Читать книгу Крутагорскія казкі - Адам Глобус - Страница 24
23. Сiнi язык
ОглавлениеДзяўчына чытала кнiгу, доўга чытала, ад пачатку i да канца, ад канца i да пачатку, а прачытаўшы, кнiгу спалiла. Парвала дзяўчына кнiгу i спалiла ўсю чыста разам з вокладкаю.
Спалiла яна кнiгу i лягла спаць, а пасярод ночы прахапiлася ды раўцi пачала: «Душаць мяне, душаць!!!» Бацькi паўставалi, паспрабавалi дзяўчыну супакоiць, а яна не супакойваецца, па падлозе качаецца, енчыць, вiшчыць, падскоквае, на сцены кiдаецца, па кватэры скача. Бацькi спрабавалi яе злавiць, ды не змаглi. Пабеглi бацькi да суседзяў, дактароў выклiкаць, а калi вярнулiся, дзяўчына ўжо на падлозе ляжала нежывая. У сцiснутых кулаках былi валасы павырываныя з галавы, а з рота тырчэў даўжэзны Сiнi язык. Дактары сказалi, што нiколi ў жыццi такога брыдкага трупа не бачылi. Поп, якi на пахаванне прыйшоў, моцна дзiвiўся, маўляў, Сiнi язык такi доўгi, страшны, што i да чалавечага не падобны. Прывезлi труну з дзяўчынаю на могiлкi, толькi ў ямiну апусцiлi, тут такая навальнiца пачалася, такi гром грымнуў, што нават далакопы i тыя ўцяклi. Калi залева спынiлася i людзi да магiлы вярнулiся, ды ямiна тая была поўная вады. У вадзе пустая труна плавала, а дзяўчыны з Сiнiм языком не было. Поп сказаў, што яе, пэўна, Пярун да сябе забраў. Сказаў – i сам сваiх словаў спалохаўся. Далакопы пустую магiлу сырым пяском закiдалi, бо ўсе пагадзiлiся, што лепей пра такое не гаварыць, лепей пра такое забыцца. Ды дзе ж ты забудзешся пра Сiнi язык…