Читать книгу Прыгоды ўдалага салдата Швейка - Яраслаў Гашак - Страница 18

Частка І. У тыле
Рaздзел XIV. Швейк дзеншчыком у надпаручыка Лукаша

Оглавление

I

Швейкава шчасце трывала нядоўга. Бязлітасны лёс перапыніў прыяцельскія адносіны паміж ім і фельдкуратам. Калі да апошняга часу фельдкурат быў асобай сімпатычнай, то сённяшнія яго паводзіны раскрылі яго сапраўднае аблічча.

Фельдкурат прадаў Швейка надпаручніку Лукашу ці, дакладней кажучы, прайграў яго ў карты. Так раней на Русі прадавалі прыгонных.

Адбылося гэта зусім неспадзявана. У надпаручніка Лукаша сабралася аднойчы блізкая грамада. Гулялі ў «дваццаць адно». Фельдкурат усё прайграў і напрыканцы заявіў:

– Колькі мне пазычыце пад майго дзеншчыка? Страшэнны балбес, але фігура цікавая, нешта non plus ultra. Упэўнены, што такога дзеншчыка яшчэ ні ў кога з вас не было.

– Mary пазычыць табе сто крон, – прапанаваў надпаручнік Лукаш. – Калі паслязаўтра ты іх мне не аддасі, то пашлеш мне гэтую надзвычайную рэдкасць. Мой паслугач – агідны тып: усё ўздыхае, піша лісты дадому і прытым крадзе ўсё, на што вокам кіне. Я ўжо яго і біў – бескарысна. Кожны раз, як толькі яго сустрэну, даю аплявуху, усё роўна не дапамагае. Ужо два пярэдніх зубы выбіў – хлапец не выпраўляецца.

– Згода, – легкадумна пагадзіўся фельдкурат. – Паслязаўтра будзеш мець альбо сто крон, альбо Швейка.

Ён прайграў і гэтыя сто крон і сумны паплёўся дадому. Фельдкурат добра ведаў і ніколькі не сумняваўся, што да паслязаўтра ён нідзе сотню крон не дабудзе і што, кажучы праўду, ён гнюсна і разам з тым дзешава прадаў. Швейка.

«Мог жа я запрасіць за яго і дзвесце крон», – дакараў ён сам сябе. А, сядаючы ў трамвай, які праз некалькі хвілін павінен быў давезці яго дадому, адчуваў папрокі сумлення і нават прыліў сентыментальнасці.

«Усё ж непрыгожа абышоўся я з Швейкам, – думаў ён, звонячы ў дзверы сваёй кватэры. – Як я цяпер зазірну ў яго неразумныя добрыя вочы?»

– Мілы Швейк, – сказаў ён, уваходзячы ў пакой, – сёння здарылася нешта незвычайнае. Мне вельмі не пашанцавала ў картах. Я прасадзіў усе грошы…

Ён запнуўся.

– …і нарэшце прайграў вас. Я пазычыў пад вас сто крон, і калі да паслязаўтра іх не аддам, то вы будзеце належаць не мне, а надпаручніку Лукашу. Мне, сапраўды, вельмі шкада…

– Сто крон у мяне ёсць, – сказаў Швейк, – магу вам пазычыць.

– Давайце іх сюды, – ажыў фельдкурат. – Я іх тут жа аднясу Лукашу. Я, дапраўды, не хацеў бы з вамі расстацца.

Лукаш быў надта здзіўлены, убачыўшы зноў у сябе фельдкурата.

– Іду сплаціць доўг, – заявіў фельдкурат, пераможна азіраючы прысутных. – А дайце і мне карту.

– Ану, – прамовіў ён, калі падышла яго чарга. – Гоп! Перабраў усяго адно ачко, – дадаў ён. – Ну што ж, гуляць дык гуляць. – Сказаў ён напачатку другога раунда. – Мне! Хопіць.

– Дваццаць, – аб’явіў банкаўшчык.

– А ў мяне дзевятнаццаць, – ціха вымавіў фельдкурат, аддаючы банкаўшчыку апошнія сорак крон з сотні, якую пазычыў яму Швейк, каб выкупіцца з новага прыгону.

Вяртаючыся дадому, фельдкурат прыйшоў да пераканання, што ўсё скончана, што Швейка нішто не можа ўратаваць і што яму вызначана лёсам служыць у надпаручніка Лукаша.

I калі Швейк адчыніў яму дзверы, сказаў:

– Усё дарэмна, Швейк. Супраць лёсу не папрэш. Я прайграў і вас, і вашы сто крон. Я зрабіў усё, што ў маіх сілах, аднак лёс быў мацнейшы за мяне. Ён кінуў вас у лапы надпаручніка Лукаша. I надыдзе час, калі мы вымушаны будзем расстацца…

Швейк пайшоў гатаваць грог. Бліжэй да ночы фельдкурат, якога Швейк ледзьве давалок да ложка, ударыўся ў слёзы і загаласіў:

– Прадаў я цябе, дружа, ганебна прадаў. Пракляні мяне, стукні – так мне і трэба! Аддаў я цябе на волю лёсу. Не магу я табе ў вочы глядзець. Кусай мяне, раздзяры, зніштажай! Я не заслужыў лепшага. Ведаеш, хто я?

I фельдкурат, уткнуўшы заплаканы твар у падушку, ціхім, пяшчотным голасам вымавіў:

– Я бесхарактарны нягоднік, – і заснуў, нібыта на дно пайшоў.

На другі дзень фельдкурат, пазбягаючы погляду Швейка, на золку выйшаў з дому і вярнуўся толькі ўначы з нейкім тоўстым пехацінцам.

– Швейк, – сказаў ён, па-ранейшаму не гледзячы на Швейка, – пакажыце яму, дзе што ляжыць, каб ён арыентаваўся, і навучыце яго варыць грог. Ранкам з’явіцеся да надпаручніка Лукаша.

Швейк з новым дзеншчыком прыемна правялі ноч за прыгатаваннем грогу. Пад раніцу тоўсты пехацінец ледзьве стаяў на нагах і мармытаў нейкую дзіўную сумесь з розных народных песень: «Каля Ходава бруіцца вадзічка, налівае там піва мая маладзічка… Гара, гара высокая, дзяўчаты ішлі дарогаю… На Белай гарэ мужычок арэ…»

– За цябе я не баюся, – сказаў Швейк. – З такімі талентамі ты ў фельдкурата затрымаешся надоўга.

Вось так і выйшла, што ў тую раніцу надпаручнік Лукаш упершыню ўбачыў сумленныя, шчырыя вочы ўдалага салдата Швейка, які адрапартаваў:

– Маю гонар далажыць, пан обер-лейтэнант, – я – той самы Швейк, якога пан фельдкурат прайграў у карты.

II

Інстытут дзеншчыкоў мае надта старадаўняе паходжанне. Быццам бы яшчэ ў Аляксандра Македонскага быў свой дзяншчык. Але дакладна вядома, што ў эпоху феадалізму ў гэтай ролі выступалі збраяносцы рыцараў. Кім, напрыклад, быў Санча Панса для Дон Кіхота? Дзіўна, што да гэтага часу ніхто не напісаў гісторыю дзеншчыкоў. Мы б там прачыталі, што альмавірскі герцаг у час аблогі Таледа з галадухі з’еў свайго дзеншчыка нават без солі, пра што герцаг сам піша ў сваіх успамінах, паведамляючы, што мяса яго служкі было далікатнае, мяккае і сакавітае і на смак нагадвала нешта сярэдняе паміж курацінай і асляцінай.

У старой швабскай кнізе пра ваеннае майстэрства мы, паміж іншым, знаходзім парады дзеншчыкам. Старадаўні дзяншчык мусіў быць сумленны, набожны, дабрадзейяы, праўдзівы, сціплы, адважны, працавіты – карацей кажучы, узор чалавека. Наша эпоха шмат што змяніла ў характары гэтага тыпу. Сучасны дзяншчык звычайяа і не набожны, і не дабрадзейны, і не праўдзівы. Ён хлусіць, абдурвае свайго гаспадара і вельмі часта ператварае жыццё свайго начальніка ў сапраўднае пекла. Гэта ліслівы раб, які выдумляе самыя вераломныя фокусы, каб спаскудзіць жыццё свайму пану.

Сярод новага пакалення дзеншчыкоў ужо не знойдзеш такіх самаахвярных істот, якія дазвалялі б сваім панам з’есці сябе без солі, як гэта зрабіў шляхетны Фернанда, дзяншчык альмавірскага герцага. З другога боку, мы бачым, што камандзіры, змагаючыся не на жыццё, а на смерць са сваімі сучаснымі служкамі, ужываюць самыя розныя сродкі, каб утрымаць свой аўтарытэт. Часам справы даходзяць да своеасаблівага тэрору. У 1912 годзе ў Грацы праходзіў працэс, на якім выдатную ролю адыгрываў адзін капітан, які збіў да смерці свайго дзеншчыка. Капітан тады быў апраўданы, бо зрабіў гэта толькі два разы. На думку тых паноў, жыццё дзеншчыка не мела ніякай цаны. Дзяншчык – гэта толькі прадмет, часта нешта накшталт пудзіла для аплявух, раб, прыслужнік, папіхач. Не дзіўна, што такое становішча прымушае раба быць выкрутлівым і ліслівым. Яго пакуты на нашай планеце можна параўнаць толькі з перажываннямі хлопчыкаў-памочнікаў афіцыянтаў у рэстаранах у даўнія часы; у іх пачуццё добрасумленнасці выхоўвалі кухталямі ды выспяткамі.

Аднак бываюць і такія выпадкі, калі дзяншчык узвышаецца да ролі любімчыка і свайго начальніка, тады ён робіцца страшылішчам роты, а то і батальёна.

Усе унтэры стараюцца яго падкупіць, ён вырашае, каму і калі даць водпуск, ён можа пахадайнічаць, каб пры рапарце ўсё абышлося добра.

У час вайны гэтыя любімчыкі часта атрымлівалі вялікія і малыя медалі за мужнасць і адвагу.

У Дзевяноста першым палку я ведаў некалькі такіх. Адзін дзяншчык атрымаў вялікі сярэбраны медаль за тое, што ўмеў дасканала запячы ўкрадзеных ім гусей. Другога ўзнагародзілі малым сярэбраным за тое, што ён атрымліваў з дому багатыя харчовыя пасылкі, так што яго пан у час самага страшнага голаду напіхваўся так, што не мог хадзіць.

A прапанову аб узнагароджанні свайго дзеншчыка гэты начальнік абгрунтоўваў так: «За тое, што ў баях праявіў надзвычайную мужнасць і адвагу і, не зважаючы на небяспеку для жыцця, не адыходзіў ні на крок ад свайго камандзіра пад моцным агнём праціўніка».

A той у гэты час спусташаў у тыле куратнікі. Вайна змяніла адносіны паміж афіцэрам і дзеншчыком, і дзяншчык зрабіўся самай ненавіснай істотай сярод салдат. У яго заўсёды была цэлая банка кансерваў, тады як у камандзе банку дзялілі на пяцярых. Яго біклага была заўсёды напоўнена ромам ці каньяком, цэлы дзень гэтая жывёліна жавала шакалад, грызла салодкія афіцэрскія сухары, курыла сігарэты свайго гаспадара, пякла-смажыла цэлымі гадзінамі і насіла навюткую шчыгульненькую гімнасцёрку.

Дзяншчык быў у самых блізкіх зносінах з ардынарцам і шчодра дзяліўся з ім аб’едкамі са свайго стала і ўсімі выгодамі, якія меў сам. Да трыумвірату звычайна далучаўся і штабны пісар. Гэтая тройка, жывучы ў непасрэднай блізкасці да камандзіра, ведала аб усіх аперацыях і ваенных планах.

Гэты гурт быў заўсёды найлепш інфармаваны аб тым, калі што адбудзецца, бо малодшы сяржант знаўся з дзеншчыком. Калі дзяншчык гаварыў: «У дзве гадзіны трыццаць пяць хвілін будзем даваць драпака», то сапраўды роўна ў дзве гадзіны трыццаць пяць хвілін аўстрыйскія войскі пачыналі адрывацца ад непрыяцеля.

Дзяншчык быў у самых інтымных адносінах з палявой кухняй і з вялікай ахвотай аціраўся каля катла і заказваў сабе стравы, быццам сядзеў у рэстаране і выбіраў стравы з меню.

– Я люблю рабрынку, – гаварыў ён кухару, – а ты ўчора даў мне хвост. Ды пакладзі мне яшчэ ў поліўку кавалак пячонкі, ты ж ведаеш, што я селязёнку не жарў.

Незаменным быў дзяншчык у стварэнні панікі. У час бамбёжкі акопаў у яго душа заходзіла ў пяткі, у такіх выпадках ён аказваўся разам са сваімі і гаспадаровымі валізамі ў самым бяспечным бліндажы і хаваў галаву пад коўдру, каб яго не знайшоў артылерыйскі снарад. Тады ён хацеў толькі аднаго: каб яго афіцэра параніла і ён разам з ім трапіў у тыл як мага далей.

Паніку ён сеяў і сваім сакрэтнічаннем. «Здаецца, ужо збіраюць тэлефон», – паведамляў ён па сакрэту па аддзяленнях, і быў шчаслівы, калі мог потым сказаць: «Ужо сабралі».

Ніхто не любіў так адступаць, як ён. У гэтыя хвіліны ён забываў, што над яго галавой свішчуць снарады і шрапнель, ён нястомна прабіраўся з валізамі да штаба, дзе стаяў абоз. Ён любіў аўстрыйскі абоз і з вялікім задавальненнем з ім ездзіў. Калі не пашанцавала, мог задаволіцца і санітарнай двуколкай. Калі ж яму даводзілася ісці пешкі, то рабіў уражанне чалавека, зусім знясіленага. У такім выпадку ён кідаў валізы свайго пана ў акопах і цягнуў далей толькі сваю маёмасць.

Калі здаралася, што афіцэр ратаваўся ўцёкамі, каб не трапіць у палон, а дзяншчык у палон трапляў, то ён не забываў ні ў якім выпадку прыхапіць у палон і багаж свайго гаспадара. Багаж пераходзіў у яго маёмасць і тады ўжо ён бярог яго, як зрэнку ў воку.

Прыгоды ўдалага салдата Швейка

Подняться наверх