Читать книгу Крутагорскія казкі - Адам Глобус - Страница 26

25. Белатварая ашыйнiца

Оглавление

Старая яна была, а на працу хадзiла. Вартаўнiцай яна служыла ў iнфекцыйнай бальнiцы. Яе ставiлi толькi ў начную змену, бо паўз яе не праскочыш i не прапаўзеш. Людзi яе баялiся: i лекары, i медсёстры, не кажучы ўжо пра пацыентаў. Пужалiся яе бяскроўнага твару. У вартаўнiцы твар быў такi белы, што выглядала яна на мёртвую. Толькi дзецi са школы, што побач з бальнiцаю стаяла, той вартаўнiцы не лякалiся, бо насiлi ёй крэйду. Яна тую крэйду ела, а за кавалак крэйды расказвала школьнiкам розныя брыдкiя гiсторыi. Школьнiкi яе нават любiлi, ажно пакуль бяда не здарылася з Мiколам Караткевiчам. Ён ёй крэйду прынёс, яна тую крэйду зжавала, а гiсторыю не стала распавядаць, сказала, што другiм разам раскажа. Мiкола i абазваў вартаўнiцу старой чапялою. Аблаяў ён яе, абмацюкаў брыдотна i дамоў пайшоў. А дома кепска яму стала, i на шыi з’явiлася чырвоная паласа. Шырокая такая паласа, нiбыта след ад ашыйнiка. Нiхто тады i не падумаў на вартаўнiцукрэйдаедку. Меркавалi, што алергiя. А Мiкалаю ўсё горш i горш рабiлася, яго па хуткай дапамозе ў бальнiцу заiмчалi, але i тамака рады нiхто даць не змог такой дзiўнай хваробе. Задыхаецца хлопец. А чаго ён задыхаецца? Якая трасца яго душыць? Нiхто не ведаў. Цэлую ноч Мiкола Караткевiч прапакутаваў. А ранiцай нейкая прыбiрачка сказала, што вядзьмарка начапiла хлопцу ашыйнiк, i трэба шукаць ведзьмака, каб той ашыйнiк зняў, бо адны яго начэплiваюць, а iншыя здымаюць. Той, хто начапiў, сам яго не здыме, нават калi i захоча. Павезлi Мiколу на край горада, да старога ведзьмака, i ён той рабскi ашыйнiк зняў. Пашаптаў вядзьмак, указальным пальцам вакол шыi павадзiў, i чырвоная паласа прапала, як i не было. Дыханне лёгкае да хлопца вярнулася. Тут ён усiм i расказаў пра Белатварую ашыйнiцу, што крэйду есць. Увечары людзi пайшлi ў iнфекцыйную бальнiцу, каб пакараць ашыйнiцу, але яе там не было, прапала яна. Замест Белатварай ашыйнiцы ў вартаўнiчым дамку людзi знайшлi на стале гурбачку белай крэйды.

Крутагорскія казкі

Подняться наверх