Читать книгу Хабар - Андрэй Сідарэйка - Страница 7

Хобi па суботах
Гісторыйкі, гумарэскі, іранескі, былі
Сіла слова
Гумарэска

Оглавление

Сёння мы вывучалі крылатыя выразы. І так мне гэта тэма спадабалася, што я вырашыў як мага часцей іх ужываць. Тым больш адной такой фразай можна замяніць цэлы сказ! Да таго ж хацелася здзівіць бацькоў.

– Што ў школе новага? – запыталася дома мама.

– Рыжыкаў двойку па матэматыцы атрымаў, – адказаў я.

– Чаму?

– Дык ён увесь урок бібікі біў і лічыў варон. Словам, уся навука яму ў адно вуха залятала, а праз іншае вылятала.

Мама засмяялася, а я працягнуў:

– А Сямёнаў, як атрымаў «здавальняюча» па літаратуры, кіпеў нібы вада ў гаршку. Сідараў, якога выклікалі на ўроку гісторыі, стаў белым як папера.

– Вось як, – усміхнулася маці. – Добра, вастраслоў, ідзі на кухню, там цябе чакае абед.

Пасля перакусу, які сёння мне падаўся на адзін зуб, я паўгадзіны абрываў тэлефон лепшаму сябру Ягору. Потым забег да таварыша па лесвічнай пляцоўцы Колькі. З ім мы бітую гадзіну гулялі ў камп’ютарныя гульні. Потым, на ноч гледзячы, я вярнуўся дадому.

– Ты не забыўся, што ў цябе заўтра кантрольная па матэматыцы? – запыталася ў мяне маці.

– Я яе адной левай!

– Але вам задалі шмат, трэба ж рыхтавацца! – не адступала мама.

– Заданне не воўк, у лес не збяжыць, – парыраваў я.

– Але ўжо позна. Калі ты атрымаеш дрэнную адзнаку, то «выдатна» за чвэрць ніяк не выйдзе.

– І тады на выхадных мы ў цырк не пойдзем, – дадаў бацька. – Памятай: я сваіх слоў на вецер не кідаю. А вось зняць стружку, задаць перуноў, паказаць, дзе ракі зімуюць, я магу.

Калі пачуў такое ад бацькі, мяне як ветрам з кухні здзьмула. Я хутка сеў за стол і разгарнуў сшытак па матэматыцы.

Што ні кажы, а сіла слова ў бацькоў велізарная!

Хабар

Подняться наверх