Читать книгу Крутагорскія казкі - Адам Глобус - Страница 30
29. Чорнае вiно-1
ОглавлениеУ мужчыны быў сябрук Уладзя. Той Уладзя ажанiўся з Веранiчкаю. Не прайшло i месяца пасля вяселля, як Уладзя жонку разлюбiў. Справа ў iх амаль да разводу дайшла. Веранiчка прыбегла да мужчыны i кажа: «Ёсць у мяне дзядзька родны Мiхась Машнiцкi. Ён чарадзей адмысловы. Ён майго Уладзю ўзяўся прыварожваць да мяне. Толькi Уладзя нiбыта адчувае чарадзейства i не п’е, не есць дзядзькавых прысмакаў. Таму дам я табе бутэльку зачараванага вiна. Ты яе з маiм Уладзем i вып’еш. Адно папярэджу: вiно Чорнае. Таму я прынесла дзве бутэлькi: адну з вiном звычайным, а другую – з Чорным вiном…» Мужчына пагадзiўся дапамагчы сябрукам. Выпiў ён з Уладзем звычайнае i чароўнае вiно. Чорнае вiно падзейнiчала. Але не толькi на Уладзю. Яно i мужчыну прысушыла да Веранiкi. Пачаў мужчына чужую жонку праследаваць. Стаў у каханнi да яе прызнавацца. Хадзiў ён за ёю, хадзiў, бегаў ён за ёю, бегаў, лётаў ён за ёю, лётаў, пакуль не зляцелiся яны да самага найгрэшнага. Злюбiлiся яны моцна. Праз тую любоў i пачалi пакутаваць. Давялося Веранiчцы зноўку iсцi да дзядзi свайго Мiхася Машнiцкага, каб адчараваў мужчыну. Дзядзька нашаптаў на бутэльку белага вiна. Мужчына выпiў бутэльку белага i адчараваўся. Веранiчка засталася з Уладзем, але не надоўга, бо чары Чорнага вiна больш як месяц не дзейнiчаюць.