Читать книгу Прыгоды ўдалага салдата Швейка - Яраслаў Гашак - Страница 13
Частка І. У тыле
Раздзел X. Швейк дзеншчыком у фельдкурата
ІІІ
ОглавлениеУвайшоўшы раніцай у пакоі фельдкурата, Швейк угледзеў, што той ляжыць на канапе і напружана разважае аб тым, як магло здарыцца, што нехта яго абліў ды такім чынам, што ён прыляпіўся штанамі да скураной канапы.
– Асмелюся далажыць, пан фельдкурат, – сказаў Швейк, – што вы ноччу…
У некалькіх словах ён вытлумачыў фельдкурату, як страшэнна ён памыляецца, думаючы, што яго аблілі. Фельдкурат быў у прыгнечаным настроі, і галава ў яго была надзвычай цяжкая.
– Не магу прыгадаць, – сказаў ён, – як я трапіў з ложка на канапу.
– А вы ўвогуле на ложку не былі. Як толькі мы прыехалі, вас паклалі на канапу – да ложка не дацягнулі.
– Я чаго-небудзь навырабляў? Ну, скажыце праўду, навырабляў? Ці не быў я п’яны?
– Да непрытомнасці, – адказаў Швейк. – Удрызг, пан фельдкурат. У дыміну. Думаю, вам палягчэе, калі вы пераапраняцеся і памыецеся…
– Я пачуваю сябе так, нібы мяне пабілі, – паскардзіўся фельдкурат. – I потым, хочацца піць… Не біўся я ўчора?
– Ну, да найгоршага не даходзіла, пан фельдкурат. А смага – гэта ад учарашняй смагі. Ад яе так хутка не адчапіцца. Я ведаў аднаго сталяра, дык той упершыню напіўся пад Новы, 1910 год, а першага студзеня ў яго зранку была такая смага і пачуваў ён сябе так пагана, што купіў сялёдку і напіўся зноў, і з таго часу ён так робіць штодня ўжо чатыры гады запар, і ніхто яму не дапаможа, бо ў суботу ён заўсёды купляе сялёдак на цэлы тыдзень. Такая ўжо гойданка, як гаварыў адзін стары фельдфебель у Дзевяноста першым палку.
Фельдкурат з моцнага пахмелля быў у няважным стане. Калі б хто пачуў яго ў гэты момант, то быў бы перакананы, што трапіў на лекцыю доктара Аляксандра Батака* на тэму «Аб’явім вайну не на жыццё, а на смерць дэману алкаголю, які забівае нашых лепшых людзей» або што чытае яго кніжку «Сто іскраў этыкі».
Ён пачаў шнарыць у кашальку.
– У мяне ўсяго трыццаць шэсць крэйцараў. Што калі б прадаць канапу… – разважаў ён. – Як вы думаеце? Купіць хто-небудзь канапу? Гаспадару дома я скажу, што я яе пазычыў каму-небудзь або што яе ўкралі. Не, канапу я пакіну. Лепей я пашлю вас да пана капітана Шнабеля, хай ён мне пазычыць сто крон. Ён пазаўчора выйграў у карты. Калі там не пашанцуе, то зайдзіце ў Вршовіцкія казармы, да надпаручніка Малера. Калі і там не ўдасца, то скіруйцеся ў Градчаны да капітана Фішара. Скажыце яму, што мне трэба заплаціць за фураж для коней, які я прапіў. А калі і там у вас не выгарыць, то закладзём раяль. Няхай будзе, што будзе. Я вам напішу некалькі радкоў. Гаварыце ўсім, што мне конча патрэбны грошы, што я зусім без капейкі. Выдумляйце, што сабе хочаце, але не вяртайцеся з пустымі рукамі, бо пашлю на фронт. Ды спытайцеся ў капітана Шнабеля, дзе ён купляе гэтую арэхавую настойку, і купіце дзве бутэлькі.
Швейк выканаў заданне бліскуча. Грошы ён атрымаў усюды. Калі ён з гонарам вярнуўся з паходу і паказаўфельдкурату, які тым часам умыўся і пераапрануўся, трыста крон, той быў вельмі здзіўлены.
– Я ўзяў усё адразу, – сказаў Швейк, – каб не давялося заўтра ці паслязаўтра зноў мець клопат. Усё ішло даволі гладка, але перад капітанам Шнабелем мусіў нават укленчыць. Такая зараза! Але калі я яму сказаў, што нам трэба плаціць аліменты…
– Аліменты? – спалохана перапытаў фельдкурат.
– Ну так, аліменты, пан фельдкурат, адступное дзяўчаткам. Вы ж казалі, каб я што-небудзь прыдумаў, а я нічога іншага прыдумаць не мог. У нас адзін кравец плаціў аліменты аж пяці дзяўчынкам і быў проста ў адчаі і таксама пазычаў на гэта грошы. I кожны ахвотна верыў, што ён у жахлівым становішчы. Пыталі мяне, што за дзяўчынка, а я гаварыў, што надта прыгожая, ёй яшчэ няма і пятнаццаці гадоў. Дык хацелі ўзяць яе адрас.
– Хораша ж вы правярнулі гэтую справу, Швейк, – уздыхнуў фельдкурат і пачаў хадзіць з кута ў кут. – Якая ганьба! – сказаў ён, хапаючыся за галаву. – А тут яшчэ галава баліць!
– Я ім даў адрас адной глухой бабулі на нашай вуліцы, – растлумачыў Швейк. – Я хацеў выканаць заданне як след, бо загад ёсць загад. Трэба ж было нешта прыдумаць. I вось яшчэ што: там, у пярэдняй, прыйшлі па раяль. Я іх прывёў, каб яны адвезлі яго ў ламбард, пане фельдкурат. Яно будзе няблага, калі гэтага раяля не стане. I месца болей будзе, і грошыкі ў нас завядуцца, на нейкі час хопіць. А калі гаспадар спытае, што мы хочам рабіць з тым раялем, то я скажу, што ў ім лопнулі струны і мы пасылаем яго на фабрыку ў напраўку. У мяне ўжо і на канапу пакупнік ёсць – мой знаёмы гандляр старой мэбляй. Прыйдзе пасля абеду. Зараз скураныя канапы ў цане.
– А больш вы нічога не адпалілі, Швейк? – спытаў у адчаі фельдкурат, увесь час трымаючыся за галаву рукамі.
– Асмелюся далажыць, пан фельдкурат, прынёс замест дзвюх бутэлек арэхаўкі, якую купляе капітан Шнабель, пяць, каб у нас быў нейкі запас і пры патрэбе знайшлося што выпіць. Можна ім увайсці па раяль? А то ламбард зачыняць…
Фельдкурат безнадзейна махнуў рукой, і праз хвіліну раяль ужо грузілі на фурманку.
Вярнуўшыся з ламбарда, Швейк застаў фельдкурата перад адкаркаванай бутэлькай арэхавай настойкі, ён лаяўся, што яму на абед далі непрапечаны шніцэль. Фельдкурат зноў быў пад мухай. Ён абвясціў Швейку, што з заўтрашняга дня пачынае новае жыццё, бо піць алкаголь – гэта вульгарны матэрыялізм, а жыць трэба духоўным жыццём.
Ён філасофстваваў прыкладна з паўгадзіны. Калі ён адкаркоўваў трэцюю бутэльку, прыйшоў гандляр старой мэбляй: фельдкурат прадаў яму за бесцань канапу і запрасіў яшчэ на размову і быў вельмі незадаволены, калі той адгаварыўся тым, што ідзе прыкупіць яшчэ начны столік.
– Шкада, што ў мяне няма такога! – са скрухай сказаў фельдкурат. – Не пра ўсё адразу падумаеш.
Пасля таго як гандляр старой мэбляй пайшоў, фельдкурат завёў прыяцельскую гаворку са Швейкам, з якім выпіў наступную бутэльку. Частка размовы была прысвечана адносінам фельдкурата з жанчынамі і картамі. Сядзелі доўга. За прыяцельскай размовай іх застаў вечар.
Пад ноч іх адносіны аднак змяніліся. Фельдкурат вярнуўся ў свой учарашні стан, зблытаў Швейка з некім іншым і гаварыў:
– Нене, не адыходзьце. Памятаеце таго рыжага кадэта з абозу?
Гэтая ідылія працягвалася аж да таго часу, пакуль Швейк не сказаў фельдкурату:
– Хопіць! Цяпер ты палезеш у ложак і будзеш дрыхнуць. Зразумеў?
– Лезу, даражэнькі, лезу… Яшчэ б я не палез… – мармытаў фельдкурат. – Памятаеш, як мы хадзілі ў пяты клас і я табе даваў спісаць урокі па грэчаскай мове?.. У вас жа віла ў Збраславе*. Туды можна праехаць параходам па Влтаве. Ведаеце, што такое Влтава?
Швейк прымусіў яго зняць чаравікі і распрануцца. Фельдкурат паслухаўся, хаця не без пратэсту.
– Бачыце, панове, – звяртаўся ён да шафы і фікуса, – як абыходзяцца са мной мае сваякі? А я не прызнаю ніякіх сваякоў, – раптам рашуча заявіў ён, кладучыся ў ложак. – Нават калі неба абрынецца супраць мяне, я і тады не прызнаю іх!
I ў пакоі пачулася храпенне фельдкурата.