Читать книгу Прыгоды ўдалага салдата Швейка - Яраслаў Гашак - Страница 2

Частка І. У тыле
Раздзел I. Уварванне ўдалага салдата Швейка ў сусветную вайну

Оглавление

– Слухайце, забілі нашага Фердынанда, – сказала Швейку яго служанка.

Швейк некалькі гадоў таму назад, пасля таго як ваенна-медыцынская камісія канчаткова прызнала яго ідыётам, пакінуў вайсковую службу і цяпер жыў з продажу сабак, брыдкіх беспародных мяшанцаў, якім ён прыдумляў фальшывыя радаслоўныя.

Апрача таго, ён быў хворы на раматус і ў гэтую хвіліну якраз мазаў калені ападэльдокам.

– Якога Фердынанда, пані Мюлер? – спытаў Швейк, не перастаючы масіраваць калені. – Я ведаю двух Фердынандаў. Адзін быў служкам у фармацэўта Прушы і аднойчы, памыліўшыся, выпіў бутэльку нейкай вадкасці для росту валасоў; ды ведаю яшчэ Фердынанда Кокашку, што падбірае на вуліцах сабачыя кучкі. Абодвух ніколькі не шкада.

– Не, васпан мой, пана эрцгерцага Фердынанда, таго, што жыў у Конапішце, такога тоўстага, набожнага…

– Ежыш Марыя! – ускрыкнуў Швейк. – Вось табе маеш! I дзе ж гэта з ім, панам эрцгерцагам, сталася?

– Прыстукнулі яго ў Сараеве. Быццам бы з рэвальвера. Ён там ехаў са сваёй эрцгерцагіняй у аўтамабілі.

– Вось бачыце, пані Мюлер, у аўтамабілі! О, такі пан можа сабе гэта дазволіць. Відаць, нават не падумаў, што такая язда аўтамабілем можа кепска закончыцца. Да таго ж, у Сараеве! А Сараева, пані Мюлер, – у Босніі… Гэта, напэўна, падкопы туркаў – не варта было нам адбіраць у іх Боснію і Герцагавіну. Дык вось яно як, пані Мюлер. Эрцгерцаг, значыцца, ужо аддаў богу душу. Доўга пакутаваў?

– Пан эрцгерцаг быў гатоў адразу, васпан. Вядома, з рэвальверам жарты кароткія. Нядаўна ў нас, у Нуслях, адзін пан забаўляўся рэвальверам, дык перастраляў усю сям’ю ды яшчэ дворніка, які прыйшоў паглядзець, хто там страляе на чацвёртым паверсе.

– Ёсць такія рэвальверы, пані Мюлер, што хоць трэсні, з яго не стрэліш. I такіх сістэм – безліч. Але ж для пана эрцгерцага, напэўна, купілі што-небудзь найлепшае. Магу пабіцца аб заклад, пані Мюлер, што той чалавек, які страляў, з такой нагоды і прыадзеўся як мае быць. Вядома, страляць у эрцгерцага – надта цяжкая праца. Гэта зусім не тое, што браканьеру стрэліць у лесніка. Тут галоўнае ў тым, як да яго падабрацца. Да такога вяльможы ў лахманах не падыдзеш. Тут мусіш ісці ў цыліндры, каб цябе да пары да часу не схапіў паліцэйскі.

– Ды, кажуць, ён там не адзін быў.

– Гэта само сабой, пані Мюлер, – сказаў Швейк, заканчваючы масаж калена. – Калі б вы, да прыкладу, хацелі забіць пана эрцгерцага або пана імператара, дык абавязкова з кім-небудзь параіліся б. Галава добра, а дзве лепш. Адзін параіць адно, другі – другое, і «справа пойдзе на лад», як пяецца ў нашым гімне. Галоўнае – пранюхаць момант, калі такі магнат паедзе міма. Гэта акурат так, як з тым панам Люкені, што праткнуў нашу нябожчыцу Альжбету* напільнікам. Памятаеце, ён яшчэ з ёй пагульваў. Вось і вер потым людзям! З таго часу ніводная імператрыца не ходзіць гуляць. I гэта яшчэ чакае многіх. Вось убачыце, пані Мюлер, яшчэ дабяруцца да рускага цара і царыцы, а можа, не прывядзі бог, і да пана імператара, калі пачалі з дзядзькі*. У яго, старога чалавека, ворагаў болей, чым у Фердынанда. Нядаўна ў карчме адзін пан сказаў, што надыдзе час, і ўсе гэтыя імператары пасыплюцца адзін за адным, і ім нават дзяржаўная пракуратура не дапаможа. Потым выявілася, што гэтаму пану няма чым плаціць за піва, і карчмар вымушаны быў выклікаць паліцыю, за што ён заляпіў карчмару аплявуху, а паліцэйскаму – дзве. Потым яго адвезлі ў кашы, каб ачомаўся*. Такія вось, пані Мюлер, у нас справы. Значыцца, яшчэ адна страта для Аўстрыі. Калі я служыў у войску, дык адзін пехацінец застрэліў капітана. Зарадзіў стрэльбу і пайшоў у канцылярыю. Там сказалі, што ў канцылярыі яму рабіць няма чаго, а ён усё даводзіў, што конча павінен гаварыць з капітанам. Капітан выйшаў і пазбавіў яго водпуску з казармы, а ён узяў стрэльбу і – бах яму проста ў сэрца! Куля прабіла пана капітана навылёт ды яшчэ нарабіла шкоды ў канцылярыі: раскалола пляшку з чарнілам, і яно заліло службовыя паперы.

– I што было таму салдату? – счакаўшы хвіліну, спытала пані Мюлер, калі Швейк ужо апранаўся.

– Павесіўся на падцяжках, – сказаў Швейк, чысцячы свой кацялок. – А падцяжкі былі не ягоныя, ён іх пазычыў у турэмнага стоража. Сказаў, што ў яго, нібыта, штаны не трымаюцца. Не чакаць жа яму, пакуль яго расстраляюць. Яно ж, пані Мюлер, вядома, у каго ў такім становішчы галава не пойдзе кругам. Стоража разжалавалі і ўляпілі шэсць месяцаў. Але ён іх недаседзеў – уцёк у Швейцарыю і зараз там служыць прапаведнікам у нейкай царкве. Сумленных людзей сёння мала, пані Мюлер. Я думаю, што і пан эрцгерцаг Фердынанд у тым самым Сараеве памыліўся ў тым чалавеку, які яго застрэліў. Убачыўшы таго пана, ён, пэўна, падумаў, што гэта прыстойны чалавек, бо прывячае яго. А той тым часам яго – бах! Адну ўсадзіў ці некалькі?

– У газетах пішуць, васпан, што пан эрцгерцаг быў як рэшата. Той выпусціў у яго ўсе патроны.

– Гэта робіцца вельмі хутка, пані Мюлер. Страшэнна хутка. Для такой справы я купіў бы браўнінг: выглядае нібы цацка, але за дзве хвіліны можна перастраляць з яго дваццаць эрцгерцагаў, усё роўна, ці худых, ці тоўстых. Зрэшты, між намі кажучы, пані Мюлер, у тоўстага пана эрцгерцага трапіць было лягчэй, чым у худога. Можа, памятаеце, як у Партугаліі падстрэлілі іхняга караля*? Таксама быў надта тоўсты. Вы ж разумееце, кароль худы не будзе. Ну, я пайду ў шынок «Ля келіха», і калі прыйдуць па таго тэр’ера, за якога я ўжо ўзяў задатак, то скажыце, што я трымаю яго на псярні ў вёсцы, што нядаўна падрэзаў яму вушы і пакуль яны не загояцца, перавозіць яго нельга, бо застудзіцца. Ключ аддайце брамніцы.

У шынку «Ля келіха» сядзеў толькі адзін наведнік – агент тайнай паліцыі Брэтшнайдэр. Шынкар Палівец мыў падносы, і Брэтшнайдэр марна спрабаваў завязаць з ім сур’ёзную размову.

Палівец быў вядомы грубіян, кожнае другое слова ў яго было «азадак» або «дзярмо». Але пры гэтым ён быў чалавек начытаны і ўсім раіў пачытаць, што напісаў на гэты конт Віктор Гюго, калі расказваў, як адказала старая напалеонаўская гвардыя англічанам у бітве пры Ватэрлоо*.

– Неблагое лета ў нас сёлета, – распачаў сур’ёзную гаворку Брэтшнайдэр.

– Цана ўсяму гэтаму дзярмо! – адказаў Палівец, укладваючы падносы на паліцу.

– У Сараеве нам здорава насалілі! – са слабай надзеяй вымавіў Брэтшнайдэр.

– У якім «Сараеве»? – перапытаў Палівец. – У нусельскай карчме? Там кожны дзень бойка. Адно слова – Нуслі!

– У баснійскім Сараеве, пане шынкар. Там застрэлілі эрцгерцага Фердынанда. Што вы на гэта скажаце?

– Я ў такія справы не лезу. З такімі справамі хай яны ўсе пацалуюць мяне ў азадак, – ветліва адказаў пан Палівец, закурваючы люльку. – Умяшаешся ў такую справу, і можаш лёгка скруціць сабе галаву. Я дробны гандляр. Калі да мяне прыходзіць чалавек, заказвае піва, я яму і наліваю. А нейкае там Сараева, палітыка або нябожчык эрцгерцаг – гэта не для нас, гэта Панкрацам* пахне.

Брэтшнайдэр замоўк і расчаравана агледзеў пусты шынок.

– Тут некалі вісеў партрэт пана імператара, – праз хвіліну загаварыў ён зноў. – Якраз там, дзе цяпер люстра.

– Так-так, вы праўду кажаце, – адказаў пан Палівец, – вісеў. Ды толькі на яго мухі паскудзілі, дык я занёс яго на гарышча. Ведаеце, яшчэ хто-небудзь займее ахвоту зрабіць на гэты конт заўвагу, і могуць быць непрыемнасці. На якое ліха мне гэта патрэбна?

– У Сараеве, напэўна, вельмі брыдка было, пан шынкар?

На гэтае хітрае пытанне, пастаўленае проста ў лоб, пан Палівец адказаў надзвычай асцярожна:

– Так, у гэты час у Босніі і Герцагавіне страшэнная гарачыня. Калі я там служыў, дык нашаму обер-лейтэнанту даводзілася класці лёд на галаву.

– У якім палку вы служылі, пане шынкар?

– Я такіх дробязей не помню, я ніколі не цікавіўся такой брыдотай, – адказаў пан Палівец. – Я ўвогуле чалавек не цікаўны. Залішняя цікаўнасць толькі на шкоду.

Тайны агент Брэтшнайдэр канчаткова замоўк, і яго пахмурны твар ажывіўся толькі з прыходам Швейка, які, увайшоўшы ў шынок, заказаў сабе піва, заўважыўшы:

– У Вене сёння таксама жалоба.

У вачах Брэтшнайдэра засвяцілася надзея, і ён хутка прамовіў:

– У Канопішці вывесілі дзесяць чорных сцягоў.

– А павінна быць дванаццаць, – сказаў Швейк, адпіўшы з куфля.

– Чаму вы думаеце, што дванаццаць? – спытаў Брэтшнайдэр.

– Для роўнага ліку – тузін. Так лягчэй лічыць, ды і на тузін дзешавей выходзіць, – адказаў Швейк.

Запанавала цішыня, якую парушыў сам Швейк, уздыхнуўшы:

– Дык, значыцца, ён ужо там, ля трона божага, дай яму божа вечны спачын! Нават не дачакаўся, пакуль стане імператарам. Калі я служыў у войску, дык адзін генерал упаў з каня і моцна пабіўся. Хацелі яму дапамагчы, уссадзіць на каня, паглядзелі, а ён – мёртвы. А чакаў павышэння – цаляў у фельдмаршалы. Здарылася гэта з ім на аглядзе войск. Гэтыя агляды ніколі не даводзяць да дабра. Відаць, і ў Сараеве быў нейкі агляд. Памятаю, як на адным такім аглядзе ў мяне не хапіла дваццатага гузіка на мундзіры. За гэта мяне пасадзілі на два тыдні ў адзіночку. I два дні я, нібы той Лазар, быў звязаны «казлом»*. Што ж, у войску павінна быць дысцыпліна. Іначай ніхто ні на кога не зважаў бы. Наш обер-лейтэнант Макавец заўсёды нам гаварыў: «Дысцыпліна, ёлупні, неабходная рэч, без яе вы, як малпы, на дрэвы палезеце. А вайсковая служба вас, ёлупні, у людзі выведзе!» I хіба ж не праўда? Уявіце сабе парк, скажам, на Карлавай плошчы, і на кожным дрэве па адным салдаце без усякай дысцыпліны. Гэта мяне вельмі палохае.

– У Сараеве, – гнуў сваё Брэтшнайдэр, – гэта ўсё справа рук сербаў.

– Памыляецеся, – адказаў Швейк. – Гэта зрабілі туркі. З-за Босніі і Герцагавіны.

I Швейк выказаў свой погляд на знешнюю палітыку Аўстрыі на Балканах: туркі ў 1912 годзе прайгралі вайну з Сербіяй, Балгарыяй і Грэцыяй; яны хацелі, каб Аўстрыя ім дапамагала, а калі гэта ў іх не атрымалася, застукалі Фердынанда.

– Ты туркаў любіш? – звярнуўся Швейк да шынкара Паліўца. – Ты любіш гэтых нехрышчоных сабак, га? Не любіш жа?

– Для мяне кожны наведнік госць, хоць бы і турак, – сказаў Палівец. – Мы, гандляры, палітыкай не займаемся. Заплаці за піва, сядзі ў шынку і вярзі, што хочаш, – такое ў мяне правіла. Ці нашага Фердынанда забіў чэх ці турак, католік ці магаметанін, анархіст ці младачэх*, – мне ўсё роўна.

– Добра, пан шынкар, – прагаварыў Брэтшнайдэр, зноў пачынаючы траціць надзею, што каго-небудзь з гэтых двух удасца падлавіць на слове, – але ж прызнайце, што гэта вялікая страта для Аўстрыі.

Замест шынкара адказаў Швейк:

– Вядома, страта, што тут гаварыць. Страшэнная страта. Фердынанда не заменіш якім-небудзь асталопам. Толькі яму трэба было б быць яшчэ таўсцейшым.

– Што вы хочаце гэтым сказаць? – пажвавеў Брэтшнайдэр.

– Што хачу сказаць? – ахвотна перапытаў Швейк. – Вось што. Калі б ён быў таўсцейшы, то яго ўжо даўно хапіў бы паралюш, яшчэ калі ён у Канопішці ганяў баб, якія ў яго маёнтку збіралі галлё і грыбы, і не давялося б яму паміраць такой ганебнай смерцю. Падумаць толькі – дзядзька імператара, а яго прыстукнулі! Гэта ж ганьба, ва ўсіх газетах пішуць! У нас у Будзеёвіцах некалькі гадоў назад на базары ўсчалася невялікая бойка і пракалолі аднаго гандляра жывёлаю, нейкага Бржэціслава Людвіка. А ў яго быў сын Багуслаў, дык той куды б ні прыйшоў прадаваць парасят, ніхто ў яго ніколі нічога не купляў. Ды кожны, бывала, скажа: «Гэта сын таго, што на базары праткнулі, таксама, відаць, добры круцель». Дык, ведаеце, дайшоў да таго, што ў Крумлаве скочыў з моста ў Влтаву, а потым прыйшлося яго выцягваць, прыйшлося ўваскрашаць, прыйшлося ваду з яго выпампоўваць, а ўсё ж давялося яму сканаць на руках у лекара пасля таго, як той нешта яму ўпырснуў. – Дзіўныя ў вас параўнанні, – шматзначна сказаў Брэтшнайдэр, – спачатку вы гаворыце пра Фердынанда, а потым пра гандляра быдлам.

– Зусім не дзіўныя, – пачаў апраўдвацца Швейк. – Крый мяне божа, каб я хацеў каго-небудзь з кім-небудзь параўноўваць! Пан шынкар мяне ведае. Праўда ж, я нікога ні з кім не параўноўваў? Я толькі не хацеў бы быць у скуры ўдавы эрцгерцага. Што яна цяпер будзе рабіць? Дзеці – сіроты, маёнтак у Канопішці – без гаспадара. Выходзіць зноў за якога-небудзь эрцгерцага? Які толк? Паедзе з ім зноў у Сараева і зробіцца ўдавой другі раз… Вось некалі ў Зліве каля Глубокай жыў адзін ляснік з надта брыдкім прозвішчам – Піндзюр. Браканьеры яго застрэлілі, і засталася пасля яго ўдава з двума дзеткамі. Праз год яна выйшла замуж зноў за лесніка, Пепіка Шаўлавага з Мыдлавар, яго таксама ўходалі. Выйшла ў трэці раз – і зноў. жа за лесніка і кажа: «Трэцім разам – лепшым часам. Калі і цяпер не пашанцуе, дык і не ведаю, што рабіць». Ну, вядома, і гэтага прыстукнулі, а ў яе ад гэтых леснікоў было ўжо шасцёра дзяцей. Пайшла яна ў Глубокую, у канцылярыю князя, пабедавала там, што няма ў яе шчасця з леснікамі, і ёй там сасваталі Яраша, вартаўніка сажалкі, з Ражыц. I – што вы скажаце! – утапілі і яго ў час лоўлі рыбы! I ад яго ў яе ўжо двое дзяцей. Потым яна выйшла за канавала з Воднян, дык той аднойчы ўначы цюкнуў яе сякераю і добраахвотна здаўся паліцыі. Калі потым яго ў Пісеку пры акруговым судзе вешалі, ён укусіў святара ў нос і заявіў, што наогул ні аб чым не шкадуе, а таксама сказаў нешта агіднае пра пана імператара.

– А вы не ведаеце, што ён пра яго сказаў? – з надзеяй у голасе спытаў Брэтшнайдэр.

– Гэтага я вам сказаць не магу, гэтага яшчэ ніхто не адважваўся паўтарыць. Але словы былі, відаць, настолькі жахлівыя, што адзін з чыноўнікаў, які пры гэтым быў, з’ехаў з глуздоў, і яго да сённяшняга дня трымаюць у ізаляцыі, каб шыла не выйшла з мяшка. Гэта была не звычайная знявага пана імператара, як бывае па п’янцы.

– А як зневажаюць пана імператара па п’янцы? – спытаў Брэтшнайдэр.

– Прашу вас, панове, пагаварыць пра нешта іншае, – не сцярпеў шынкар Палівец. – Я, ведаеце, гэтага не люблю. Хто-небудзь потым набрэша, а чалавеку адны непрыемнасці.

– Як зневажаюць пана імператара па п’янцы? – перапытаў Швейк. – Усяляк. Напіцеся, загадайце зайграць вам аўстрыйскі гімн і самі ўбачыце, чаго нагаворыце. Навыдумляеце пра пана імператара столькі, што калі б толькі палова была праўда, хапіла б яму ганьбы на ўсё жыццё. А ён, стары дзядуля, дальбог, гэтага не заслужыў. Заўважце: сына Рудольфа ён страціў у раннім веку, у поўнай мужчынскай моцы, жонку Альжбету праткнулі напільнікам, потым страціў брата Яна Орта*, а брата – мексіканскага імператара – застрэлілі ў нейкай цытадэлі каля сцяны*. Цяпер зноў, на схіле веку, падстрэлілі дзядзьку. Гэта ж трэба мець жалезныя нервы. I пасля ўсяго гэтага згадае пра яго які-небудзь п’янчуга і пачне языком мянціць. Калі цяпер што-небудзь грымне, пайду добраахвотнікам і буду служыць пану імператару, пакуль мяне не разарве якой бомбай!

Швейк грунтоўна сербануў з куфля і працягваў:

– Вы думаеце, пан імператар усё гэта так пакіне? Вы яшчэ мала яго ведаеце. Вайна з туркамі абавязкова павінна быць. «Забілі майго дзядзьку, дык я заеду вам у морду! * Будзе вайна як піць даць. Сербія і Расія нам у гэтай вайне дапамогуць. Будзе разня!

Швейк у хвіліну свайго прароцтва быў чароўны. Яго прастадушны ўсмешлівы твар натхнёна ззяў, як поўня. I ўсё яму зараз было проста і ясна.

– Можа стацца, – працягваў ён маляваць будучыню Аўстрыі, – што на нас у выпадку вайны з Турцыяй нападуць немцы, бо немцы і туркі – супольнікі. Гэта такія паскуднікі, якіх свет не бачыў. Але мы можам хаўрусаваць з Францыяй, якая з семдзесят першага года точыць зубы на Германію. I ўсё пойдзе, як па мазаных колах. Вайна будзе, і больш я вам нічога не скажу.

Брэтшнайдэр устаў і ўрачыста прамовіў:

– Больш вам нічога гаварыць і не трэба. Выйдзіце са мной на калідор, я вам нешта скажу.

Швейк выйшаў за тайным агентам у калідор, дзе яго чакаў невялікі неспадзяванак: яго сусед па століку паказаў яму арла* і заявіў, што Швейк арыштаваны і ён неадкладна адвядзе яго ў паліцэйскую ўправу. Швейк паспрабаваў вытлумачыць, што пан, напэўна, памыляецца, бо ён нічым не правініўся і не вымавіў ніводнага слова, якое магло б каго-небудзь зняважыць.

Аднак Брэтшнайдэр заявіў, што ў сапраўднасці Швейк учыніў некалькі злачынстваў, сярод якіх мела месца і дзяржаўная здрада.

Потым абодва вярнуліся ў шынок, і Швейк сказаў Паліўцу:

– Я выпіў пяць куфляў піва і з’еў рагалік з сасіскай. Дай мне яшчэ чарку слівавіцы, і я пайду, бо мяне арыштавалі.

Брэтшнайдэр нейкі час пазіраў на Паліўца, потым паказаў арла і яму і спытаў:

– Вы жанаты?

– Так.

– А ці можа ваша жонка замест вас весці гандаль у час вашай адсутнасці?

– Можа.

– Тады ўсё ў парадку, пан шынкар, – весела сказаў Брэтшнайдэр. – Паклічце сюды вашу жонку і перадайце ёй усе справы. Увечары за вамі прыедзем.

– Не бяры да галавы, – суцяшаў шынкара Швейк. – Я арыштаваны ўсяго толькі за дзяржаўную здраду.

– А я за што? – бедаваў пан Палівец. – Я ж быў такі асцярожны!

Брэтшнайдэр усміхнуўся і з выглядам пераможцы сказаў:

– За тое, што вы сказалі, быццам на пана імператара паскудзілі мухі. Вам гэтага пана імператара выб’юць з галавы.

Швейк пакінуў шынок «Ля келіха» ў суправаджэнні агента тайнай паліцыі. Калі яны выйшлі на вуліцу, Швейк, зазіраючы яму ў твар, са сваёй дабрадушнай усмешкай спытаў:

– Мне сысці з ходніка?

– Навошта?

– Я думаю, калі я арыштаваны, то не маю права ісці па ходніку.

Уваходзячы ў браму паліцэйскай управы, Швейк зазначыў:

– Добра прабавілі час! Вы часта бываеце ў шынку «Ля келіха»?

У той час, калі Швейка вялі ў канцылярыю паліцыі, у шынку «Ля келіха» пан Палівец перадаваў справы сваёй заплаканай жонцы, на свой лад яе суцяшаючы:

– Не плач, не хліпай! Што яны могуць мне зрабіць за абгаджаны партрэт пана імператара?

Такім вабным, прынадным чынам уступіў у сусветную вайну ўдалы салдат Швейк. Гісторыкаў будзе цікавіць, як мог ён так далёка зазірнуць у будучыню. Калі пазней сітуацыя разгарнулася інакш, чым ён меркаваў «Ля келіха», то мы павінны мець на ўвазе, што ён не атрымаў нават азоў дыпламатычнай адукацыі.

Прыгоды ўдалага салдата Швейка

Подняться наверх