, што жылі пад Кралавеградцам, пра жонак, дзяцей, пра лапік палетка, пра адзіную карову…

– Піць хочацца, – сказаў Швейк. Цыбаты з малым пераглянуліся.

– На адзін келіх мы, бадай, таксама зайшлі б, – сказаў малы, прадчуваючы згоду цыбатага, – але куды-небудзь так, каб не вельмі кідацца ў вочы.

– Давайце зойдзем у «Куклік», – прапанаваў Швейк, – там вы свае стрэльбы можаце пакінуць на кухні, карчмар там Серабона, сокал*, яго можна не баяцца. Там іграюць на скрыпцы і на гармоніку. Заходзяць туды шлюхі і іншая прыстойная грамада, якую не пускаюць у «рэпрэзенцяк»*.

Цыбаты з малым яшчэ раз пераглянуліся, і бамбіза пагадзіўся:

– Давайце зойдзем, да Карліва яшчэ далёка. Па дарозе Швейк расказваў ім розныя анекдоты, і ў добрым настроі яны ўвайшлі ў «Куклік» і зрабілі так, як раіў Швейк. Вінтоўкі схавалі на кухні і пайшлі ў агульную залу, дзе скрыпка з гармонікам напаўнялі памяшканне гукамі ўлюбёнай песні: «На Панкрацы, на гары гожыя прысады».

Нейкая паненка сядзела на каленях у зморанага дзецюка з гладка зачэсаным праборам і спявала сіпатым голасам: «Сватаў, сватаў я дзяўчыну, а гуляе з ёй другі».

За адным сталом спаў п’яны сардыншчык. Час ад часу ён прачынаўся, біў кулаком па стале і, прамармытаўшы «Не ўдасца!», зноў засынаў. За більярдам пад люстрам сядзелі тры дзеўкі і пакрыквалі нейкаму чыгуначнаму кандуктару:

– Малады чалавек, пачастуйце нас вермутам! Каля музыкаў двое спрачаліся за нейкую Маржанку, якую ўчора схапіў патруль. Адзін гэта бачыў на ўласныя вочы, а другі запэўніваў, што яна, быццам, пайшла спаць з нейкім салдатам у гатэль «Вальшы».

Каля самых дзвярэй у акружэнні цывільных сядзеў салдат і расказваў, як яго параніла ў Сербіі. Адна рука ў яго была перавязана, а кішэні набіты сігарэтамі, якія ён атрымаў ад сабутэльнікаў. Ён прасіўся, кляўся, што не можа больш піць, а адзін з кампаніі, пляшывы старычына, панукаў:

– Ды выпіце, салдацік, хто ведае, ці сыдземся яшчэ калі? Загадаць, каб вам сыгралі што-небудзь? Вы любіце «Сірацінку»?

Гэта была любімая песня лысага дзядка, і сапраўды праз хвіліну скрыпка і гармонік завылі «Сірацінку». У Дзядулі на вачах выступілі слёзы, і ён завёў дрыготкім голасам:

A як большай стала,

Пра маму пытала,

Пра маму пытала…


З-за другога стала пачулася:

– Ды хопіць ужо! К чорту ў балота! Пайшлі вы з вашай «Сірацінкай»… I ў якасці апошняга сродка непрыяцельскі стол грымнуў:

Разлука, ах, разлука,

Для сэрца злая мука.


– Франта, – паклікалі адтуль параненага салдата, калі, заглушыўшы «Сірацінку», праспявалі «Разлуку» да канца. – Франта, кінь ты іх, ідзі да нас. Плюнь на ix і давай сюды сігарэты. Кінь забаўляць гэтых дурняў!

Швейк і яго канваіры з цікавасцю назіралі за тым, што адбывалася навакол. Швейк, які часта бываў тут да вайны, успамінаў, як сюды прыходзіў з аблавай камісар Драшнер і як яго баяліся прастытуткі, якія склалі пра яго песеньку і аднойчы заспявалі яе хорам:

Як з-за пана Драшнера

Паніка ўзнялася,

A п’яная Маржанка

Яго не зляклася…


У гэты момант увайшоў Драшнер, страшны і няўмольны. Сітуацыя нагадвала паляванне на курапатак: паліцэйскія сагналі ўсіх у кучу. I ён, Швейк, таксама апынуўся ў гэтай кучы, бо на сваю бяду, калі камісар Драшнер запатрабаваў у яго пасведчанне асобы, спытаў: «A ці ёсць у вас ва гэта дазвол паліцэйскай управы?» Потым Швейк успомніў яшчэ пра аднаго паэта, які часцяком сядзеў вунь там, пад люстрам, і сярод гармідару і спеваў, пад гукі гармоні складаў вершыкі і тут жа чытаў іх прастытуткам.

У канваіраў Швейка ніякіх успамінаў падобнага роду яе было. Усё для іх было новым. Ім тут пачынала падабацца. Першы адчуў сябе тут прывольна малы таўстун, бо таўстуны, апрача свайго аптымізму, маюць яшчэ вялікую схільнасць да эпікурэйства. Бамбіза з хвіліну яшчэ змагаўся сам з сабой, але, страціўшы свой скептыцызм, мала-памалу пачаў траціць і стрыманасць і рэшткі разважнасці.

– А зараз я патанцую, – сказаў ён пасля пятага куфля піва, убачыўшы, як пары танцуюць шлапака*.

Малы цалкам аддаўся радасцям жыцця. Каля яго сядзела нейкая паненка і сыпала непрыстойнасцямі, а ў яго аж вочы разгараліся.

Швейк піў. Цыбаты, кончыўшы танцаваць, вярнуўся са сваёй партнёршай да стала. Потым канвойныя спявалі, танцавалі, безупынку пілі, паляпваючы па плячу сваіх кампаньёнак. I ў гэтай атмасферы прадажнага кахання, нікаціну і алкаголю нябачна лунаў дэвіз: «Пасля нас хоць патоп».

Пасля абеду да іх падсеў нейкі салдат і прапанаваў зрабіць за пяць крон флегмону і заражэнне крыві. Бамбіза, які ўжо страціў усялякую душэўную раўнавагу, пайшоў з салдатам у прыбіральню упырскваць сабе пад скуру ў нагу газу.

Калі пачало змяркацца, Швейк унёс прапанову скіравацца ў дарогу да фельдкурата. Але малы таўстун, у якога язык пачаў заплятацца, спакусіў Швейка застацца яшчэ. Бамбіза быў таксама той думкі, што фельдкурат можа пачакаць. Аднак Швейку ў «Кукліку» ўжо абрыдла, і ён прыгразіў, што пойдзе адзін.

Пайсці пайшлі, але Швейку давялося паабяцаць, што яны зойдуць яшчэ куды-небудзь. Спыніліся яны за «Фларэнцыяй» у маленькай кавярні, дзе таўстун прадаў свой сярэбраны гадзіннік, каб яны маглі яшчэ павесяліцца.

Адтуль сваіх канваіраў вёў ужо Швейк пад рукі. Гэта была нялёгкая праца: ногі ў іх увесь час падкошваліся, і іх бесперастанку цягнула яшчэ куды-небудзь зайсці. Малы таўстун ледзьве не згубіў пакет, адрасаваны фельдкурату, і Швейк быў вымушаны несці пакет сам. Кожны раз, калі насустрач ім ішоў афіцэр або нейкі унтэр-, Швейк павінен быў іх папярэджваць. Звышчалавечымі намаганнямі яму ўдалося дацягнуць іх да Кралаўскай вуліцы, дзе жыў фельдкурат. Швейк сам прымкнуў да вінтовак штыкі і штуршкамі пад рэбры прымусіў сваіх канваіраў, каб яны вялі яго, а не ён іх.

На другім паверсе, дзе на дзвярах была візітная картка «Ота Кац, фельдкурат», дзверы ім адчыніў нейкі салдат. З пакоя чутны былі галасы, звон бутэлек і шклянак.

– Wir… melden… gehorsam… Herr… Feldkurat, – ледзьве вымавіў бамбіза, аддаючы чэсць салдату, – ein… Paket… und ein Mann gebracht…

– Улазьце, – сказаў салдат. – Дзе гэта вы так набраліся? Пан фельдкурат таксама… – салдат сплюнуў.

Салдат адышоў з пакетам, яго доўга чакалі, пакуль нарэшце не адчыніліся дзверы і ў пярэдні пакой не ўвайшоў, а ўляцеў федьдкурат. Ён быў у камізэльцы, і ў руцэ трымаў сігару.

– Дык вы ўжо тут, – сказаў ён, звяртаючыся да Швейка. – А, гэта вас прывялі. Э… ці няма ў вас запалак?

– Асмелюся далажыць, пан фельдкурат, няма, – адказаў Швейк.

– Э… а чаму ў вас няма запалак? У кожнага салдата павінны быць запалкі, каб ён мог закурыць. Салдат, які не мае запалак, з’яўляецца… Што з’яўляецца?

– Асмелюся далажыць, з’яўляецца без запалак, – падказаў Швейк.

– Абсалютна правільна, з’яўляецца без запалак і не можа даць нікому прыкурыць. Гэта па-першае. А цяпер па-другое. Ногі ў вас не смярдзяць?

– Асмелюся далажыць, не смярдзяць.

– Дык гэта было па-другое. А цяпер па-трэцяе. Гарэлку п’яце?

– Асмелюся далажыць, гарэлкі не п’ю, толькі ром.

– Добра! Вы паглядзіце на гэтага салдата. Я пазычыў яго на сённяшні дзень у обер-лейтэнанта Фельдгубера, гэта яго дзяншчык. Ён нічога не п’е, бачыце, непі… непітушчы, а таму пойдзе на фронт з маршавай ротай. Бо… бо такога чалавека мне не трэба. Гэта не дзяншчык, а карова. Тая таксама п’е адну ваду і рыкае, як бык.

Тут фельдкурат звярнуў сваю ўвагу на салдат, якія прывялі Швейка і, нягледзячы на ўсе старанні стаяць роўна, хісталіся, марна спрабуючы абаперціся на свае вінтоўкі.

– Вы п… п’яныя, – сказаў фельдкурат. – Вы напіліся на службе і за гэта я з…загадаю пасадзіць вас. Швейк, адбярыце ў іх вінтоўкі, адвядзіце на кухню і будзеце іх сцерагчы, пакуль не прыйдзе патруль, каб іх адвесці. Я зараз па… пазваню ў казармы.

Такім чынам, словы Напалеона «На вайне сітуацыя мяняецца з кожным імгненнем» знайшлі і тут сваё поўнае пацвярджэнне. Раніцай канваіры вялі пад штыкамі Швейка і баяліся, каб ён ад іх не ўцёк, а пад вечар не яны Швейка, а ён іх прывёў да месца прызначэння і ўрэшце Швейку ж давялося іх сцерагчы. Спачатку яны не расшалопалі, як павернуцца справы, але калі, седзячы на кухні, убачылі, што ў дзвярах стаіць Швейк з вінтоўкай і прымкнутым штыком, зразумелі ўсё.

– Я б чаго-небудзь выпіў, – уздыхнуў малы аптыміст.

A бамбізу зноў ахапіў прыступ скептыцызму. Ён заявіў, што ўсё гэта – нізкая здрада, і пачаў голасна абвінавачваць Швейка ў тым, што гэта ён давёў іх да такога становішча. Ён дакараў яго, успамінаючы, як Швейк ім абяцаў, што заўтра яго павесяць, а цяпер выходзіць, што і споведзь, і павешанне – адно ашуканства.

Швейк моўчкі праходжваўся каля дзвярэй.

– Якія аслы мы былі! – крычаў цыбаты. Нарэшце, выслухаўшы ўсе абвінавачванні, Швейк сказаў:

– Цяпер вы, прынамсі, бачыце, што вайсковая служба – не мёд. Я толькі выконваю свой абавязак. Я ўліп у гэтую гісторыю выпадкова, як і вы, але, як гаворыцца, мне ўсміхнулася шчасце.

– Я б чаго-небудзь выпіў! – у адчаі паўтараў аптыміст.

Бамбіза ўстаў і няцвёрдым крокам падышоў да дзвярэй.

– Пусці нас дамоў, – сказаў ён Швейку. – Не дурыся, калега.

– Адыдзі ад мяне! – адказаў Швейк. – Я вас павінен вартаваць. Цяпер мы незнаёмыя.

У дзвярах аб’явіўся фельдкурат.

– Я… я ніяк не магу дазваніцца ў гэтыя самыя казармы. Так што ідзіце дамоў і па… памятайце ў мяне, што на службе жлукціць нельга! Марш адсюль!

На гонар пану фельдкурату хай будзе сказана, што ў казармы, ён не тэлефанаваў, бо тэлефона ў яго не было, ён проста гаварыў у падстаўку для электрычнай лямпачкі.

Прыгоды ўдалага салдата Швейка

Подняться наверх