Читать книгу Крутагорскія казкі - Адам Глобус - Страница 37

36. Блакiтная агароджа

Оглавление

Хлопчык з пэндзлем i бляшанкаю фарбы прыйшоў на пагост. Бацькi папрасiлi яго пафарбаваць агароджу вакол прадзедавай магiлы. Стаяў ясны лiпеньскi ранак, на высокiм небе не было нiводнай аблачынкi. Хлопчык адкаркаваў бляшанку i паспрабаваў фарбаваць жалезныя пруткi. Фарба клалася камякамi. Як ён нi стараўся, як нi намагаўся, атрымлiвалася ў яго кепска – так кепска, хоць ты вазьмi ды заплач. Хлопчык заплакаў. Тут зямля i рассунулася, а з глыбокае магiлы ўзняўся сiвы прадзед: «Не плач. Я навучу цябе класцi фарбу акуратна i роўна». Нябожчык дастаў з кiшэнi маленечкую бутэльку з залацiстым пакостам, развёў iм густую фарбу, i яна пачала класцiся на метал акуратна i роўна. Хлопчык з прадзедам хутка скончылi працу. Блакiтная агароджа радавала вока.

«Ты пра мяне нiкому не кажы!» – папярэдзiў праўнука нябожчык. Хлопчык акуратна склаў пэндзаль i бляшанку ў папяровы пакет: «Не скажу, бо не павераць».

Крутагорскія казкі

Подняться наверх