Читать книгу Хабар - Андрэй Сідарэйка - Страница 5

Хобi па суботах
Гісторыйкі, гумарэскі, іранескі, былі
Суп па рэцэпце
Гумарэска

Оглавление

У кафэ некалькі былых аднакурснікаў згадвалі юнацтва.

– Гэта цяпер мы можам дазволіць сабе любую страву, а памятаеце, як у інтэрнаце часцяком у нашых жыватах гучаў марш? – падхапіўшы відэльцам катлету, падміргнуў таварышам Сашка.

– А колькі было спалена патэльняў ды каструль? – падтрымаў размову Мікіта.

– Чаго толькі варты прыгатаваныя ў чайніку пельмені, – засмяяўся Максім.

– Але найбольш трывала ў маёй памяці застаўся першы прыгатаваны суп, – з настальгіяй прамовіў Сашка.

– Ніяк не ўцямлю, які?.. – сказаў Воўка.

– Ты ж на кватэры тады жыў, – згадаў Мікіта.

– І сапраўды! – пагадзіўся той.

– А што ў ім было цікавага?

– Хто ў інтэрнаце не жыў, таму не зразумець, – агучыў вядомую прымаўку Мікіта.

– Ну, слухай, як было. Наш корпус складаўся з дзвюх частак. У першай была кухня для дзяўчат, у другой – для юнакоў. Да канца першага месяца кулінарная фантазія нашага пакоя вычарпалася. На студэнцкім стале неаднаразова пабывала бульба вараная, смажаная, у мундзірах. Таксама пельмені, крупы і, вядома ж, яечня. А душу не падманеш! Яна патрабавала першых страў.

– Менавіта тады я прапанаваў прыгатаваць суп, – уставіў свае дзве капейкі Максім.

– Навык у такой далікатнай справе адсутнічаў. Але ў Мікіты мелася кніга кулінарных рэцэптаў, якую ў дарожную сумку паклала маці, – працягваў расказваць Сашка.

– Выбралі «Суп бульбяны», – падхапіў эстафету ўспамінаў Мікіта. – Акрамя «другога хлеба», патрабавалася яшчэ цыбуліна, зубчык часнаку, лаўровы ліст, кубікі булёну, кансерваваная фасоля, курыная вяндліна. На смак – прыправы і соль.

– Я тады абурацца пачаў, маўляў, суп бульбяны, а на інгрэдыенты стыпендыі не хопіць! – сказаў Максім.

– Таму мяса вырашылі выкрасліць, – прадоўжыў аповед Сашка. – Усяго ж астатняга – пакласці больш: не на аднаго гатавалі.

– Калі галоўны інгрэдыент аказаўся ў каструлі з вадой, панеслі ставіць на пліту, – працягнуў Мікіта. – Хлапечая кухня была занятая. А вось у дзяўчат амаль нікога не было. Таму пачалі гатаваць там.

– Каб суп атрымаўся сыцейшым, да бульбы дадалі грэчку, – згадаў Сашка. – Ну і, канечне, іншае па рэцэпце. Пасля чарговай праверкі варыва ў пакой забег Мікіта.

– Пэўна, з крупамі перабаршчылі. Яна ўжо займае палову каструлі! – успомніў свае словы Мікіта.

– А я кажу: «Нічога, быў суп бульбяны, стане крупяны. Ды і фасоля не спатрэбіцца. Усе роўна яе ў нас як кот наплакаў». Ды тут сваё важкае слова выказаў Максім: «Як хочаце, але ад рэцэпта адыходзіць не варта». Так у бульбу з грэчкай дадалі жменю фасолі, – сказаў Сашка.

– А вось цыбулі ў нас не аказалася, – згадаў Максім. – Таму пайшлі па суседзях. Толькі ў чацвёртым або пятым пакоі пашанцавала, і мы займелі жаданую гародніну, – уздыхнуў Сашка.

– Дадалі ў суп цыбулю, часнок, кубікі булёну, – працягнуў Мікіта. – Памешваем, бачым, вады зусім мала. Скіпяцілі яе ў чайніку, паволі падліваем. Надышла чарга спецый.

– Тут узнікла праблема са смакам, – падміргнуў Воўку Сашка. – Кожны хацеў дадаць нешта сваё. А дзве і больш гаспадыні на адной кухні, вядома, – бяда.

– Пачалі з солі, – прыгадаў Максім. – Крышку сыпнулі, быццам не хапае. Дадалі яшчэ. Настала чарга перцу. Зноў кожны паспрабаваў і насыпаў сваю дозу, у выніку ў супе апынулася каля паловы пачка прыправы.

– Вырашылі чакаць, пакуль згатуецца доўгачаканая вячэра, у пакоі, – усміхнуўся Мікіта. – І вось усе разам пайшлі на кухню. Выключаем пліту, заглядваем у пасудзіну, а там… усяго трэць супу засталася. Думаем, хто? Няўжо дзяўчаты?

– І што далей? – зацікавіўся такім ходам аповеду Воўка.

– А нічога! – ледзь не ўскрыкнуў Сашка. – Думаем, добра, што хоць столькі пакінулі!

– Прынеслі варыва да сябе, дасталі лыжкі, сабраліся кружком каля стала. Першым лыжку зачарпнуў Сашка, – Максім зірнуў на сябрука. – Падзьмухаў старанна – і ў рот. А мы аж сцішыліся. Глядзім на яго з асцярогай і адначасова з надзеяй. Ён праглынуў і… на яго вачах з’явіліся слёзы! Можа, толькі праз паўхвіліны да дэгустатара вярнуўся дар мовы…

– Дрэнь, сябры, і не пытайце! – засмяяўся з успамінаў Сашка.


– Не паверылі мы, – падняў угору палец Максім. – Свае лыжкі ў варыва запусцілі! А на смак яно нібы салёнае, нібы пякучае. Не зразумела, што гэта: ці суп, ці каша.

– «Па рэцэпце, па рэцэпце», – утаропіліся мы пагрозліва на Максіма, – засмяяўся Сашка. – І на Мікіту зірнулі дакорліва. Кажам: «Выкінь ты, браце, сваю кніжку на сметнік».

– Не ведаем, што было б далей, – загадкава ўсміхнуўся Мікіта. – Але тут пачулі праз фортку размову нашых суседзяў: «Як гэта можна есці? Ні кавалка мяса! Вось і бяры такіх замуж!» А следам за абурэннем раздаўся грукат місак. Тут мы і пырснулі ад смеху.

– Засталіся галоднымі? – спытаў Воўка.

– Не, – адказаў Сашка. – Дасталі апошні кавалак сала. Елі і з усмешкай паглядалі на каструлю з першым звараным супам.

– Пасля па рэцэптах мы не гатавалі, а соль і прыправы дадаваў толькі адзін чалавек, – скончыў аповед Мікіта.

– А ўсё ж такі студэнцкая пара – самы цікавы і пазнавальны перыяд жыцця! Заўсёды ёсць што згадаць, – уздыхнуў Максім.

Яшчэ доўга цешылі сябе сябры рознымі вясёлымі гісторыямі. Толькі познім вечарам з добрым настроем пакрочылі дадому. Але яны дамовіліся, што калі-небудзь збяруцца разам і паспрабуюць згатаваць той самы бульбяны суп. Толькі на гэты раз без эксперыментаў з інгрэдыентамі.

Хабар

Подняться наверх