Читать книгу Калі цвіла чаромха (зборнік) - Коллектив авторов, Ю. Д. Земенков, Koostaja: Ajakiri New Scientist - Страница 11

Ганна Атрошчанка
Сямейныя ветразі лёгкімі не бываюць!
9

Оглавление

Неяк забегла да яе Лідзія Русая. Сяброўка дзяцінства. Пагаманілі, выпілі гарачай кавы. А потым – балбатуха нечакана кажа:

– Пойдзем на вуліцу. Бачу, дзеткі ўжо спяць. А мы – праветрымся, пагамонім, успомнім дзяцінства. Згодна?

Марыя толькі кіўнула ў адказ. Яна і не прадчувала, які сюрпрыз рыхтаваўся для яе ў той вечар. Бо і раней зрэдку брындалі без справы па вуліцах, дыхалі свежым паветрам, дзяліліся самым патаемным. І нічога дзіўнага ў гэтым не назіралася. Сяброўства было правераным часам і жыццёвымі абставінамі. Гэтая акалічнасць толькі радавала. Недарэмна ж, мусіць, у народзе казалі: стары сябар лепей за новых двух! І не той сябар, хто салодкім мёдам мажа, а той, хто праўду ў вочы кажа.

Лідачка ў той цёплы майскі вечар была крыху ўсхваляванай. Але стан сваёй душы па-майстэрску завуаліравала. Непрыкметна сяброўка накіравалася па вузкім завулку. Марыйка нават не заўважыла, як яны апынуліся пад акном хаты, з якога лілося на вуліцу святло. Зазірнула ў пакой праз незахінутыя шчыльна фіранкі і здранцвела.

За сталом сядзеў яе каханы муж. Упэўнены і ганарлівы. А побач, каля яго шырокага пляча, шчыльна прытулілася Фэля, паўнагрудая кабета. На стале стаяла недапітая бутэлька гарэлкі, нейкая закусь. Пакамечаны ложак з раскіданымі падушкамі яскрава засведчыў, якая «падзея» там толькі што адбылася…

Лідачка пацягнула за руку сяброўку, настойліва прашаптала ў самае вуха:

– Марыся, толькі не перажывай. Упершыню бачыш такое, ці што? Антось – сапраўдны бабнік, лавелас. І ты пра гэтае добра ведаеш, толькі не жадаеш верыць сваёй інтуіцыі. Ён рэгулярна бегае налева і направа. А потым, як заяц у лесе, сляды свае хавае ў розных піруэтах.

Сяброўка літаральна тады адарвала яе ад чужога акна. І, заціснуўшы рот, пацягнула за сабой. Добра разумела: лямант зараз не дапаможа. Тут трэба нешта такое незвычайнае прыдумаць для гэтай салодкай парачкі, каб надоўга запомнілі. І ўцямілі гэтыя каханкі, што іх высачылі людзі, пасвойму адпомсцілі.

І прыдумала вось што. Выцягнуўшы з кішэні дрот, хутка разматала гэты металічны пярсцёнак. І лоўка нацягнула яго ад дзвярэй да бетоннага слупа ў двары. Карацей, зачыніла без ключа!

Задаволена ўсміхнулася самотнай і заплаканай Марыйцы. Ціхенька параіла:

– Падымі вышэй галаву! А хвост – заўсёды трымай толькі трубой! Зразумела? І не перажывай. Ды й не надумайся румзаць. Такога дабра, як Антось, на кожным вугле хапае. Абарві гэтую руціну, як павуціну!

Калі цвіла чаромха (зборнік)

Подняться наверх