Читать книгу Крутагорскія казкі - Адам Глобус - Страница 38

37. Белыя валасы

Оглавление

Жанчыне прыснiлася, нiбыта яна маладая, i быццам любiцца яна з гожым хлопцам. Той цалуе яе i гладзiць па Белых валасах. Так ён пяшчотна ласцiў яе валасы, што хоць ты i не прачынайся зусiм. Прахапiлася жанчына, не хацелася ёй, а ўсё ж прачнулася, абмацала сваю светлую галаву, а на ёй дзве касы заплецены. Звечара яна расчасала валасы, ды i косы не заплятала гадоў з дзесяць, а тутака косы. У наступную ноч жанчына зноўку снiла гарачыя любошчы i пяшчотныя хлапечыя рукi. Прачнулася яна iзноў з заплеценымi косамi. Абмацала сябе ўсю, косы абмацала i спалохалася. Так яна спужалася, што нават былому мужу патэлефанавала i распавяла пра косы. Муж прыехаў, i яны разам абшукалi ўсю кватэру, але нiчога падазронага не знайшлi. Тады муж параiў схадзiць да варажбiткi. Жонка саромелася iсцi, але муж яе ўгаварыў. Варажбiтка ўважлiва агледзела косы i абвясцiла, што жанчына любошчылася з маладым Дамавiком. Маўляў, толькi малады Дамавiк можа так ласкава заплятаць косы з Белых валасоў. А каб ён болей не прыходзiў i не палохаў сваiмi любошчамi жанчыну, варажбiтка прапанавала абрэзаць валасы i пагалiць галаву. Жанчыне было шкада свае валасы, але i з Дамавiком любiцца больш не хацелася. Белыя валасы варажбiтка зрэзала i спалiла. Муж акуратна пагалiў галаву сваёй былой жонкi. Да паголенай жанчыны Дамавiк не прыходзiў, i нават калi валасы адраслi, ён не з’явiўся ў жаночым сне.

Крутагорскія казкі

Подняться наверх