Читать книгу Хабар - Андрэй Сідарэйка - Страница 21
Хобi па суботах
Гісторыйкі, гумарэскі, іранескі, былі
Танны рамонт
Гумарэска
ОглавлениеБабуля Марына ўсё лета правяла на дачы: садзіла, палола, збірала. А потым сушыла, варыла, кансервавала – зіма ўсё падбярэ… І хаця б хто дапамог: адна. Вядома, дачка і зяць усё на працы ды на працы, а ўнучкам-падлеткам не да зямлі, у горадзе ў іх свае забавы. Здаралася, праўда, прыязджалі ўсе ўчатырох да яе ў выхадны. Ды дзе ж ты іх у грады пусціш? Паломяць, патрушчаць, не тое, што трэба, праполюць. Ды і дача ў іх свая, хаця там нічога не садзяць, толькі адпачываюць. Вядома, некалі з-за працы дзень пры дні.
Вярнулася Марына ў сваю кватэру восенню. Выгрузіла з суседавай машыны нарыхтоўкі, заставіла імі прыхожую ды заснула як забітая ў мяккім ложку. А прачнулася, яшчэ на дзень не займалася: на кухні вада з крана – кап, кап, кап!.. Быццам хто цвікі ў скроні ўбівае.
Паўздыхала старая, сяк-так дачакалася раніцы і пазваніла ў ЖЭС. Маўляў, так і так, прышліце сантэхніка!
А адтуль: «Прышлём, але заўтра, бо ў яго на сёння ўсё распісана. Разлік – строга па тарыфе, адпаведна складанасці работы! Чым яе больш, тым даражэй».
Вунь яно што!.. Могуць добрую капейчыну садраць, а да пенсіі – далёка. Праўда, ёсць нейкія грошы, прыхавала на ўсялякі выпадак. Але – не, сантэхніку не аддасць! Дачцэ трэба тэлефанаваць. Няўжо зяць не выручыць? Ён жа на аўтабазе гайкі круціць, што яму той кран?!
З дачкой гаварыла нядоўга. Тая: і дзеці растуць, і сама абнасілася, і муж, Мікола, як ні сіліцца – не дужа зарабляе. Зноў паўздыхала старая, а потым рашылася:
– Кран у мяне – кап ды кап… І спаць не дае, і лічыльнік круціцца, а вада гарачая. У ЖЭС тэлефанавала, кажуць, сантэхніка толькі заўтра могуць прыслаць. Аплата – па тарыфе. Ведаю я іх: тарыф тарыфам, а сантэхніку дай!
– Дык Міколу прышлю, чакай! Навошта табе каму плаціць?
І дачакалася. Зяць прыйшоў пасля шасці. З пляскатым чамаданчыкам у руцэ.
– Што там у цябе, маці? – з дзвярэй запытаўся ён і ледзь не спатыкнуўся аб слоікі. – Ай, панастаўляла!
– Прыбяру… Кран капае. Казалі ў ЖЭСе, сантэхнік можа прыйсці толькі заўтра. Вось я і…
Недагаварыла, зяць не даў.
– Ды ён у цябе ўжо цурчыць! – крыкнуў з кухні. – Калі б не я – за ноч лічыльнік на ўсю пенсію накруціў бы!
– Няўжо? – спалохана пляснула рукамі старая. – Вось табе і няўжо!
– Ды ты не бойся, – зарагатаў зяць, бразгаючы ключамі. – Цэлая будзе твая пенсія!
Крыху супакоіўшыся, Марына пачала распытваць пра сям’ю: як унучкі, як сам з Людай?
– Ды так сабе. Вось Веры і Лізе трэба новыя сукенкі. На іх жа грошай не набярэшся! Растуць нявесты.
– А дача ваша? Ці ўрадзіла што, хоць якое шчаўе?
– З чаго б, маці? Ведаеш жа, за працай свету белага не бачым. Пасадзілі былі нешта, ды ўсё прапала. Ай, што казаць… А ў цябе, гляджу…
– А як жа? Накладу ў сумкі ўсяго. Сваё! Ешце на здароўе… Вы з Людай самі хоць як? – зноў спытала пра дачку.
– Як, як… Сама ведаеш, рамонт у кватэры рабілі. Усё грошы ды грошы. Вунь цяпер Люда мне нават на цыгарэты не дае. Сорамна сказаць, на працы ў хлопцаў прашу.
– Божа! Як жабрак які!
– Але… Так, прымай, маці, працу, – сказаў зяць, мыючы рукі пад кранам. А потым закрыў-адкрыў яго. – Ну?!
Паглядзела Марына: не капае. Узрадавалася:
– Як жа ты мяне выратаваў, мой зяцёк залаты! Можа, павячэраеш? Пакуль дабярэшся дадому ў той канец горада… У мяне і чарачка ёсць, і да чарачкі.