Читать книгу Крутагорскія казкі - Адам Глобус - Страница 36
35. Чырвоная хустка
ОглавлениеМужчына ехаў па кальцавой дарозе, як раптам ягоны «мэрсэдэс» спынiўся. Нiякiх вiдавочных прычын для паломкi не было. Мужчына выйшаў з машыны i пабачыў жанчыну ў памаранчыкавай камiзэльцы. «Калi ты мне паабяцаеш прывезцi Чырвоную хустку, твой «мэрсэдэс» завядзецца». Мужчына паабяцаў прывезцi Чырвоную хустку. Рухавiк цiха замуркатаў. «Калi ты падорыш мне Чырвоную хустку, я змагу адказаць на любое тваё пытанне…» – паабяцала жанчына. Твар у яе быў шэры, як халодны i прыбiты дажджом попел. Мужчына сеў за стырно i паехаў далей па кальцавой дарозе. Дома ён распавёў жонцы пра Чырвоную хустку. Тая сказала, што варта завезцi хустку i задаць пытанне. «Адказ на якое пытанне ты хочаш пачуць?» – спытаў муж. «Цi будзе ў нас дзiця», – адказала жонка. Мужчына паехаў на кальцавую дарогу. Жанчына ў памаранчыкавай камiзэльцы стаяла ў тым жа ж месцы, дзе ён яе пакiнуў. Мужчына аддаў падарунак i спытаў: «Бог ёсць?» Жанчына павязала на галаву абнову i дастала з кiшэнi памаранчыкавай камiзэлькi чырвонага галуба. «Паглядзi, якi дзiвосны птах. Паглядзi, паглядзi… Больш нiдзе i нiколi ты яго не пабачыш». Мужчына злым голасам паўтарыў пытанне: «Бог ёсць?» «Бог для цябе ёсць!» – адказала жанчына ў Чырвонай хустцы i прапала, як i не было. Мужчына вярнуўся дадому, дзе яго чакала цiкаўная жонка: «Што яна сказала? Будзе ў нас дзiця?» Мужчына ўздыхнуў i выдыхнуў: «Будзе! Дзяўчынка…»