Читать книгу Хабар - Андрэй Сідарэйка - Страница 3
Ад рэдактара
ОглавлениеПерагарнуўшы апошнюю старонку кнігі, не адразу, але раю: калі вы сур’ёзны чалавек, то не трацьце марна часу… Не чытайце, бо, хутчэй за ўсё, адчуеце, што не так жылі і жывяце. А яшчэ горш: перастанеце быць сур’ёзным чалавекам. Знаёмыя не пазнаюць вас, а незнаёмыя падумаюць, што з вамі не ўсё ў парадку. А прычынай стане ваша заўсёдная ўсмешка і нават нечаканы рогат, бо, прачытаўшы кнігу, будзеце пастаянна згадваць незвычайныя сюжэты і, дзе трэба ці не трэба, усміхацца або рагатаць. А самыя блізкія, крый Божа, увогуле спалохаюцца…
А калі вы багаты і паспяховы чалавек, тым больш не чытайце. Пакіньце гэты занятак тым, хто перабіваецца з хлеба на квас.
Не раю чытаць таксама тым, у каго выдатная цешча, каханая жонка, дзівосны начальнік, непаўторная каханка. Чаму? А навошта ім пра гэта ведаць?!
Не чытайце і вы, хто не хоча ведаць, колькі гузікаў на сукенцы самай сімпатычнай супрацоўніцы ці ў якія дні можна спазняцца на працу, не выконваць абяцанага, не рэагаваць на звароты, даручэнні і пытанні…
Асабліва шкодна чытаць таму, у каго заўсёды выдатны настрой, бо ён пасля прачытання пачне блытаць кабінеты, імёны, даты… А блазенская ўсмешка будзе ўспрымацца зусім не ўсмешкай.
Адным словам, вам пашанцавала! А чаму – лепш і не пытайцеся, а…
Міхась Пазнякоў