Читать книгу Хабар - Андрэй Сідарэйка - Страница 8

Хобi па суботах
Гісторыйкі, гумарэскі, іранескі, былі
Недапісау…
Іранеска

Оглавление

Журналіст раённай газеты Пятроў прыехаў у калгас, дзе сустрэў механізатара Сідарава.

– Не ўсё вы, Мікалай Іванавіч, напісалі, – пачаў герой. – Не расказалі, чаму я перадавіком стаў. У той час у Яшкіным трактары матор сапсаваўся. Тры дні на рамонце стаяў. А мне старшыня загадаў працаваць за дваiх, больш не было каму. Вось пра такую маю адказнасць, прафесіяналізм і сумленне трэба напісаць! Каб усе ведалі, што Сідараў Уладзімір Пятровіч гатовы працаваць за некалькіх чалавек адразу!

У наступны раз Пятроў наведваў адно прадпрыемства горада. Там ён сустрэў знаёмага перадавіка Сёмачкіна.

– Я ваш артыкул захоўваю, – прамовіў перадавік. – Над ложкам у рамцы вісіць. Усім матэрыял падабаецца. Але чаму вы не распавялі маю гісторыю больш падрабязна?

Пятроў папярхнуўся ад такой заявы.

– Ведаеце, чаму я перадавіком стаў? – таемна спытаў Сёмачкін. – Дырэктар на сходзе паабяцаў: «Хто перавыканае план, таму будзе прэмія – пуцёўка на Канары». Я і пастараўся, але адпачынак мне так і не далі. Вось пра такую даверлівую душу Сёмачкіна Паўла Аляксандравіча і трэба было напісаць!

Трэцім разам журналіст зазірнуў у раённы аддзел надзвычайных сітуацый. У калідоры яму сустрэўся выратавальнік Петушкоў – таксама адзін з герояў газеты.

– Цікавы матэрыял атрымаўся, – пахваліў Пятрова мужчына. – Але не ўсё вы напісалі. Ведаеце, чаму я выратавальнікам стаў? Ды таму, што ў дзяцінстве любіў усім дапамагаць. Ката з дрэва дастаць – калі ласка; залезці на самы вільчык даху, каб антэну замацаваць, – толькі пакліч. Вось і трэба было напісаць: з малых гадоў Петушкоў Артур Міканоравіч трэніраваў спрытнасць, вынослівасць, загартоўваў арганізм. А назву даць «Нялёгкае дзяцінства будучага героя».

«Усе мяне вучаць, як падаваць артыкулы! – ускіпеў у думках журналіст. – Што ж, добра, напішу ўсю праўду пра незадаволеных герояў!»

Вечарам ён сеў за стол і напісаў фельетон «Адваротны бок медаля». У ім згадвалася шмат чалавек. У тым ліку і перадавік-механізатар, якога перад пасяўной вазілі на чарговую кадзіроўку, бо дагэтуль ён усю зіму на працы не з’яўляўся. І абібок-токар, які працаваў за пуцёўку на Канары. І выратавальнік, які марыў толькі праславіцца, а не выконваць сумленна свой абавязак. Усім у фельетоне знайшлося месца. Бо дагэтуль у іншых жанрах публіцыстыкі шмат цікавых момантаў гублялася, не агучваліся некаторыя акалічнасці.


Фельетон выйшаў у свет. З таго часу сапраўдныя і будучыя героі не вучылі журналіста, пра што трэба пісаць. І расказвалі Пятрову толькі неабходныя факты.

Хабар

Подняться наверх