Читать книгу Крутагорскія казкі - Адам Глобус - Страница 32
31. Белая кашуля
ОглавлениеМужчына патурбаваў нябожчыц. Яму згадалiся iмёны старых вядзьмарак-шаптух – Пэлi Макоўскай i Тамары Машнiцкай. Успомнiлiся тыя шаптухi па-добраму, бо некалькi разоў ратавалi мужчыну – зашэптвалi сполах. Цяпер яны былi ў iншым свеце, а мужчына вазьмi ды паклiч iх. Шаптухi i прыйшлi. Першай з’явiлася Пэля i сказала, каб мужчына асцерагаўся новай кашулi. Праз дзень перад мужчынам паўстала Тамара i папярэдзiла, што варта баяцца Белай кашулi. Мужчына паслухаўся вядзьмарак-нябожчыц i занёс на сметнiк яшчэ не надзяваную Белую кашулю. Ён нават дакараў сябе за глупства i веру ў слова нябожчыц. Але дакараў ён сябе нядоўга, бо праз тры днi на сметнiку знайшлi задушанага смецяра. Усе рэбры ў яго былi пераламаныя. Задушылi яго не за горла. Нешта яму так сцiснула грудзi, што i рэбры патрушчылiся, i ён задохся. Труп смецяра быў у бруднай працоўнай форме, што i зразумела. Усiх здзiвiла тое, што кашуля на iм была новенькая – зусiм новая Белая кашуля.