Читать книгу Калі цвіла чаромха (зборнік) - Коллектив авторов, Ю. Д. Земенков, Koostaja: Ajakiri New Scientist - Страница 19

Зінаіда Дудзюк
Апошняя гавань

Оглавление

Да мяне набліжалася жанчына. Знаёмыя рысы праступалі на яе твары і знікалі, а я ўважліва прыглядалася да яе, спрабуючы пазнаць і пытаючы ў сябе: «Альбіна ці не?» Шэрая куртка, смешная трыкатажная шапачка, купленая, мусіць, у «сэканд хэндзе», рабілі яе непрыкметнаю ў натоўпе. А некалі была вельмі прыгожая! Яна мяне таксама пазнала, усміхнулася і прыспешыла крокі насутрач. Мы не бачыліся гадоў дваццаць. Цяжка выпадкова сустрэцца ў вялікім горадзе, але вось жа пашанцавала сутыкнуцца на аўтобусным прыпынку, і мы радасна распытваем, што ды як. У мяне было ўсё без перамен, пра гэта я паведаміла Альбіне ў трох словах. Затое ёй было чым падзяліцца. Я слухала з цікавасцю і шкадобаю, бо ведала трохі пра няшчаснае Альбініна каханне ад самага пачатку.

Мы разам вучыліся ў тэхнікуме. Група падабралася дзявочая, было толькі два хлопцы: шалапутны і пранырлівы Ціма Далецкі ды хворы на сэрца і ў дваццаць гадоў ужо сівы Грыша Касцюк. Прафесію мы выбралі сабе жаночую – добраўпарадкаванне і азеляненне гарадоў. Асабіста мне вельмі хацелася займацца менавіта гэтаю справаю. З маленства любіла гарадскія скверы, паркі, клумбы, малыя формы – усё, што робіць горад асабліва прывабным ва ўсялякую пару года.

У нашай группе найбольш вылучалася загадкавым хараством Альбіна, вельмі падобная на актрысу Чурсіну, быццам яе малодшая сястра. Паводзіла сябе сціпла і апраналася проста. Мы ведалі, што яна – сірата, вясковая, гадавалася ў цёткі. Пасля першага года навучання наша група сабралася ў падарожжа на аўтобусе «Кубань» у Ленінград, не паехаў з намі толькі хворы Грыша Касцюк. Суправаджалі нас два выкладчыкі: высокі таўставаты і флегматычны Станіслаў Браніслававіч Бібіцкі, якому было гадоў трыццаць пяць, і трохі маладзейшы за яго Леанід Пятровіч Мошка, халасты і даволі сімпатычны сінявокі мацак.

Усе навучэнцы жылі на кватэрах. Выязджаць збіраліся вельмі рана. Каб не турбаваць гаспадароў, напярэдадні паездкі большасць дзяўчат вырашыла заначаваць у спартыўнай зале ў спальных мяшках, якія мы бралі з сабою ў дарогу. Леанід Пятровіч прыйшоў увечары яшчэ раз праверыць гатоўнасць групы да падарожжа і застаўся задаволены. Убачыў мяне ў двары, прапанаваў:

– Пойдзем пагуляем.

Знешне ён мне падабаўся, але адштурхоўваў прыхаваным цынізмам, які праглядаўся ў ягоных выказваннях і паводзінах, і я адмовілася, спаслалася на тое, што дзяўчаты будуць турбавацца, не лягуць з-за мяне своечасова спаць, а потым раніцай іх будзе не дабудзіцца. На тым мы і развіталіся. Пра Мошку мы ведалі шмат. Ён скончыў гэты ж тэхнікум, потым політэхнічны інстытут у Мінску і вярнууся выкладчыкам у сваю альма-матар. Наша група займалася ў другую змену, таму што не хапала аўдыторый. Мы бачылі, што сакратарка Мая ў канцылярыі таксама сядзела дапазна, а потым заставалася з Леанідам Пятровічам піць каву. Ёй было за трыццаць, не вельмі прыгожая, але з прыемнаю паставаю. За той час, пакуль мы вучыліся ды здавалі залікі і сесіі, яна паспела зацяжараць і ў пачатку ліпеня нарадзіла хлопчыка. Мы хадзілі ў адведкі, яе маці паказала нам ружовы камячок з блакітнымі вочкамі, як у Мошкі. Новаспечаны бацька не збіраўся прызнаваць сына, атрымлівалася, што гэтае дзіця патрэбна было толькі Маі, якая заседзелася ў дзеўках. Менавіта гэты факт найбольш расчароўваў мяне ў маладым выкладчыку і прымушаў трымацца на адлегласці ад яго. Я сама гадавалася без бацькі, і пагарджала мужчынамі, якія пакідаюць сваіх дзяцей. Хаця той-сёй з нашай групы лічыў, што Мая сама вінаватая, папусцілася, хацела прычараваць маладога хлопца, прывязаць да сябе сынам, але не на таго нарвалася. У мяне было сваё меркаванне на гэты конт. Я лічыла, калі пакахаў чалавека, дык і будзь з ім побач заўсёды. А калі няма кахання, дык і няма чаго карыстацца чужою дабрынёю, бо гэта горш за зладзейства. Нарэшце, трэба мець гонар і смеласць адказваць за свае ўчынкі. Безумоўна, я была тады юнаю максімалісткаю і не разумела, што мужчыны і людзі наогул сустракаюцца вельмі розныя.

Гадзін у пяць раніцы мы выправіліся ў дарогу. Усе драмалі, дабіралі недаспанае, не глядзелі ў вокны, дзе ўздоўж дарогі раскашавалі нашы родныя лясы ды лугі ў самым росквіце, быццам хто раскінуў на зямлі яркія вышыванкі. Спыніліся паабедаць каля невялікага, круглага, як сподак, возера ўжо недзе на тэрыторыі Прыбалтыкі. Пакуль варылі кашу ў сагане на вогнішчы, не заўважылі, скуль узялася цыганка, худая, быццам высушаная на сонцы, у рознакаляровых апранахах, няпэўнага ўзросту, з малым на руках. Падаравалі ёй колькі бляшанак тушонкі і згушчанага малака, а яна пачала нам варажыць. Зірнула на Альбініну далонь і сказала:

– Ты круглая сірата. Сцеражыся чорнага чалавека, ён табе ўсё жыццё паламае.

Я хмыкнула сабе пад нос і падумала: «Паспрабуй вылічы, хто той чалавек чорны, а хто белы?» Мая сяброўка Жэня прачытала скептыцызм на маім твары. Падштурхнула мяне да цыганкі і сказала:

– Паглядзіце, чаго яна хварэе?

У мяне сапраўды быў авітаміноз. Не звыкла я харчавацца ў студэнцкіх сталоўках.

Цыганка паслухала мой пульс і запярэчыла:

– Няпраўда, кроў у яе здаровая. Дзяўчынка напалавіну сірата…

– А чаму ж яна хварэе?

Цыганка ўважліва зірнула на Жэню і сказала:

– Здаровая яна. А цябе падмануў белы і дзякуй не сказаў…

Жэня залілася чырванню і схавалася за дзяўчат. Я зразумела, пра што ішла гаворка. Жэня хоць была невысокая, ды хутка бегала на крываватых нагах. Ездзіла некалькі разоў на спаборніцтвы, але потым у яе нешта здарылася са стараватым трэнерам, пасля чаго яна яго ўзненавідзела і перастала займацца спортам. Што там было, не расказвала. Толькі да мяне дайшлі чуткі, што яна плакала там, на зборах. Нехта з дзяўчат мне расказаў, мусіць, думалі, што яна са мною падзялілася тымі мітрэнгамі. Чым дзяліцца? Сваёю ганьбаю? Гэтым толькі дурні дзеляцца.

За Псковам пацягнуліся больш змрочныя лясы, а фарбы прыглушаныя. Зайшлі ў рускую хату папіць вады – і падзівіліся яе хараству. Маленькая бабулька ў паркалёвай сукенцы, з дробным, ажно ў вачах мільгацела, малюнкам сустрэла нас прыязна. У пакоі было вельмі чыста, кожная рэч стаяла на сваім месцы. Палічкі, скрыня і суднікі размаляваныя кветакамі. Вельмі незвычайна і хораша!

Заначавалі на туманным лузе. Якраз тады выпала пара белых начэй. Здавалася, паветра напоўненае малочным святлом зыходзіла ад неба і слалася па зямлі. Уражанне было нязвыклае і непрыемнае. Я любіла зорнае неба над галавою, а тут навісала зверху нейкая незразумелая каламуць, у якую не хацелася ўзірацца.

Раніцай нас прыняў прыгожы Ленінград з цудоўнаю архітэктураю, з каналамі, закаванымі ў граніт, з мноствам мастоў. Наш куртаты аўтобусік імчаў па горадзе, і мы не паспявалі ўсё як след разгледзець. Выкладчыкі найперш павялі нас у Эрмітаж, дазволілі самастойна пахадзіць тры гадзіны, а потым сабрацца групаю каля ўваходу.

Я захапілася разглядваннем маляўнічых палотнаў і ў хуткім часе заўважыла, што побач са мною нікога з нашай групы няма, блукаю сярод чужых людзей. Не ведаю, колькі залаў прайшла, калі нарэшце згледзела, што мая сяброўка Жэня разгульвае па Эрмітажы за руку з Бібіцкім. Гэта мяне не столькі здзівіла, колькі насмяшыла. Выкладчык быў удвая старэй і нашмат вышэй за маю крывалапенькую сяброўку, яны глядзеліся, як бацька з дачкою. Я разумела: Жэня мімаволі цягнулася да старэйшых мужчын, таму што не зведала бацькоўскай ласкі. Была яна са шматдзетнай сям’і і гадавалася ў інтэрнаце. Яшчэ да гэтага часу даношвала інтэрнацкае адзенне. Я хуценька павярнула ў іншы бок, каб не бянтэжыць выкладчыка і сяброўку сваім з’яўленнем.

Пасля наведвання Эрмітажа нас падвезлі да сталоўкі, дзе мы хутка паабедалі за свае грошы, хто што мог сабе дазволіць, і выйшлі вонкі. І тут я са здзіўленнем убачыла, што Альбіна выходзіць з кафэ з Мошкам. На ёй была новенькая кофтачка вішнёвага колеру. На нас яна паглядвала загадкава і сарамяжліва.

– Мы елі кураня-табака, – абвясціў Леанід Пятровіч з гонарам. Аднакурсніцы толькі пераглянуліся, разумеючы, што нашу Альбіну, мусіць, чакае такая ж доля, што і сакратарку Маю. Кожны ўласнымі рукамі творыць свой лёс, дарэмна наракаць на няшчасце.

Па абедзе мы наведалі Ісакіеўскі сабор, доўга стаялі каля маятніка. Потым нам дазволілі гадзіны дзве пагуляць па горадзе самастойна. Назаўтра выправіліся ў зваротны шлях. За дзень праехалі даволі вялікую адлегласць, заначавалі ў лесе, дзе была звычайная чорная ноч. Нашы выкладчыкі запасліся на вячэру саракапяціградуснай гарэлкай і шчодра частавалі дзяўчат. А тыя саромеліся і не надта захапляліся гэтым пітвом. Толькі Ціма Далецкі не саступаў выкладчыкам і кіроўцу аўтобуса, піў з імі нароўні.

Калі вандроўнікі пачалі паціху разыходзіцца па палатках, Жэня папрасіла мяне:

– Пойдзем па лесе паходзім.

– Куды поначы? Яшчэ заблудзімся, – запярэчыла я.

Ведаючы сяброўчын нораў, я старалася не патураць яе бязглуздым выдумкам. Аднойчы яна прапанавала адчыніць дзверы кватэры, дзе я здымала ложак, адмычкаю, што мяне вельмі абурыла. Не хапала зламаць замок, каб стварыць лішнія турботы гаспадыні. Іншы раз яна ўгаворвала мяне пагуляць каля вакзала, дзе да нас чапляліся нейкія дзядзькі. У яе душы жылі прыхаваныя чорцікі, якія ўвесь час штурхалі на непатрэбныя ўчынкі.

– Не заблудзімся, у мяне ліхтарык ёсць, – пачала пераконваць мяне сяброўка.

– Ды якога д’ябла я пайду ў лес шукаць, калі мне спаць хочацца?

– Бібіцкі з Нэлкаю пайшоў туды…

– Няхай ідуць, табе што?

– Мне цікава, – адказала Жэня і пацягнула мяне за руку ўперад. Нэлка была высокая і даволі сімпатычная дзяўчына, з капною цёмных пушыстых валасоў, якія яна ўтамоўвала тым, што туга завязвала на патыліцы ў хвост. Міжволі мне падумалася, што паставаю Нэлка Бібіцкаму больш падыходзіць, чым Жэнька, калі не ўлічваць, што гэты валацуга мае жонку і дачку.

Мы прайшлі трохі па лясной дарозе і недзе зусім побач пачулі голас Станіслава Браніслававіча, які прапаноўваў Нэлцы сесці. Жэня не вытрымала, пасвяціла ліхтарыкам і сапсавала выкладчыку прыемныя інтымныя хвіліны. Мне зрабілася няёмка, я павярнулася і хутка пашыбавала да сваёй палаткі. А сяброўка засталася разбірацца з новаспечанымі каханкамі.

У гэты час усчаўся галас каля нашых палатак. Кіроўца завёў аўтобус і збіраўся ехаць на палаткі і душыць дзяўчат за тое, што ні адна не згадзілася з ім начаваць. На крык прыбег Бібіцкі, выцягнуў п’янага шафёра з аўтобуса, забраў ключ ад машыны і загнаў у палатку. Мошка так быў заняты з Альбінаю, нават не высунуўся са сваёй палатнянай хаткі паглядзець, што там адбываецца.

Раніцай ускудлачаны кіроўца ўсё разглядваў свае нагавіцы і здзіўляўся, чаму яны запэцканыя марожаным, ён жа марожанага не еў. Дзяўчаты сціха толькі пасмейваліся з гэтага стараватага дурня ды дзівіліся, як такому ахламону давяраюць ездзіць на аўтобусе.

Мы рушылі дамоў праз усю Беларусь з поўначы на поўдзень. У Гародні Мошка сыходзіў, вырашыў наведаць свайго брата. Чамусьці прапанаваў мне:

– Паедзем са мною, Гародню пакажу. Прыгожы горад…

Я адмовілася і падумала, што занадта хутка Альбіна яму надакучыла. Шукае новую ахвяру. Было відно, што мая адмова яго расчаравала, але мяне гэта мала турбавала. Наперадзе ў мяне былі канікулы, я збіралася ехаць у свой ціхі гарадок да маці, дзе мне не давядзецца класціся спаць на галодны страўнік. Ад’емся і адасплюся.

Наступны навучальны год праляцеў вельмі хутка. Мы займаліся толькі тры месяцы, потым была практыка. Я ў ліку лепшых студэнтак заставалася працаваць у Брэсце ў праектным інстытуце. Тых, хто вучыўся горш, паслалі ў Маладзечна, Магілёў і Бабруйск. Пасля мы рыхтавалі свае дыпломныя праекты, з Бібіцкім і Мошкам сустрэліся толькі на экзаменах. У мяне ўсе адзнакі былі выдатныя, заставалася толькі здаць добра дзяржаўныя экзамены. Безумоўна, хацелася атрымаць чырвоны дыплом, каб без цяжкасці паступіць у інстытут на вячэрняе аддзяленне, тым больш, што будучая праца мне падабалася. Як прыйшла на практыку ў праектны інстытут, дык і не звальнялася, лічылася там штатным супрацоўнікам.

На экзамене па тэарэтычнай механіцы Бібіцкі адпомсціў мне за сапсаваны вечар у лесе, паставіў тройку, хоць я выдатна адказала на ўсе пытанні білета. Мошка пасля экзамена пасмейваўся:

– Не пашанцавала табе атрымаць чырвоны дыплом.

– Па праграме для тых, хто не спіць, – адказала я, маючы на ўвазе тэлепраграму, якую ў той час паказвалі па тэлебачанні пасля апоўначы.

Ён засмяяўся, ведаючы пра што ідзе гаворка. У гэты час міма праходзіў Бібіцкі. Мошка спыніў яго і спытаў:

– Навошта дзяўчыну пакрыўдзіў?

– Я ёй за гэта дам білет на чарнаморскі ансамбль, няхай на маракоў паглядзіць.

Дастаў з кішэні стосік квіткоў і даў адзін мне. Я нават не падзякавала, пайшла ад іх. Але на канцэрт схадзіла, хоць не надта люблю спевы хорам і танцы, ды трохі развеялася. А дыплом мне ўсё ж выдалі чырвоны.

Некалькі дзяўчат з нашай групы, у тым ліку і Альбіна, паступілі ў інстытут на вячэрняе аддзяленне. На лекцыях па агульных дысцыплінах сядзелі ў адной аўдыторыі, а на практычныя заняткі хадзілі ў розныя групы. Часу было мала. Цэлы дзень на працы, увечары на занятках. Ніякіх святаў і адпачынку! Трэба было своечасова здаваць курсавыя працы і рыхтавацца да экзаменаў.

Пра Альбіну казалі, што яна жыве з Мошкам, смажыць яму на вячэру бульбу. На другім курсе я заўважыла, што яна пакруглела і падумала, мусіць, аднакурсніца выйшла замуж за Леаніда Пятровіча, і спытала ў яе пра гэта. Але Альбіна сказала, што бацька яе будучага дзіцяці нейкі студэнт, які вучыцца ў Мінску. Я больш не стала ў яе распытваць, бачыла, што хлусіць. Не варта лезці ў душу чалавеку, калі ён не жадае сам расказваць пра свае праблемы.

А ў хуткім часе пайшла пагалоска, што Мошка прыйшоў працаваць у наш інстытут выкладчыкам на кафедру металічных канструкцый, пакінуў Альбіну і жэніцца на сваёй студэнтцы, дачцэ палкоўніка. Зноў нас будзе вучыць, меркавалі дзяўчаты з нашага былога тэхнікума.

Альбіна нарадзіла дачку, узяла на год адтэрміноўку і паехала ў вёску да цёткі. Але інстытут яна ўсё ж скончыла і дачку выгадавала, праўда, ніхто не ведае, колькі цяжкасцей перад ёю паўставала на працягу тых шасці гадоў вучобы. Ды і пасля ці лёгка было адной гадаваць дзіця, дамагацца нейкага жытла, а потым абстаўляць яго?

Палкоўнікава дачка была страшэнна закаханая ў Мошку. Калі нарадзіла дачку, дык інакш, як мая Мошачка, яе не называла. Гэтую падзею таксама абмяркоўвалі студэнты.

Прамінула цэлае жыццё. Цяпер Альбіна, як і я, была на пенсіі. Яна задаволена паказала мне фотаздымак сваёй прыгожай дачкі, якая выйшла замуж за партугальца і жыла цяпер за мяжой. На іншым фотаздымку дачка была сфатаграфана з унучкаю. Вочы ў прыгожай жанчыны, як мне здалося, больш падобнай да Мошкі, былі тужлівыя, мусіць, сумавала па радзіме.

– Ён дачку толькі адзін раз бачыў,– з жалем сказала Альбіна пра Мошку. – Было ёй тады гадоў дванаццаць. Мы стаялі ў чарзе, каб папіць квасу, а ён з-за бочкі разглядваў нас. Усё ж цікавіўся…

– А як цяпер жыве Леанід Пятровіч? Ці што ведаеш пра яго?

– Усё ведаю, – адказала раздражнёна Альбіна. – За хабар, што браў са студэнтаў, пасадзілі ў турму, праз тры гады выпусцілі па амністыі. Уладкаваўся на працу ў Баранавічах і там зноў папаўся на тым самым злачынстве. Загрымеў, як кажуць, пад фанфары другі раз. Пасля вызвалення жонка яго з дому выгнала, сказала, што ён зганьбіў яе і дзяцей. Палкоўнічыха яму ж нарадзіла дачку і сына, ты ведаеш?

Я згодна паківала галавою, мабыць, ад некага чула, што ў Мошкі было двое дзяцей, а дакладней чацвёра, калі прылічыць Маінага сына ды Альбініну дачку, а мо яшчэ дзе па свеце раскіданыя жывуць ягоныя нашчадкі.

– І дзе ж ён цяпер?

– Паехаў у Мінск да брата, як быццам ён там некаму трэба, – адказала яна з горыччу і раптам спахапілася: – Мой аўтобус!

Хуценька развіталася і знікла за складнымі дзверцамі.

А ў мяне засталося адчуванне, што яна ўсё яшчэ кахае і чакае Мошку, які прынёс ёй столькі пакут і жыццёвых цяжкасцей. І замуж таму больш не пайшла, усё спадзявалася, што вернецца. А ён, мабыць, не адважыцца прыйсці да яе і не таму, што не дазволіць сумленне, якога ў яго ніколі не было. Пабаіцца, што і яна прагоніць, і тады ўжо зусім нікому не будзе патрэбны. Колькі ж яму цяпер гадоў? Мо пад семдзесят. Яшчэ не надта стары, ды не кожны чалавек адважыцца пачынаць усё спачатку ў такім узросце. А па сутнасці, Альбіна для яго – адзінае выратаванне. Няхай бы хоць пад старасць ашчаслівіў яе, агарнуў пяшчотаю і сам пагрэўся каля сапраўднага і вялікага кахання, на якое здатная гэтая ўсё яшчэ прывабная і дужая жанчына. Можа, толькі дзеля гэтага і пішу апавяданне, раптам Леанід Пятровіч прачытае і зразумее, дзе ягоная апошняя і надзейная гавань, калі не згубіцца канчаткова ў тумане крыўдаў, страху і адзіноты.

Калі цвіла чаромха (зборнік)

Подняться наверх