Читать книгу Калі цвіла чаромха (зборнік) - Коллектив авторов, Ю. Д. Земенков, Koostaja: Ajakiri New Scientist - Страница 15

Генадзь Аўласенка
Сістэма натуральнага адбору

Оглавление

Нарэшце я змагла добра яго разглядзець. Візуальна, я маю на ўвазе, а не праз унутраны зрок, як раней…

Аб’ект майго цярплівага чакання якраз накіроўваўся ў бок парку. Але не адзін, што было б проста ідэальным варыянтам, а ў кампаніі двух сябрукоў, самых звычайных маладых людзей, якія нічога звышасаблівага сабою не ўяўлялі. А значыцца, яны былі лішнімі тут, гэтыя ягоныя сябрукі…

Што ж, такі варыянт развіцця падзей я таксама прадугледзела загадзя. Амаль падышоўшы ўжо да паркавай брамы, іржавай і перакошанай, аб’ект раптам спыніўся (не без маёй дапамогі, зразумела), павярнуўся і, ляпнуўшы сябе далоняй па ілбе, хутка пашыбаваў у зваротным напрамку.

– Ты куды, Дзімка? – запознена выгукнуў яму ў спіну адзін з сябрукоў.– Забыўся чаго?

– Забыўся! – не абарочваючыся, кінуў у адказ аб’ект (ён жа Дзімка). – Ідзіце, я вас даганю!

Далей усё пайшло як па масле. Сябры Дзімкі рушылі сабе далей, а сам ён, звярнуўшы на бакавую сцяжынку, спыніўся раптам і пачаў недаўменна азірацца па баках… І яго можна было зразумець…

Кінуўшы хлопцу нечаканую думку аб чымсьці забытым і празмерна важным (жыццёва неабходным нават!), я так і не паспела ўцяміць, што ж такога важнага і жыццёва неабходнага мог забыць гэты самы Дзімка. І, галоўнае, дзе канкрэтна ён мог забыць гэтае «жыццёва неабходнае»?

Таму, хуценька змяніўшы версію, я вырашыла, што аб’екту тэрмінова спатрэбілася набыць некалькі талончыкаў на аўтобус-тралейбус у бліжэйшым кіёску «Саюздруку». Тое, што ў хлопца ў кішэні мог мецца праязны на ўсе віды гарадскога транспарту, мне неяк не прыйшло ў галаву… ды, калі казаць шчыра, не мела аніякага значэння…

Каля кіёска Дзімку прыйшлося адстаяць невялікую чаргу, але тут я была зусім нават ні пры чым. Чарга ўтварылася сама па сабе… так што, калі аб’ект (ён жа Дзімка) зноў уваходзіў у перакошаныя і назаўсёды расчыненыя вароты парку, сябрукі ягоныя былі ўжо даволі далёка.

А, значыцца, можна было пачынаць.

– Увага! – у думках падала я каманду тром п’яным мярзотнікам, якія ўвесь гэты час паслухмяна хаваліся ў зарасніку здзічэлага бэзу. – Падрыхтаваліся!

Мярзотнікаў я выявіла і спецыяльна адлавіла зусім непадалёку адсюль. І адлавіла ў той крытычны момант, калі яны, з рогатам і шматлікімі нецэнзурнымі выразамі, спрабавалі зацягнуць у кусты дзвюх старшакласніц, якія прагульвалі ў гэтым закінутым парку нейкі свой ці то ўрок, ці то факультатыў. Ды яшчэ і курыць спрабавалі, шмакадзяўкі!

Вядома ж, трэба было іх за гэта прыкладна пакараць (мярзотнікаў, я маю на ўвазе, не старшакласніц), але ў мяне меліся на гэтых п’яных аболтусаў свае віды. І таму, поўнасцю авалодаўшы іх свядомасцю, я хуценька адвяла ўсю тройцу як мага далей ад румзаючых і да паўсмерці перапалоханых ахвяр, а, дакладней, у гэты здзічэлы (і таму даволі калючы) бэз. А зарумзаным шмакадзяўкам загадала (у думках, зразумела ж, не ўслых) тэрмінова пакінуць небяспечны гэты парк і бягом імчаць на гэты свой урок (ці факультатыў). Нічога, што столькі часу прайшло… няхай толькі прабачэння ў настаўніка папросяць за спазненне…

Так што ўсё пакуль ішло як па масле. Аб’ект (ён жа Дзімка), весела насвістваючы, ішоў па цяністай алеі парку, паступова набліжаючыся. П’яныя мярзотнікі таксама былі ў форме і толькі чакалі апошняй маёй каманды… ну, а я сама размясцілася так, каб аб’ект змог мяне ўбачыць, як толькі паверне ўлева разам з паваротам сцяжынкі…

Патрэбную каманду мярзотнікам я дала загадзя, і калі гэты самы Дзімка апынуўся ў полі майго зроку (а я ў полі ягонага зроку, адпаведна), гэтыя тры п’яныя дэбілы ўжо адрываліся, як кажуць, па поўнай. Двое моцна трымалі мяне за рукі, а трэці, па ўсяму было бачна, самы галоўны ў іх п’янай шайцы-лейцы, гнюсна гагочучы, слініў мне шыю і шчаку сваімі пракурана-смярдзючымі вуснамі. А адначасова з гэтым яшчэ і за грудзі хапаў, спрабуючы расшпіліць блузку… што было ўжо поўнай імправізацыяй з ягонага боку, бо каманды на такое я пакуль не давала…

Гэтая ягоная самастойнасць у прыняцці рашэнняў павінна была мяне неяк насцярожыць, але чамусьці так і не насцярожыла. І дарэмна, як высветлілася ў далейшым…

Але пакуль усё ішло дакладна па плане і з боку старонняга назіральніка выглядала жах як натуральна.

Ва ўсялякім разе, павінна было так выглядаць…

– Адпусціце! – выгукнула я абурана. – Што вы сабе дазваляеце?!

І адразу ж вырашыла, што ўзяла не зусім тую, як кажуць, танальнасць. Занадта ўжо літаратурна, кіношна нават… неяк натуральней сябе паводзіць трэба, у першую чаргу, больш напалохана, ці што?

– А-а-а! – залямантавала я, выкручваючыся ўсім целам у дарэмных спробах вызваліцца. – Дапамажыце… хто-небудзь!

І, адначасова з гэтым, краем вока зірнула ў бок аб’екта. Якія, цікава, дзеянні чакаюцца з ягонага боку?

Дзеянні даследуемага аб’екта і на самай справе аказаліся даволі цікавымі і зусім нават непрадказальнымі. Ніяк не адрэагаваўшы на адчайны мой крык і нават у мой бок не зірнуўшы, гэты бамбіза (два метры з гакам, спартсмен-каратыст і ўсё такое іншае) уціснуў галаву ў плечы і, хуткім крокам (нават амаль подбегам) прадэфіліраваўшы міма «мілай» нашай кампаніі, пачаў гэтак жа хутка і, нават, з паскарэннем аддаляцца.

Вось жа казёл! Вось жа слімак баязлівы! А я яшчэ так горача адстойвала ўчора ягоную клятую кандыдатуру перад Вышэйшай атэстацыйнай камісіяй!

Я так засмуцілася з-за відавочнага свайго промаху, што зусім згубіла кантроль над сваімі «падначаленымі», у першую чаргу, над тым з іх, які і раней крыху імправізаваў, а я, дурніца, увагі тады гэтаму не надала. І нават зараз занадта позна адчула небяспеку…

Ва ўсялякім разе, правільна адрэагаваць на кулак, які ляцеў прама ў твар, я так і не змагла.

Удар быў страшным, асабліва для маёй, далёка не асілкавай камплекцыі. Мне нават падалося, што ў галаве маёй узарвалася бомба… а тут яшчэ, калі падала, я балюча трэснулася патыліцай аб нейкі ці то пень, ці то камень. Поўнай адключкі не адбылося, але гэтыя два ўдары так на мяне падзейнічалі (у адмоўным сэнсе, зразумела), што поўнасцю парушылі і без таго не асабліва трывалую сувязь паміж мной і трыма маімі падапечнымі.

Вось тут я поўнасцю адчула ўвесь боль і адчай няшчасных прагульшчыц, цалком улезла ў іх шкуру, так сказаць! Гэтыя тры мярзотнікі наваліліся ўсе разам і пачалі, з рогатам і самымі адборнымі мацюкамі, зрываць з мяне адзенне. І, адначасова, мацаць сваімі потнымі лапішчамі самыя інтымныя месцы…

У такой вось крытычнай сітуацыі ўзнавіць (хай сабе і часткова) страчаны кантроль над іх свядомасцямі (тым больш, затуманенымі алкаголем і распаленымі самымі пажадлівымі інстынктамі) я так і не змагла, як не спрабавала. Адзінае, што я магла здзейсніць у дадзены канкрэтны момант – проста забіць усіх трох (дакладней, проста загадаць ім памерці)… але якраз гэтага я і не магла сабе дазволіць ні ў якім разе…

Забіваць я мела права толькі для выратавання ўласнага (а ў некаторых, прадугледжаных Кодэксам выпадках, і чужога) жыцця, але на жыццё маё замаху з боку гэтых трох п’яных дэбілаў якраз і не было. Замах быў на нешта іншае… але гэтае «іншае», на вялікі мой жаль, пад катэгорыю «забойства дзеля выратавання…» ніяк не падпадала.

І вось, калі я прыйшла ўжо ў поўны адчай, а гэтыя трое мярзотнікаў свайго амаль дасягнулі (сцягнуўшы з мяне джынсы разам з трусікамі, яны ўсё ніяк не маглі дамовіцца паміж сабой, каму ж першаму пачынаць са мной забаўляцца), адбылося нечаканае…

Зусім побач пачуўся раптам чыйсьці абураны ўскрык, потым да майго слыху данёсся хлёсткі гук удару… і той з тройцы, які ўжо наваліўся на мяне, пускаючы ад прадчування будучай асалоды сліну, раптам кульнуўся кудысьці ўбок з перакошанай ад болю фізіяноміяй. І, адначасова, я адчула сябе вольнай… і самай першай справай пачала нацягваць на сябе джынсы. Вось так, лежучы на спіне… І толькі потым прыўзняла галаву і агледзелася па баках…

А непадалёку ад мяне ў поўным маўчанні біліся чатыры чалавекі. Дакладней, тры і адзін.

І, вядома ж, гэтаму аднаму прыходзілася несалодка…

Але я была ўжо на нагах, да таго ж, сярдзітая да немагчымасці…

Не, забіваць іх я па-ранейшаму не збіралася, але належным чынам пакараць… чаму б і не! І я з уяўнай асалодай паслала кожнаму з трох мярзотнікаў па адным кароценькім імпульсе.

А больш і не спатрэбілася!

Адразу ж забыўшыся і пра мяне, і пра нядаўняга свайго праціўніка, усе тры гэтыя пажадлівыя ідыёты прыняліся раз’юшана і ашалела лупасіць адзін аднаго па азызлых ад штодзённага п’янства фізіяноміях.

А іх нядаўні праціўнік (зусім малады яшчэ хлопец) моўчкі стаяў побач і са здзіўленнем на ўсё гэта пазіраў, нічога пакуль не разумеючы. Нават пра кроў, якая цякла з уласнага носа, забыўся… як і пра вока, якое ад трапнага ўдару кагосьці з трох пачынала ўжо заплываць…

Кроў яму я спыніла першым жа чынам, потым хуценька залячыла пашкоджанае вока і прывяла ў належны стан адзенне (звяла з джынсаў крывавыя плямы, адрамантавала падраныя месцы на тэнісцы і ўсё такое іншае). Потым, падышоўшы ўшчыльную, спынілася побач.

– Ну, усё, ідзем! – сказала я ласкава. – Хопіць за дурнямі назіраць! І, дарэчы, дзякуй за дапамогу!

– Няма за што! – машынальна адказаў хлопец і толькі пасля гэтага схамянуўся і паглядзеў на мяне дзіўным нейкім позіркам.

Штосьці бянтэжыла майго нечаканага выратавальніка… і я нават ведала, што канкрэтна збівала яго з панталыку…

Мае паводзіны…

Дзяўчына, толькі цудам пазбегнуўшая жорсткага групавога згвалтавання, павінна была паводзіць сябе крыху інакш. І нават не крыху, а зусім інакш!

Але мне ўжо надакучыла прыкідвацца!

– Пайшлі! – паўтарыла я і ўзяла яго за руку. – П’яных ідыётаў не бачыў, ці што?

А «п’яныя ідыёты» ўжо і на нагах стаяць не маглі. Качаліся па траве, кусаліся, драпаліся, мацярылі адзін аднаго сіплымі галасамі… але ўсё ніяк не маглі спыніцца…

Праўда, усяго гэтага мы ўжо не бачылі. Мы ішлі прэч, дакладней, гэта я ішла прэч і амаль сілком цягнула за сабой хлопца, які па-ранейшаму нічога не разумеў. І ўсё спрабаваў азірнуцца, кінуць, так сказаць, развітальны погляд на сваіх (дакладней, на нашых з ім) нядаўніх крыўдзіцеляў. А потым раптам спытаўся:

– А яны там не пазабіваюць адзін аднаго?

– Не ведаю! – адказала я шчыра і абыякава, потым падумала крыху і яшчэ больш абыякава дадала: – Не павінны, здаецца…

Хапаць адзін аднаго за горла, біць пальцамі ў вочы альбо прымяняць хоць-якую зброю (нажы, кастэты, нават камяні) мярзотнікі не мелі права (дзейнічала самае жорсткае табу, накладзенае мной). Але ж кулаком таксама можна забіць, тым больш, такім здаравенным… так што я і на самай справе не ведала, чым у іх там справа скончыцца…

Але, чым бы яна не скончылася, я магла са спакойным сумленнем сказаць: «Кодэкса не парушыла! Ні адзінага нават пункта! А тое, што прайшла па самай мяжы паміж уяўным парушэннем і простым перавышэннем паўнамоцтваў… гэта нічога! Не я першая…»

Куды больш непакоіў мяне ў дадзены канкрэтны момант мой нечаканы выратавальнік. Вунь з якой падазронасцю на мяне пазірае. І на свае джынсы таксама. Напэўна, спрабуе зразумець, куды гэта кроў з іх падзелася. Ці, можа, і не было там аніякай крыві?

Як жа хацелася мне адкрыцца гэтаму смеламу і сімпатычнаму хлопцу, выкласці яму ўсю праўду пра сябе (ці, хаця б, частку гэтай праўды…), і ў той жа час выкласці яму гэтую самую праўду я ніяк не магла! Па-першае, не факт, што паверыць, а па-другое, калі нават і паверыць…

Нельга!

Права такога не маю!

Вось таму, першаму (які Дзімка, і якога выбрала наша паважаная камісія пасля стараннага вывучэння ўсіх ягоных антрапалагічных дадзеных), вось яму я не толькі магла расказаць аб усім, але і проста абавязана была гэта зрабіць. Увесці, так сказаць, у курс спраў, калі б ён…

Калі б ён прайшоў адбор, дакладней, гэтую, самую першую, ягоную стадыю…

Якую ён праваліў, і праваліў з трэскам!

– Ты хто?

– Што?

Паглыбленая ў невясёлы свой роздум, я і не зразумела адразу, што гэта да мяне звяртаюцца.

– Маё імя – Ксенія! – прагаварыла я абыякава. – А ты… як, дарэчы, тваё імя?

Калі шчыра, мне было глыбока напляваць, як завуць гэтага хлопца, тым больш што я і так ведала ўжо ягонае імя: Канстанцін. Але ж ён быў самым звычайным чалавекам і таму зусім не падыходзіў на ролю кандыдата, а ўсё астатняе…

Усё астатняе проста не мела аніякага значэння…

– Запамятай! – рэзка (магчыма, занадта рэзка) прагаварыла я. – Нічога гэтага не было!

І, павярнуўшыся, не пайшла нават, пабегла прэч. І заплакала, упершыню за апошнія некалькі гадоў. Бегла і плакала, плакала і бегла… І праклінала ў душы гэтую дурную сістэму адбору…

Калі цвіла чаромха (зборнік)

Подняться наверх