Читать книгу Крутагорскія казкі - Адам Глобус - Страница 42
41. Белы абрус
ОглавлениеУ мужчыны захварэў сын. Да якiх толькi дактароў нi вазiлi хлопчыка, якiх толькi лекараў нi выклiкалi, а рады хваробе даць не маглi. Мужчыну адчай ахапiў, што i зразумела, калi адзiны сын проста на вачах памiрае, а ты нiяк дапамагчы не можаш. Мужчыну ахапiў такi глыбокi i чорны адчай, што ён вазьмi ды скажы: «Д’яблава сiла, бяры, што заўгодна, а хлопчыка майго выратуй!» Тут i пачуў мужчына голас: «Вазьмi Белы абрус, графiн гарэлкi i дзве гладкiя празрыстыя чаркi. Пайдзi на могiлкi, накрый Белым абрусам стол, пастаў на яго графiн з чаркамi i чакай. Ісцi трэба неадкладна!» Паслухаў мужчына той голас i пайшоў пасярод ночы на могiлкi. Знайшоў там стол, якi стаяў каля магiлы ягонага дзеда, заслаў Белы абрус, паставiў на яго графiн гарэлкi, чарачкi паставiў i стаў чакаць… (Вот жа ж чорт, казку не даюць табе даказаць. У дзверы звоняць. Хто? Вадаправодчыкi! Прыйшлi здымаць паказчыкi вады. Знялi, лiчбы на паперцы пазапiсвалi. Далi распiсацца. Сышлi… Чорт iх носiць так позна. Добра, што цвярозыя. Мусiць, з самай ранiцы выпiлi i ўдзень праспацца паспелi. Слухай далей…) Прастаяў мужчына над Белым абрусам сам не ведае колькi. Тутака чуе, што гарэлка ў чарку налiваецца. Прыгледзеўся, паазiраўся, да самых чарак нахiлiўся. Нiдзе нiкога, i чаркi стаяць пустыя. Тут голас загучаў з цёмнага нiадкуль: «Не на сваiм месцы жывеш! Не ў тым доме ты кватэру купiў. Не падабаешся ты мне – Дамавiку тутэйшаму. За пачастунак дзякуй i асобнае дзякуй за Белы абрус! Таму дазваляю табе разам з сынам перабрацца ў iншае месца!» Мужчына хутка, бо зусiм танна, прадаў кватэру i пераехаў жыць у новы раён. А сын ягоны, дарэчы, паправiўся ў тую ж ноч, калi мужчына схадзiў на могiлкi з Белым абрусам.