Читать книгу Крутагорскія казкі - Адам Глобус - Страница 34
33. Бельмавокая дзяўчынка
ОглавлениеХлопчык захварэў, ды так моцна, што доктарка выклiкала ў дзiцячы лагер машыну хуткай дапамогi. Хлопчыка павезлi з ляснога лагера ў гарадскую бальнiцу. Прывезлi яго позна ўвечары i аналiзы вырашылi рабiць ужо ранiцай. Хворага хлопчыка паклалi спаць у пустую палату. Уночы яму захацелася схадзiць у прыбiральню. Калi ён вярнуўся з прыбiральнi i лёг у ложак, дык пабачыў у кутку сваёй цёмнай палаты Бельмавокую дзяўчынку. «Хто тут ёсць?» – спытала сляпая дзяўчынка. Хлопчык стаiўся. «Я чую, што тут нехта ёсць. Ты хлопчык цi дзяўчынка?» Хлопчык маўчаў. «Ты дзяўчынка цi ты хлопчык?» Хлопчык не адзываўся. «Ты хлопчык цi дзяўчынка?» – яшчэ раз запыталася сляпая i падышла да ложка, на якiм ляжаў хворы. Хлопчык хацеў нацягнуць на галаву коўдру, але не паспеў.
«Задаўлю!» – крыкнула Бельмавокая дзяўчынка, скокнула на ложак i пачала душыць хворага хлопчыка. Той паспрабаваў закрычаць, ды не змог. Тады ён схапiў сляпую дзяўчынку за касу i наматаў тую касу на руку. Дзявочыя рукi крыху аслаблi. Хлопчык выцерабiўся з-пад Бельмавокай, сцягнуў яе на падлогу, сеў на яе конна i зламаў ёй шыю. Калi хлопчык зразумеў, якую незваротную шкоду ўтварыў, тады i пачаў крычаць. Ён так крычаў, што прыбеглi доктар i санiтарка. Хлопчык крычаў iм пра нейкую Бельмавокую дзяўчынку, якая хацела яго задушыць i якой ён зламаў шыю. Доктар зрабiў хлопчыку ўкол, каб той супакоiўся. Пасля ўколу хлопчык сцiшыўся i заснуў, а пад ранiцу ён памёр.