Читать книгу Прыгоды ўдалага салдата Швейка - Яраслаў Гашак - Страница 6

Частка І. У тыле
Раздзел V. Швейк у паліцэйскім камісарыяце на Салмавай вуліцы

Оглавление

Пасля цудоўных прамяністых дзён у вар’ятні да Швейка прыйшлі ліхія часіны, поўныя нягод і праследаванняў. Паліцэйскі інспектар Браўн абставіў сцэну спаткання са Швейкам у суровым стылі рымскіх намеснікаў эпохі любага яму імператара Нерона. I гэтак жа люта, як у свой час намеснікі вымаўлялі: «Кіньце гэтага шэльму хрысціяніна львам!» – інспектар Браўн сказаў:

– За краты яго!

Ні слоўка болей, ні слоўка меней. Толькі вочы пана паліцэйскага інспектара Браўна заззялі ад асаблівай, ненармальнай насалоды. Швейк пакланіўся і з годнасцю сказаў:

– Да вашых паслуг, панове. Я лічу, што «краты» гэта тое ж, што і «адзіночка», а гэта не так ужо і кепска.

– Ну, у нас тут не надта раскашуешся, – ухмыльнуўся паліцэйскі інспектар, на што Швейк адказаў:

– Я чалавек сціплы і заўсёды буду ўдзячны за тое, што вы для мяне робіце.

У ізалятары на нарах сядзеў нейкі задуменны чалавек. Па яго апатычным поглядзе было відаць, што яму не верыцца, быццам дзверы адчынялі для таго, каб выпусціць яго на волю.

– Маё шанаванне, васпане, – сказаў Швейк, сядаючы да яго на нары. – Не скажаце, колькі зараз часу?

– Мяне гэта не абыходзіць, – вымавіў задуменны чалавек.

– А тут не так ужо блага, – паспрабаваў завязаць размову Швейк. – Нары з габляванага дрэва.

Сур’ёзны пан не адказаў, устаў і пачаў хутка хадзіць у вузкім катушку паміж дзвярыма і нарамі, нібы спяшаўся нешта ўратаваць.

Тым часам Швейк з цікавасцю разглядаў надпісы, выдрапаныя на сценах. Адзін з іх належаў невядомаму вязню, які перад богам і людзьмі даў зарок змагацца з паліцыяй не на жыццё, а на смерць. Тэкст абвяшчаў: «Вы заплаціце за ўсё!» Другі арыштант пісаў: «Ідзіце вы да д’ябла, пеўні!»* Трэці проста канстатаваў факт: «Тут сядзеў 5 чэрвеня 1913 года, са мной абыходзіліся слушна. Ёзаф Марачак, гандляр з Вршовіц». А быў і надпіс, які ўзрушваў сваёй глыбінёй: «Злітуйся, вялікі божа!»

A пад гэтым: «Пацалуйце мяне ў с…»

Літара «с» аднак была закрэслена, а збоку вялікімі літарамі напісана «СКЛАДКУ». Побач нейкая паэтычная душа прыпісала верш:

Засмучаны ля ручая сяджу,

За горы хутка сонейка схаваецца.

На светлыя пагоркі я гляджу,

Там любая слязамі абліваецца.


Пан, які бегаў ад дзвярэй да нараў, быццам спаборнічаў у марафонскім забегу, нарэшце, задыхаўшыся, спыніўся, сеў на ранейшае месца і, абхапіўшы галаву рукамі, раптам загаласіў:

– Пусціце мяне адсюль!.. Не, яны мяне не пусцяць, – сказаў ён сам сабе, – не, не пусцяць. Я тут ужо з ранку, з шасці гадзін.

На яго раптам напала ахвота гаварыць. Ён падняўся са свайго месца і звярнуўся да Швейка:

– Ці няма ў вас выпадкам дзягі, каб скончыць усё гэта назаўжды?

– З вялікай прыемнасцю магу вам паслужыць, – адказаў Швейк, адпінаючы дзягу. – Я яшчэ ніколі не бачыў, як вешаюцца ў адзіночцы на рамяні… Толькі адно мне прыкра, – працягваў ён, агледзеўшыся наўкола, – што тут няма ніводнага крука. Аконная ручка вас не вытрымае. Хіба што павесіцеся на нарах, укленчыўшы, як гэта зрабіў манах з Эмаўзскага кляштара, павесіўшыся на распяцці з-за маладой яўрэйкі. Я самазабойцаў вельмі люблю, так што з богам…

Пануры пан, якому Швейк сунуў дзягу ў руку, паглядзеў на гэтую дзягу, адкінуў яе ў кут і заплакаў, размазваючы бруднымі рукамі слёзы па твары і лямантуючы:

– У мяне дзеткі, а я тут за п’янства і распусны лад жыцця. Ежыш Марыя! Бедная мая жонка! А што мне скажуць на службе! У мяне дзетачкі, а я тут за п’янства і распусту! – I гэтак далей, без канца.

Нарэшце ён як быццам крыху супакоіўся, падышоў да дзвярэй і пачаў біць у іх нагамі і кулакамі. За дзвярыма пачуліся крокі, азваўся голас:

– Чаго вы хочаце?

– Выпусціце мяне! – прамовіў ён такім голасам, нібыта яму заставалася толькі легчы і памерці.

– Куды? – прагучала пытанне з таго боку дзвярэй.

– На працу, – адказаў няшчасны бацька, муж, чыноўнік, п’яніца і распуснік.

Пачуўся смех, жудасны смех у цішыні калідора, і крокі зноў аціхлі.

– Здаецца мне, што гэты пан вас люта ненавідзіць, калі так смяецца з вас, – сказаў Швейк, калі чалавек, безнадзейна махнуўшы рукой, сеў побач. – Гэткі турэмшчык, калі раззлуецца, здольны на ўсё. Сядзіце сабе ціха, калі ўжо расхацелі вешацца, і пачакайце, як пойдуць справы далей. Калі вы, як кажаце, чыноўнік, жанаты і ў вас ёсць дзеці, то ўсё гэта сапраўды жахліва. Вы, калі не памыляюся, упэўнены, што вас выкінуць са службы?

– Не магу вам сказаць, – уздыхнуў той. – Я ўжо і сам не ведаю, чаго навырабляў. Толькі помню, што мяне аднекуль выкінулі, але я хацеў вярнуцца, каб закурыць сігару. А ўсё пачыналася так добра… Бачыце, начальнік нашага аддзела спраўляў свае імяніны і паклікаў нас у адзін вінны шынок, потым мы трапілі ў другі, у трэці, у чацвёрты, у пяты, у шосты, у сёмы, у восьмы, у дзевяты…

– Ці не жадаеце, каб я дапамог вам лічыць? – падахвоціўся Швейк. – Я ў гэтай справе кумекаю. Аднойчы я за адну ноч пабыў у дваццаці васьмі месцах, але трэба аддаць належнае, нідзе болей за тры куфлі не піў.

– Карацей кажучы, – працягваў няшчасны падначалены таго начальніка, які так пышна святкаваў свае імяніны, – калі мы абышлі з тузін розных шыночкаў, то спахапіліся, што наш начальнік недзе згубіўся, хаця мы яго загадзя прывязалі на вяровачку і вадзілі за сабой, як сабачку. Дык мы тады пайшлі яго ўсюды шукаць і нарэшце ўсе паразгублялі адзін аднаго. Я апынуўся ў адной з начных кавярань на Вінаградах, у вельмі слушнай установе, дзе піў нейкі лікёр проста з бутэлькі. Што я потым рабіў – не памятаю… Ведаю толькі, што ўжо тут, у камісарыяце, калі мяне сюды прывялі, абодва паліцэйскія рапартавалі, што я напіўся, паводзіў сябе непрыстойна, пабіў адну даму, разрэзаў сцізорыкам чужы капялюш, які зняў з вешалкі, разагнаў жаночую капэлу, перад усімі абвінаваціў обер-кельнера ў крадзяжы дваццаці крон, разбіў мармуровую дошку ля століка, за якім сядзеў, і знарок плюнуў незнаёмаму пану за суседнім столікам у чорную каву. Больш я нічога не зрабіў… прынамсі, не памятаю, каб я яшчэ што-небудзь выкінуў… Іпаверце, я такі прыстойны, інтэлігентны чалавек і ні аб чым іншым не думаю, як толькі аб сваёй сям’і. Што вы на гэта скажаце? Я ж зусім не задзіра які, скандаліст!

– I шмат вам давялося прыкласці працы, каб раскалашмаціць тую мармуровую дошку? – пацікавіўся Швейк замест адказу. – Ці вы яе раскалолі адным махам?

– Адразу, – адказаў інтэлігентны пан.

– Тады вы прапалі, – задуменна вымавіў Швейк. – Вам дакажуць, што вы да гэтага рыхтаваліся шляхам працяглых практыкаванняў. А кава таго незнаёмага пана, у якую вы плюнулі, была без рому ці з ромам?

I, не чакаючы адказу, высветліў:

– Калі была з ромам, то горш, таму што даражэй. На судзе ўсё падлічваюць і складваюць разам, каб цягнула на злачынства.

– На судзе… – маладушна прашаптаў шаноўны галава сям’і і, звесіўшы галаву, упаў у той непрыемны стан, калі чалавека адольваюць дакоры сумлення.

– А дома ведаюць, што вы арыштаваны, або пачакаюць, калі пра гэта будзе ў газетах? – спытаў Швейк.

– Вы лічыце, што гэта будзе ў газетах? – наіўна спытала ахвяра імянін свайго начальніка.

– Больш чым упэўнены, – прагучаў шчыры адказ, бо Швейк ніколі не меў звычаю утойваць што-небудзь ад суразмоўцы. – Чытачам газет такія звесткі надта падабаюцца. Я сам люблю чытаць гэтую рубрыку пра п’яніц і іх буянства. Нядаўна ў шынку «Ля келіха» адзін госць выкінуў штуку: сам сабе разбіў куфлем галаву. Падкінуў яго ўгару і падставіў галаву. Яго адвезлі, а раніцой мы ўжо чыталі пра гэта ў газетах. Альбо яшчэ выпадак. У Бендлаўцы* я аднойчы даў аплявуху аднаму факелынчыку з пахавальнага бюро, а ён мне аддзячыў тым жа. Каб нас памірыць, вымушаны былі абодвух пасадзіць пад замок, і тут жа з’явілася нататка ў газетах. I яшчэ. У кавярні «У мерцвяка» адзін саветнік разбіў два сподачкі. Дык, думаеце, яго пашкадавалі? На другі дзень таксама красаваўся ў газетах… Вам застаецца толькі адно: паслаць з турмы ў газету абвяржэнне, што апублікаваная нататка вас не датычыць і што з панам, які носіць ваша прозвішча, вы не звязаны ніякімі ні сваяцкімі, ні іншымі адносінамі. А дадому пашліце запіску, каб гэтае абвяржэнне выразалі і схавалі, – потым вы можаце яго прачытаць, калі адсядзіце тэрмін пакарання. Вам не холадна? – спагадліва спытаў Швейк, заўважыўшы, што інтэлігентны пан дрыжыць. – У гэтым годзе канец лета нешта халаднаваты.

– Прапашчы я чалавек! – загаласіў кампаньён Швейка. – Ляснула маё павышэнне!

– Гэта як піць даць, – ахвотна пагадзіўся Швейк. – Калі вас пасля вязніцы назад на службу не прымуць, не ведаю, як хутка знойдзеце вы іншае месца, таму што ўсюды, нават калі б вы захацелі працаваць у скуралупа, запатрабуюць ад вас даведку аб добрых паводзінах. Так-так, хвіліны асалоды, якія вы сабе дазволілі, будуць вам дорага каштаваць. А з чаго будзе жыць ваша жонка з дзеткамі, пакуль вы будзеце сядзець? Ці, можа, ёй давядзецца пайсці з торбай па свеце і вучыць дзетак рознай распусце?

Пачуўся ўсхліп:

– Бедныя мае дзеткі! Бедная мая жонка! Грэшнік, які стаў на шлях пакаяння, устаў і разгаварыўся аб сваіх дзетках: у яго іх пяцёра, самаму старэйшаму дванаццаць гадоў, ён у скаўтах, п’е толькі ваду і мог бы служыць прыкладам свайму бацьку, які праштрафіўся ўпершыню ў жыцці.

– Ён, значыцца, у скаўтах, – усклікнуў Швейк. – Люблю слухаць пра скаўтаў. Аднойчы ў Мыдлаварах, каля Злівы, у раёне Глубокай, акруга Чэшскія Будзеёвіцы, якраз калі наш Дзевяноста першы полк быў там на вучэннях, сяляне з навакольных вёсак наладзілі аблаву на скаўтаў, якіх занадта многа развялося ў грамадскім лесе. Трох схапілі. I калі вязалі найменшага з іх, ён так скавытаў і плакаў, што мы, загартаваныя салдаты, не маглі без жалю на яго глядзець і палічылі за лепшае адысціся ўбок. Пакуль гэтых скаўтаў вязалі, яны пакусалі васьмярых сялян. Потым у старасты пад бізунамі яны прызналіся, што ва ўсёй акрузе няма таго лугу, які б яны не вытапталі, выграваючыся на сонцы. I заадно прызналіся ў тым, што каля Ражыц якраз перад жнівом чыста выпадкова згарэла паласа жыта, калі яны ў тым жыце пяклі на ражне сарну, да якой з нажом падкраліся ў грамадскім лесе. Потым на іх лежбішчы ў лесе знайшлі болей за паўцэнтнера абгрызеных касцей рознай хатняй птушкі і лясных звяроў, вялікае мноства вішнёвых костачак, безліч агрызкаў недаспелых яблыкаў і ўсялякага іншага дабра.

Аднак няшчасны бацька скаўта ўсё ж не мог супакоіцца.

– Што я нарабіў! – бедаваў ён. – Загубіў сваю рэпутацыю назаўсёды!

– Што і казаць, – пацвердзіў Швейк з уласцівай яму шчырасцю. – Пасля таго, што здарылася, ваша рэпутацыя загублена на ўсё жыццё, бо калі пра гэты выпадак будуць чытаць у газетах вашы знаёмыя, то, будзьце ўпэўнены, што сеё-тое яны яшчэ і дададуць ад сябе. Так яно ўжо вядзецца, так што вы не звяртайце на гэта ўвагі. Людзей з падмочанай ці загубленай рэпутацыяй на свеце, бадай, разоў у дзесяць болей, чым тых, хто з чыстым сумленнем. Гэта мізэрная дробязь.

Тут на калідоры пачуліся грузныя крокі, загрымеў у замку ключ, расчыніліся дзверы, паліцэйскі выклікаў Швейка.

– Прабачце, – па-рыцарску нагадаў Швейк, – я тут толькі з дванаццаці гадзін дня, а гэты пан яшчэ з шасці гадзін раніцы. Я не вельмі каб спяшаўся.

Замест адказу моцная рука паліцэйскага выцягнула яго ў калідор, і Швейк моўчкі паплёўся па лесвіцы на другі паверх. У пакоі за сталом сядзеў тоўсты паліцэйскі камісар з бадзёрым выразам на твары. Ён звярнуўся да Швейка:

– Дык вы, значыцца, і ёсць той Швейк? Як вы сюды трапілі?

– Самым звычайным спосабам, – адказаў Швейк. – Я прыйшоў сюды ў суправаджэнні паліцэйскага, бо не мог дазволіць, каб мяне выгналі з вар’ятні без абеду. Я ім не шлюха з вуліцы.

– Ведаеце што, Швейк? – ласкава сказаў камісар. – Навошта нам тут, на Салмавай вуліцы, з вамі спрачацца? Ці не было б лепей, калі б мы вас накіравалі ў паліцэйскую ўправу?

– Вы, як гаворыцца, гаспадар сітуацыі, – задаволена сказаў Швейк. – А прайсціся ўвечары да паліцэйскай управы – гэта невялікая, але надта прыемная прагулка.

– Ну, я рады, што мы з вамі пагадзіліся, – весела падсумаваў паліцэйскі камісар. – Заўсёды лепей дамовіцца, ці не так, Швейк?

– Я таксама заўсёды вельмі ахвотна раюся з людзьмі, – падхапіў Швейк. – Паверце, пан камісар, я ніколі не забуду вашае ласкі.

Пачціва пакланіўшыся, ён спусціўся з паліцэйскім уніз, у стражніцу, і праз чвэрць гадзіны яго ўжо можна было бачыць на рагу Бчнай вуліцы і Карлавай плошчы ў суправаджэнні другога паліцэйскага, які прыціскаў пад пахай даволі тоўстую кнігу з нямецкім надпісам: «Arestantenbuch».

Ha рагу Спаленай вуліцы Швейк з яго канваірам натрапілі на гурт людзей, якія тоўпіліся перад расклеенай аб’явай.

– Гэта маніфест пана імператара пра аб’яўленне вайны, – сказаў паліцэйскі Швейку.

– Я гэта прадказваў, – сказаў Швейк. – Але ў вар’ятні пра гэта яшчэ не ведаюць, хаця маглі б ведаць з першакрыніц.

– Што вы хочаце гэтым сказаць? – спытаў паліцэйскі Швейка.

– Там жа сядзіць шмат паноў афіцэраў, – растлумачыў Швейк, а калі яны падышлі да новага гурту, які таксама ціснуўся да маніфеста, Швейк крыкнуў:

– Імператару Францу-Іосіфу слава! Вайну мы выйграем!

Нехта з натхнёнага натоўпу адным ударам збіў яму кацялок на вушы, і ў такім выглядзе на вачах у вялікай грамады людзей удалы салдат Швейк зноў пабрыў у браму паліцэйскай управы.

– Гэтую вайну мы абавязкова выйграем, я паўтараю гэта яшчэ раз, панове, – з гэтымі словамі Швейк развітаўся з натоўпам, які яшчэ крыху правёў яго.

Некалі, у далёкія ад нас часы, да Еўропы даляцела неабвержнае выслоўе аб тым, што заўтрашні дзень разбурыць самыя смелыя планы сённяшняга дня.

Прыгоды ўдалага салдата Швейка

Подняться наверх