Читать книгу Хабар - Андрэй Сідарэйка - Страница 20

Хобi па суботах
Гісторыйкі, гумарэскі, іранескі, былі
Кадр на перспектыву
Гумарэска

Оглавление

Гэтая гісторыя адбылася ў адной фірме. Яе заснавальнік Іван Іванавіч неяк прывёў новага чалавека і сказаў дырэктару:

– Рыгор Цімафеевіч, знаёмцеся, Яўген – сын майго таварыша. Мне рэкамендавалі яго як супрацоўніка на перспектыву. Паглядзіце, калі ласка, у якой ролі ён можа спатрэбіцца нашай фірме.

– Зробім, Іван Іванавіч, – адказаў дырэктар, адразу ж выклікаў намесніка і растлумачыў сітуацыю.

Той паслухаў, што можа рабіць хлопец і сходу азадачыў яго абавязкамі. На дзіва, новы падначалены справіўся з імі хутка і якасна.

«Ды такімі тэмпамі ён праз месяц мяне падседзіць. Што тады рабіць? Шукаць новую працу?» – нерваваўся намеснік, калі яго выклікаў дырэктар.

– Ну, як новы супрацоўнік? – запытаўся Рыгор Цімафеевіч.

– Ведаеце, здольнасці ў яго сапраўды ёсць. Перспектыўны хлопец, але пакуль сыры. Можна прызначыць яго ў які-небудзь іншы аддзел спецыялістам.

– Добрая ідэя, – усміхнуўся шэф і набраў нумар на тэлефоне. – Алё, Алег Анатольевіч, зараз да вас прыйдзе перспектыўны навічок. Прыгледзьцеся да яго, можа, падыдзе вам. Згодны?

– Што за пытанне, Рыгор Цімафеевіч! Знойдзем, што яму даручыць.

Так Яўген апынуўся на новым фронце работ. Загадчык аддзела адразу ж даў яму некалькі складаных заданняў. І хлопец справіўся з імі за кароткі тэрмін, прытым якасна.

«Увесь мой аддзел выконвае такія даручэнні за паўдня, а гэты ўнікум – за гадзіну. Калі справа так пойдзе, то праз месяц ён зойме маё месца, а я буду вымушаны шукаць працу ці падпарадкоўвацца яму».

Таму, калі дырэктар выклікаў загадчыка аддзела да сябе, Алег Анатольевіч сказаў:

– Хлопец сапраўды таленавіты, але, на жаль, пакуль мне не падыходзіць. Яму яшчэ трэба шмат чаму навучыцца. Можа, Яўгена пакуль у аддзел кадраў накіраваць? Няхай там паспрабуе свае сілы.

У аддзеле кадраў адбылася такая ж сітуацыя. Пасля чаго хлопца накіравалі ў гардэробную.

«Гэта яны мне замену знайшлі! – падумала жанчына, што працавала там. – Не на тую трапілі».

Калі кіраўнік выклікаў да сябе, тая адказала:

– У такой працы досвед трэба мець: як паліто ўзяць, куды яго павесіць. А тут чалавек не працаваў у гэтай сферы…

Кіраўнік засумаваў. Адмовіць заснавальніку фірмы ён не асмельваўся. Але ўзяць чалавека і паставіць яго абы-куды, з-за чаго мог збіцца ўвесь механізм працы, ён таксама не мог. Таму Рыгор Цімафеевіч згадаў, што ўчора захварэла прыбіральшчыца, а мыць падлогу трэба. Больш таго, жанчына збіралася звальняцца, бо лічыла свой заробак мізэрным. Шэф прапанаваў новаму кадру наводзіць парадак у пакоях.

І гэта ў Яўгена атрымалася таксама выдатна. Толькі цяпер ніхто не стаў аспрэчваць яго здольнасці. Шэф з палёгкай выдыхнуў.

– Ведаеце, вы выдатна справіліся з гэтай работай, – сказаў ён хлопцу. – Мы з радасцю возьмем вас прыбіральшчыкам памяшканняў. З такой пасады ў нас пачыналі многія, у тым ліку і я. Яна ў нашай фірме стала першай прыступкай у кар’ернай лесвіцы. Таму віншую, вы прыняты! Заўтра чакаю зранку, будзем афармляць дакументы.

Хабар

Подняться наверх