Читать книгу Калі цвіла чаромха (зборнік) - Коллектив авторов, Ю. Д. Земенков, Koostaja: Ajakiri New Scientist - Страница 5

Ганна Атрошчанка
Сямейныя ветразі лёгкімі не бываюць!
3

Оглавление

…Падняўшыся на дыбачкі, маладзічка заўважыла: з трубы віецца шызы дымок. Слава табе, Госпадзі. Уздыхнула з палёгкай. Цётачка, мусіць, ужо гатуе сабе сняданак альбо абед. А вось слядоў да хаты няма. Зусім. Трэба хутчэй ратаваць Агату! І хутчэй вызваляць са снежнага палону. Дрэнна тое, што старая тэлефона не мае. І мабільнік чамусьці яшчэ не займела. Даўно ўжо трэба было прыдбаць. Нават самы танны. Усё ўпарціцца, лічыць, што ў гэтай трубцы Люцыфер сядзіць! Ніяк не ўцяміць старая, што сучасная мабілка для кожнага чалавека неабходная рэч! Без якой ужо нават часам і нязручна…

Марыя яшчэ раз азірнулася. Але ўжо на хату-палац дзябёлага Яўхіма Шумпяка. Відаць, прачнуўся рана. Бо літаральна пратараніў сабе шырокую сцежку ад брамы, адкапаўся, як крот! Гэтага вузкавокага, цыбатага і худога, бы тая жэрдка, суседа яна інтуітыўна не ўспрымала. Ды й чамусьці не шанавала.

Пра такіх у вёсцы кажуць: ад яйца адалье. Пра гэты факт сведчыць нават высокая трохметровая агароджа з масіўнай брамай, у якой умацаваны своеасаблівы «перагаворны пункт». Ды яшчэ з відэакамерай. Цяпер у гэты двор ніякі чужынец не пройдзе. Нават муха не праляціць без дазволу! Скупаваты і ганарлівы чалавек. Самае цікавае, што вельмі ласы на бясплатныя каўбасы.

Неяк на пакроўскае свята Яўхім напіўся ў Рыгора Дзюбкіна. Дык мужыкам давялося, як вялізны сноп, цягнуць яго ў хату… Сама бачыла, як нагамі сцежку сусед скародзіў. Толькі тады падзівілася. Гэта ж трэба было так нарэзацца бясплатнай гарэлкі, што не змог нават самастойна ўзняцца з-за святочнага стала! А потым – смела хадзіў па вёсцы, трымаў нос дудой. Быццам нічога такога і не здарылася.

Паправіўшы хустку, маладзічка рашуча пакрочыла ў бок цётчынага двара. І старанна пачала разграбаць снег. Добра, што белы пласт яшчэ не стаў цвёрдым, бы той маналіт. Таму праз нейкіх дваццаць хвілінак Марыйка паспяхова дабралася да запаветных уваходных дзвярэй. Весела грукнула, падала добры знак. Цётачка адразу адрэагавала. Дзверы са скрыпам адчыніліся. Агата здзіўлена пляснула рукамі, амаль заплакала:

– Ой, Марыська, мая ты ясная красачка! Якая ж малайчынка. Дзякуй, дзетачка, за добрае сэрца! Не забываеш пра мяне, цікавішся, дапамагаеш… А я вось гатую сабе сняданак, думку горкую займела ў сваёй сівой галаве. Ведаеш, думала толькі адно: хто ж мяне выручыць, вызваліць з гэтага склепа?

Цётачка замітусілася каля маладой сваёй суседкі, рукамі пачысціла снег з яе адзення. І рашуча пацягнула за рукавёнак курткі ў сенцы.

– Калі ласка, праходзь у хату, сагрэйся кавай! – тараторыла без перапынку Агата. – Зараз разам паснедаем! І мне весялей будзе, што не адна сёння сяджу за сталом.

Марыйцы давялося падпарадкавацца. На здзіўленне, рукі ў старой былі яшчэ даволі моцнымі і ўчэпістымі, як абцугі! Калі шчыра, маладзічка ўжо добра напрацавалася. Нават стамілася. А пусты страўнік смела заяўляў аб сабе. Цяпер было адно толькі жаданне: пасядзець у цяпле, крышачку адпачыць…

Азірнулася. У маленькай хатачцы панаваў парадак, рэчы не гулялі абы-як. А вокны такія чысцюткія, як дзіцячая сляза. І фіранкі бялюткія… Гэта выклікала павагу. Некаторыя вяскоўцы, дасягнуўшы мяжы мудрасці, непрыкметна рабіліся неахайнымі, сварлівымі і зайздроснымі. Нават абыякавымі да ўсяго на свеце. Верагодна, уплываў на стан гэтых людзей адзін толькі важны фактар: адзінота… Недарэмна ж, відаць, адзін класік выказаўся так: «Адзінота – страшней нават смерці!»

Пасядзелі суседкі за сталом, добра падсілкаваліся, пра сёе-тое пагаманілі… Было бачна, цётка Агата задаволеная. Бо не кінулі яе ў бядзе, дапамаглі. І падтрымалі. У адзін момант зрабілася шчаслівай. Прыемны, дробненькі тварык зіхацеў, бы тое сонейка. Сапраўды: не за сталом таварышы пазнаюцца – яны вызначаюцца ў бядзе!

Потым Агата неяк пільна зазірнула ў самотныя вочы маладой суседкі, ціхенька так запыталася:

– Як жывецца табе, родненькая, з двума малымі дзеткамі? Прымак болей цябе не турбуе? Не просіцца зноўку ў хату? Вось Ніна Прыцэпава неяк казала, што бачыла яго ў райцэнтры. Дык зноў там у заробках. Нават і не запытаўся пра цябе, дачушку… Можа, знайшоў сабе чарговую каханку? Пэўна, супакоіўся. Галоўнае, каб аліменты рэгулярна дасылаў! Астатняе цябе і не павінна, мілая галубка, турбаваць. Нядобры гэта чалавек. Валацуга, адным словам. Таму не варты ўспамінка і цёплага слоўка!

– Якія там аліменты, цётачка! Як кажуць: кот наплакаў… Хітры ён вельмі. Чула і такое, што на асноўнай працы бярэ рэгулярна водпуск за свой кошт альбо адгулы. Асноўныя грошы зарабляе дзесьці ў Маскве, на будоўлі. Няхай збірае грошы, я не супраць. Але ж і пра свае бацькоўскія абавязкі не забывае!

Цётка цяжка ўздыхнула, шчыра канстатавала:

– Ніколі б і не падумала, што Антось – ілгун ды бабнік! Што праўда, то не грэх так казаць пра чалавека. А як увіваўся каля цябе! На ўласныя вочы бачыла, што амаль на каленях пры людзях поўзаў, прасіў выйсці за яго замуж. Прыліп, бы смала. І вось як усё атрымалася! Чым толькі прывабіла яго тады гэтая пампушка Фэля?

– Быль – як смала, а небыліца, як вадзіца! – вынесла сваё дэталёвае рэзюмэ Марыйка. – Што было, тое, цётачка, з вадой сплыло. Няхай жыве так, як душа вольная жадае! Мяне цяпер ужо не турбуе, дзе ён брындае, каля якой спадніцы бегае… Верагодна, і Фэлька гэтая не першая ў яго. І не апошняя. Некаторыя кабеты даверліва кінуліся ў моцныя мужчынскія абдымкі, а потым – шкадавалі… Паверыш, цётачка: такое адчуванне, быццам і не жыў гэты чалавек у маёй хаце. Вось толькі маленькая белагаловая дачушка напамінае аб няўдалым шлюбе…

– Што ні робіцца – усё да лепшага! Не перажывай, не сумуй, – разважліва зазначыла Агата. – Вырастуць дзеткі, будзе табе лягчэй тэпаць па дарозе жыцця. Можа, яшчэ і сустрэнеш прыстойнага чалавека. Вунь якая ты ў нас! Маладая, прыгожанькая. Не раўня той каратканожцы Фэльцы! А ў вёсцы, дзеванька, гаспадар патрэбен. Ой, як яшчэ патрэбен. Па сабе добра ведаю. З коптарам паспытала адзінокага хлеба. Трэба ж і сена касіць, і агарод узараць…

– Вы мяне зусім захвалілі, цётачка! – весела засмяялася, быццам дзяўчо, пачырванела Марыйка. – Звычайная я. Як і ўсе. Дзякуй богу, рукі мае яшчэ здатныя да любой працы, самастойна спраўлюся. А калі не змагу нешта зрабіць – паклічу брата Адася. Вось ён мне і дапаможа выканаць гэтыя справы па гаспадарцы. Усё-такі радня, не чужы.

– Не, не такая, як некаторыя. Вабная, спагадлівая, працавітая, – запярэчыла пажылая жанчына і лагодна, з пяшчотай зірнула на суседку. – Не верыш? Зірні тады ў люстэрка!

На гэтым размова закончылася. Падзякаваўшы цётачцы за пачастункі, маладзічка, апрануўшы стрэнькую куртку, хуценька шмыгнула за дзверы…

Калі цвіла чаромха (зборнік)

Подняться наверх