Читать книгу Крутагорскія казкі - Адам Глобус - Страница 22

21. Сiнi жывот

Оглавление

У нашым доме, шэрым дзевяцiпавярховiку, дзеўка страшнатварая жыла. Глянеш на яе – вочы самi заплюшчваюцца. Закахалася гэтая страхалюдзiна ў хлопца з суседняга пад’езда. Хлопец быў гожы, спортам займаўся i ў цырку гiмнастам падпрацоўваў. Артыст, адным словам. Нiхто i падумаць не мог, што страшыдла выйдзе замуж за прыгажуна. Вяселле яны згулялi, а па раёне чутка папаўзла, што мацi брыдкатварай дзеўкi прысушыла артыста. Пасля вяселля цыркач пачаў хварэць. За якi месяц вырас у яго вялiзны Сiнi жывот. Куды ён толькi нi звяртаўся, якiм толькi дактарам i лекарам Сiнi жывот нi паказваў, а нiхто такой хваробы не ведаў i нiколi Сiняга жывата не бачыў. Хлопец з твару спаў, спорт i цырк кiнуў, памiраць сабраўся. Нiбыта дзед стары, ён выходзiў з дому i каля пад’езда на лаўцы пад бэзам сядзеў. Так бы i прычакаў ён смерць сваю, але iшоў неяк праз наш двор сiвы мужчына. Спынiўся каля прысушанага хлопца: «Бачу я бяду тваю i магу дапамагчы!» Павёў ён хлопца з Сiнiм жыватом у лазню. У парылцы ён так адхвастаў бярозавым венiкам Сiнi жывот, што з рота хворага павыскоквалi ажно трыццаць тры сiнiя жабы. Сiвы мужчына сабраў тых жаб у мяшок, завязаў мяшок тоўстай вяроўкаю i сышоў з лазнi. Хлопец ачомаўся, агледзеў сябе i ўзрадаваўся, бо не было больш у яго Сiняга жывата. Вярнуўся ён дамоў i прагнаў са сваёй кватэры страшную жонку. Тая да мацi ў суседнi пад’езд пакацiлася. Прыбегла, а мацi ўжо засiлiлася, ужо вiсiць пад столлю халодная. Брыдотная жонка прыгажуна схапiла вяроўку, зрабiла пятлю i побач са сваёй мацi – вядзьмаркаю – павесiлася. Такое цёмнае здарэнне адбылося ў нашым доме, звычайным шэрым дзевяцiпавярховiку.

Крутагорскія казкі

Подняться наверх