Читать книгу Хабар - Андрэй Сідарэйка - Страница 10

Хобi па суботах
Гісторыйкі, гумарэскі, іранескі, былі
Гаспадыня Фрося
Гумарэска

Оглавление

Саракагадовы закаранелы халасцяк Адась выпадкова ўбачыў па тэлевізары рэкламу: нейкая інтэрнэт-крама прапаноўвала набыць робата – «Хатнюю прыслужніцу Фросю». Голас за кадрам вяшчаў: «Навука не стаіць на месцы. Робат Фрося – таму доказ. За хуткі час яна прыводзіць у парадак кватэру, раскладвае па месцах рэчы, пыласосіць, выцірае пыл. Ідэальны падарунак для тых, у каго не хапае часу на хатнія справы».

– Самае тое! – усклікнуў Адась і, схапіўшы ручку, стаў запісваць патрэбную інфармацыю.

Пасля падышоў да тэлефона і набраў неабходную камбінацыю лічбаў.

У прызначаны дзень мужчыну даставілі электронную памочніцу, якую той адразу ж уключыў.

– Як вас зваць? – запыталася Фрося.

– Адась.

– У кватэры трэба зрабіць вільготную ўборку. Дзе вядро і ануча, Адась?

– Хвіліначку, – узрадаваўся гаспадар.

Калі ўсё было гатова, Фрося адзначыла:

– Каб не замінаць, пакіньце памяшканне.

– Яшчэ чаго, – абурыўся мужчына. – Я тут гаспадар!

– Пакіньце памяшканне, – паўтарыла жанчына-робат.

Як было непрыемна Адасю, але ён усё ж выйшаў з кватэры. Праз пятнаццаць хвілін, вярнуўшыся назад, мужчына быў задаволены ідэальным парадкам.

– Гэта я разумею! – сказаў уголас ён. – Цяпер мне ўсе жанатыя сябры зайздросціць будуць.

Адась падышоў да форткі і па звычцы захацеў прыпаліць, але тут жа за спінай пачуў:

– У пакоі не смаляць. Для гэтага ёсць спецыяльныя месцы на вуліцы.

– Выдумаеш, – абурыўся мужчына. – Дваццаць год паліў тут і буду.

– Гэта парушае інструкцыю. Я буду вымушана выклікаць МНС, – сказала Фрося.

Адась зноў выйшаў з кватэры. Калі вярнуўся, то не знайшоў на звычайным месцы шкарпэткі. Звярнуўся да Фросі.

– Брудныя – у пральні, добрыя – у шафе, – пачуў у адказ.

Вечарам Фрося папрасіла Адася зноў пакінуць памяшканне, бо трэба было зрабіць чарговую вільготную ўборку. Пасля, калі мужчына збіраўся класціся спаць, робат-прыслужніца заставіла Адася пачысціць зубы.


Раннем Фрося пачала будзіць гаспадара.

– Рана яшчэ, – адмахнуўся ён. – Я ў такі час звычайна сплю.

– А зарадка? – не адставала Фрося. – Яе не выконваюць толькі абібокі.

– Так, твой гаспадар – абібок, – пагадзіўся Адась і хацеў даць ужо храпака.

– Я створана для таго, каб зрабіць тваё жыццё лепшым, – адказала Фрося і абдала Адася халоднай вадой.

Ад нечаканасці Адась, здаецца, падскочыў аж да столі.

Пад радыё ён зрабіў комплекс практыкаванняў. А потым зноў была вільготная ўборка. Падчас яе гаспадар прагульваўся ля дома.

Настаў час снедання. Пасля яго Адась хацеў пайсці адпачываць, але Фрося нагадала пра брудны посуд.

– Іншым разам, – адмахнуўся мужчына.

– Але гэта парушае інструкцыю. Посуд мыюць пасля прыёму стравы, – не пагаджалася робат – хатняя гаспадыня.

– Інструкцыю, інструкцыю… – незадаволена прамармытаў Адась і пачаў мыць посуд.

Ён згадаў, што яго сябры ніколі на такія рэчы не скардзіліся. Пэўна, іх жонкі не застаўлялі гэта рабіць. А тут вільготная ўборка некалькі разоў на дзень!

У гэты момант у кватэру патэлефанавалі. На парозе паўстаў даўні сябар Мікола, таксама халасцяк.

– Нічога сабе, ну ў цябе і парадак. Нябось, ажаніўся? – агледзеўшы кватэру, падсумаваў ён.

– Не. Гэта ўсё мая памочніца Фрося, – адказаў усміхаючыся Адась. – Яна ў мяне малайчына. Усё ўмее.

– Ого! Мне б такую, – здзівіўся госць.

– Ты ведаеш, у чаркесаў ёсць даўні звычай: дарыць госцю ўсё, што ён пахваліць, – пачаў здалёк гаспадар. – Я хоць не чаркес, але таксама з вялікай пашанай адношуся да сваіх сяброў. Таму дару табе Фросю. Няхай яна служыць табе так, як увесь гэты час – мне. Не пашкадуеш!

– Ну гэта вельмі шчодры падарунак, – здзівіўся Мікола. – Грошай, пэўна, шмат каштуе. Ды і сам ты як будзеш?

– Не прападу. А пра грошы не турбуйся. Мы, халасцякі, павінны ва ўсім дапамагаць адзін аднаму, падстаўляць плячо.

– Згода. Калі якая справа – тэлефануй. Выручу, – пагадзіўся госць.

Праз паўгадзіны на парозе Мікола яшчэ раз шчыра дзякаваў сябру за хатнюю памочніцу. Як толькі за ім зачыніліся дзверы, Адась адчуў, што з яго зваліўся нібы нейкі неймаверны цяжар.

– Пажыві цяпер і ты, браток, з цуда-памочніцай Фросяй. А я сваё адгараваў, – прагаварыў ціха ён.

На кухні ля акна Адась запаліў. На гэты раз яму пра інструкцыю ніхто не нагадаў. І на душы стала лагодна.

Хабар

Подняться наверх