Читать книгу Крутагорскія казкі - Адам Глобус - Страница 28

27. Лiловы сабака

Оглавление

У пятнiцу хлопец пайшоў у начны клуб. Хацеў крыху выпiць, трохi патанчыць i з якой дзяўчынаю пазнаёмiцца. Звычайная справа, маладыя гады i жаданнi маладыя. Сеў ён за столiк, выпiўку замовiў, а калi хацеў паўтарыць, дык не знайшоў партманеткi. Ляжала партманетка на столiку, побач з тэлефонам. Сотавiк застаўся, а партманетка прапала. Акром рудой афiцыянткi, да столiка i не падыходзiў нiхто. Хлопец да рудой: «Аддавай, сучка, партманетку!» Тая ў крык. Прыбеглi ахоўнiкi, скруцiлi хлопца i выкiнулi з клуба на заднi двор. Каб толькi скруцiлi i выкiнулi, яно б i нiчога, а то збiлi невiнаватага моцна. Ён толькi пад ранiцу змог устаць i дадому пайсцi. Ідзе хлопец пустой вулiцаю, кульгае, а за iм Лiловы сабачка бяжыць. Вясёлы такi гарэзлiвы цюцiк. У хлопца настрой змрочны, ад сабачай весялосцi яму яшчэ горш робiцца. Паспрабаваў хлопец Лiловага сабачку прагнаць, а той не пужаецца, не ўцякае, а наадварот, усё падскоквае i пысаю хлопца ў дупу папiхае. Зазлаваў хлопец на Лiловага сабаку, падняў з зямлi важкi кавалак асфальту i шпурлянуў у жывёлiну. Шпурнуў моцна, але не трапна. Асфальт упаў побач з Лiловым сабакам, якраз у тое месца, дзе на зямлi быў чорны сабачы цень. Хлопец знарок прычакаў, пакуль сабака пад лiхтар забяжыць, каб святлей было, каб дакладней пацэлiць. Прамахнуўся! Хлопец падумаў, што прамахнуўся, а насамрэч ён i пацэлiў. Калi вядзьмарка абарочваецца ў Лiловага сабаку, трэба якраз у цень i бiць. Пазней знаёмыя хлопцу таму распавялi, як у начным клубе пад самую ранiцу проста пасярод залы танцоры ўбачылi рудую афiцыянтку з разбiтай галавою. Пакуль дактары прыехалi, яна ўжо д’яблу душу перадала. А таго, хто яе ўдарыў, не знайшлi. Шукалi-шукалi, а знайсцi не змаглi.

Крутагорскія казкі

Подняться наверх