Читать книгу Хабар - Андрэй Сідарэйка - Страница 6
Хобi па суботах
Гісторыйкі, гумарэскі, іранескі, былі
З чыстага аркуша
З нататак сярэднестатыстычнага абывацеля
Оглавление31 снежня. Час падвесці вынікі года. Што планавалася, жадалася і што з гэтага атрымалася. Мой дзённік – мая споведзь.
Запіс № 1.
1 студзеня. З першага панядзелка года пачаць весці здаровы лад жыцця. Набыць лыжы, спартыўны касцюм.
Паколькі зіма выдалася не снежнай, катацца можна было на роліках, але яны ў планы не ўваходзілі. Снег быў 1 студзеня, 13 студзеня, 23 лютага і 8 сакавіка. Але ў гэтыя дні дух здаровага ладу жыцця ўва мне спрэс адсутнічаў.
Планы на будучыню. З першага панядзелка новага года купіць ролікі, спартыўны касцюм. Не забыць пра кефір і расол.
Запіс № 2.
14 лютага. Зрабіць Каці рамантычную прапанову. Калі адмовіць, то прапанаваць Аліне.
Каця адмовіла, Аліна паехала на Мальдзівы. Словам, Дзень закаханых не атрымаўся.
Планы на будучыню. Каханне наперад не планаваць. Само неспадзявана прыйдзе, калі яго зусім не чакаеш.
Запіс № 3.
23 лютага. Незаўважна знікнуць з дому або не вяртацца туды з працы. Адзначыць свята ў мужчынскай кампаніі.
Не пашанцавала: свята выпала на выхадныя. Атрымаў у падарунак новыя шкарпэткі, цэлы дзень прасядзеў дома, глядзеў канцэрт па тэлебачанні.
Планы на будучыню. Пры планаванні карыстацца календаром. Калі свята прыпадзе на выхадныя, не з’яўляцца дадому з пятніцы.
Запіс № 4.
8 Сакавіка. Павіншаваць жанчын з Міжнародным жаночым днём.
Гэтаму нічога не перашкодзіла, бо на працы і па тэлевізары пра жаночае свята пачалі нагадваць адразу пасля 23 лютага.
Планы на будучыню. Больш такіх свят. І жанчын павіншаваў, і сам адзначыў. Традыцыю не парушаць.
Запіс № 5.
7 красавіка. У Сусветны дзень здароўя пачаць займацца бодзібілдынгам. Для гэтага на балконе ёсць гантэлі.
У выніку ні раніцай, ні вечарам зайсці на балкон так і не змог. Заўсёды знаходзілася нейкая іншая тэрміновая справа.
Планы на будучыню. У першы тыдзень наступнага года перанесці гантэлі з балкона на кухню.
Запіс № 6.
1 Мая. З’ездзіць на дачу. Пасадзіць бульбу, моркву, цыбулю…
Пад пільным наглядам любімай цешчы ўсё задуманае спраўдзілася.
Планы на будучыню. На Першамай купіць цешчы пуцёўку ў санаторый, з’ездзіць на рыбалку.
Запіс № 7.
Схадзіць у бібліятэку, узяць раман Фёдара Дастаеўскага «Ідыёт». Калегі і знаёмыя адзначаюць, што твор пра мяне.
Бібліятэка знаходзіцца за некалькі прыпынкаў ад дому. На жаль, даехаць туды ўсё не выпадае. Ніяк не шанцуе.
Планы на будучыню. Паехаць з працы дадому іншым маршрутам, пажадана з іншага канца горада. Не прапусціць прыпынак «Бібліятэка».
Запіс № 8.
16 лістапада. У Сусветны дзень барацьбы з курэннем кінуць курыць.
Перад тым, як здзейсніць мару, выкурыў напаследак два пачкі цыгарэт. І зразумеў, што з гэтай ідэяй я пагарачыўся.
Планы на будучыню. У наступным годзе не згадваць пра гэтую дату.
Запіс № 9.
Пачаць вывучаць замежную мову, каб паехаць адпачыць на мора.
Схадзіў у краму, набыў атлас. Вывучаю, дзе лепш адпачыць. На мову часу пакуль няма.
Планы на будучыню. Вызначыцца з месцам адпачынку, пачаць вывучаць мову абарыгенаў.
Запіс № 10.
Сябар падарыў кнігу Фёдара Дастаеўскага «Ідыёт». Сказаў, што жонка дала яму некалькі экзэмпляраў з наказам: «Табе і тваім сябрам».
Прыемна атрымліваць нечаканыя падарункі.
Планы на будучыню. 1 студзеня прачытаць першую старонку рамана. Затым – наступную. У кнізе ўсяго 365 старонак. За год спраўлюся.
Запіс № 11.
Прадаць атлас. Такім чынам, вызначыцца з адпачынкам будзе прасцей.
Атлас ніхто не набывае. Усе карыстаюцца інтэрнэтам.
Планы на будучыню. Крочыць у нагу разам з усімі. Але спачатку прачытаць раман «Ідыёт».
Запіс № 12.
З’ездзіць на зімовую рыбалку 1 снежня, бо на традыцыйную, летнюю, не паспеў.
Цэлы дзень прасядзеў на льдзіне. Нічога не злавіў. А сусед насупраць выцягнуў пяць шчупакоў. Сказаў, што трэба верыць у прыкметы. Напрыклад, да 1 снежня ўставаць з левай нагі. Другая парада: браць з сабой «сагравік».
Планы на будучыню. Да наступнага 1 снежня падымацца з ложка толькі з левай нагі. Паглядзець у энцыклапедыі, што азначае тэрмін «сагравік».
Запіс № 13.
31 снежня наступнага года. Не забыць прааналізаваць планы мінулага года, спрагназаваць планы на год новы.
P. S. Не забыць пра раман «Ідыёт».
P. S. S. Калі атлас ніхто не набудзе, падарыць яго на Новы год сябру. Ён і жонка даўно ўжо планавалі адпачынак на моры.
P. S. S. S. Прыдумаць нешта арыгінальнае. Каб усе родныя, сябры і знаёмыя зноў сказалі: «А гэтага мы ніяк ад цябе не чакалі!..»