Читать книгу Крутагорскія казкі - Адам Глобус - Страница 35
34. Цёмнае люстэрка
ОглавлениеУ Мiнску на пляцы Перамогi жыла пiянiстка Янiна. Працавала яна ў тэатры аперэты, заробак мела сцiплы, але ёй хапала на тое, каб эфектна апранацца i аплачваць маленькую аднапакаёвую кватэру, што дасталася ёй у спадчыну ад дзеда. Мэбля ў кватэры была не проста старая, яна была антыкварная, прывезеная з Кiтая. Янiна ганарылася той мэбляю, але мела патаемную мару пра яе продаж. Пiянiстка хацела прадаць свой антыкварыят i на атрыманыя грошы з’ехаць у Францыю. Янiна з юнацтва марыла жыць у Францыi, мусiць, таму яна выпякала сама сабе на свята торт «Напалеон». Аднойчы, напярэдаднi Калядаў, Янiна раскатвала цеста на каржы для торта, калi яе нехта паклiкаў: «Яня, даражэнькая, хадзi сюды!» Пiянiстка мела абсалютны слых, i яна магла паклясцiся, што пачула ў перадпакоi дзедаў голас. З качалкаю ў руцэ Янiна асцярожна, на дыбачках прайшла з варэльнi ў перадпакой. Зразумела, што там нiякага дзеда не было. Яня ўздыхнула з палёгкаю i зiрнула ў вялiкае Цёмнае люстэрка. Тут яна i скамянела. У кiтайскiм Цёмным люстэрку стаяла яна, толькi не ў хатнiм халацiку на голае цела, а ў доўгай чорнай канцэртнай сукенцы, i нiякай качалкi ў люстраной Янiны ў руках не было. «Удар мяне!» – уладным голасам загадала люстэркавая жанчына. Жывая Янiна з усяе моцы ўдарыла качалкаю па прывiду. Шкло трэснула i пасыпалася на падлогу, а разам са шклом пад ногi жанчыне пасыпалiся i залатыя манеты. Тых манет было так шмат, што Янiна змагла набыць сабе кватэру ў Парыжы. Цяпер кожную вясну свой травеньскi адпачынак яна праводзiць у французскай кватэры, а жыве Янiна там, дзе i жыла, – на пляцы Перамогi ў Мiнску, i працуе яна там, дзе i працавала, – у тэатры аперэты.