Читать книгу Калі цвіла чаромха (зборнік) - Коллектив авторов, Ю. Д. Земенков, Koostaja: Ajakiri New Scientist - Страница 14

Генадзь Аўласенка
Каханне ў караценькіх штоніках
З цыкла: «Прыгоды Васі Лайдачкіна»

Оглавление

Як Вася з няёмкага становішча з гонарам выбрацца змог

Аднойчы Вася Лайдачкін Зойцы Зазнайкінай падножку падставіў. А Зойка яго за гэта дзённікам па галаве трэснула. А Васіль яе, за такую вялікую да сябе абразу, за валасы балюча таргануў. А Зойка ў адказ крэйдай у Васіля шпульнула, ды так спрытна, што ў самы лоб яму патрапіла. А Вася Лайдачкін на гэтае яе агрэсіўнае дзеянне ніяк адказаць не змог, бо званок якраз у гэты час дзылінкаць пачаў, настаўнік разам са званком у класе апынуўся, і ўрок, як гэта ні крыўдна, пачаўся. А ўрок гэты самым апошнім у раскладзе значыўся, таму Васіль наш адразу ж пасля ўрока дадому шпарка паімчаўся. І пра сутычку тую дробязную з Зойчыным удзелам ён ужо і запамятаваў нават.

А назаўтра, не паспеў Вася Лайдачкін у клас свой увайсці, як бачыць на дошцы вялізны такі надпіс. Белым па чорнаму: «Вася + Зоя». Ну, і далей пра каханне, як вы, пэўна, самі ўжо зразумелі.

– Што?! – аж зароў ад такой абразлівай неспадзяванкі наш Васіль. – Ды я ж ёй зараз такое каханне пакажу, доўга памятаць будзе!

І да Зойкі Зазнайкінай з кулакамі паімчаў.

А Зойка і сама ўжо ў атаку на Васіля імчыць і таксама кулакамі ва ўсе магчымыя бакі размахвае. Бо і яе надпіс гэты абразлівы да самай глыбіні душы абурыў. А можа, і глыбей нават, не ведаю дакладна.

І вось сышліся абодва варагуючыя бакі на самай сярэдзіне класа… і такая адмысловая бойка ў іх адразу ж пачалася… Не толькі іх сябрыаднакласнікі, але нават з усіх суседніх класаў вучні пазбягаліся, каб на відовішча тое рэдкае дружна палюбавацца…

А на наступную раніцу, не паспеў яшчэ наш Васіль да будынка школьнага дашкандыбаць, як бачыць на плоце школьным велічэзны такі надпіс: «Вася + Зоя». Ну, і далей зноў пра каханне гэтае самае, хай на яго трасца з ліхаманкаю! Праўда, не белым па чорнаму, як на дошцы ўчора было, а чырвоным па зялёнаму. Але ці ж гэта сутнасць справы змяняе?!

Расхваляваўся Вася Лайдачкін, надпіс гэты прачытаўшы, і моцна расхваляваўся. Так, моцна расхваляваным, у свой клас і ўвайшоў. А там…

А там зноў на дошцы ўсё той жа надпіс абуральны, белым па чорнаму. А на Васевай парце, на аркушы папяровым, яшчэ адзін надпіс, ужо сінім па беламу. Але тэкст той жа, слова ў слова. Пра каханне гэтае самае, якога і блізка нават не было…

– Ды што ж гэта такое! – аж узвыў наш Васіль і да аднакласнікаў сваіх звяртаецца: – Ну дзе вы тут, скажыце, каханне нейкае змаглі ўбачыць?! Вунь у мяне шчака ўся ў драпінах, і вуха, нібыта святлафор, гарыць!

– А ў мяне, паглядзіце, які ліхтар пад вокам! – гэта ўжо Зойка са свайго месца крычыць. – З месяц, пэўна, пратрымаецца, калі не больш!

– Ну і што? – адказваюць ім дружна аднакласнікі.– Падумаеш, – ліхтар! Так заўжды і бывае. Бо праўду кажуць: хто каго піхае – той таго і кахае! А як жа інакш?!

Задумаўся тут Васіль, ды й так моцна задумаўся, што цэлыя тры ўрокі без адзінай заўвагі нават прасядзеў. Але прыдумаў усё ж, як з гэтага няёмкага становішча з гонарам выбрацца можна.

Падышоў ён на вялікім перапынку да Зойкі Зазнайкінай і кажа ёй, гучна так, на ўвесь клас:

– Прабач мяне, Зоя, калі ласка, што я цябе ўчора пакрыўдзіў!

А Зойка пачырванела ўся, вочы долу апусціла і адказвае Васілю ледзь чутна:

– Гэта ты мяне, Вася, прабач! Я сама ва ўсім вінаватая!

А потым, пасля ўсяго гэтага, Васіль Зойку жуйкай смачнай пачаставаў. А Зойка Васілю ў адказ цэлы набор пакемонаў падаравала. Назусім.

На гэтых вось пакемонах уся наша гісторыя і завяршылася шчасліва. І нідзе больш надпісаў новых не з’явілася: ні на парце, ні на дошцы, ні на плоце, тым больш. Бо ўсе адразу зразумелі, што ніякім каханнем тут і не пахне нават. Бо якое ж гэта, скажыце, каханне, калі яны так ветліва паміж сабой размаўляюць, прабачэння ўзаемна просяць, ды яшчэ і падарункамі абменьваюцца?!

Вось калі сварацца ды за чупрыны хапаюцца – тады справа іншая! Тады гэта каханне, ды яшчэ якое!

Сапраўднае, можна сказаць, каханне!

Як Вася Лайдачкін закахаўся, і што з гэтага далей атрымалася

Аднойчы Вася Лайдачкін закахаўся. Уяўляеце?! З першага погляду. Зусім як у фільме для дарослых.

А яна вучылася ў паралельным класе. І звалі яе Маша. І больш нічога аб ёй наш Васіль не ведаў. А яна пра яго і гэтага нават не ведала. І, наогул, не падазравала аб яго існаванні, што самае крыўднае.

І вось пачаў Вася Лайдачкін думаць, што б такое гераічнае яму здзейсніць, каб потым, праз гераічны ўчынак гэты, з дзяўчынкай Машай бліжэй пазнаёміцца. Думаў ён, думаў… і нарэшце прыдумаў. Падышоў да Пеці-выдатніка, адвёў яго ўбок і шэптам свой план выклаў. А, зыходзячы з гэтага плана, павінен быў Пеця-выдатнік хуліганам зрабіцца часова і, праз гэтае сваё часовае хуліганства, дзяўчынку Машу вельмі перапалохаць. Ну а Вася Лайдачкін павінен будзе на месца здарэння своечасова з’явіцца і дзяўчынку Машу ад хулігана Пеці па-геройску абараніць.

Такі вось план атрымаўся выдатны. Геніяльны, можна сказаць, план.

Праўда, Пеця-выдатнік не адразу яго ўхваліў. Больш таго, адмаўляцца спачатку пачаў, тлумачыць, што нічога ў яго, маўляў, не атрымаецца. Але потым здаўся. Угаварыў яго Вася Лайдачкін.

І пачалі яны тэарэтычны гэты план у практычнае выкананне прыводзіць. І спачатку ўсё ў іх добра ішло, аж да таго самага моманту, калі Пецявыдатнік хулігана павінен быў са сваёй асобы часова прадставіць. А потым усё дрэнна пайшло, бо гэты самы Пеця ўсё пераблытаў. І, замест таго, каб кулакамі махаць, ветліва так у дзяўчынкі Машы спытаў:

– А можна мне вас у кіно запрасіць?

А Маша ў адказ усміхнулася яму і сказала:

– Ну, зразумела ж, можна.

А тут і Вася Лайдачкін падаспеў. І ролю сваю, дарэчы, добра вывучыў, не тое што некаторыя. Падбягае ён, значыцца, хапае Пецю-выдатніка за шкірку, каб дзяўчынку Машу ад яго абараніць… і адчувае раптам, што ляціць па паветры, нібы птушка якая. Толькі хацеў здзівіцца з прычыны такога пазапланавага свайго палёту, як у судакрананне з зямлёй увайшоў. І даволі адчувальна.

А дзяўчынка Маша яму і кажа:

– У мяне, між іншым, першы разрад па дзюдо!

А потым павярнулася яна да Пеці-выдатніка і ласкава так дадала:

– Не бойся, хлопчык, я цябе ў крыўду не дам!

А яшчэ потым узяла яго за руку і яны пайшлі. У кіно. І Вася пайшоў. У процілеглым напрамку.

І вельмі ён на Пецю-выдатніка пакрыўдзіўся. Цэлыя тры ўрокі з ім не размаўляў.

Аж да самай кантрольнай. Па матэматыцы.

Калі цвіла чаромха (зборнік)

Подняться наверх