Читать книгу Прыгоды ўдалага салдата Швейка - Яраслаў Гашак - Страница 10

Частка І. У тыле
Раздзел IX. Швейк у гарнізоннай турме

Оглавление

Апошнім прыстанішчам для людзей, якія не хацелі ісці на вайну, была гарнізонная турма. Я ведаў аднаго няштатнага прафесара-матэматыка, які не хацеў страляць з гармат, то стрэльнуў гадзіннік у аднаго надпаручніка, каб толькі трапіць у гарнізонную турму. Зрабіў ён гэта, добра ўсё разважыўшы. Вайна яму не імпанавала і яго не зачароўвала. Страляць у непрыяцеля і забіваць шрапнеллю і снарадамі гэткіх жа няшчасных, як ён сам, няштатных выкладчыкаў матэматыкі ён лічыў бязглуздзіцай.

Спачатку даследавалі яго псіхічны стан, а калі ён заявіў, што мэтай крадзяжу было асабістае ўзбагачэнне, яго адправілі ў гарнізонную турму. Там такіх, як ён, было шмат. Ідэалісты і неідэалісты. Людзі, якія лічылі вайсковую службу крыніцай асабістых даходаў: розныя бухгалтары, тылавыя і франтавыя, якія махлявалі з правіянтам і салдацкім жалаваннем, дробныя злодзеі, якія ў тысячу разоў былі болей сумленныя, чым тыя махляры, якія іх сюды пасадзілі. Тут, у гарнізоннай турме, сядзелі і салдаты за розныя ўчынкі чыста вайсковага характару: парушэнне дысцыпліны, спроба ўсчаць бунт, дэзерцірства. Асаблівую групу складалі палітычныя, з якіх восемдзесят працэнтаў было ні ў чым не вінаватых, дзевяноста дзевяць працэнтаў з іх было асуджана.

Апарат вайсковых суддзяў быў раскошны. Такі судовы апарат ёсць у кожнай дзяржавы, якая знаходзіцца напярэдадні агульнага палітычнага, эканамічнага і маральнага заняпаду. Бляск былой моцы і славы ахоўваўся судамі і паліцыяй, жандармерыяй і прадажнай хеўрай даносчыкаў. У кожнай вайсковай часці Аўстрыя мела сваіх шпіцляў, якія выдавалі сваіх сяброў, тых, з якімі спалі на адных нарах, а на маршы дзяліліся кавалкам хлеба.

Усё новы матэрыял пастаўляла ў гарнізонную турму і дзяржаўная паліцыя. Вайсковая цэнзура скіроўвала сюды аўтараў ліставання паміж фронтам і тымі, хто ў роспачы заставаўся дома, і вайсковы суд паяў ім па дванаццаць гадоў турмы за словы ўцехі або за апісанне галечы, якая панавала на радзіме салдата.

З Градчанскай турмы адна з дарог вяла праз Бржэўнаў на Мотальскі пляц. Наперадзе ў суправаджэнні салдат ішоў чалавек з кандаламі на руках, а за ім ехала падвода з дамавінай. На Мотальскім пляцы гучала каманда: «An! Feuer!» і па ўсіх палках і батальёнах зачытвалі палкавы загад аб тым, што яшчэ адзін расстраляны за «бунт», усчаты з-за таго, што ў час прызыву капітан сек шабляй яго жонку, што ніяк не магла адарвацца ад мужа.

A ў гарнізоннай турме тройца: штабны турэмны наглядчык Славік, капітан Лінгарт і фельдфебель Ржэпа, празваны «катам», апраўдвалі сваё прызначэнне. Колькі людзей закалацілі яны ў адзіночках! Магчыма, капітан Лінгарт і сёння у рэспубліцы застаецца па-ранейшаму капітанам. Тады я жадаў бы, каб яму залічылі гады службы ў гарнізоннай турме. Славіку і Кліму дзяржаўная паліцыя ўжо залічыла іх стаж. Ржэпа зноў зрабіўся цывільным і надалей выконвае сваё рамяство майстра-муляра. Можа, нават з’яўляецца членам патрыятычных таварыстваў у рэспубліцы.

Штабны наглядчык Славік у рэспубліцы зрабіўся злодзеем і зараз сядзіць у турме. Не змог, небарака, уладкавацца ў рэспубліцы гэтак жа прывольна, як іншыя паны вайскоўцы.

Зусім натуральна, што штабны наглядчык Славік, прымаючы Швейка, кінуў на яго погляд, поўны нямога папроку.

– Мы табе, хлопец, жыццё тут асалодзім як мае быць. I табе, і ўсім, хто папаўся ў нашы рукі. А нашы рукі – гэта вам не дамскія ручкі.

I каб дадаць вагі сваім словам, ён прыклаў свой здаравенны жылісты кулак Швейку да носа і сказаў:

– Панюхай, чым пахне, падлюга! Швейк панюхаў і сказаў:

– Такім кулаком я не хацеў бы атрымаць па носе. Пахне могілкамі.

Спакойная, разважлівая гаворка Швейка спадабалася штабному турэмнаму наглядчыку.

– Гэй ты! – раўнуў ён, тыцнуўшы Швейка кулаком у жывот. – Стой смірна! Што ў цябе ў кішэнях? Калі маеш сігарэты, то можаш пакінуць іх сабе, а грошы давай сюды, каб не ўкралі. Больш няма? Сапраўды няма? Не хлусі! Хлусня караецца.

– Куды яго сунем? – спытаў фельдфебель Ржэпа.

– У шаснаццатую, – вырашыў наглядчык, – да беспарточнікаў. Хіба не бачыце, што напісаў на суправаджальнай паперы капітан Лінгарт: «Streng behüten, beobachten».

– Так, так, – звярнуўся ён урачыста да Швейка, – з ліхадзеямі і абыходак ліхі. А калі хто ўзбунтуецца, таго кінем у адзіночку, а там пераламаем усе рэбры і хай ляжыць, пакуль не здохне. Маем такое права. Памятаеце, Ржэпа, як мы расправіліся з тым мясніком?

– Ну і задаў ён нам працы! – летуценна вымавіў фельдфебель Ржэпа. – Во быў здаравенны! Я таптаў яго больш як пяць хвілін, пакуль рэбры не затрашчалі і не палілася кроў з рота. А ён потым яшчэ дзён дзесяць жыў. Жывучы быў, падла!

– Бачыш, мярзотнік, як у нас распраўляюцца з тымі, хто ўздумае бунтаваць або ўцякаць, – закончыў свой педагагічны выклад штабны турэмны наглядчык Славік. – Гэта ўсё роўна як самазабойства, якое ў нас таксама караецца. Альбо не прывядзі бог, табе, гад, узбрыдзе ў галаву скардзіцца, калі прыйдзе інспекцыя! Калі тое здарыцца і прыйдзе інспекцыя ды спытае: «Ці маеце нейкія скаргі?», дык ты, смярдзючая жаба, павінен стаць ва фронт, узяць пад казырок і адрапартаваць: «Асмелюся далажыць, не маю, усім задаволены». Ну, як ты скажаш, мярзотнік, паўтары!

– Асмелюся далажыць, не маю, усім задаволены, – паўтарыў Швейк з такім мілым выразам твару, што штабны наглядчык дапусціў памылку, палічыўшы гэта шчырай стараннасцю і пачцівасцю.

– Дык распранайся да сподняга і пойдзем у шаснаццатую, – сказаў ён ласкава, не дадаўшы, як звычайна, ні «гнюса», ні «нікчэмніка», ні «мярзотніка».

У шаснаццатай Швейк убачыў два дзесяткі мужчын у сподніках. Тут сядзелі ўсе, у каго ў паперах было зазначана: «Streng behüten, beobachten». За імі вельмі старанна наглядалі, каб яны не ўцяклі.

Калі б споднікі былі чыстыя, а на вокнах не было кратаў, то на першы погляд магло здацца, што вы трапілі ў прылазнік.

Швейка прыняў ад фельдфебеля стараста, даўно не голены мужык у расхлістанай кашулі. Ён запісаў яго прозвішча на кавалку паперы, які вісеў на сцяне, і сказаў:

– Заўтра ў нас відовішча – павядуць у капліцу на казань. Мы ўсе будзем стаяць там у адных сподніках якраз пад самай кафедрай. Во будзе забава!

Як і ва ўсіх вязніцах і каталажках, у гарнізоннай турме была свая капліца, якая цешылася ў арыштантаў вялікай папулярнасцю. Зусім не таму, што прымусовае наведванне турэмнай капліцы набліжала вязняў да бога або яны больш даведваліся пра дабрадзейнасць. Пра такое глупства не магло быць і гаворкі. Проста набажэнства і казань былі паратункам ад гарнізоннай нуды. Не ў тым была справа, што ты стаў бліжэй да бога, а ў тым, што па дарозе ты мог спадзявацца знайсці – на лесвіцы або ў двары – адкінуты акурак сігарэты ці сігары.

Ды яшчэ сама казань была для ўсіх забавай і пацехай. Фельдкурат* Ота Кац быў вельмі мілы чалавек. Усё набажэнства ён вёў надта арыгінальным спосабам. Ён мяняў увесь парадак святой імшы, а калі быў здорава пад чаркаю, прыдумляў зусім новыя модлы, новую святую імшу, свой уласны рытуал, – словам, нешта такое, чаго да гэтага часу ніколі нідзе не было.

A колькі пацехі было, калі ён паслізнецца і бухнецца разам з чашай і святымі дарамі, а ўголас вінаваціць міністранта* з арыштаваных у тым, што той знарок падставіў ножку, а потым тут жа, перад усімі святынямі, улепіць гэтаму міністранту адзіночку і «шпангле»*. А пакаранаму радасць, бо ўсё гэта ўваходзіць у праграму камедыі ў турэмнай капліцы. Яму далі вялікую ролю, і ён яе з ахвотай выконвае.

Фельдкурат Ота Кац, узорны вайсковы святар, быў яўрэем. Зрэшты, у гэтым не было нічога дзіўнага: архіепіскап Кон таксама быў яўрэем. Але ў фельдкурата Ота Каца мінулае было яшчэ больш стракатым, чым у славутага архіепіскапа Кона. Ота Кац вучыўся ў гандлёвай акадэміі і некалі быў залічаны ў войска як вальнапісаны. Ён так тонка разбіраўся ў вэксальным праве і ў саміх вэксалях, што за адзін год давёў фірму «Кац і кампанія» да банкруцтва, ды такога, што старому Кацу давялося з’ехаць у Паўночную Амерыку, правёўшы спачатку некаторыя камбінацыі з паперамі сваіх крэдытораў, праўда, без іх ведама, як і без ведама свайго кампаньёна, якому прыйшлося выехаць у Аргенціну.

Калі малады тады Ота Кац бескарысліва падзяліў фірму «Кац і К°» паміж Паўночнай і Паўднёвай Амерыкамі, то апынуўся ў становішчы чалавека, які ніадкуль не чакае спадчыны, не ведае, куды галаву прытуліць і якому застаецца толькі вайсковая служба.

Аднак вальнапісанаму Ота Кацу прыйшла ў галаву яшчэ адна бліскучая штуковіна. Ён ахрысціўся. Звярнуўся да Хрыста з даверам і ўпэўненасцю, што той дапаможа яму зрабіць кар’еру, і разглядаў сваё хрышчэнне як камерцыйную здзелку паміж сабой і сынам божым.

Яго ўрачыста хрысцілі ў Эмаўзскім кляштары. I экзамен на афіцэра прайшоў паспяхова, і новенькі хрысціянін Ота Кац застаўся на вайсковай службе. Спачатку яму здавалася, што справы пойдуць добра, і ён нават збіраўся запісацца на штабныя курсы, але аднаго разу напіўся, пайшоў у манастыр і прамяняў шаблю на манаскую сутану. Пасля аўдыенцыі ў архіепіскапа ў Градчанах ён трапіў у семінарыю. Перад сваім пасвячэннем ён нажлукціўся, як бэля, у адным надта прыстойным «доме з жаночай абслугай» і проста з віру раскошы і забавы скіраваўся на пасвячэнне ў духоўны сан. Пасля пасвячэння ён пайшоў у полк шукаць пратэкцыі і, калі яго прызначылі фельдкуратам, купіў сабе каня і гарцаваў на ім па Празе і з найвялікшай ахвотай прымаў удзел ва ўсіх папойках афіцэраў свайго палка.

На лесвіцы дома, дзе ён кватараваў, вельмі часта гучалі кленічы незадаволеных крэдытораў. Ота Кац вадзіў да сябе дзевак з вуліцы ці пасылаў па іх свайго дзеншчыка. Ён вельмі любіў гуляць у карты, і хадзілі небеспадстаўныя чуткі, што гуляе ён нячыста, але нікому не ўдавалася давесці, што ў шырокім рукаве яго сутаны быў схаваны туз. У афіцэрскіх колах яго звалі святым айцом. Да казані ён ніколі не рыхтаваўся, чым адрозніваўся ад свайго папярэдніка, які раней таксама наведваў гарнізонную турму. Таму засела ў галаву, што салдат, пасаджаных у турму, можна выправіць казанямі з кафедры. Гэты высокапаважаны пастар набожна закочваў вочы і гаварыў арыштантам пра неабходнасць рэформы законаў аб прастытутках, матках-адзіночках і выхаванні пазашлюбных дзяцей. Яго нудныя казані мелі абстрактны характар і ніяк не былі звязаны з сучасным становішчам спраў.

Ота Кац, наадварот, сваімі казанямі весяліў усіх.

Надышоў урачысты момант, калі шаснаццатую камеру павялі ў сподніках, бо дазволіць арыштантам надзець штаны было рызыкоўна – раптам нехта ўцячэ. Дваццаць анёлкаў у белых сподніках паставілі перад самой кафедрай. Некаторыя з тых, каму ўсміхнулася фартуна, жавалі знойдзеныя па дарозе акуркі, бо не мелі куды іх схаваць – у сподніках кішэняў не было. Астатнія арыштанты стаялі наўкола і любаваліся выглядам дваццаці пар сподяікаў.

На кафедру, пазвоньваючы шпорамі, узлез фельдкурат.

– Habacht! – скамандаваў ён. – На малітву! Усім паўтараць за мной, што я буду гаварыць! А ты там, з-заду, хам, не смаркайся ў кулак, ты ў храме божым, а то загадаю пасадзіць у карцар! Мусіць, ужо забыліся, недавяркі, «Ойча наш»? Ану, паспрабуем… Я так і ведаў, што не пойдзе. Дзе ўжо там «Ойча наш»! Вам бы зараз па дзве пайкі мяса ды з фасолевым гарнірам, легчы на бруха і калупаць у носе, не думаючы пра пана бога. Ці не праўда?

Ён паглядзеў з кафедры ўніз на дваццаць белых анёлаў у сподніках – як і ўсе астатнія, яны знайшлі сабе занятак – забаўляліся. У задніх радах гулялі ў «мяса»*.

– Вельмі цікава, – шапнуў Швейк свайму суседу, на якім ляжала падазрэнне, што ён за тры кроны адсек свайму таварышу сякерай усе пальцы на руцэ, каб той вызваліўся ад вайсковай службы.

– Ці тое яшчэ будзе! – адказаў сусед. – Ён сёння здорава нажлукціўся, значыцца, зноў будзе балакаць пра цярністы шлях грэху.

Сапраўды, фельдкурат сёння быў у надта добрым настроі. Сам не ведаючы, навошта, ён увесь час перагінаўся з кафедры і мала не страціў раўнавагі і не зваліўся ўніз.

– Вы, лайдакі, ніколі нічому не навучыцеся, – вяшчаў фельдкурат. – Я за тое, каб вас усіх пастраляць. Вы добра мяне зразумелі? Я заяўляю з гэтага божага месца, нікчэмнікі, таму што бог ёсць быціе… якое вас не баіцца, а так возьме вас у работу, што вы ачмурэеце, бо вы не хочаце звярнуцца да Хрыста і лепей будзеце ісці цярністым шляхам грэху…

– Вово, дайшоў. Добра ж насмактаўся! – радасна зашаптаў Швейку сусед.

– Цярністы шлях грэху – гэта, дурні вы бязглуздыя, шлях барацьбы з распустай. Вы, марнатраўныя сыны, якія любяць ашывацца ў адзіночках замест таго, каб вярнуцца да айца нашага, скіруйце пагляды вашы да нябёсаў і вы пераможаце, і мір паселіцца ў душах вашых, грубіяны… Я папрасіў бы, там, з-заду, не чмыхаць! Вы не жарабцы і не ў стайні знаходзіцеся, а ў храме божым. Памятайце, вы, быдла, што вы – людзі і павінны скрозь цёмны морак сучаснасці скіраваць пагляды ў далёкую прастору вечнасці і ведаць, што ўсё тут часовае, адзін толькі бог – на векі вечныя. Sehr gut, nicht wahr, meine Herren? А калі вы думаеце, што я буду дзень і ноч маліцца за вас, каб міласэрны бог, дуралеі, удыхнуў сваю душу ў вашы халодныя сэрцы і ў сваёй святой ласцы дараваў грахі вашы, то памыляецеся! Я вас у райскія шаты не павяду. Чуеце, што я гавару, вы там, у сподніках?

Дваццаць споднікаў паглядзелі ўгару і ў адзін голас адказалі:

– Так точна, чуем.

– Мала толькі чуць, – працягваў сваю казань фельдкурат. – Вы не ўмееце маліцца і думаеце, што ходзяць у касцёл толькі дзеля пацехі, быццам тут нейкі тэатр ці кіно. Я гэта выб’ю ў вас з галавы, каб вы не думалі, што я прыйшоў сюды вас забаўляць ці прыносіць вам нейкую радасць. Я рассаджаю вас па адзіночках, вось што я зраблю. I ўсё-такі вы мяне калі-небудзь успомніце і скажаце: «Ён жадаў нам дабра»…

Сярод двух дзесяткаў споднікаў пачуўся ўсхліп. Гэта зайшоўся ад плачу Швейк.

Фельдкурат зірнуў уніз. Там стаяў Швейк і цёр вочы кулаком.

– Хай кожны з вас бярэ прыклад з. гэтага чалавека, – працягваў фельдкурат, паказваючы на Швейка. – Што ён робіць? Плача. Не плач, кажу я табе, не плач! Ты хочаш выправіцца? Гэта табе, даражэнькі, так лёгка не ўдасца. Зараз ты плачаш, а вернешся ў сваю камеру і зноў будзеш гэткім жа нягоднікам, як і раней… Сёння мы бачым, як заплакаў адзін з вас, ён хоча стаць на шлях дабрачыннасці, а што робіце вы, астатнія? Нічога не робіце! Адзін нешта жуе, нібыта ў яго бацькі былі жвачныя жывёліны, а другі ў храме божым шукае вошай у сарочцы. Наглядчык, вы зусім не сочыце за парадкам!

Фельдкурат спусціўся з кафедры і адышоўся ў рызніцу, куды ўслед за ім паплёўся і наглядчык. Праз хвіліну наглядчык выйшаў, выцягнуў Швейка з гурта дваццаці споднікаў і адвёў у рызніцу.

Фельдкурат, выгодна ўладкаваўшыся на стале, скручваў сабе сігарэту. Калі Швейк увайшоў, фельдкурат сказаў:

– Ага, вось і вы. Я тут усё добра абдумаў і лічу, што я вас раскусіў як след. Разумееш, мужык? Гэта першы выпадак, калі ў мяне ў касцёле нехта разрумзаўся.

Ён саскочыў са стала і, тузаючы Швейка за плячо, крыкнуў, стоячы пад вялікім пахмурным абразом Францыска Салескага*:

– Прызнайся, лайдак, што ты распусціў нюні толькі так сабе, для пацехі!

Францішак Салескі дапытліва глядзеў з абраза на Швейка. А з другога боку з другога абраза на Швейка здзіўлена пазіраў нейкі мучанік, якому ў зад уваткнулі зуб’е пілы, і нейкія невядомыя рымскія легіянеры старанна яго пілавалі. На твары пакутніка не відаць было ні пакуты, ні задавальнення ад мучаніцкага лёсу, адно здзіўленне, нібы ён хацеў сказаць: «Як гэта я да гэтага дайшоў, і што вы, панове, са мной робіце?»

– Так точна, пане фельдкурат, – разважліва сказаў Швейк, ставячы ўсё на карту, – перад абліччам усемагутнага бога і вашым, дастойны ойча, прызнаю, што я хліпаў сапраўды толькі дзеля смеху. Я бачыў, што ў вашай казані не хапае выпраўленага грэшніка, вось я і вырашыў даць вам гэтую радасць, каб вы не думалі, што ўжо не знойдзецца ніводнага прыстойнага чалавека. Ды і сам хацеў пацешыцца, каб стала лягчэй на душы.

Фельдкурат цікаўна паглядзеў на прастадушны твар Швейка.

– Вы мне пачынаеце падабацца, – сказаў фельдкурат, зноў сядаючы на стол. – Якога палка? – спытаў ён, ікаючы.

– Асмелюся далажыць, пане фельдкурат, што належу і не належу да Дзевяноста першага палка і ўвогуле не ведаю, што са мной робіцца.

– А за што тут седзіцё? – спытаў фельдкурат, не перастаючы ікаць.

– Асмелюся далажыць, пане фельдкурат, я сапраўды не ведаю, за што тут сяджу. Але я не скарджуся на тое, што сяджу. Мне проста не пашанцавала. Я ўсё стараюся як лепей, а ў мяне ўсё выходзіць на горшае, як у таго мучаніка на іконе.

Фельдкурат паглядзеў на ікону, усміхнуўся і сказаў:

– Дальбог, вы мне падабаецеся! Трэба будзе мне спытаць пра вас у следчага. I хопіць аб гэтым. Kehrt euch! Abtreten!

Вярнуўшыся ў родную сям’ю беспарточнікаў каля кафедры, Швейк на пытанне, што хацеў ад яго фельдкурат, адказаў вельмі суха і коратка:

– Зусім акасеў.

За наступнай місіяй фельдкурата – святой імшой – усе сачылі з незвычайнай увагай і непрытоенай сімпатыяй. Адзін арыштант нават пабіўся аб заклад, што фельдкурат упусціць чашу з дарамі. Ён паставіў усю сваю пайку хлеба супраць дзвюх аплявух і выйграў.

Фельдкурат, які так хораша ажыццявіў на практыцы старадаўнюю традыцыю наведваць вязняў, вярнуўся ў рызніцу, пераапрануўся, загадаў наліць сабе царкоўнага віна з вялікай аплеценай бутлі, выпіў і з дапамогай рыжага міністранта сеў на свайго верхавога каня, прывязанага ў двары, але, успомніўшы пра Швейка, злез з каня і пайшоў у канцылярыю да следчага Берніса.

Вайсковы следчы Берніс быў чалавек свецкі, прывабны танцор і распуснік, які страшэнна нудзіўся на службе і пісаў па-нямецку альбомныя вершы, каб, як надарыцца выпадак, мець іх заўсёды напагатове. Бн з’яўляўся найважнейшым звяном усяго апарату вайсковага суда, бо ў яго руках была засяроджана настолькі велізарная колькасць заблытаных пратаколаў і актаў, што ён выклікаў да сябе павагу ўсяго ваенна-палявога суда ў Градчанах.

– Servus, – сказаў фельдкурат, падаючы яму руку. – Як маешся?

– Не вельмі што, – адказаў вайсковы следчы Берніс. – Пераблыталі тут мне матэрыялы, цяпер у іх сам чорт не разбярэцца. Учора я паслаў па начальству ўжо апрацаваны матэрыял на аднаго дзецюка па абвінавачанні ў мяцяжы, а мне ўсё вярнулі назад, маўляў, таму, што гаворка павінна ісці не пра мяцеж, а пра крадзеж кансерваў. Ды яшчэ нібыта я паставіў на справе не той нумар. I як яны гэта разгледзелі, адзін бог ведае.

Вайсковы следчы плюнуў.

– Ходзіш яшчэ гуляць у карты? – спытаў фельдкурат.

– Прайграўся ўшчэнт. Апошнім разам гулялі мы з палкоўнікам, з тым пляшывым, у макао, дык я спусціў яму ўсё, як у бяздонную бочку. Затое прыкмеціў тут адну маладзічку… А ты што робіш, святы ойча?

– Мне патрэбен дзяншчык, – сказаў фельдкурат. – Апошні дзяншчык у мяне быў стары бухгалтар, без адукацыі, але быдла першакласнае. Вечна ныў і ўзносіў модлы, каб бог засцярог яго ад бяды, дык я яго і паслаў з маршавым батальёнам на фронт. Кажуць, што ўвесь гэты батальён быў пасечаны, як на бойні. А сёння я знайшоў аднаго дзецюка, які ў час казані, дзеля смеху, расплакаўся. Якраз такі мне і патрэбен. Прозвішча яго Швейк, а сядзіць у шаснаццатай. Я хацеў бы даведацца, за што яго пасадзілі і ці можна што-небудзь зрабіць, каб я мог яго адтуль забраць?

Следчы пачаў корпацца ў шуфлядах стала, шукаць справу Швейка, але, як заўсёды, не мог нічога знайсці.

– Відаць, у капітана Лінгарта, – сказаў ён пасля доўгіх пошукаў. – Чорт яго ведае, куды ў мяне прападаюць усе гэтыя справы. Я, напэўна, адаслаў іх Лінгарту. Зараз я яму затэлефаную. Алё, гаворыць следчы, надпаручнік Берніс. Пане капітан, скажыце, калі ласка, ці няма там у вас папер адносна нейкага Швейка. Павінны быць у мяне? Дзіўна… Я сам ад вас прымаў? Сапраўды дзіўна… Сядзіць у шаснаццатай… Я ведаю, пан капітан, што шаснаццатая ў мяне. Але я думаў, што паперы наконт Швейка валяюцца дзе-небудзь у вас… Што? Вы просіце з вамі так не гаварыць? У вас нічога не валяецца? Алё! Алё!

Следчы Берніс, збянтэжаны, прысеў да стала і пачаў асуджаць непарадак у вядзенні следства. Паміж ім і капітанам Лінгартам даўно ўжо існавала непрыязнасць, якую яны надта паслядоўна павялічвалі. Калі папера па ведамстве Лінтарта трапляла ў рукі Берніса, то Берніс засоўваў яе так далёка, што ніхто ўжо знайсці не мог. Тое ж самае рабіў Лінгарт з паперамі, якія пасылаліся Бернісу. З-за гэтай узаемнай нялюбасці прападалі і дадаткі да спраў.

(Справа Швейка была знойдзена ў архіве вайскова-палявога суда толькі пасля перавароту з наступнай нататкай: «Збіраўся скінуць маску крывадушнасці і адкрыта выступіць супраць асобы пана імператара і нашай дзяржавы». Справа Швейка была засунута сярод папер нейкага Бзафа Коўдзелы. На вокладцы справы быў пастаўлены крыжык, а пад ім: «Прыведзена ў выкананне» і дата.) – Значыцца, Швейк у мяне згубіўся, – сказаў следчы Берніс. – Я загадаю выклікаць яго сюды і, калі ён не прызнаецца ні ў чым, дык адпушчу і загадаю адвесці да цябе, а астатняе ты ўжо сам уладкуеш у палку.

Пасля таго як фельдкурат пайшоў, следчы Берніс загадаў прывесці Швейка, але прымусіў яго чакаць каля дзвярэй, бо якраз у гэты момант атрымаў тэлефанаграму з паліцэйскай управы.

Швейк тым часам разглядаў канцылярыю вайсковага следчага. Нельга сказаць, каб яна рабіла прыемнае ўражанне, асабліва фатаграфіі розных экзекуцый, праведзеных арміяй у Галіцыі і Сербіі. Гэта былі мастацкія фатаграфіі спаленых хат і асмаленых дрэў, галіны якіх сагнуліся пад цяжарам павешаных. Асабліва прыгожая была фатаграфія павешанай сям’і з Сербіі: маленькі хлопчык, бацька і маці. Два салдаты з вінтоўкамі ахоўваюць дрэва, на якім вісіць некалькі чалавек, а на пярэднім плане ў паставе пераможцы стаіць афіцэр, курыць сігарэту. Удалечыні відаць дзеючая палявая кухня.

– Ну, дык што там у вас, Швейк? – спытаў следчы Берніс. – Чаго вы там нарабілі? Прызнаецеся ці будзеце чакаць, пакуль складзём на вас абвінаваўчы акт? Так не выйдзе! Не думайце, што вы перад нейкім такім судом, дзе следства вядуць цывільныя ёлупні. У нас суд вайсковы! Адзіным вашым паратункам ад строгай і справядлівай кары можа быць толькі поўнае прызнанне.

У следчага Берніса быў адмысловы метад на выпадак, калі згубіцца матэрыял супраць абвінавачанага. Як бачыце, нічога асаблівага ў гэтым метадзе не было, таму можна не здзіўляцца, што вынікі такога расследавання і допыту заўсёды былі роўныя нулю.

Следчы Берніс лічыў сябе настолькі праніклівым, што, не маючы матэрыялу супраць абвінавачанага, не ведаючы, у чым яго вінавацяць і за што ўвогуле ён сядзіць у турме, з адных толькі назіранняў за паводзінамі і фізіяноміяй прыведзенага на допыт рабіў вывад, за што гэтага чалавека трымаюць пад замком. Яго празорлівасць і веданне людзей былі такія глыбокія, што аднаго цыгана, які трапіў у гарнізонную турму свайго палка за крадзеж некалькіх тузінаў бялізны (ён быў на пабягушках у каптэнармуса), Берніс абвінаваціў у палітычных злачынствах, нібыта ён у нейкай карчме гутарыў з салдатамі аб стварэнні самастойнай дзяржавы чэшскага і славацкага народаў на чале з каралём-славянінам.

– Мы маем дакументы, – гаварыў ён няшчаснаму цыгану, – і вам не застаецца нічога іншага, як прызнацца, у якой карчме вы гэта гаварылі, якога палка былі тыя салдаты, што вас слухалі, і калі гэта адбывалася.

Няшчасны цыган выдумаў і дату, і карчму, і полк, з якога былі яго ўяўныя слухачы, а калі вяртаўся з допыту, проста ўцёк з турмы.

– Вы не хочаце ні ў чым прызнацца, – спытаў следчы Верніс, пакуль Швейк захоўваў магільнае маўчанне. – Вы не хочаце сказаць, чаму вы апынуліся тут, за што вас пасадзілі? Але ж, прынамсі, мне вы маглі б гэта сказаць, перш чым я вам сам вылажу. Папярэджваю вас яшчэ раз, прызнайцеся. Вам жа лепей будзе, бо аблегчыць расследаванне і зменшыць пакаранне.

– Асмелюся далажыць, – прагучаў нарэшце дабрадушны голас Швейка, – я тут, у гарнізоннай турме, быццам знайдыш.

– Як гэта?

– Асмелюся далажыць, магу высветліць вельмі проста. На нашай вуліцы жыве вугальшчык, і ў яго быў зусім бязвінны двухгадовы хлопчык. Затэпаў гэты хлопчык з Вінаградаў аж да Лібені*, сеў на тратуары – тут яго і знайшоў паліцэйскі. Адвёў ён хлопчыка ў участак, а там яго пасадзілі пад замок. Падумаць толькі – двухгадовае дзіця! Бачыце, хлопчык быў зусім без віны, а яго ўсё ж пасадзілі. Нават калі б ён умеў гаварыць, то не ведаў бы, што адказаць на пытанне, за што яго пасадзілі. Прыблізна так і са мной. Я гэткі ж знайдыш.

Праніклівы погляд следчага акінуў паставу і аблічча Швейка і разбіўся аб іх. Ад усёй гэтай істоты, што стаяла перад следчым, павявала такой абыякавасцю і такой цнатлівасцю, што Берніс пачаў раздражнёна хадзіць па канцылярыі і калі б не абяцанне фельдкурату паслаць яму Швейка, то чорт ведае, чым бы ўсё кончылася.

Нарэшце, следчы спыніўся каля свайго стала.

– Паслухайце, – сказаў ён Швейку, які безуважна глядзеў перад сабой, – калі вы яшчэ хоць раз трапіце мне на вочы, то доўга будзеце пра гэта помніць… Адвядзіце яго!

Пакуль Швейка вялі назад у шаснаццатую, Берніс выклікаў да сябе наглядчыка Славіка.

– Надалей, да наступных указанняў, Швейк перадаецца ў веданне пана фельдкурата Каца, – коратка загадаў ён. – Падрыхтаваць пропуск. Адвесці Швейка з двума канвойнымі да пана фельдкурата.

– Загадаеце яму на дарожку надзець кайданы, пан надпаручнік?

Следчы ляснуў кулаком па стале:

– Вы – асёл. Я ж ясна сказаў: падрыхтаваць пропуск!

Але наглядчык усё ж вырашыў пакінуць Швейка яшчэ хоць на адну ноч у гарнізоннай турме, каб ён як след пакарыстаўся яе выгодамі.

У восем гадзін Швейка выклікалі і загадалі ісці ў канцылярыю.

– З левага боку ля дзвярэй канцылярыі стаіць плявальніца, там бываюць акуркі, – навучаў Швейка адзін з арыштантаў. – I на другім паверсе таксама пройдзеш міма адной. Лесвіцу мятуць у дзевяць, дык сёе-тое яшчэ можна будзе знайсці.

Але Швейк не апраўдаў іх спадзяванняў. Болей у шаснаццатую ён не вярнуўся. Дзевятнаццаць споднікаў разважалі ды меркавалі аб гэтым самае рознае. Нейкі рабаціністы апалчэнец, які вызначаўся самай буйнай фантазіяй, аб’явіў, што Швейк страляў у свайго капітана і сёння яго павялі на Мотальскі пляц на расстрэл.

Прыгоды ўдалага салдата Швейка

Подняться наверх