Читать книгу Крутагорскія казкі - Адам Глобус - Страница 27
26. Белыя коткi
ОглавлениеЖылi на ўскрайку мястэчка, у невялiкiм дамку, дзве старыя тартаркi. Чаму iх клiкалi тартаркамi, нiхто не ведаў. Тартаркi ды тартаркi. Адкуль тыя тартаркi ў мястэчка прыехалi, з якой тартарскай мясцiны прыйшлi? Каб хто сказаў. Прыйшлi i прыйшлi. Спачатку цiха ўсё было, а потым ва ўсiм мястэчку гарбузы пагнiлi. Нiхто на тартарак i не падумаў. Праўда, той-сёй заўважыў, што гарбузы пагнiлi ва ўсiх, акром тартарак. За гарбузамi пачалi гнiсцi памiдоры. Ва ўсiх гнiюць, а ў тартарак проста ззяюць. Пачалi местачкоўцы да тартарак прыглядацца. Адна з iх была высокая-высокая i худая-худая, а другая кароценькая i тоўстая. Абедзве былi сiвыя, як дзьмухаўцы. І заўважылi нашыя местачкоўцы, што кожны вечар з двара тартарак выбягаюць дзве белы коткi: адна доўгая i худая, другая тоўстая ды кароткая. Выбягаюць Белыя коткi i шастаюць па чужых гародах. У каго з’явяцца, у таго гароднiна i загнiвае. Пабачыўшы такое шкоднiцтва, тутэйшыя людзi вырашылi прагнаць Белых котак з мястэчка. Уночы людзi абклалi дамок тартарак травою-дзiвасiлам. Спачатку хацелi дамок спалiць, але перадумалi. Вырашылi, што трава-дзiвасiл тых вядзьмарак тры днi з дамка не выпусцiць. Так i было. Так i прасядзелi шкадлiвыя тартаркi тры днi i тры ночы ў зачыненым дамку. Нават да ветру схадзiць не маглi – гадзiлi ў вядро. На чацвёрты дзень тутэйшыя людзi сказалi тартаркам з’ехаць з мястэчка. Тыя i з’ехалi. Белых котак больш нiхто на сваiм гародзе не бачыў. Ну i гарбузы болей не гнiлi.